“Не саромейцеся ганарыцца”

№ 29 (1364) 21.07.2018 - 28.07.2018 г

У рамках “Славянскага базару ў Віцебску” адбыўся круглы стол “Культура і мастацтва як крыніца развіцця духоўна-маральных каштоўнасцей. Роля СМІ ў фарміраванні агульнай культурнай прасторы славянскіх народаў”. Яго арганізатарамі выступілі Міністэрства інфармацыі, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Выдавецкі дом “Звязда”, дырэктар і галоўны рэдактар якога Павел Сухарукаў стаў мадэратарам гутаркі.

/i/content/pi/cult/701/15373/6.JPGПершы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Павел ЛЁГКІ ў сваім прывітальным слове падкрэсліў важнасць тэмы пасяджэння: “Пра адзінства славянскіх народаў апошнім часам стала неяк не прынята гаварыць. Хаця ў нас ёсць чым ганарыцца!” А ў адной са сваіх рэплік спадар Павел трапна акрэсліў ролю СМІ ў фарміраванні нашага ўспрыняцця рэчаіснасці:

— Ёсць такі анекдот. Два сталічныя фотакарэспандэнты здымалі адкрыццё вельмі важнага для аднаго гарадка моста. Але ў абодвух нешта не заладзілася: у аднаго затвор зламаўся, у другога акумулятар сеў. І тады іх позіркі сустрэліся. “Ну што, нічога не было?” — пытае першы. “Так, нічога, — ахвотна пагаджаецца другі. — Ні адкрыцця, ні моста!” Не хацелася б, каб айчынныя журналісты кіраваліся падобнай логікай у дачыненні да з’яваў культуры.

Склад удзельнікаў “круглага стала” быў даволі размаітым. Адпаведна, кожны гаварыў “пра сваё” і вельмі сцісла: дванаццаць спікераў уклаліся ў менш чым гадзіну. Лейтматывам сталі “здравіцы” ў гонар фестывалю, аднак нярэдка закраналіся і даволі праблемныя аспекты.

Анатоль ЯРМОЛЕНКА, мастацкі кіраўнік ансамбля “Сябры”, народны артыст Беларусі: “Мы рыхтуем да “Славянскага базару” прэм’еры і заўсёды ўспрымаем яго як свята. Вельмі важна і надалей захоўваць на ім тую атмасферу паразумення і добрых адносін адзін да аднаго, якая з’явілася з самага пачатку”.

Уладзімір ПЯРЦОЎ, дырэктар прадстаўніцтва Міжнароднай тэлерадыёкампаніі “Мір” у Беларусі: “Мы жывем у няпросты час, калі некаторыя народы замыкаюцца ўнутры ўласнага “дома”, забываюцца на іншыя культуры. Віцебскі ж фестываль робіць усё для яднання! Ён стаў сапраўдным мультыкультурным праектам і яднае культуры ўсяго свету, а не толькі славянскія”.

Ліна АРЫФУЛІНА, прадзюсар і рэжысёр (Расія): “На “Славянскім базары” я ўпершыню. І вельмі шкадую, што не магла патрапіць сюды раней. Бо ён дае магчымасць апынуцца ўнутры сусвету самай разнастайнай музыкі. Атмасфера тут — неверагодная. І няма пафасу: перад музыкай усе роўныя”.

Алена ШВІЛПЕ, прэзідэнт Міжнароднага фестывалю вакала і музыкі для моладзі Riga Symphony (Латвія): “Пабываўшы на “Славянскім базары”, я пачала арганізоўваць у Латвіі нацыянальныя адборы на конкурс вашага фестывалю. Праз год планую ўсебалтыйскі адбор, каб былі прадстаўлены Латвія, Літва і Эстонія. Я шмат езджу па розных краінах, бачыла многія фестывалі. Але ваш — унікальны, аналагаў яму няма. Гэта кангламерат усіх відаў мастацтва!”

Мар’ян КАТАРОСКІ, выканаўчы віцэ-прэзідэнт Сусветнай асацыяцыі фестываляў (WAF), дырэктар двух фестываляў (Македонія): “Сёння ва ўсім свеце часта скажаецца значэнне слова “фестываль”: ім часам называюць даволі сумнеўныя паводле сваёй якасці падзеі. Лічу, што статус фестывалю тым ці іншым імпрэзам павінны надаваць не яго арганізатары, а грамадскасць, назіральнікі. Ваш фестываль — сапраўдны. Не саромейцеся ганарыцца за нашу цудоўную славянскую культуру!”

