Sprava: адным не справіцца

№ 30 (1365) 28.07.2018 - 04.08.2018 г

Белая Царква — вёска ў Чашніцкім раёне дамоў на 15. Але гэтымі днямі там, на паўвыспе Чарэйскага возера, наздзіў шматлюдна. Мастакі прыехалі даследаваць мясцовасць, сталяры — будаваць пляжную зону, валанцёры — рыхтаваць палявую кухню. Ужо праз тыдзень гасцей паболее і распачнецца вялікая Sprava — міжнародны фестываль, які ўзаемадзейнічае з гістарычным і прыродным ландшафтам. Як можна мяняць тое месца, дзе ты жывеш, “К” распавяла суарганізатар фэсту і жыхарка Белай Царквы — тэатральны рэжысёр Кацярына АВЕРКАВА.

/i/content/pi/cult/702/15389/7.JPG“Удалося закахаць людзей у месца”

Летась фестываль адбыўся ўпершыню і шмат людзей увогуле даведалася, што ёсць такая вёска, з якой звязаныя знакамітыя роды Сапегаў і Мілашаў і куды некалькі гадоў таму пачалі пераязджаць культурныя дзеячы. Уласна фестывалем яго арганізатары — Кацярына, яе муж рэжысёр Мацвей Сабураў, а таксама іх сябра, музыка і архітэктар Сяргей Краўчанка — гучна абвясцілі пра свае планы працаваць на карысць месца, дзе жывуць: стварыць там арт-рэзідэнцыю, школу дадатковай адукацыі, прыватны дзіцячы садок і гэтакдалей.

— Нам удалося закахаць людзей у гэтае месца, — усміхаецца Кацярына. — Сёлета многія з тых, хто прыязджаў да нас у мінулым годзе, самі прапанавалі сваю дапамогу. Для мяне гэты чалавечы фактар — найважнейшы. Гэта дае ўпэўненасць у тым, што ты робіш, разуменне, што камусьці яшчэ яно патрэбна, а таксама каласальную падтрымку і проста задавальненне. Зараз мы чакаем удвая больш гасцей, бо хочам праверыць, колькі людзей можна размясціць на выспе, каб усім было камфортна і каб не згубіць сувязь з

 прыродай.

Значна павялічылася праграма — у нас ужо не адзін, а два музычныя дні. Летась мы пабудавалі сцэну, а цяпер робім пляж. Спраўджваецца мая мара — арганізавана рэзідэнцыя мастакоў з дапамогай Bazinato. Але па-ранейшаму Sprava — гэта фестываль месца. І ўсё, што мы робім, — менавіта для яго. Сам фэст не наша канчатковая мэта.

— Што змянілася за год па-за фестывальным полем, але дзякуючы яму?

— Гэтае месца заўважылі ў Беларускай асацыяцыі студэнтаў-архітэктараў, якая правяла ў нас у маі міжнародную школу архітэктуры SESAM. Для нас такая падзея — вялікая радасць. У суседнюю Чарэю прыехалі 150 малады

х архітэктараў з усёй Еўропы і рэалізавалі там свае праекты, якія і дасюль застаюцца ў вёсцы. Хаця спачатку многія казалі: “Ды каму гэта трэба? Усё зламаюць, знясуць!”

Галоўнае, што ўдалося наладзіць сувязь з жыхарамі, каб аб’екты былі важнымі і для іх. Першапачаткова ўдзельнікі школы прыехалі на форум з канцэптам лавачак у форме вады, але пасля размоў з вяскоўцамі праект перарадзіўся — і з’явіўся прыпынак для дзяцей, якія чакаюць школьны аўтобус. Арэлі, напрыклад, сталі месцам для закаханых парачак. У выніку разабралі толькі адзін аб’ект, бо ён быў з металу. Усе астатнія аберагаюцца!

