“Блудны сын”, які стаў навігатарам

№ 30 (1365) 28.07.2018 - 04.08.2018 г

У Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча выстаўляюцца графічныя творы Восіпа Цадкіна “Возера” і “Тры аголеныя за сталом”, а таксама скульптуры “Вяртанне блуднага сына” і “Малая Пьета”. Усе яны належаць карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка і прэзентуюцца ў межах нацыянальнага гісторыка-культуралагічнага праекта “Арт-Беларусь”. Як распавёў дырэктар Цэнтра выяўленчага і медыя-мастацтва “Новыя культурныя ініцыятывы” Аляксандр ЗІМЕНКА, падрыхтоўка да вяртання ў Віцебск Восіпа Цадкіна ішла паўтара года.

/i/content/pi/cult/702/15394/15.jpg— Як толькі ў калекцыі банка з’явілася скульптура “Вяртанне блуднага сына”, мы пачалі думаць, як яе прэзентаваць у Віцебску, каб зрабіць з гэтага адметную падзею, — распавядае спадар Зіменка. — Таму выстава адкрылася падчас “Славянскага базару”, але працягнецца амаль да канца жніўня. Мы абралі для яе і графіку, і скульптуру, каб паказаць, наколькі творца быў рознабаковым, як ён адчуваў аб’ём — нават працуючы на плоскасці аркуша. Дарэчы, “Тры аголеныя за сталом” мы дагэтуль паказвалі толькі аднойчы — дый тое не шырокай публіцы, а журналістам. Па словах Аляксандра Зіменкі, выстава — гэта толькі першая з шэрагу ініцыятыў, якія ставяць за мэту сімвалічнае вяртанне Цадкіна ў Віцебск — горад, які наўпрост звязаны з біяграфіяй класіка і які многія даследчыкі лічаць яго радзімай.

— Выдатна, што імя Марка Шагала агульнымі намаганнямі стала вядома нават тым, хто ад мастацтва далёкі, — кажа ён. — Ды, на вялікі жаль, Восіпа Цадкіна, які вельмі моцна паўплываў на развіццё скульптуры ХХ стагоддзя, і дасюль у нас мала хто ведае. Таму нават пасля завяршэння выставы скульптура “Вяртанне блуднага сына” застанецца ў экспазіцыі музея. Болей за тое — мы гатовы падарыць яе гораду і ў бліжэйшы час плануем публічна абмеркаваць дэталі. Мы ўжо разглядалі розныя варыянты яе размяшчэння і прыйшлі да высноў, што самы лепшы — гэта гарадское асяроддзе, а не пэўнае памяшканне з абмежаваным доступам.

/i/content/pi/cult/702/15394/13.jpgКопій цадкінскага “Блуднага сына” было створана ажно восем. Аднак каштоўнасць менавіта дадзенага артэфакта — несумненная. Скульптуру адлілі яшчэ пры жыцці аўтара. І нават больш за тое: на ёй стаіць нумар “0”. Адпаведна, гэта самая першая адліўка, да якой найбольш спрычыніўся сам аўтар.

— Такім рарытэтам мог бы ганарыцца любы заходні музей, — перакананы Аляксандр Зіменка. — Нам вельмі пашанцавала, што мы змаглі яго набыць на аўкцыёне Сhristie’s у Нью-Ёрку.

Дарэчы, на аўкцыёне была набыта і яшчэ адна скульптура Цадкіна — “Навігатар”. Больш як трохметровай вышыні твор плануецца ўсталяваць на мінскай вуліцы Прытыцкага ў межах святкавання 130-годдзя Восіпа Цадкіна. Ужо атрыманы ўсе неабходныя пагадненні з боку гарадскіх улад.

— Спадзяюся, што скульптура будзе садзейнічаць успрыняццю прыгожага, а не хуліганскім дзеянням, — дадае Аляксандр Зіменка.