У коле і квадраце выстаў

№ 30 (1365) 28.07.2018 - 04.08.2018 г

На “Славянскім базары ў Віцебску” была сведкам дзіўнай сцэны. Пачаўся жудасны лівень. Мінакі памкнуліся схавацца ад навальніцы ў музей. Але заклікі прыдбаць квіток і паглядзець экспазіцыю не мелі поспеху — хаця, здавалася б, сам лёс прывёў людзей да вытоку магчымых мастацкіх адкрыццяў. Выставы ў віцебскіх музеях даўно сталі неад’емнай часткай фэсту, увасабляючы яго шматвектарнасць. Ды, на жаль, гэты складнік размаітай праграмы далёка не самы папулярны.

Выставачная праграма, як заўжды, была разнастайнай, але сёлета яна больш скіроўвалася менавіта на аматараў мастацтва. Не было чагосьці эпатажнага ці супер-раскручанага. Не было таго, што можа прыцягнуць выпадковых наведвальнікаў, гатовых проста адзначыцца і тым самым папоўніць фестывальную кішэню.

— Сёлета за час “Славянскага базару” да нас прыйшло каля паўтары тысячы наведвальнікаў, — распавяла загадчыца Віцебскага мастацкага музея Вольга Акуневіч. — Менш, чым мы разлічвалі. Думаю, вінавата яшчэ і нізкая пакупніцкая здольнасць патэнцыйна “нашай” часткі публікі. А тыя, у каго грошай хапае, не надта адчуваюць патрэбу ў мастацкіх уражаннях.

Дарэчы, адна з фестывальных выстаў — Relax са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, якая раней з поспехам прайшла ў Мінску — свядома была скіраваная на гэткае “біццё лындаў”, але з творчым ухілам. Пяць тэматычных залаў раскрывалі розныя аспекты адпачынку: “Спакой”, “Паглыбленне”, “Кампанія”, “Сон”, “Цела”. У адпаведнасці з кожнай заяўленай тэмай, былі падабраны не толькі жывапісныя палотны ды скульптуры, але і адпаведныя прадметы з музейных фондаў (старыя кнігі, грамафон, падушачка, гадзіннік, званочак і гэтак далей), а таксама музычнае суправаджэнне. Прысеўшы на канапу або крэсла-мяшок (у кожнай зале — свае прыстасаванні), можна было прайсці індывідуальны курс арт-тэрапіі: ці проста расслабіцца пасля фестывальнай мітусні, ці задумацца пра пераемнасць культурных традыцый. Тым больш, што самі творы мастацтва маглі і здзівіць, і нават прымусіць усміхнуцца.

Прыемна, што выставачная праграма фестывалю заўсёды ўтрымлівае яркі віцебскі складнік. Сёлета гэта была не толькі “Месяцовая ноч” — працы Ільі Рэпіна здраўнёўскага перыяду, але і “Магія колеру” Алега Крошкіна. Яшчэ ў гады вучобы гэты віцебскі мастак свядома абраў працяг традыцый Казіміра Малевіча. Сярод больш як сарака яго прац апошніх трох гадоў былі і ярка асацыятыўныя, і філасофскія карціны. Дый той жа беспрадметны жывапіс, заснаваны выключна на адметнай каларыстыцы і гульні фарбаў, міжволі выклікае эмоцыі і шматлікія, часам “некантралюемыя” шэрагі асацыяцый. У кожнай рабоце, незалежна ад яе назвы, ёсць музыка, рытм, дынаміка, сімволіка ліній. Поле для глядацкіх фантазій — неверагоднае!

Карціна “Брутальны жывапіс” — і вострыя, рэзкія, тонкія мазкі імпульсіўна закручваюцца ў віхуру. “Блакітны жывапіс” — і дзевяць прастакутнікаў, змяшчэнне якіх нагадвае своеасаблівы трыпціх-іканастас, а колеравая палітра ахоплівае белы і розныя адценні сіняга, распавядаюць пра жыццё і смерць. Pro-Contra — і быццам гучаць аднайменныя партытуры Соф’і Губайдулінай, нашага Уладзіміра Каральчука, паўстае перад вачыма балет Барыса Эйфмана. А тое, што мастак часта выкарыстоўвае газеты і акрыл, нібы адлюстроўвае пульс часу.