— Напярэдадні першай “Справы” вы дзяліліся планамі выкупіць частку мясцовага ДК, каб арганізаваць там культурны цэнтр…

— Планы ў нас крыху змяніліся. Удзельнікі SESAМ жылі ў школе. І калі Дом культуры яшчэ функцыянуе, то школа зачыненая, а гэта вельмі вялікі будынак канца 1960-х гадоў, які знаходзіцца ў класным месцы. Зараз мы вядзем размовы з мясцовымі ўладамі аб перадачы гэтага будынка нам. Там 

/i/content/pi/cult/702/15389/6.jpg

ёсць спартыўная зала, якую магчыма пераабсталяваць, актавая зала — можа атрымацца комплекс, які змесціць у сабе не толькі культурны цэнтр, але і хостэл, кафэ. А гэта яшчэ і новыя працоўныя месцы.

Раз на тыдзень — у бібліятэку

— Для прыезджых Белая Царква і Чарэя — фантастычнае месца адпачынку. А як яно выглядае знутры? Чым займаюцца вяскоўцы?

— Я лічу сябе мясцовым жыхаром. Мы жывём там пяць гадоў, але ўсё ж такі прыўносім сваю культуру ў гэтае месца. А ці патрэбна людзям тое, што мы робім, — і што наогул ім патрэбна? У красавіку правялі апытанне сярод вельмі розных людзей — ад 1933 года нараджэння да 1998-га. Па-ранейшаму самая вялікая праблема — гэта беспрацоўе. Пра гэта кажа 81%. Каля 63%, разважаючы пра патрэбы вёскі, казалі пра рэканструкцыю помнікаў архітэктуры і пазіцыянаванне гэтага месца менавіта як турыстычнага і культурнага. Шмат пытанняў тычылася фінансавага дастатку. Людзі адказвалі, што не могуць набываць сабе новыя рэчы ці яшчэ штосьці. Нягледзячы на гэта, больш за 70% хочуць жыць у Чарэі.

Я часам падвожу спадарожнікаў, калі езджу на машыне ў бліжэйшы горад у краму ці на пошту. Неяк разгаварыліся з маладымі людзьмі з мінскага тэхналагічнага каледжа, і адзін хлопец сказаў: “Я б хацеў тут жыць, але гэта немагчыма, бо тут няма дзе вучыцца і працаваць”. Многім падаецца, што ўся моладзь хоча як мінімум у Мінск, а яшчэ лепш у Маскву, але насамрэч усё не зусім так.

— Апытанку праводзілі, каб зразумець, ці прымаюць людзі тое, што вы ім прапануеце?

— Мы хочам, каб наша дзейнасць была максімальна карыснай для таго месца, дзе мы жывём. Напрыклад, у адказ на пытанне, дзе б вы хацелі працаваць, большасць кажа, што было б добра адрадзіць калгасы ці буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы. Але пасля наступных пытанняў мы разумеем, што людзі проста не валодаюць інфармацыяй, як яшчэ яны могуць зарабляць грошы. “Хочаце прадаваць сваю прадукцыю — гародніну, мёд?” “Так, а як гэта?” Таму плануем праводзіць лекцыі і адукацыйныя праграмы па развіцці малога і аграрнага бізнесу, сацыяльнага прадпрымальніцтва.

/i/content/pi/cult/702/15389/8.JPGІ мы не павінны прымяншаць патрэбу людзей у культуры. У Чарэі зараз два цэнтры, куды па яе ідуць. Адзін — гэта ДК. Але ў мясцовага вакальнага ансамбля “Натхненне” канцэрты толькі па вялікіх святах. Другі культурны цэнтр — бібліятэка. У сярэднім кожны жыхар Чарэі ходзіць туды раз на тыдзень. У ёй працуе Таццяна Міхайлаўна Казлоўская, якая зрабіла экспазіцыю, прысвечаную Оскару Мілашу. Цяпер там захоўваюцца і скетчы ўдзельнікаў архітэктурнай школы SESAM. Людзям патрэбна інфармацыя не толькі з тэлевізара.

— Як яны ставяцца да вашай дзейнасці?

