Кітлік, каруна, насоў

№ 28 (1363) 14.07.2018 - 19.07.2018 г

Забытыя дзівосы старадаўняга віцебскага касцюма
Для многіх гасцей “Славянскага базару” фэст становіцца цудоўнай магчымасцю болей даведацца пра гісторыю Віцебска, прасякнуцца той чароўнай атмасферай, якая спакон веку панавала на яго вуліцах. Для таго, каб занурыцца ў віцебскую даўніну, варта наведаць наш абласны краязнаўчы музей. І асаблівую ўвагу я б раіла звярнуць на яго калекцыі касцюмаў. Бо гэта — не проста рэчы. Яны з’яўляюцца знакамі часу, саслоўнай і нацыянальнай прыналежнасці. А таксама і красамоўна сведчаць пра мультыкультурнасць памежнага рэгіёну, яго адкрытасць да розных культурных уплываў.

/i/content/pi/cult/700/15362/21.JPGШто такое кітлік?

У 1834 годзе губернскі сакратар Васіль Завялейскі так апісвае касцюм мяшчанак: “женская одежда витеблян весьма примечательна: это смесь восточной с древней польской, а отчасти, русской. На грудь надевают китлик, род корсета; рукава рубашки широкие. “Юпка” и фартук... штофные; на шее жемчуг; бедные носят /i/content/pi/cult/700/15362/22.JPGкрасные кораллы”.

Пра камізэльку “кітлік” з Віцебскай губерні паведамляе і этнограф Мікалай Нікіфароўскі: “Китлик” справлялся раз в девической жизни и донашивался потом в первые годы замужества”.

Для таго, каб зразумець этымалогію дзіўнага слоўца, найперш варта згадаць, што краўцамі ў той час былі пераважна яўрэі. На ідыш “кітэль” — гэта малітоўная кашуля, прычым мужчынская. Зрэшты, прыгадваецца тут і нямецкае слова kittel, якое абазначае ў гэтай мове нават не частку мундзіра, а проста блузу.

У калекцыі музея ёсць камізэлькі з парчы і шоўку свецкага крою з каўняром, двухбортнай засцежкай, валікамі для спадніцы. А таксама і спрошчанага сарафаннага крою на шырокіх шлейках. Ёсць і такі элемент свецкага касцюма, як батыставая кашуля з каўняром і сабранымі ўнізе доўгімі рукавамі.

Аб вопратцы яўрэйскіх жанчын губерні існуюць наступныя сведчанні: “Женщины-еврейки разумеется, достаточные, одеваются в кунтуши, юбки и корсеты разноцветные: люстриновые, атласные, гранитуровые и ситцовые. Нагрудники дорогой битой парчи… галуном обшитые”.

Уявіць, як выглядалі ў тыя часы модніцы-прыгажуні, дазваляе безрукаўка слуцкай тканіны XVIII стагоддзя з калекцыі нашага музея. У Віцебску яе тады называлі “нажутка”. Па-польску слова narzutka адзначае накідку.

З польскай мовы паходзіць і назва нагрудніка — “залужка”: ад жэста залажэння за яго рукі, які сімвалізаваў сціпласць нявесты. Гэты элемент адзення — у выглядзе паласы парчы або шоўку — прыкрываў засцежку, завязваўся на шыі і мацаваўся поясам.

Кітайская мода

Варта адзначыць і ўніверсальнасць віцебскай моды. Крой камізэлек або кофт — з каўняром, двухбортнай засцежкай, рэльефнымі вытачкамі, валікамі для спадніцы — быў характэрны для ўсіх заможных мяшчанак губерні, незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання.

Спадніцы мяшчанак былі доўгія, у складку, мелі наперадзе ўстаўкі з ільну або бавоўны. Шылі іх з шоўку або атласу — мануфактурных тканін, упрыгожаных пышнымі суквеццямі, матылямі, дрэўцамі, квітнеючымі травамі. Такія тканіны адносяцца да стылістыкі “шынуазры”. Слова — гэтым разам з французскай, паходзіць ад chinois, што значыць — кітайскі. Мода на выкарыстанне матываў і кампазіцыйных прыёмаў сярэднявечнага кітайскага мастацтва была пашырана ў Еўропе XVIII стагоддзя. Зразумела, дайшла яна і да Віцебска.

Ад каруны да какошніка

А зараз самы час згадаць пра тое, што вянчала касцюм віцебскай мяшчанкі. Васіль Завялейскі так апісвае іх галаўныя ўборы: “замужние надевают на головы “шапечки”, похожие на старые гренадерские шапки. Шапочки бывают из черного бархата, иногда золотой парчи, и тогда называются златоглавыми”.

