“Узяць крыкам” — ці голасам?

№ 29 (1364) 21.07.2018 - 28.07.2018 г

Інтрыга Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2018” вырашылася позна ўвечары ў панядзелак: Гран-пры паехаў у Румынію. Ды ўсё ж сапраўдныя вынікі любога творчага спаборніцтва не столькі ў раздачы прызоў, колькі ў тым, чаму яно навучыла ўдзельнікаў і ўсіх нас, якія новыя далягляды адкрыла.

/i/content/pi/cult/701/15380/8.JPGГэты конкурс заўжды быў адной з цэнтральных падзей “Славянскага базару ў Віцебску”. На пэўным этапе развіцця фестывалю — колькі б ні было на ім прадстаўлена розных відаў мастацтваў і ўсялякіх цікавостак — з завяршэннем конкурсу нават узнікала пачуццё, што і ўвесь форум быццам скончаны. І хаця ўзнагароджванне пераможцаў перанеслі на заключны гала-канцэрт, балы, якія журы публічна выстаўляе ў прамым эфіры, гавораць самі за сабе, размяркоўваюць спевакоў па п’едэстале.

Сёлета ж усё было незразумела ўжо з самага пачатку. Чаму пасля паўфіналу, дзе балы журы не абвяшчаюцца, з дыстанцыі сышлі менавіта гэтыя шасцёра ўдзельнікаў, а не іншыя? На каго рабіць стаўку, калі ў першы дзень фіналу трое лідараў набралі аднолькавую суму? Дый пасля другога дня сітуацыя не праяснілася: адна і тая ж колькасць балаў аказалася ў двух пераможцаў. Няўжо яны падзеляць першую прэмію — і Гран-пры не будзе? Ці, можа, усё гэта таксама было часткай шоу?

Апошняе пытанне зусім не рытарычнае. Бо сёлета да шоу ў конкурснай праграме імкнуліся не рэжысёры, якія хацелі б зрабіць паказы больш відовішчнымі, а самі ўдзельнікі. Яно, можа, і няблага, бо ўпісвае конкурсныя выступленні ў агульны кантэкст развіцця эстрады. Ды толькі імкненне “зачапіць” публіку не спалучалася, на жаль, з добрымі спевамі — або і ўвогуле было безгустоўным.

/i/content/pi/cult/701/15380/9.JPGНа паўфінале Махамед з Гвінеі скарыў сваім тэмпераментам і выдатнымі танцамі, ды спевы ў яго былі непрафесійнымі, што не дало магчымасці палкаму хлопцу патрапіць у фінал.

Міла Ніціч з Украіны ўзяла звышпапулярную песню “Распрагайце, хлопцы, коней” — і чамусьці зрабіла з яе не конкурсную версію (да прыкладу, насыціўшы пройгрышы вакальнымі джазавымі імправізацыямі), а тыпова “карпаратыўную”: на шпільках пачала ўпрысядкі даваць гапака, а потым скінула з ног чаравікі, якія паляцелі кудысьці ў закуліссе. У астатнія дні яна таксама паказвала выключна хіты, не перасэнсоўваючы іх, а ўвесь час пераходзячы на крык, што робіць голас жудасна непрыемным. Тым не менш, адсутнасць элементарнай культуры спеваў не перашкодзіла ёй атрымаць у другі дзень фіналу максімальна высокія балы ад членаў журы (усе восем — дзясяткі!) і, як вынік, /i/content/pi/cult/701/15380/10.JPGдругую прэмію.

Тая ж тэндэнцыя да шоу, а не ўнутранага напаўнення і новага асэнсавання песні была ўласціва 18-гадовай расійскай спявачцы Аляксандры Карабешкінай, адзначанай двума спецпрызамі — Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, а таксама “Славянскай надзеяй”.

Затое за бортам узнагарод засталіся такія моцныя, стыльныя, ужо цалкам гатовыя артысты, як Алекс Сілверс з Латвіі, Валодзя Атанесян з Арменіі, Керт Калея з Мальты. Вядома, конкурс ёсць конкурс, і адзначыць усіх добрых выканаўцаў немагчыма. Але іх колькасць балаў настолькі рэзка адрознівалася ад пераможцаў, быццам параўноўвалі аматараў з майстрамі.

Іншымі ўладальнікамі спецпрызоў сталі спевакі, якія набліжаліся да лаўрэатаў па колькасці балаў. Грузінка Тамрыко была ўганаравана тэлерадыёкампаніяй “Мір”. Кубінка Рэбэка Эмбіль, якая запомнілася шыкоўнымі нацыянальнымі строямі і ўменнем танчыць самбу, атрымала прыз імя Уладзіміра Мулявіна. А вось нічым не горшая за яе мексіканка Дафнэ Селада — увогуле не прайшла ў фінал.

Усе мы, вядома, заўзелі за нашага Яўгена Курчыча. У першы дзень фіналу, калі патрабаваўся славянскі хіт, яму папраўдзе не было роўных — толькі журы чамусьці пашкадавала балаў. Звярнуўшыся да мулявінскага “Крыка птушкі”, ён зрабіў сваю версію. Былі пераасэнсаваны не толькі асобныя складнікі песні, пачынаючы з яе аранжыроўкі, але і сам герой. Злы, халодны чараўнік, упэўнены ў сваёй праваце і справядлівасці, здольны жорстка пакараць каханую за здраду, ператвараўся ў жывога чалавека, які да сканчэння свайго веку не зможа дараваць сабе свой ранейшы ўчынак.

