Пайшоў Баламуцень у... суніцы

№ 25 (1360) 24.06.2018 - 30.06.2018 г

Нагадаю, што сёння, 23 чэрвеня, у аграгарадку Дварэц ладзіцца раённае свята “Лунінецкія клубніцы”. У праграме — выстава-кірмаш майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, кніжная выстава “Зноў паспелі красуні-клубніцы”, “ягадныя” паэтычныя чытанні, продаж кулінарных вырабаў, канцэртная праграма, мюзікл, выступленні творчых калектываў Лунінецкага, Столінскага, Пінскага, Жабінкаўскага раёнаў, Брэста і Пінска. Памятаеце, я наракаў на тое, што Лёзна, дзе брэндам даўно стала суніца, адмоўчваецца і нічога не распавядае пра сваё Сунічнае свята? Дык вось, Лёзна не адмоўчваецца.

Проста работнікі культуры Лёзненскага раёна вырашылі ладзіць мерапрыемства раз на два гады. Так што начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Шульган запэўнівае, што да сунічнага раю мы далучымся ў наступным годзе. І дзякуе, дарэчы, за канструктыўную крытыку. У выніку, уладальнікі сунічнага брэнду, па-першае, даведаліся, што Лунінеччына мае брэнд клубнічны, а па-другое, вырашылі аб’яднаць “ягадныя” намаганні. Калі атрымаецца, краіна, як мне падаецца, будзе мець не абы-які прэцэдэнт: паяднанне двух раёнаў розных абласцей на падставе падрыхтоўкі і правядзення адзінага мерапрыемства. Так што стаўце на руцэ крыжык: не забыцца б на эксклюзіў. Але гэта яшчэ не ўсё.

Таццяна Шульган, карыстаючыся выпадкам, распавяла пра завяршэнне рэканструкцыі першай чаргі Лёзненскага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. У выніку гэтых работ дзіцячая і дарослая бібліятэкі, часткі якіх падчас рамонту былі раскіданы аж па чатырох гарадскіх адрасах, вярнуліся на сталае месца прапіскі. Удасканаленне ўмоў працы паспрыяла таму, што праца гэтая стала больш цікавай. Да прыкладу, пры кожнай бібліятэцы ўзнікла праваслаўная кафедра. Цэрквы перадаюць у дар адпаведную літаратуру, кафедры працуюць па асобных творчых планах, далучаючы чытачоў да веры. І гэта яшчэ не ўсё. Пад адным дахам з бібліятэкамі знайшлося месца і для дома рамёстваў. На дзіва ўсім тут было адроджана ткацтва. Як вы думаеце, хто аказаўся носьбітам забытага рамяства? Святар айцец Іван, якога ткацтву навучыла бабуля. Айцец Іван ахвяраваў станком бабулі, сам адрамантаваў яго, працуе ў РДР на палову стаўкі. Карацей, справа тут рухаецца з Боскай дапамогай. Расце колькасць гурткоўцаў. Адноўлены рэгіянальны нацыянальны касцюм, у тым ліку — зімовы. Асвоена тут і тэхніка валяння. Яе развівае жанчына, што раней працавала на чыгунцы. І апошняя яркая фарба на карціне апошніх лёзненскіх творчых падзей: у выніку экспедыцый адшуканы вышываныя ручнікі ўзростам больш за сто гадоў кожны. У іх арнаментах прысутнічаюць элементы сунічных кампазіцый. Яшчэ адзін доказ таго, што лясная ягада стала брэндам краю не выпадкова. Вось і атрымліваецца, што новыя сцены дапамагаюць працаваць па-новаму.

/i/content/pi/cult/697/15366/pages-10-11-S-600.jpg

Вы, канеше ж, зразумелі, што ў сённяшняй падборцы пераважаюць навіны, дзе гаворка ідзе пра святы-фэсты-конкурсы. І рэальнае тут вельмі шчыльна пераплятаецца з метафізічным. У аграгарадку Краснае (Іўеўскі раён), напрыклад, ушаноўвалі Баламутня. Калі хто не ведае, дык гэта вадзянік-халасцяк з галавой як збан і з гусінай скурай. А пачалося ўсё з тэатральнай дзеі пра гэтую міфічную істоту, якая — і дзея, і істота — вельмі ўсім спадабалася. На свяце варылі юшку, дзейнічаў рэстаран “На гапліку”, рамеснікі прадавалі сувеніры, выступалі артысты з Іўеўскага цэнтра культуры, спаборнічалі рыбакі. А потым была дыскатэка “Ноч у Чырвоным”. Я адчуваю, як адцягнуўся на танцпадлозе халасцяк Баламуцень.

