Рэнесансныя вобразы з Палесся

№ 29 (1364) 21.07.2018 - 28.07.2018 г

У сталічным Палацы мастацтва адкрылася выстава, прысвечаная 90-годдзю Гаўрылы Харытонавіча Вашчанкі. Мастак не дажыў да гэтага юбілею чатыры гады. Рэтраспектыва дае ўнікальную магчымасць прасачыць бадай увесь творчы шлях гэтай выбітнай асобы — ад часоў вучобы да самых апошніх дзён.

/i/content/pi/cult/701/15377/11.jpgНарадзіўся мастак на шматпакутнай Брагіншчыне. Ягоная родная вёска Чыкалавічы спазнала ваенную нягоду, паўставала з попелу, а ў 1986 годзе трапіла пад Чарнобыльскія хмары. Калісьці Гаўрыла Харытонавіч з болем гаварыў: нават пасля страшных ваенных разбурэнняў ён быў упэўнены, што вёска адродзіцца, а вось пасля Чарнобыля адчуў — гэта яе канец.

Нездарма Вялікая Айчыннная вайна і Чарнобыль сталі стрыжнявымі тэмамі ў творчасці нашага класіка. Гаўрыла Вашчанка як ніхто іншы адчуваў драматызм лёсу Беларусі. Ягонаму пэндзлю належаць жывапісныя шэдэўры не толькі згаданай вышэй тэматыкі. Надзвычай плённым быў зварот мастака да гісторыі нашай даўняй дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага. Ягонае палатно “Грунвальдская бітва” (1985) — адзін з лепшых узораў батальнага жанру не толькі ў беларускім, а бадай і ва ўсім савецкім мастацтве.

Гаўрылу Вашчанку называюць заснавальнікам беларускай манументальнай школы, і гэта не перабольшанне. Доўгі час менавіта ягоны стыль і лад былі вызначальнымі ў дадзенай галіне нашага мастацтва. Ён сутнасна заставаўся манументалістам, нават калі пісаў станковыя карціны. І калі Міхаіл Савіцкі стварыў Мадонну партызанскую, дык Вашчанка ўзбагаціў беларускае мастацтва шматаблічным вобразам Мадонны палескай. Хаця на яго карцінах і роспісах адлюстраваны беларускія рэаліі, створаныя ім вобразы жанчын Палесся выклікаюць у памяці постаці Рэнесансу.

/i/content/pi/cult/701/15377/12.jpgУсё, што Вашчанка рабіў, ён рабіў выдатна. Кажуць Аляксандр Кішчанка, які быў сябрам Гаўрылы Харытонавіча, пачуўшы аповеды Вашчанкі пра Палессе, параіў яму напісаць бусліную сям’ю як своеасаблівы знак радзімы. І той зрабіў карціну “Матчыны крылы”, у якой візуальна ўвасобіў думку, што бусел — беларуская нацыянальная птушка. Шэраг карцін, дзе бусел — галоўны герой, прадстаўлены і на гэтай выставе.

Гаўрыла Вашчанка — народны матак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі. Ягоныя карціны знаходзяцца ў галерэях і прыватных калекцыях многіх краін свету. Выстава складаецца з твораў, якія прадставілі Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, Гомельская карцінная галерэя Гаўрылы Вашчанкі, сям’я мастака. Шэраг дэманструецца шырокай грамадзе ўпершыню. Таму ўсім аматарам беларускага жывапісу варта знайсці да 29 ліпеня час, каб тую выставу наведаць.