— Усё лепш і лепш. І нам вельмі важна, каб не ўзнікала падзелу на “нас” і “іх”. Напачатку вельмі часта гучала пытанне: “А навошта вы гэта робіце?” Мы тлумачылі. “Мэты вашы зразумелыя, але давайце шчыра — што вы з гэтага будзеце мець?” Цяпер пытацца ўжо перасталі. І мне падабаецца, што ўсё больш людзей уцягваецца ў працэс разам з намі. Мы ўжо кажам не толькі пра бібліятэкара і вакальны ансамбль, а пра тых, хто гатовы ўдзельнічаць у кірмашы і дапамагаць нам з пакосам травы на выспе, пра падлеткаў, якія хочуць быць валанцёрамі. Гэта вельмі класны саюз. Трэба дадаць у яго яшчэ мясцовую выканаўчую ўладу, таму што яна моцна нам дапамагае, і мы ёй вельмі ўдзячныя. Мне падаецца, што ўсе адчуваюць радасць ад таго, што мы робім разам.

Паглыбленне ў сутнасць

— Адчуваеце, што пераезд у Белую Царкву падзяліў ваша жыццё на “да і пасля”?

— Канешне. Разумееш гэта пасля таго, як пражывеш першую зіму ў вёсцы. Лета — час вельмі актыўны. Сябры прыязджаюць купацца, адпачываць. Усё гэта завяршаецца прыкладна ў кастрычніку. І пачынаецца той перыяд, калі ты нават свайго суседа бачыш хіба раз на тыдзень — пры гэтым спецыяльна прыйшоўшы да яго павітацца. У цябе абсалютна мяняецца разуменне сябе ў гэтым свеце. Мне падаецца, менавіта за гэтым людзі сыходзяць у нейкія будысцкія практыкі. А ў вёсцы зімой яно не спецыяльна, а само па сабе адбываецца. Мяняецца пытанне часу, адносіны да ўсяго, што ты робіш. Калі за штосьці бярэшся, цябе цікавіць сутнасць справы. Спадае налёт павярхоўнасці, спыняецца мітусня. Гэта моцна ўплывае на пераацэнку сябе і б’е па тваім эга — нават калі ты не лічыў сябе эгаістам.

— Але тэатральную працу вы не пакідаеце. Калі трэба, з’язджаеце з Белай Царквы працаваць над спектаклем. Вось у РТБД не так даўно з’явіўся “Сіндром Медэі”. Ці можна казаць пра нейкія будучыя пастаноўкі?

— Некалькі ў распрацоўцы, і не толькі ў беларускіх тэатрах. Але пакуль няма канкрэтных дат. Тэатральнымі праектамі я цяпер займаюся ў выключных выпадках. Калі б гадоў дзесяць таму ў мяне запыталіся, навошта ты ставіш спектакль, у мяне быў бы дакладны адказ. Я ўспрымала тэатр як трыбуну. А цяпер мне нашмат цікавейшы працэс асабістага пошуку. У мяне адпала неабходнасць вылучаць сваю пазіцыю. Я рэальна не разумею — навошта? Якое права я маю казаць: “Людзі, жывіце вось так”? І як глядач таксама не хачу гэта бачыць.

Мне больш падабаецца мастацкае выяўленне рэчаіснасці, калі мне дазваляюць зрабіць выбар — паглыбіцца ў праблему ці асяродак, прааналізаваць яго самайстойна. Таму спектаклі, якія я раблю, для мяне павінны быць полем такога даследавання. Яно потым становіцца эксперыментам усёй рабочай групы спектакля. Лічу ўласным дасягненнем тое, што мае апошнія работы ў тэатры зроблены менавіта так. Ды і культурны цэнтр і фестываль Sprava мне цікавы найперш тым, што гэта дазваляе сабраць розных людзей і даць ім магчымасць рэалізавацца. Ад гэтага я атрымліваю больш задавальнення, чым калі рэалізуюся сама.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"