Душы ратуюцца ў батле

№ 29 (1364) 21.07.2018 - 28.07.2018 г

Тэатр юнага гледача напрыканцы сезона заінтрыгаваў не толькі тэатралаў, але і аматараў літаратуры. 30 чэрвеня на яго сцэне адбыўся адмысловы паказ спектакля “S.O.S. Ратуйце нашы душы!” паводле аповесці Андрэя Жвалеўскага і Яўгеніі Пастэрнак “Смерць мёртвым душам!”. Прэм’ера запланавана на 18 і 19 верасня. Да гэтага часу, натуральна, штосьці можа змяніцца, але ўбачанае дазваляе казаць, што ў рэпертуары ТЮГа з’явіцца пастаноўка, вартая ўвагі і падлеткаў, і дарослых. Прычым, самых патрабавальных.

/i/content/pi/cult/701/15379/13.jpgРэжысёр Аляксандр Баркар (Масква) стварыў спектакль сучасны, гарэзлівы і сур’ёзны адначасова, які мае добрыя шанцы стаць хітом ТЮГа. Для такога меркавання ёсць усе падставы. Адна з відавочных — матэрыял. Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастэрнак паспяховыя і папулярныя сучасныя беларускія аўтары, што пішуць для дзяцей і падлеткаў. Аповесць “Смерць мёртвым душам!” у 2013 годзе была адзначана Міжнароднай дзіцячай літаратурнай прэміяй імя Уладзіслава Крапівіна. Ідэя звярнуцца да гэтага твора належыць Баркару. Рэжысёр ужо ставіў у Расійскім акадэмічным Маладзёжным тэатры “Я хачу ў школу” Жвалеўскага і Пастэрнак (2017 год), але знаёмства з творчасцю беларускіх пісьменнікаў і цікавасць да яе для Баркара распачаліся менавіта са “Смерці мёртвым душам”.

Кніга і сапраўды займальная. Зразумела, чым яна прывабіла рэжысёра. У аповесці нетрывіяльны сюжэт, простая жывая мова, пазнавальныя героі — падлеткі Нікіта і Валя, яе бабуля, бібліятэкарка Алена Сцяпанаўна і маладая практыкантка Кіра. Але спектакль пайшоў далей за літаратурную першакрыніцу. Інсцэніроўку ў адпаведнасці з патрабаваннямі сцэны і беларускімі рэаліямі рабілі разам Баркар, Жвалеўскі і Пастэрнак, на беларускую мову тэкст перакладала Жана Лашкевіч.

Плён такога падыходу, супрацоўніцтва аўтараў, рэжысёра і тэатра аказаўся відавочным: у спектаклі захавалася нязмушанасць і лёгкасць стылю аповесці, асноўная сюжэтная лінія, тэмы, персанажы, а разам з тым узнікла шмат новых акцэнтаў, дзякуючы якім “S.O.S. Ратуйце нашы душы!” зацікавіць не толькі школьнікаў 12+.

У параўнанні з літаратурным арыгіналам у сцэнічным варыянце зменшылася колькасць дзейных асоб, некаторыя сюжэтныя лініі купіраваны, з’явіліся новыя персанажы. Асобныя героі, напрыклад, Другі том “Мёртвых душ”, сталі больш выразнымі. Замест размаітай і бяздзейнай кніжнай грамады першакрыніцы ў спектаклі паўсталі паўнавартасныя героі, вядомыя па школьнай праграме класікі: Пушкін, Гогаль, Чэхаў, Маленькі Прынц Антуана дэ Сент-Экзюперы і Якуб Колас. Апошні ў аповесці не ўзгадваецца. У пастаноўцы ж ТЮГа Колас узнік, хутчэй за ўсё, як адказ на патрабаванні беларускага кантэксту. І гэты персанаж у выкананні Дзмітрыя Ягорава адна з лепшых знаходак аўтараў спектакля. Праз вобраз класіка — дзе далікатна, а дзе адкрыта — абыгрываюцца пэўныя стэрэатыпы і ўласцівыя беларускай ментальнасці рысы — ад адвечнай звычкі трываць, славутай памяркоўнасці да “партызанскага міфа”.

З “класікамі” ў спектаклі ўвогуле ўсё не проста. Гэта не канкрэтныя асобы, хутчэй, спалучэнне аўтара і яго твораў. Пастаноўшчыкі не імкнуцца ні да партрэтнага падабенства, ні да дакладнай адпаведнасці характараў і паводзін. Вобразы “класікаў” вызначаюць адна — дзве дамінантныя рысы: рэвалюцыянер-пасіянарый Пушкін, рамантычны Маленькі Прынц, іранічны Чэхаў. Візуальнае аблічча будуецца на характэрных дэталях: прычоска-вусы-акуляры-бакенбарды (неабходнае падкрэсліць). У выніку ў спектаклі паўстаюць пазнавальныя знешне, быццам са старонак школьных падручнікаў пісьменнікі і паэты. Але, парадокс — няма ў іх ніякай забранзавеласці, бо так вынаходліва і ненавязліва дзе-нідзе праслізне дэталь з біяграфіі, узгадка творчасці, што захочацца адкінуць наслаенні засвоеных шаблонных уяўленняў аб тым ці іншым аўтары і адкрыць свайго Пушкіна ці Чэхава. Перадусім, праз літаратуру.

