Аўдыя & Відэа

№ 29 (1364) 21.07.2018 - 28.07.2018 г

Чэрвеньскія аўдыя / відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць спявак Аляксей ГРОС (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

АЎДЫЯ

/i/content/pi/cult/701/15378/opt.jpegЛiса, міні-альбом “Аксаміт”

А.: Нешта сапраўды свежае ў нашай поп-музыцы. Па тэкстах наогул прэтэнзій няма — небанальна, разумніца Ліса! Мелодыка аднастайная? Ёсць такое. Але — небезнадзейна. Адчуваю, куды і як дзяўчыне можна развівацца. Адсюль выснова. Гэтай, безумоўна, перспектыўнай выканаўцы патрэбен актуальны прадакшн, прадзюсар з маладых — таксама з новага пакалення, пакалення інтэрнэт-музыкі. Чалавек, які разумее сучасныя плыні, трэнды.

B.: Для меланхолікаў гэты рэліз спадарыні Кастэнка — самае што ні ёсць тое. Проста шэдэўр нудоты! Варта запусціць любы з пяці трэкаў, і жыццё з чалавека так і пачне выпарацца пад спевы Лізы-Лісы пра нешта такое асабістае. У хіт-парадзе лепшых айчынных тужлівых міні-альбомаў канкурэнтаў гэтаму ў барацьбе за першае месца, магчыма, і не адшукаецца. Адным словам — неардынарна.

/i/content/pi/cult/701/15378/t.jpegПраект “Нелюбов”, мiнi-альбом “У пустаце”

A.: Слухаў-слухаў, чакаў-чакаў, што нешта павінна, у рэшце рэшт, зачапіць — не, усё дарэмна. Можа, я занадта суб’ектыўны ў дадзеным выпадку, але няйнакш, як на ўзроўні “падабаецца — не падабаецца”, гэты рэліз я ўспрыняць так і не змог. Не спадабалася. Просценька па музыцы, бедна па ідэях, сто разоў чутае ў іншых.

B.: Як жа я памыляўся! Вось і канкурэнт Лісе. Але калі тая выпрабоўвала цярпенне слухачоў, якія нейкім невядомым шляхам трапілі ў яе творчыя сеткі, з дазволу сказаць, поп-кампазіцыямі, то гэтыя хлопцы ўздзейнічаюць на нервовую сістэму больш выкшталтавана, а менавіта гучаннем электронным — з дапамогай гатычнага дарквэйва. І ўсё было б зусім пуста — гэта значыць, работа якасцю цалкам бы адпавядала сваёй назве, — але фінальны трэк хоць неяк палепшыў агульную маркотную карціну. Увогуле, лета, сябры, якія тут могуць быць жыццесцвярджальныя матывы?

Гурт Just, альбом Black Paper Doll

/i/content/pi/cult/701/15378/Just_opt.jpegA.: Таксама сто разоў чутае ў іншых, але плюсы я знайшоў. Добра запісаныя “жывыя” інструменты. Адчуваецца, што музыкантаў прэ, што гэта іх кірунак. І вось зараз “але”. Залішне ўсё гэта па-ўчарашняму. “Закос” пад класікаў жанру бліжэй да сярэдзіны рэлізу ўжо пачынае стамляць, і работу ўспрымаеш як ледзь не пародыю. Міма касы і манерны вакал, калі здаецца, што саліст проста такі выціскае з сябе ўсе гэтыя анёльскія галосныя. Па мне — лепш спяваць сваім голасам, можа, і не зусім прафесійна, чым азірацца на замежных выканаўцаў. Хай нават і рок-класікаў.

B.: Класічны беспрасветны (вы пра лета і марыва не забылі?) гранж. Што часам “да жаху” нагадвае мэтраў жанру — як, напрыклад, у кампазіцыях Angry Dad і загалоўнай. Калі б я быў менеджарам гэтага калектыву, то замест поўнафарматніка настаяў бы на выпуску міні-альбома, і выйшла б зусім усё выдатна. А так трохі стамляе гэтая бясконцая агрэсіўная іпахондрыя. Для профільных зборных фестываляў гурт цалкам падыходзіць, але для гадзінных сольнікаў, на якіх жадае бачыць поўныя залы, пакуль сыраваты. Але патэнцыял да самаўдасканалення ёсць. І патрэбны безумоўны хіт, да якога крыху не дацягвае, дапусцім, Seven.

ВІДЭА

/i/content/pi/cult/701/15378/_opt.jpegАлёна Ланская і Глеб Мацвяйчук, кліп на песню “Калі б не ты”

А.: Вельмі добрая і эфектная Алёна ў гэтым кліпе — погляд, фігура, рух. А Глеб як бы свядома аддае ёй цэнтральную ролю. Праўда, мне падалося, што ў ёй Ланская ледзь пераігрывае, але не настолькі, каб вобраз разбурыўся. Па агульнай карцiнцы роліка ўсё супер, але часам складалася адчуванне, што на аўтараў відэа ціснуў бюджэт: у кліпе ўсяго дзве лакацыі, і гэтага відавочна замала. Наогул, драматургічна можна было б закруціць сюжэт і цікавей.

Кампазіцыя ж — тыповая для Яўгена Алейніка. Калі не хіт, то побач з ім. Ізноў жа, гэтыя любімыя кампазітарам і прадзюсарам гукі гітары... Напэўна, для аўтара добра, калі яго песню можна пазнаць беспамылкова.

B.: Усё я зразумеў у гэтым кліпе, акрамя аднаго — навошта Валодзька пагаліў вусы? У сэнсе, навошта Ланская ў боды (ці гэта наогул купальнік)? Мацвяйчук — у футболцы і джынсах, а Алёна... Не, ну я разумею, што ў яе, магчыма, самыя прыгожыя ногі ў нашым жаночым шоу-бізнэсе, але ў дадзеным выпадку дысануе яе выгляд з апранутым Глебам. Агаліў бы аўтар ідэі роліка торс спевака або нацягнуў бы на яго шорты (варыянт — плаўкі) — тады б усё стала на свае месца. А так... Не кагнітыўны дысананс, вядома, але тым не менш.

У кадры ж спачатку сустракаюцца два адзіноцтва, варушаць мінулае, і здаецца ўжо, што не ажывіць ім сваё каханне. Але хэпі-энд такі надыходзіць.

Сама ж песня — нават на 60 працэнтаў не шлягер, але трэк дыхтоўны. Напэўна, ён дазволіць публіцы перыядычна бачыць гэты тандэм на розных канцэртах.