Неўміручыя казкі і фантасмагарычныя рэаліі

№ 30 (1365) 28.07.2018 - 04.08.2018 г

Праект “Лялечны квартал” на “Славянскім базары ў Віцебску” сёлета адзначыў першы юбілей: ён прайшоў у пяты раз. І пры ўсёй безлічы фестывальных падзей і пляцовак, пры ўсім віраванні вулічнай гарадской культуры — не толькі не згубіўся, але і стабільна дэманструе добры густ і высокі мастацкі ўзровень. Па сутнасці, ён ператварыўся ў адметны фестываль у фестывалі.

/i/content/pi/cult/702/15397/18.JPGУпершыню Беларускім тэатрам “Лялька”, на базе якога і праходзіць “Лялечны квартал”, былі падрыхтаваны для удзельнікаў не толькі дыпломы, але і адметныя прызы — невялічкія сувенірныя батлейкі. Кожная з іх — у адзінкавым экзэмпляры, бо за знешнім падабенствам хаваецца рознае ўнутранае афармленне. Мастак тэатра Дзмітрый Гаралевіч, які над імі працаваў, сыходзіў са зместу і эстэтыкі ўключаных у праграму спектакляў, хаваючы за дзверцамі батлейкі звязаныя з імі вобразы-асацыяцыі.

Яшчэ адно “ўпершыню” адбылося ў рамках традыцыйнага супрацоўніцтва тэатра і яго гасцей з іншым каларытным фестывальным праектам — ІV Фэстам вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”. Тэатр упершыню правёў парад лялек і паставіў зусім не жартоўны рэкорд, афіцыйна ўнесены ў здабыткі “ветранага” фэсту: у тэатралізаванай выставе “Зоркі тэатра “Лялька” задзейнічалі 114 лялек з 16 спектакляў. Усяго ж за 32 гады існавання тэатра было пастаўлена 66 спектакляў, і лялек у фондах тэатра назапасілася больш за тысячу. Патрэбны асобны музей!

Ды ўсё ж справа не ў колькасці, а ў якасці. Такой стабільнасцю мастацкай планкі, якую захоўвае “Лялечны квартал”, могуць пахваліцца далёка не ўсе фестывальныя праекты і пляцоўкі (апошніх сёлета ў Віцебску было ажно 17). У “Тэатральных сустрэчах”, як і абяцаў летась дырэктар “Славянскага базару” Аляксандр Сідарэнка, стала меней антрэпрызных тэатраў, болей — рэпертуарных, дзяржаўных. Але сутнасць амаль не змянілася: афішу ўпрыгожвалі не намінанты і пераможцы “Залатой маскі”, а, за рэдкім выключэннем — звычайныя касавыя пастаноўкі забаўляльнага характару, разлічаныя на шырокую публіку, якая прагне вядомых акцёрскіх імёнаў. У “Лялечным квартале” — усё іначай: абсалютна кожны спектакль утрымліваў нейкую мастацка-рэжысёрскую разыначку.

/i/content/pi/cult/702/15397/19.JPG— Праграму фарміруем удумліва, — гаворыць мастацкі кіраўнік Віцебскага абласнога тэатра “Лялька” Віктар Клімчук. — Запрашаем толькі тыя тэатры і спектаклі, якія добра ведаем. Але ўсё роўна трывога не пакідае. Спектакль — гэта жывы арганізм. Сёння ён пачувае сябе так, заўтра — іначай. А хочацца ж, каб усё было на ўздыме. Штогод уключаем у праграму нашых “Брэменскіх музыкаў”: яны сталі брэндам гэтага фестывальнага праекта. Але сёлета, на жаль, не змаглі паказаць гасцям нядаўнія прэм’еры: “Феньку” і вулічны “Калабок”. Маладыя артысты, занятыя ў іх, паехалі паступаць вучыцца далей. Няўжо ж я іх не адпушчу? Хай вучацца!