Яркімі зоркамі на творчым беларускім небасхіле загарэліся міжнародныя фестывалі: народнай музыкі — “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах, песні і музыкі — “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”. Першы ладзіцца ў 29 раз. Ягоны сёлетні дэвіз — “Дуда — покліч часу”. Апрача творчага конкурсу “Хто каго?”, можна было паўдзельнічаць у рэалізацыі доўгатэрміновага праекта “Музыка беларускіх палацаў і сядзіб” (канцэртная дзея адбывалася па традыцыі ля палаца Тызенгаўзаў) і ў Пастаўскім балі. Другі фестываль — трошкі маладзейшы: адбыўся ў 23 раз. У бягучым годзе ў Дуброўне сабралася 26 калектываў з Украіны, Малдовы, Латвіі, Літвы, Румыніі, Польшчы, Расіі і Беларусі. Адным з запамінальных момантаў фэсту стала дэманстрацыя адроджанага абраду “Ваджэння куста”. Пад салаўіны акампанемент “У Кір’еўскім гаі” абралі самую прыгожую дзяўчыну… Згаданыя фэсты — адны з самых знакавых на Беларусі.

Цяпер — пра свята касцоў. Ніколі не сумняваўся, што працоўны працэс, даведзены цягам стагоддзяў да дасканаласці — таксама праява традыцыйнага мастацтва. Тут і сваіх абрадаў хапае (адна толькі падрыхтоўка касы да касавіцы чаго вартая), і адпаведных прыказак ды прымавак. Такое свята прайшло ў аграгарадку Вензавец Дзятлаўскага раёна. Падрыхтавалі мерапрыемства работнікі культуры і сельсавета. Выступілі школьная агіт-брыгада, народны ансамбль песні “Зараначка” Казлоўшчынскага дома культуры і творчасці. А потым стартавала эстафета касцоў. Найлепшым на сенажаці стаў Станіслаў Муха з КСУП “Хвінявічы”.

Аналагічнае свята на Іўеўшчыне называецца “Ліпнішкаўскія сенакосы”, бо ладзіцца ў аграгарадку Ліпнішкі. Тут таксама ўсё пачалося з канцэртнай праграмы. На добры працоўны настрой наладжвалі касцоў народны сямейны ансамбль Парфемчыкаў з Лідскага раёна, калектыў аматарскай творчасці з Воранаўскага раёна, народны гурт музыкі і песні “Цырынскія музыкі” з Карэліччыны. У адкрытым рэгіянальным конкурсе па ручным сенакашэнні прынялі ўдзел 13 касцоў з Іўеўскага, Лідскага і Воранаўскага раёнаў. Лепшым стаў Уладзімір Стручынскі з Іўеўшчыны.

Чарговае свята — з нагоды Дня медыцынскага работніка. Ён быў адзначаны ў аграгарадку Граўжышкі, што на Ашмяншчыне. Работнікі культуры віншавалі супрацоўнікаў мясцовай амбулаторыі. Аддзел метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры напісаў і пра свята “Землякі”, якое адбылося ў скверыку аграгарадка Мураваная Ашмянка. Ушаноўваліся старэйшыя жыхары, самыя актыўныя і гаспадарлівыя. А ў саміх Ашмянах гарадскі парк стаў месцам правядзення фестывалю фарбаў. Вельмі яркае мерапрыемства атрымалася. Цікава, ці быў бы настолькі ж запатрабаваным фестываль, скажам, пахаў?

Чарговая навіна з Ашмянскага раёна. Сталыя вяскоўцы былі адзначаны добрым словам ды вясёлай песняй і ў вёсцы Людвікаўшчына. У апошняй інфармацыі ад метадыстаў Ашмянскага РЦК гаворка вядзецца пра спартландыю аграгарадка Гальшаны. На свяце спорту і здароўя прысутнічалі выхаванцы дзіцячага летніка Гальшанскай сярэдняй школы і дзіцячага садка. Пасля спартыўных спаборніцтваў распачалася дыскатэка.

Можа падасца, што астатнія навіны — досыць шараговыя. Але пры пэўным стаўленні да жыцця і шэрыя будні можна
пераўтварыць у адмысловую феерыю. Андрэй Струнчанка паведамляе, што ў Капцянскім сельскім доме культуры (Віцебскі раён) рэалізаваны другі этап творчага праекта “Танцуй, скачы ад усёй душы!”, які стартаваў у красавіку бягучага года. Тэмай конкурсных выступленняў гэтым разам сталі сучасныя танцавальныя рытмы. Сапернічалі восем пар. Узнагароджанне пераможцаў адбудзецца падчас Купалля.

