Харавое бяздонне Кірылы Насаева

№ 29 (1364) 21.07.2018 - 28.07.2018 г

Пайшоў з жыцця Кірыл Насаеў — арганізатар мужчынскага хору “Унія”. Яму было ўсяго 58 гадоў…

/i/content/pi/cult/701/15371/4.JPGПэўна, усё пачыналася яшчэ ў гады вучобы. І не толькі ўласна ў кансерваторыі, але і ў музычнай гімназіі-каледжы, якая ў той час называлася Сярэдняй спецыяльнай музычнай школай пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя Анатоля Луначарскага. Кірыл быў адным з удзельнікаў знакамітага хору хлопчыкаў пад кіраўніцтвам Ігара Жураўленкі і вучыўся ў харавым класе. Гэта быў першы выпуск харавога аддзялення школы.

Напрыканцы навучання хлопчыкаў-харавікоў засталіся лічаныя адзінкі. Хтосьці пакідаў навучальную ўстанову, бо нагрузкі і патрабаванні там былі вельмі высокія. Хтосьці пераходзіў на іншыя аддзяленні, становячыся духавіком ці ўдарнікам. У выніку класы з’ядналі ў адзін — і харавікі з духавікамі апынуліся ў нашым, разам з піяністамі і музыказнаўцамі.

Справа не ў тым, што хлопчыкаў паболела. Зусім іншымі сталі школьныя перапынкі! І асабліва “форткі”, калі настаўнік затрымліваўся ці хварэў. Ледзь не кожны такі антракт станавіўся своеасаблівай “музычнай інтэрмедыяй” з джазавым ухілам. Харавое брацтва, нягледзячы на новыя спецыяльнасці некаторых яго чальцоў, ядналася. І выдавала неверагодныя імправізацыі на любыя тэмы! Фантазіі было не займаць, у ход ішлі любыя падручныя сродкі.

У кожнай школьнай аўдыторыі — нават там, дзе ішлі заняткі па агульнаадукацыйных прадметах, стаяла піяніна. Каб дасягнуць незвычайных і, дарэчы, часам вельмі смешных, жартоўных эфектаў, паміж струнамі заганялі кавалкі паперы, ласцікі (куды пазней, вывучаючы заходні авангард, я даведалася, што гэты прыём называецца “падрыхтаванае” ці “прэпараванае” фартэпіяна). Асабліва запатрабаванымі былі грабянцы з дробнымі зуб’ямі. Да іх прыкладалася выдраная са сшытка старонка, прыстасаванне падносілася да вуснаў — і гук, праходзячы скрозь такія перашкоды, набываў незвычайную вібрацыю. Чым не губны гармонік? Ну і, вядома, спевы — зноў-такі, імправізавана шматгалосныя, з самымі неверагоднымі адхіленнямі ад меладычнай лініі. Што ні кажыце, хаця харавое аддзяленне было сфарміравана толькі ў 1969-м, а згаданыя “вясёлыя форткі” прыпадалі на сярэдзіну — канец 1970-х, эпоха шасцідзясятніцтва закранула і ССМШ пры БДК, як скарочана называлася наша школа.

У часы перабудовы і далейшай Незалежнасці з тых эксперыментаў узраслі адразу некалькі адметных калектываў. Хтосьці з былых харавікоў звязаў сваё жыццё з замежжам. А Кірыл Насаеў узяўся за нацыянальную спадчыну — і стварыў у пачатку 1990-х сваю “Унію”.

На той час у нас не было падобных мужчынскіх хароў. Ролю калектыву ў адраджэнні культуры і мастацтва беларускай даўніны пераацаніць немагчыма! “Унія” выконвала як рэлігійныя песняспевы, так і свецкія творы розных стагоддзяў, пачынаючы з XV-га: усяго больш за 200 харавых партытур. Нядзіва, што ў 1993 годзе на Першым Міжнародным фестывалі духоўнай музыкі “Магутны Божа” ў Магілёве, у рамках якога ладзіцца конкурс, пераможцам стала “Унія”.

Пытанне рэпертуару заўсёды паўставала востра, бо хацелася выконваць творы не толькі беларускай даўніны, але і сучаснасці, не абмяжоўваючыся духоўным творамі першай паловы ХХ стагоддзя — Мікалая Шчаглова-Куліковіча, Мікалая Равенскага. І калектыў пачаў супрацоўнічаць з лепшымі беларускімі кампазітарамі. У 1995 годзе ўзнікла Меса “Грыгарыяніка” Аляксандра Літвіноўскага на кананічныя тэксты, якая стылёва з’яднала розныя эпохі. У 1996-м — “Спевы даўнейшых ліцвінаў” Вячаслава Кузняцова на вершы Яна Чачота, дзе акрамя мужчынскага хору кампазітар выкарыстаў ударныя, каб лепей перадаць нашы ўяўленні пра атмасферу сярэднявечча.

А між тым, доўгі час “Унія” існавала на грамадскіх пачатках. У 1995-м, працягваючы свае рэпетыцыі ў Мінску, хор быў прымацаваны да Магілёўскай філармоніі. Але праз некалькі гадоў зноў стаў “прыватным”, рассыпаўся ды збіраўся нанова. Гэта не перашкодзіла Кірыле Насаеву выдаваць кампакт-дыскі, рабіць творчыя праекты “Музыка Лiтвы i Кароны”, “Музыка беларускіх храмаў”, “Беларускiя маршы i песнi (Лiрыка змагання)”.

Яшчэ адной значнай часткай жыцця Кірылы Насаева была педагагічная дзейнасць. Ён выкладаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, кіраваў хорам Мінскага музычнага вучылішча імя Міхаіла Глінкі, працаваў у нашай Акадэміі музыкі. Але памёр усяго толькі старшым выкладчыкам: яго вабіла творчасць, а не падрыхтоўка ды збіранне неабходных дакументаў, выпаўненне ўмоў і ўмоўнасцяў, пры якіх магчымы далейшы кар’ерны рост. Ён уклаў усяго сябе ў харавое бяздонне, але плынь гістарычных часоў не паглыне яго імя — абавязкова вынесе на бераг добрай памяці пра тых, хто не шкадаваў сябе на ніве беларускай нацыянальнай культуры.

Ці ж не патрэбны нам сёння Дзяржаўны мужчынскі хор? Пэўна, наспеў час стварыць такую дзяржаўную “Унію” і на-даць ёй імя колішняга заснавальніка.

Надзея БУНЦЭВІЧ / Фота з архіва БДАМ