Здавалася б, вось хто павінен быў атрымаць прыз Мулявіна! Але Яўген падзяліў трэцюю прэмію з даволі “стандартнай” Сільвіяй з Польшчы і атрымаў такі самы спецпрыз Саюзнай дзяржавы, як і згаданая расіянка.

На жаль, абранае Яўгенам інфернальнае аблічча не працавала на змест песні “Святая асветніца” Алены Атрашкевіч, хаця праспяваў ён гэтую складаную кампазіцыю на паўфінале вельмі добра. Дый у другі дзень фіналу прадэманстраваў добрую энергетыку, вялізны вакальны дыяпазон, адточаныя рок-штрыхі. Можа, крыху не хапіла таго драйва, што вымушае забыцца на конкурсныя баталіі?

Моцны выканаўца Эмрэ з Казахстана, які на паўфінале спяваў хворым, пераходзячы на хрып, з кожным новым конкурсным выхадам пакідаў усё лепшае ўражанне, атрымаўшы ў выніку першую прэмію. Уладальнікам жа Гран-пры стаў Марчэл Рошка з Румыніі. Перамаглі не толькі яго прафесіяналізм і вельмі прыгожы тэмбр з мяккімі, зачаравальнымі нізамі, але і прыгажосць фінальнай кампазіцыі, якая нікога не магла пакінуць абыякавым.

Увогуле, асаблівасцю сёлетняга конкурсу стала вялікая колькасць выдатных мужчынскіх галасоў. Справа, дарэчы, не адно ў колькаснай перавазе, а ў самой якасці выступленняў хлопцаў. Вядома, год на год не прыпадае, але хочацца верыць, што гэта добры знак.

Ды ўсё ж сёлетні ўзровень конкурсу, колькі ні называлі б яго высокім, не пераўзышоў некаторыя ранейшыя спаборніцтвы ў Віцебску. Можа, меней стала выпадковых канкурсантаў, але ж і яркіх творчых індывідуальнасцей ніяк не паболела — хутчэй, наадварот. Добрая спеўная падрыхтоўка ўзмацніла “сярэднестатыстычныя” паказальнікі. Але ж ці многа было тых спевакоў, якіх захочацца слухаць па-за межамі конкурснай інтрыгі, без усялякіх “хто каго”?

У гэтым сэнсе да ўжо згаданых імёнаў я дадала б ніяк не адзначаную Ажар Чолушаву з Кыргызстана — за яе надзвычай пачуццёвы тэмбр, кранальна прыгожае вібрата, шчырасць выканання, уменне спяваць ціха і пранікнёна, без звычайных патуг парваць залу ці спапяліць сябе ды слухачоў — і памерці.

На паўфінале я пастаянна лавіла сябе на думцы, што многія ўсё робяць правільна — ды толькі слухаць іх нецікава, сумна, нішто да іх не прыцягвае і не трымае ўвагу. І наадварот: калі з’яўляецца штосьці нешараговае, увага прыцягваецца зусім не дасканаласцю выканання, а, да прыкладу, эпатажам. Але ж любы выклік таксама павінен быць зроблены “на ўсе сто”! Ды не проста добра, а яшчэ і лепей, ніж тое, што па правілах.

Размаўляючы з журналістамі на сваім “Зорным часе”, вядомы расійскі кампазітар Аляксандр Марозаў, які быў старшынёй журы, звярнуў увагу на некаторыя конкурсныя праблемы. Адна з іх — няправільны выбар рэпертуару. Другая — імкненне “ўзяць крыкам”. Праблемы не новыя — ды пакуль не вырашаныя. Бо кожны наступны спявак вымушаны вырашаць іх уласна для сябе самога. Таму не трэба так радавацца таму, што конкурс “Славянскага базару”, як часам заўважаюць, пераўзыходзіць па сваім спеўным узроўні “Еўрабачанне” ці “Новую хвалю”: там увага надаецца шоу, а ў нас — найперш вакалу.

Заўвагі наконт “несучаснасці” рэпертуару большасці канкурсантаў цалкам слушныя — і адначасова вытлумачальныя. Да песень мінулых гадоў звяртаюцца не таму, што цяперашніх не ведаюць. У ранейшых, багатых на меладычнае развіццё, спеваку ёсць дзе разгарнуцца: і магчымасці голасу паказаць, і драматургію выбудаваць, зрабіўшы выйгрышную кульмінацыю. Цяперашняя эстрада не надта багатая на такія кампазіцыі: блізкія да балад — і адначасова стыльныя, модныя ў лепшым сэнсе слова, звернутыя не толькі да рамансавасці, хай і на новы лад, але і да найноўшых кірункаў. У падлеткава-маладзёжным рэпертуары такі пераход-пералом ужо больш заўважны, як паказаў сёлетні дзіцячы конкурс. Павінен ён адбыцца і на дарослым. Кампазітары, наперад!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"