“Феньку” замянілі на яшчэ адзін правераны часам спектакль віцебскага тэатра — “Воўк і раз, два, тры”. Неўміручая казка пра трох парсючкоў разыгрываецца як быццам артыстамі кабарэ — з песнямі, танцамі, інтэрактывам і заўсёднай для гэтага жанру імправізацыяй, у якой асабліва вылучаецца “воўк” Аляксандр Маханькоў. Артысты не “дэманструюць” дзецям казачны сюжэт, а гуляюць са сваймі героямі, увесь час змяняючы ролі. Яны выступаюць то ўласна казачнымі персанажамі, то апавядальнікамі, тонка адчуваючы і перадаючы зале гэтыя моманты пераўвасаблення, “адхілення” ад свайго героя і сур’ёзнага звароту да маленькіх гледачоў.

Воўк (а дакладней, ваўкі, бо ў іх “фракі”, падпярэзаныя паясамі, як у шляхты, пераапранаюцца ўсе трое мужчын-артыстаў) не столькі страшны, колькі вясёлы ды вынаходлівы. Магчымасць хутчэй з’есці парсючкоў была ў яго не раз! Але ваўчыная мэта — іншая: навучыць парсючкоў быць абачлівымі ды працавітымі. Пры такім раскладзе чужародным успрымаецца класічны фінал казкі, калі кемлівыя “дзеткі” падсоўваюць ваўку кацёл з кіпнем. Так, гэта добра стасуецца з разнастайными галівудскімі стужкамі пра маленькіх “садыстаў”, якія спраўна калечаць “дрэнных” дарослых. Але наўрад ці менавіта такі погляд на свет (маўляў, вось як мы расправімся з усімі ворагамі) трэба выхоўваць у юнага пакалення.

Цікава, што прыблізна тую самую тэму (толькі замест ваўка быў зласлівы сабака, а замест парсючкоў — каты) прысвячаўся вулічны спектакль у рамках фэста “На сямі вятрах” — “Падарожжа з Месяцам” тэатра “Карабаска” з Пярмі. Там усё скончылася не толькі перамір’ем, але і сяброўствам — пасля таго, як сабаку давялі, што ў свеце ёсць мацнейшыя за яго.

“Церамок” Татарскага дзяржаўнага тэатра лялек “Экіят” цалкам адпавядаў жанраваму азначэнню “блазенскія пацешкі”. У спектаклі прыцягвалі энергетыка творчага запалу, імправізацыйны дух, сучасныя апрацоўкі рускіх народных песень з ігрой на лыжках, трашчотцы, дзіцячых бразготках, гармоніку, бубне, балалайцы. А колькі фантазіі ў ператварэннях! Тая ж балалайка ў перакуленым выглядзе станавілася Ваўком, а ў яго лапах — кантрабасам ці басэтляй. Воўк — гэта яшчэ і шэры капялюш з пухнатым шалікам, знятыя з артыстаў і складзеныя разам. Ліса — той жа набор, толькі рыжы. Клубочак з лыжкамі-ножкамі — вось табе і Мышка. Пузаты будзільнік з навучальным дапаможнікам у выглядзе веера — Пеўнік.

Два астатнія дзіцячыя спектаклі “Лялечнага квартала” былі з Украіны і закраналі духоўныя тэмы. “Гісторыя адной маці” Нікалаеўскага прыватнага тэатра лялек “ГістАрт — гісторыі артыстаў” паказала стрыжань творчасці Андэрсена, які ў савецкіх выданнях максімальна камуфляваўся ці ўвогуле знікаў. Гэта зварот да хрысціянскіх каштоўнасцяў, у тым ліку праз трагічныя казкі-прытчы. Аповед пра смерць хворага дзіцяці аказаўся надзвычай эстэтычным, высакародна прыгожым. Куды даўжэйшая за чалавечы рост сукенка-трансформер з разнастайнымі відэапраекцыямі на пышнай спадніцы — зусім не сцэнічная навінка: мы маглі ўжо неаднойчы такое бачыць, скажам, на “Еўрабачанні”. Але тут пераследуюцца іншыя мэты — не здзівіць, а стварыць атмасферу на мяжы явы і фэнтэзі. Не менш важна і тое, што гэты спектакль, пазначаны як 7+, прызначаўся для падлеткаў і сямейнага прагляду з далейшым удумлівым абмеркаваннем ды развагамі.