Мікалай ТЭКЕЛІЕЎ, кіраўнік творчай дэлегацыі Балгарыі: “На “Славянскім базары” я ў 26-ы раз. Ды, на жаль, дэлегацыя наша радзее год ад году. Сёлета вось Балгарыя нават не брала ўдзел у дзіцячым конкурсе. Думаю, галоўная прычына — іншая геапалітычная арыентацыя нашай краіны: на Захад. І што ў выніку? Ці можаце вы назваць сучасных балгарскіх спевакоў — хаця, паверце, сярод іх ёсць процьма вартых увагі? Гэтак жа і мы не можам назваць беларускіх. Таму сёння мы павінны шукаць самыя розныя формы супрацоўніцтва, не толькі ў рамках “Славянскага базару”. Вы маглі б, да прыкладу, ладзіць у нас гастролі сваіх цудоўных калектываў праз спрыянне пасольства ці іншых дзяржструктур, арганізоўваць прэс-туры, каб мы болей ведалі адзін пра аднаго. Супрацоўніцтва паміж славянскімі краінамі павінна быць рэгулярным!”

Тамара КРАСНОВА-ГУСАЧЭНКА, старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі: “Дзякуючы СМІ фарміруецца грамадская думка. У сваю чаргу, СМІ знаходзяцца пад уздзеяннем грамадскасці. Атрымліваецца замкнёнае кола. І калі мы будзем толькі чакаць, каб хтосьці нам штосьці даў, рухацца наперад будзе цяжка. У гэтым сэнсе “Славянскі базар” — унікальная, не толькі музычная, але і духоўная падзея. Ад актыўнасці нашага ўздзеяння залежыць далейшае развіццё фестывалю. На маю думку, на ім больш шырока, чым дагэтуль, павінна быць прадстаўлена літаратура і, у прыватнасці, паэзія”.

Іван ВАБІШЧЭВІЧ, поп-спявак і тэлевядучы: “У тым, што “Славянскі базар” перарос крызіс і выжыў, вялікая заслуга ўсіх — у тым ліку, СМІ. Але цяпер перад намі стаіць яшчэ больш вялікая задача — зрабіць фестываль прадуктам, які будзе цікавы не толькі славянскім краінам, але і ЗША, Вялікабрытаніі, краінам Азіі, Лацінскай Амерыкі. Іншымі словамі, “Славянскі базар” павінен захаваць свае лепшыя традыцыі, але стаць больш модным і “фірмовым”, каб яго было цікава глядзець незалежна ад таго, на якой мове гучаць песні. І не трэба забывацца, што гэта павінна быць яшчэ і шоу! Тады зменіцца і статус конкурсу. Кожны яго ўдзельнік будзе разумець, што гэта добры старт у кар’еры. Сёння ёсць шэраг тэлешоу, перамога ў якіх прыносіць спеваку рэальную знакамітасць, шматлікія прапановы, запрашэнні. Са “Славянскім базарам” пакуль не так. А павінна быць!”

Яўген САФРОНАЎ, генеральны дырэктар інфармацыйнага агенцтва InterMedia (Расія): “Скажу тое, што не ўсім спадабаецца. Апошнім часам прынята наракаць на дзяржаву: маўляў, тая ўмешваецца ў творчы працэс. А між тым, найбольшае ўздзеянне на развіццё культуры ў свеце сёння аказваюць не дзяржаўная ўлада, не СМІ, не грамадская думка, а вялізныя карпарацыі, навязваючы свае густы. Дзяржава павінна ў дзясяткі, у сотні разоў павялічыць сваё ўздзеянне на культуру, каб захаваць яе самабытнасць. Іначай уздзеянне будуць аказваць карпарацыі — і, вядома, не айчынныя, а замежныя”.

Ілья СВІРЫН, галоўны рэдактар газеты “Культура”: “Мне часта даводзілася мець зносіны з творчымі людзьмі розных пакаленняў і мушу засведчыць, што бадай усім з іх — нават жывым класікам — пастаянна бракуе медыйнай увагі. Іншая рэч — якую ўвагу яны хацелі б выклікаць. У сваёй большасці, гэтыя людзі не пакутуюць ад нарцысізму, і ўзнёслыя эпітэты з любой нагоды не надта грэюць ім душу. Пагатоў, яны цудоўна разумеюць, што нярэдка за дыфірамбамі тоіцца звычайная абыякавасць. Іншая справа — глыбокі аналітычны разгляд іх творчасці. За такі матэрыял творцы могуць падзякаваць журналісту нават у тым выпадку, калі ён вельмі крытычны! Вось і “Славянскаму базару” таксама, на мой погляд, не хапае ўдумлівай ды зацікаўленай крытыкі, якая стымулявала б яго паспяховае развіццё”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"