Г.Масесаў. “Гітара”. |
Адным з першых дыплом І ступені атрымаў італьянскі мастак Эмануіл Вентані. Галоўнымі персанажамі яго карцін і крыніцамі натхнення з’яўляюцца жанчыны. Прадстаўленая серыя работ носіць назву “Экспрэсія душы”, а колеравы фон служыць выяўленнем ступені сілы і эмацыйнай яркасці гэтай экспрэсіі.
У намінацыі “За майстэрства выканання” перамаглі трое мінчан — Дзмітрый Сурыновіч з карцінай “Бераг”, Руслан Вашкевіч з “Дальтанічным трыпціхам” і Фёдар Ястраб з кампазіцыяй “Вісячыя сады”.Журы, бадай, ні ў чым не абмяжоўвала ўдзельнікаў. Разнастайныя напрамкі — ад гіперрэалізму Эмануіла Вентані, ад інсталяцыі Самуэля Вентані да абстрактных работ Яна Элькена з Эстоніі — прадстаўляюць шматзначную палітру стыляў і напрамкаў сучаснага еўрапейскага жывапісу.
Гран-пры атрымаў італьянскі мастак Рафаэль дэ Роза, вядомы ў Італіі майстар, прадстаўнік еўрапейскага арт-дэка.
На вялікім маніторы побач з мікрафонам увесь час дэманстраваліся рэпрадукцыі карцін тых, хто выходзіў атрымліваць дыпломы. У перапынках паміж уручэннямі ўзнагарод выступаў шоу-балет Валерыя Бурава. Хлопцы і дзяўчаты настолькі па-заліхвацку адбівалі чачотку і выконвалі факстрот, што было зразумела: беларускі тэмперамент ні ў чым не саступае італьянскаму.
Па заканчэнні цырымоніі ўзнагароджання аркестр з сямі духавых інструментаў і ўдарнай устаноўкі зайграў еўрапейскія і амерыканскія шлягеры сярэдзіны 50-х гадоў. Потым гледачы перайшлі ў галерэю трэцяга паверха — “Лабірынт”, дзе быў паказаны перформанс, навеяны міфамі і легендамі заходне-еўрапейскага эпасу.
Як адзначыў Фёдар Ястраб, беларускім мастакам важна ўбачыць свае творы ў кантакце з еўрапейцамі: “Мы павінны не адставаць, а быць разам з лепшымі прадстаўнікамі Еўропы. Наша мастацтва заслугоўвае пільнай увагі, бо ёсць для гэтага патэнцыял і высокае прафесійнае майстэрства. Цяперашняя сумесная выстаўка гэтаму пацвярджэнне.Вядома, што мастак — асоба публічная, і калі ён варыцца ва ўласным соку, ён можа дэградзіраваць. А выстаўкі міжнароднага ўзроўню ствараюць мастаку ўстойлівы “паблісіці”, робяць яго імя больш вядомым і ўплываюць на станоўчы імідж той краіны, дзе працуе мастак”.
Кантакты наведвальнікаў і мастакоў працягваліся і пасля афіцыйнага закрыцця галерэі. У Нацыянальнай бібліятэцы яшчэ доўга абменьваліся сваімі ўражаннямі прадстаўнікі розных краін і культур, творы якіх, вельмі не падобныя між сабою, гучалі ўсё ж ва унісон ў адзіным хоры Першай Міжнароднай біенале жывапісу.
Максім МАЛЫШАЎ,
мастак