Яшчэ адным адкрыццём сталі “Акварэлі ў форме квадрата” Фелікса Гумена, якія даюць новы погляд на магчымасці простых, здавалася б, фарбаў нашага дзяцінства. Мастак свядома не звяртаецца да перавагаў акварэлі — найперш яе празрыстасці. Наадварот, праз мноства цёмных адценняў і насычанасць фарбаў набліжае яе то да гуашы, то да тэмперы. І ператварае ў “плюс” галоўны недахоп — расцяканне, расплывістыя контуры пры маляванні на мокрай паперы. Ён робіць гэта сваім “фірмовым” прыёмам і тым самым атрымлівае адразу пазнавальны творчы почырк. Многія карціны, асабліва відарысы з рознакаляровымі палосамі неба, уяўляюцца здалёк воўнавым ткацтвам ці беларускімі габеленамі, традыцыі якіх паходзяць з часоў Рэчы Паспалітай. Ну, а квадратныя абрысы — прамая спасылка на таго ж Малевіча.

Адкрыццё прывезенай з Расіі выстаўкі “Валагодскія карункі” суправаджалася дэфіле — паказам мадэлей. У строях расійскай фабрыкі “Сняжынка” валагодскія карункі выкарыстоўваліся пераважна як каўнер або палярына. Прасочвалася імкненне стварыць вобраз вытанчанай “кісейнай” паненкі — прадстаўніцы гэткай культурнай эліты пазамінулага стагоддзя. Беларускія ж дызайнеры, арыентуючыся на льняныя вырабы і вышыўку мярэжкай, прапанавалі надзвычай сучаснае “аўтарскае” адзенне, прызначанае для самых розных сітуацый — ад наведвання Вялікага тэатра да модных маладзёжных тусовак і адпачынку на прыродзе. Карункі ў гэтых строях не выстаўляліся “напаказ”, а станавіліся някідкімі, але неад’емнымі элементамі вобразаў “сучаснай беларусачкі”. Дарэчы, сама выстава, як планавалася, праедзе па абласных цэнтрах Беларусі і будзе дапоўнена мастацтвам разьбы па дрэве.

На жаль, такое спалучэнне ў адной прасторы беларускіх і расійскіх работ не было ўласціва арт-праекту “Кокан” у тым жа Мастацкім музеі. Там былі прадстаўлены разнастайныя працы Санкт-Пецярбургскага аб’яднання мастакоў “Гільдыя тэкстыльшчыкаў”: габелен, халодны і гарачы батык, лямец, “папяровае ліццё” і іншыя аўтарскія тэхнікі.

Больш сціплая выставачная палітра разгарнулася ў будынку Краязнаўчага музея. “Карэя — краіна ранішняй свежасці” знаёміла з народным жывапісам гэтай краіны, традыцыйнай вышыўкай шоўкам, керамікай з маленечкіх ракавін, дэкаратыўнымі пано ў тэхніцы манэнхва, калі бліскучыя ўнутраныя чашуйкі ракушак накладаюцца метадам аплікацыі, і іншымі вырабамі.

Іранічна-філасофскім поглядам на садавіну-гародніну вылучаўся “Вернісаж Аліка Замосціна” — канадска-ізраільскага фотамастака беларускага паходжання. Яго працы заўжды робяць фурор, бо іх аўтар шукае паралелі “радысак” ды “трускавак” са светам людзей, чалавечай псіхалогіяй, побытавымі рэчамі, прыродай, мастацкімі шэдэўрамі, з самім космасам. “Адзін лімон”, што вісіць на ветцы, — бы асобная неразгаданая планета, спасцігнуць якую да канца не наканавана нікому. “Роднаснымі душамі” па сваіх абрысах аказваюцца гранат і старадаўні ўсходні гарлачык. “Глыбока расчараваны ў жыцці” чырвоны перац свядома адсылае да вядомага “Крыка” Эдварда Мунка.

На жаль, згаданыя тут назвы адмысловых фотаздымкаў на цяперашняй выставе чамусьці не фігуравалі — толькі ў каталогу, які дастаўся абраным. Шкада, бо такія “каментарыі” вымушаюць па-новаму зірнуць не толькі на адлюстраваныя “харчовыя тавары”, але і на іх мастацка-эстэтычныя бакі. Асэнсаваць не адно прыгажосць, а саму філасофію прыгажосці ў кожнай дробязі. А праз гэта — задумацца над многім у нашым жыцці.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"