/i/content/pi/cult/700/15362/23.JPGГэты вастраверхі галаўны ўбор называўся карунай. Па форме ён блізкі да славянскага дзявочага вянца. Як і камізэлькі, каруны рабіліся з парчы кветкавага дэкору, тыповага для эпохі барока, або з шаўковага рэпса, аздобленага пазументам, бліскаўкамі, біццю і каніцеллю, або з аксаміту. Вядома, што падобныя галаўныя ўборы насілі не толькі ў буйным Віцебску, але і ў гарадках, куды меншых — Лепелі, Чашніках, Уле. Вядома, што яўрэйскія жанчыны пераймалі мадэлі галаўных убораў у мясцовага насельніцтва, апранаючы вастраверхі “начолек” з залатымі ланцужкамі і гранатамі ў форме вянца.

Да збору музея належаць і пашытыя з кліноў ды багата аздобленыя яўрэйскія галаўныя ўборы XVIII — XIX стагоддзяў. Адзін з іх — зялёная плюшавая шапачка з вышыўкай і малінавай кісцю, другі — шапачка са светлай з золатам парчы з бліскаўкамі. Край першай не апрацаваны: магчыма, раней да яго быў падшыты парык. Рабілі іх звычайна з саціну — “гаўбы”. Пасля вяселля яўрэйскай жанчыне коратка стрыглі валасы, апраналі парык і галаўны ўбор.

Яшчэ адзін галаўны ўбор з кліноў — мужчынскі. Гэта кіпа, якую, верагодна, насілі ў свята Ём-Кіпур. Тады апраналі ўжо згаданы “кітэль”, пояс і талес (малітоўную накідку). У калекцыі музея апошняя, на жаль, прадстаўленая толькі ў выглядзе фрагментаў.

На акварэлі Юзафа Пешкі каля віцебскай Уваскрасенскай царквы можна ўбачыць не толькі мяшчанак у высокіх галаўных уборах, абгорнутых наміткамі. Увагу прыцягваюць таксама і жанчыны, апранутыя ў саяны і расшытыя золатам шапачкі. Гэта — трохі іншая традыцыя.

У фондах музея захаваліся какошнікі ў выглядзе шапачак, касынка з парчы ды іншыя жаночыя рускія народныя галаўныя ўборы XVIII — XIX стагоддзяў. Канструкцыя аднаго з іх — “сарокі” — наступная. Зверху — галун, па баках — шоўкавыя стужкі-“крылаткі”. Аксамітны назатылень і пазатылень з лёну аздобленыя шыццём пазалочаным срэбрам.

Як піша этнограф Мікалай Анімеле, рускія элементы касцюму прыкметна пераважалі ў адзенні жыхароў Веліжскага, Невельскага, Себежскага паветаў Віцебскай губерні. А ў Дрысенскім павеце “сароку” называлі перавяззю і апраналі да вяселля.

Камізэлька са слуцкага пояса

Для шыцця святочнага адзення выкарыстоўвалі мануфактурныя тканіны, упрыгожванні і аздабленні. У музеі захоўваецца калекцыя тканін XVIII — XIX стагоддзяў: рускі, заходнееўрапейскі, кітайскі тэкстыль. Асноўная частка фондавых матэрыялаў уключае расійскія штофы, парчу, рэпс. Вядома, што малюнкі тканін XVIII стагоддзя былі пераважна замежнымі: рускія майстры капіравалі іншаземныя ўзоры. У першую чаргу, з двух шаўковых цэнтраў — французскага Ліёна і нямецкага Крэфельда, а таксама — з Кітая. Адсюль — багацце і разнастайнасць матываў і арнаментаў. А якасць рускіх тканін, паводле сведчанняў сучаснікаў, была высокай.

Да калекцыі музея належаць і фрагменты слуцкіх кунтушовых паясоў другой паловы XVIII стагоддзя. Калі ў пачатку XIX стагоддзя гэтыя аксесуары выходзяць з моды, з іх часам шыюць вопратку. Прыкладам таму з’яўляецца невялікая сумка з фрагментаў пояса Ліёнскай мануфактуры або яўрэйская камізэлька, сабраная з фрагментаў ад сярэдніка слуцкага пояса.

Гарадская вышыванка

Пра ўпрыгожванні мяшчанак Віцебскай губерні паведамляе этнограф Мікалай Нікіфароўскі. Яны насілі каралі — “гырнаты” (гранат), “бруштыны”, “пярловые маціцы”, медныя, срэбныя, каляровыя са “шкляруса” завушніцы, бронзавыя і алавяныя пярсцёнкі.

У музеі захаваліся завушніцы ў выглядзе кошыка з кветкамі і падвескай “сліва”, асновай якіх з’яўляецца метал, абцягнуты сеткай з дробных перлінаў, а таксама пацеркі з бурштыну, каралаў XVIII — пачатку XIX стагоддзяў.