/i/content/pi/cult/701/15379/14.jpgПерсаніфікавалі ў пастаноўцы не толькі класіку, але і “мёртвыя душы”, кнігі, што не павінны былі быць напісаны, бо не маюць ніякай карысці і нясуць толькі шкоду. Гэта прадстаўнікі таннай літаратуры, з беднай мовай, прымітыўным сюжэтам, яркімі вокладкамі і вялікімі накладамі. У героях, прыдуманых стваральнікамі спектакля, лёгка пазнаюцца папулярныя жаночыя раманы (персанаж Рамантыка), трылеры і дэтэктывы (Экшн), дапаможнікі кшталту “Як стаць багатым” (Коўч), шчодра прадстаўленыя сёння і ў кнігарнях, і ў раённых бібліятэках. Здаецца, кнігі і кнігі, але спектакль пераканаўча даводзіць: такое таннае чытво, “мёртвыя душы”, знішчае душы жывых людзей, пазбаўляе адчування рэальнасці, прапагандуе памылковыя каштоўнасці, выклікае маральную і інтэлектуальную дэградацыю.

Да лагеру “мёртвых душ” адносіцца і Намеснік (Іван Ушакевіч), яшчэ адзін персанаж, праз якога закранаюцца далёка не дзіцячыя тэмы. Нягледзячы на відавочную сувязь Намесніка з савецкім часам, у ім пазнаюцца кан’юнктуршчыкі ад літаратуры (і не толькі) усіх часоў і народаў. Узначальвае армію псеўдалітаратуры Другі том “Мёртвых душ” (Генадзь Гаранскі). У спектаклі ён паўстае ці не асноўным рухавіком дзеяння. Галоўны антаганіст “класікаў” і людзей Другі том “Мёртвых душ” усё ж не ператвараецца і ў плакатнага злодзея. Адкрыты фінал спектакля ўвогуле сцвярджае: сапраўдны вораг чалавека і літаратуры не гэтая помслівая кніга, а сайт “Увесь Пушкін за 15 хвілін”.

Пастаноўка Баркара працуе як прышчэпка супраць хваробаў літаратурнага густу і пераконвае: класіка можа быць цікавай. У спектаклі гучаць радкі Пушкіна, Гогаля на мове арыгінала, дасціпна абыгрываюцца цытаты класікаў, штампы, якімі абрасла іх творчасць, і вобразы, сучасныя мемы. Асобныя фразы-знаходкі, кшталту “Вы наша сонца, вось і свяціце моўчкі” альбо “О’кей, Гогаль!”, пасля прэм’еры, верагодна, разыдуцца сярод гледачоў. Абазнаная публіка атрымае асалоду ад гульні аўтараў інсцэніроўкі з класікай. Тыя ж, хто пакуль не цытуе “Яўгенія Анегіна” ці “Чайку”, пасля батла паміж лагерам “класікаў” ды літаратурнай “папсы”, магчыма, паспрабуюць кампенсаваць дэфіцыт ведаў.

Аляксандр Баркар, здаецца, не робіць нейкіх тэатральных адкрыццяў ды, напэўна, і не імкнецца да іх. Літаратурныя гульні, элементы інтэрактыўнага ўзаемадзеяння з залай, сучасныя музычныя кампазіцыі (напрыклад, Believer гурта Imagine Dragons) у спектаклі не самамэта, а неабходныя складнікі. З іх дапамогай не спрабуюць спадабацца аўдыторыі, як не стараюцца ў “S.O.S. Ратуйце нашы душы!” уразіць гледачоў маштабнасцю і тэхналагічнасцю сцэнаграфіі. У афармленні Анастасіі Трубнікавай (Масква) пануе яснасць і прастата. Сцэнаграфія стварае абагульнены вобраз бібліятэкі і перадае дваістасць існавання персанажаў-кніг як аб’ектаў і жывых істот. Мастачка прыдумала цудоўныя касцюмы, вельмі далікатна абазначыла ў іх ідэнтычнасць герояў-кніг — яны апрануты ў адпаведныя эпосе ці характару строі белых, жаўтаватых колераў новай ці старой паперы, далікатнымі складкамі намечаны ў касцюмах “класікаў” матыў старонак. Усё лаканічна і густоўна, бо ў спектаклі няма патрэбы прыкрывацца візуальнымі эфектамі. Дынамічнага імклівага развіцця дзеяння, яркіх вобразаў персанажаў, акцёрскага куражу дастаткова, каб трымаць увагу без пастаяннай змены карцінкі. Не кажучы ўжо пра тое, што ў спектаклі ёсць над чым паразважаць.

Нетрывіяльнасць і значнасць узнятай у спектаклі праблематыкі складана недаацаніць. Ад галоўнай тэмы — уплыву літаратуры на душы і свядомасць людзей разыходзяцца не менш важкія: інтэрнэт-залежнасць, дваістасць ролі сусветнага сеціва, бо яно можа стаць хваробай, а можа забяспечваць захаванне тых жа кніг і лёгкі доступ да іх. Літаральна некалькімі фразамі абазначаны такія балючыя пытанні, як нянавісць да літаратурнай класікі, што замест любові нараджае яе прымусовае вывучэнне (для здачы ЦТ), знішчэнне сутнасці сапраўды выдатных твораў з цудоўнай мовай сухімі і фармальнымі тлумачэннямі іх ідэі ў падручніках.

Закранутыя ў спектаклі тэмы ў нечым працягваюць, развіваюць выказаную колькі год таму Жвалеўскім і Пастэрнак на старонках прэсы думку: дзеці змогуць палюбіць літаратуру, калі будуць чытаць добрыя сучасныя кнігі, а там і да класікі дойдзе. Прымусовае ж прывіванне любові звычайна мае адваротны эфект. Думаецца, што гэты ж тэзіс можна прымяніць і да тэатра. Калі падлеткі будуць глядзець спектаклі паводле сучасных твораў, напісаных для і пра іх, такія як “S.O.S. Ратуйце нашы душы!”, то з часам яны палюбяць, змогуць ацаніць і тэатральную класіку, і тэатральны авангард.

Кацярына ЯРОМІНА Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