Наталля Білімава распавядае: “Майстры народных промыслаў і рамёстваў Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў Таццяна Зялёнка і Алена Цялушка вярнуліся з летняй школы “Майстэрня падвойнага ткацтва”, якая працуе ў Гудзевічах Мастоўскага раёна, з дыпломамі за захаванне і папулярызацыю ткацкага майстэрства”. Справа ў тым, што цягам чатырох гадоў Гудзевіцкі літаратурна-краязнаўчы музей ладзіць летнюю ткацкую школу. Як паказвае практыка, такі адукацыйны цэнтр дае цудоўныя магчымасці ўзброіцца не толькі тэорыяй, але і практычнымі навыкамі. І яшчэ — тут можна сустрэцца з аднадумцамі, адчуць сябе ў гушчыні рамесніцкіх падзей.

Мы мала пішам пра вясковых старастаў. Дарэмна. А менавіта яны дапамагаюць аднавяскоўцам вырашаць шматлікія задачы вясковага жыцця-быцця. Пазаштатніца Настасся Голуб напісала пра такога чалавека — Яўгенія Філідовіч жыве ў вёсцы Чырвоны Бор Дзятлаўскага раёна. Настаўнічала 38 гадоў, цяпер — на пенсіі. Раз на тыдзень імкнецца патэлефанаваць аднавяскоўцам, а тых, хто жыве побач, наведвае дома. Яе вяскоўцы называюць “галоўным чалавекам”. Тры разы на тыдзень, калі прыязджае аўтакрама, збіраецца разам з усімі, робіць абвесткі, дакладвае, што ў краіне адбылося. Трымае на кантролі парадак на могілках, ладзіць суботнікі па добраўпарадкаванні. Вёска выглядае дагледжана. Сюды пастаянна наведваюцца медыцынскія, сацыяльныя работнікі, раённыя артысты і бібліятэкары.

Народны інструментальны ансамбль “Брыз” Столінскай дзіцячай школы мастацтваў атрымаў званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. Пра гэта напісала Галіна Гашчук. Інструментальны ансамбль створаны ў 2008 годзе па ініцыятыве настаўніка па класе баяна Фёдара Вайцяхоўскага, які сам піша музыку. Да прыкладу, эстрадная кампазіцыя “Начны брыз” стала візітоўкай калектыву. У яго складзе — настаўнікі Столінскай ДШМ, віртуозы і эксперыментатары.

Загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Браслаўскага раёна Ірына Макарэвіч распавядае пра сустрэчу з паэтам Латвіі Станіславам Валадзько. “Яна адбывалася на тэрыторыі — паведамляе аўтар — вольнай вулічнай бібліятэкі, якая актыўна выкарыстоўваецца для правядзення сацыякультурных мерапрыемстваў, творчых акцый і літаратурных сустрэч, паэт — даўні сябра бібліяітэкі. У сустрэчы бралі ўдзел сябры раённага аматарскага аб’яднання “Парус надзеі”. Дзейнічала кніжная выстава, якая давала ўяўленне пра творчасць Станіслава Валадзько”.

У Жалудоцкай гарпасялковай бібліятэцы прайшоў раённы семінар работнікаў бібліятэчных устаноў “Да кнігі і чытання праз дасуг і ўзаемаадносіны”. На сустрэчу прафесіяналаў прыйшлі прадстаўнікі мясцовых уладаў, настаўнікі, былыя калегі. Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Віталій Рубанаў распавядае, што загадчыца мясцовай бібліятэкі Галіна Бекіш правяла з прысутнымі краязнаўчы круіз, а загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Юлія Міхайлава падрыхтавала агляд “Крэатыўны падыход да масавых мерапрыемстваў”. Кожны імкнуўся падзяліцца назапашаным вопытам.

Пра інавацыі ў рабоце Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Яна Чачота напісала загадчык аддзела абслугоўвання гэтай установы Вольга Міроненка. Інавацыі ў сваю чаргу падштурхнулі да ўдзелу ў Рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. У выніку — перамога ў намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы”. PR-акцыямі ўстановы зацікавіліся калегі Брэстчыны. Упершыню бібліятэка імя Яна Чачота прыняла абласны рэгіянальны семінар “Інавацыйная дзейнасць у масавай рабоце бібліятэкі”. Гаворка ішла і пра так званыя вулічныя формы працы. Усім добра вядомы баранавіцкі “Чытальны прыпынак”. Прысутныя мелі магчымасць пазнаёміцца з такім і ў вёсцы Новая Мыш.

На Дзятлаўшчыне ўшаноўвалі вёску Харашкі. Канцэртную праграму сюды прывёз народны тэатр-студыя гульні “Прымакі”, якім кіруе Таццяна Янушкевіч. Ведаю гэты тэатр, добры настрой ад яго выступлення гарантаваны. Але памятаю і тое, як некалькі гадоў таму жанчыны з Харашкоў скардзіліся такім жа спякотным летам, што даўно не завітвалі да іх ні аўтабібліятэка, ні аўтаклуб… Так што і ў Харашках цяпер не ўсё так кепска.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"