Дапаўненні да касцюму часам рабіліся ўручную з разнастайных матэрыялаў. Прадметы калекцыі жаночага рукадзелля канца XVIII — XIX стагоддзяў выкананы ў тэхніках вышыўкі габеленавым швом па канве, бісерам, вязання. Вядома, што першыя схемы вышываных малюнкаў — узорнікі — надрукаваны ў 1810 годзе ў Германіі. Да гэтага матывы з выявамі жывёл, птушак, кветак, арнаментаў, манаграм і гэтак далей, вышываліся на фрагментах ільну. Іх асновай былі італьянскія, французскія зборнікі ўзораў XVI — XVII стагоддзяў. Арнаменталісты таго часу адрадзілі старажытны матыў — гратэск, які складаўся са спляцення раслінных і жывёльных формаў. Ён стаў адным з асноўных элементаў еўрапейскай арнаментыкі.

Вядома, што ў Расіі XIX стагоддзя часопісы “Вестник “Моды” і “Модный курьер” таксама друкавалі схемы для вышыўкі. Карысталіся імі жанчыны розных слаёў насельніцтва. Да канца стагоддзя захаваліся прыёмы ўпрыгожвання прадметаў, але павялічыўся памер бісеру, замест габеленавага шва ўжывалася вышыўка крыжыкам воўкай. Матывы капіраваліся, пераапрацоўваліся і выкарыстоўваліся ў адзенні мяшчан. Сярод прадметаў музейнай калекцыі — сумачкі, кашалькі, капшукі, паясы з гірляндамі руж, фіялак, кветкавай зеляніны, выявамі вінаграднай лазы або лісця аканта.

Танныя друкаваныя “бракараўскія ўзорнікі” з падобнымі арнаментамі атрымалі распаўсюджанне ў народным тэкстылі канца XIX — пачатку XX стагоддзяў. Прыклад таму — вышываная крыжыкам галінка дуба на какетцы жаночай даматканай сарочкі. Стылізацыя арнаменту нагадвае матыў на ўзоры XVI стагоддзя з Італіі.

У фондах музея знаходзіцца цэлая калекцыя ўставак, упрыгожаных тканым архаічным арнаментам з ромбаў, грабеністых фігур, свастычных выяў. А таксама — полікі з выявай васьміканцовай зоркі, вышываныя крыжыкам або выкананыя у тэхніцы “роспіс”, якая выкарыстоўвалася ў еўрапейскай гарадской культуры XV — XVI стагоддзяў. Была яна характэрная і для традыцыйных вышываных тканін беларуска-рускага пагранічча XIX стагоддзя.

Яшчэ два найцікавейшыя артэфакты музея — жаночыя чапцы, упрыгожаныя вышытымі крыжыкам воўкай узорамі-сімваламі ў выглядзе крыжа, перасечаных квадратаў, васьмівугольнай зоркі. Такая сімволіка была ўласцівая абрадавым мужчынскім і жаночым кашулям старавераў.

Набіванка ў колер індыга

Пара ўжо апавесці, што ж насілі колькі стагоддзяў таму не толькі насельніцы Віцебшчыны, а яе насельнікі. Пагатоў, і ў ліку рарытэтаў музея — дзве мужчынскія кашулі старажытнага тунікападобнага крою: пасконная, з разрэзам на грудзях, і сарочка-касаваротка, пашытая з лёну.

Што тычыцца вопраткі. Паверх кашулі мужчыны звычайна апраналі палатняныя насовы. Нікіфароўскі апісаў два іх тыпы. Першы — з бавоўны, кафтаннага крою, упрыгожаны фабрычнай тасьмой. Другі — ільняны, халатападобнага крою, без аздабленняў — ён яшчэ меў назву “балахон”. Месцам бытавання гэтых прадметаў адзення былі тыя паветы Віцебшчыны, якія межавалі са Смаленскай і Пскоўскай губернямі. У фондах музея ёсць артэфакты, чые характарыстыкі практычна супадаюць з апісаннямі этнографа.

Абавязковым атрыбутам сялянскага касцюма з’яўляліся паясы. У калекцыі — аксесуары, выкананыя ў розных тэкстыльных тэхніках з матывамі ў выглядзе палосак, ромбаў, трохкутнікаў; крыжыкаў, грабеньчыкаў, вугалкоў і зігзагаў. А таксама — палатняны капшук, пашыты з раней вытканага ўзорнага палатна.

Каб упрыгожыць адзенне, сяляне пры дапамозе набіўных дошак, наносілі на тканіну друкаваныя малюнкі. Класічнай для Віцебшчыны была набіванка, выкананая фарбай індыга (белы арнамент на сінім фоне). Прыклад афарбаванай тканіны — устаўка да атласнай мяшчанскай спадніцы. У калекцыі захаваўся і фрагмент шматколернай набойкі XVIII стагоддзя, які выкананы алейнымі фарбамі на палатне пры дапамозе некалькіх дошак.

Узоры, якія былі папулярныя на Віцебшчыне, нібы ўвасабляюць той сімбіёз розных традыцый, які заўсёды быў уласцівы для нашага рэгіёну: “цвяток радзімы васілька” цалкам мог спалучацца, напрыклад, з выяваю персідскага кіпарысавага ліста.

Святлана САЛАЎЁВА, старшы навуковы супрацоўнік Віцебскага абласнога краязнаўчага музея