Паэтычная прытча “Аленка ды Іванка” Хмяльніцкага акадэмічнага абласнога тэатра лялек ужо знаёмая беларусам. Чатыры гады таму на ІІ Міжнародным фестывалі “Лялька над Нёманам” у Гродне яна атрымала прыз за найлепшую работу мастака-пастаноўшчыка. Гэтак жа неаднойчы паказваўся і быў неаднаразова ўганараваны — у тым ліку і ў замежжы — “Халстамер” Брэсцкага тэатра лялек. Такі разлік на прызнаныя творчыя знаходкі апраўданы: “Славянскі базар” з моманту свайго заснавання разлічаны на дэманстрацыю ўсяго лепшага, што з’яўляецца ў культурнай прасторы найперш суседніх краін.

Заслуга “Лялечнага квартала” яшчэ і ў тым, што ён настойліва прывучае шырокую грамадскасць да сур’ёзнага ўспрыняцця тэатраў лялек як мастацтва не толькі для дзяцей. У праграме праекта традыцыйна многа спектакляў для дарослых. Акрамя згаданага “Халстамера”, была фантасмагорыя “Мёртвыя душы” з Арэнбурга, пастаўленая не толькі паводле Гогаля, але і паводле п’есы і кінасцэнарыя Булгакава. Суд над Чычыкавым, які заканчваецца дачай хабару, праецыруецца на многія сучасныя рэаліі. Лялькі ж, ваджэнне якіх зусім не вызначалася вышэйшым пілатажам, выкананы ў эстэтыцы традыцыйных казачных персанажаў: Плюшкін падобны да Бабы Ягі, Каробачка — да добрай бабулі-казачніцы, прыгонны Пятрушка — да Іванкі-дурачка, баль у губернатара нагадвае тую ж сцэну ў “Папялушцы”. А вось яшчэ адна асацыяцыя была вельмі дарэчы: у сне Чычыкава дачка губернатара ператваралася ў Панначку, а брычка — у дамавіну, у якой Панначка лётала.

У адрозненне ад некаторых апошніх фестываляў тэатраў лялек, асаблівасцю віцебскага праекта з’яўляецца тое, што на ім шырока прадстаўлены лялькі практычна ўсіх сістэм. Многія сучасныя спектаклі, асабліва для дарослых, часта адмаўляюцца ад звыклых тэхналогій на карысць самой эстэтыкі тэатраў лялек, дзе на першы план выходзіць не столькі артыст, колькі праца з разнастайнымі прадметамі. “Лялечны квартал” — наадварот, захоўвае нават марыянетак, кіраванне якімі лічыцца адным з самых складаных. У многіх спектаклях спалучаюцца розныя тэхнікі, што патрабуе не толькі некалькіх камплектаў лялек, але і, галоўнае, папраўдзе ўніверсальных артыстаў, якія добра валодаюць усім спектрам традыцыйных і сучасных методык і ўмеюць імгненна пераключацца з адной на другую.

Асобную старонку “Лялечнага квартала” складаюць спектаклі беларускіх рэжысёраў, пастаўленыя ў той жа Расіі. Праект з зайздроснай увагай адсочвае такія працы — і сёлета ў праграму патрапілі адразу два спектаклі Алега Жугжды: “Памінальная малітва” Мыцішчанскага тэатра “Агніва” і “Скандальнае здарэнне ў Пасажы, альбо Кракадзіл” згаданага тэатра “Карабаска” з Пярмі. Зрэшты, больш падрабязна мы распавядзем пра іх у адным з наступных нумароў “К”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"