У застылым часе

№ 29 (1364) 21.07.2018 - 28.07.2018 г

Наведаўшы фестывальнай парою Віцебск, перад вяртаннем дахаты знайшоў трохі часу, каб прайсціся па “шагалаўскім” Задзвінні — колішняй слабодцы Прысмушкі. Балазе, дабірацца ў тыя мясціны вельмі зручна, яны зусім блізка ад абодвух вакзалаў. Што, па ідэі, магло б стаць яшчэ адной (немаведама ўжо якой па ліку) матывацыяй іх нарэшце “турыстызаваць”. Пра кварталы, якія легендарны мастак найперш і лічыў “сваім Віцебскам”, я ўжо пісаў з год таму — акурат да юбілею Шагала. Кароткі змест той публікацыі просты: там усё кепска. Але заставалася нейкая надзея на прыемны сюрпрыз. Тым болей, у горадзе над Дзвіною яны здараюцца. Ды, на жаль, не ў гэтым выпадку.

/i/content/pi/cult/701/15374/7.JPGПатрапіўшы на Пакроўскую, адразу ўразіўся неверагоднаму кантрасту. У цэнтры горада — чыста, весела, шматлюдна. Тут — суцэльная цішыня, нават трохі вусцішная. Парушае яе хіба рэдкая машына, што праносіцца па пустэльнай вуліцы з хуткасцю, недзе ўдвая большай за дазволеную. Ды яшчэ гукі “рускага шансону” з карчмы насупраць помніка Шагалу — адзінаму аб’екту інфраструктуры на ўсёй гэтай тэрыторыі. Быццам у нейкім трылеры… Ты нібыта трапляеш у поўны сюррэалістычных дэкарацый зачараваны край, які ўжо даўно пакінула жыццё.

Уласна, дом-музей, які па-ранейшаму застаецца тут адзіным прывабным для турыста аазісам, у дні фэсту працаваў як звычайна — да сёмай. І яго кіраўніцтва можна зразумець. Турыстаў, якія б фланіравалі “шагалаўскімі маршрутамі”, на Пакроўскай я не сустрэў — у адрозненне ад цэнтра горада, дзе на пешаходных вуліцах часам утвараліся заторы. На Пакроўскай ім увечары проста няма чаго рабіць. Не “рускі шансон” жа слухаць.

На суседняй вуліцы Рэвалюцыйнай — па-ранейшаму жахлівыя руіны Вялікай Любавіцкай сінагогі, якую наведвала сям’я Шагала. Унутры ўжо паспелі нарасці сапраўдныя дрэвы — не кажучы пра хмызы. Паўсюль — купы парожніх пляшак ды іншага смецця. Водар адпаведны.

— Ды вось, шукаю лакацыі для кіназдымак, — непераканаўча хлушу, калі адзін з тубыльцаў заўважыў маю цікавасць да гэтых мясцінаў. — Угу, пра вайну. Такая фантастыка, ведаеце. Антыутопія.

У Сеціве можна знайсці цікавыя рэндары, дзе гэты аб’ект пераасэнсоўваецца настолькі смела, што за яго нават боязна. Але каму ад іх цёпла або халодна? Нават няўзброеным вокам відаць, што сінагогай на сёння не апякуецца зусім ніхто — і так трывае ўжо далёка не першы год! Звычайныя вуліцы ў нас прыбіраюць, прычым даволі старанна. А ў гэтым закутку — ніколі.

Здавалася б, тым мясцінам даўно ўжо не бракуе грамадскай увагі. Летась, прыкладам, я адразу ў некалькіх СМІ сустрэў навіну пра тое, што на шэрым бетонным паркане з’явіліся шагалаўскія цытаты. Убачыў іх на ўласныя вочы — і здзівіўся. Гэта звычайныя літары, выведзеныя праз трафарэт. Без ніякіх прэтэнзій на мастацтва!

Хаця можна было б ператварыць тыя парканы ў сапраўдную галерэю стрыт-арту. Думаецца, на пленэр у такое месца “па першым свістку” з’ехаліся б лепшыя аўтары з усяго свету. Можна было б творча пераасэнсаваць і ангары ды іншыя прамысловыя спаруды, зрабіўшы з іх нейкія фантасмагарычныя аб’екты лэнд-арту. Можна было б ператварыць тую ж сінагогу ў цікавы ландшафтны аб’ект: турысты вельмі любяць “фоткацца” на фоне розных руін, але толькі ў тым выпадку, калі яны не пахнуць. Думаецца, ідэй, што б там яшчэ можна было б зрабіць карыснага ды прыгожага, у кожнага знойдзецца вагон і яшчэ вазочак.

Урэшцэ, можна было б проста парупіцца пра ямачны (хаця б!) рамонт асфальту. Ніводнай свежай пломбы на ўшчэнт пабітых ходніках Пакроўскай я не заўважыў. Затое, бачыў у адным месцы іржавыя штыры, наступіўшы на якія, ёсць небяспека папсаваць абутак.

NB: згаданыя вышэй захады не патрабуюць грандыёзных фінансавых укладанняў — у адрозненне ад праекта “шагалаўскага квартала”, які завіснуў у паветры. Але на Пакроўскай чамусьці не робіцца нават гэтага! Тут наогул не робіцца практычна нічога.

З аднаго боку, гэта, вядома, дрэнна. З другога боку, такі застылы на дзесяцігоддзі статус кво мае і свае плюсы. Непрэзентабельны раён не надта абуджае апетыты інвестараў — і, пэўна, таму ў ім няма тых іншародных сучасных украпванняў, выкарчаваць якія потым будзе амаль нерэальна. Незваротна страчаным для турызму можна лічыць толькі не ўключаны ў Дзяржспіс “замузейны” адрэзак Пакроўскай, дзе замест старых стогадовых хібараў стагоддзя сёння красуюць новенькія катэджы. А ўсё астатняе — у застылым часе.

Таму нішто не перашкаджае стварыць тут больш-менш цэласнае архітэктурнае асяроддзе. Аднавіць фронт старасвецкай забудовы на той жа Пакроўскай, зрабіць яе пешаходнай, пакласці брукаванку… Тым болей, рэканструкцыя не будзе поўным навадзелам, бо захавалася і трасіроўка, і атмасфера.

Але нешта я зноў пачынаю марыць. Яно нядрэнна, але паралельна трэба пачынаць і рабіць — хаця б штосьці. Хаця б ямачны рамонт.