Эстонія знутры

№ 29 (1364) 21.07.2018 - 28.07.2018 г

У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі экспануецца выстава эстонскага фотамастака Андрэса Адамсана “Сто дамоў у Пярну”. Аўтар прысвяціў творчую работу сваёй маці Айме, а лічба 100 мусіць нагадваць, што сёлета Эстонія святкуе векавы юбілей абвяшчэння незалежнасці.

/i/content/pi/cult/701/15372/5.JPGНа каляровых фота — партрэты ў інтэр’ерах. Кожны здымак дапоўнены выявай чымсьці дарагога гэтым людзям прадмета. Яны ўвасабляюць памяць сям’і, роду, акумулююць станоўчыя эмоцыі. А калі браць да ўвагі, што гісторыя краю складаецца з прыватных жыццяпісаў, дык гэта яшчэ і памяць эпохі. Пра што піша ў анатацыі да выставы і сам Андрэс Адамсан. На ягоную думку, саму па сабе жылую прастору цяжка назваць домам: “Дом з’яўляецца з людзьмі, якія ў ім пражываюць, і менавіта ён характарызуе тых людзей і эпоху”. Цяжка не пагадзіцца з гэтай тэзай. У маёй працоўнай кніжцы сярод іншага ёсць запіс “Паштальён”. Працы па прафесіі на той час не знайшоў, а лайдачыць сорамна, вось і давялося пакаштаваць і такога хлеба. Назваць тую работу падарункам лёсу язык не паварочваецца, але пэўная карысць для мяне з яе была. Я пабачыў горад, які, здавалася, ведаю, не ў ягонай прэзентацыйнай частцы, добра вядомай па відавых альбомах і паштоўках, а з боку двароў, пад’ездаў, кватэр, разнастайных офісаў і службовых уваходаў. Мяркую, магчымасць убачыць Мінск “знутры” мяне пэўным чынам узбагаціла.

Я невыпадкова згадаў гэты факт сваёй біяграфіі ў дачыненні да персанальнай выставы Андрэса Адамсана. Бо ягоныя работы — гэта Эстонія “знутры”. Я успрымаю яго здымкі як пастановачныя. Людзі ведалі, што іх здымаюць, і асэнсавана ці падсвядома пачыналі пазіраваць. Але, відаць, фотамастак здолеў выклікаць давер тых, на каго накіроўваў аб’ектыў, таму ступень натуральнасці іх паводзін даволі высокая. Мяркуючы па здымках, эстонцы не надта схільныя да раскошы, нават калі могуць яе сабе дазволіць. Час, асабліва калі ён запоўнены сяброўскім сумоўем, яны цэняць болей за рэчы, што запаўняюць жыццёвую прастору і служаць адзнакай сацыяльнага статусу. Неад’емная частка многіх інтэр’ераў — кніжныя паліцы... Выстава працуе да 5 жніўня. Так што спяшайцеся пабачыць Эстонію ў Мінску.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"