Важныя словы

№ 28 (1363) 14.07.2018 - 19.07.2018 г

Праект “Рызомы” Марыны Бацюковай у сталічным Палацы мастацтва прысвечаны пошуку самаідэнтычнасці і запрашае да актыўнага ўдзелу гледачоў. Яшчэ за год да адкрыцця ў сацсетцы была сфарміравана спецыяльная група, у якой аўтар прасіла ўсіх ахвотных напісаць адно, але вельмі для іх важнае слова ў жыцці. З гэтай жа прапановай яна звярнулася да ўсіх удзельнікаў праекта — філосафаў, музыкантаў, пісьменнікаў, фатографаў, мастакоў — людзей, якія фарміруюць культурную прастору Мінска. Сёння пытанне скіравана да наведвальнікаў.

/i/content/pi/cult/700/15357/15.jpgІ словы паступова напаўняюць залу Палаца мастацтва. Для іх з’яўлення падрыхтаваны ўсе літары алфавіта на клейкай аснове. Узнікаючы спантанна, без пэўнай структуры і паслядоўнасці, яны падобныя да “клубняў” ці “цыбулін” — рызомаў, здатных прымаць любыя формы. Менавіта праз такую нелінейную структуру апісваў беларускую культуру філосаф Валянцін Акудовіч. Для Марыны Бацюковай яна стала адпаведнай метафарай праекта.

— Калі мае дзеці выраслі і раз’ехаліся, я часта стала задаваць сабе пытанні: наколькі важная для іх тэма каранёў? Як яны сябе рэпрэзентуюць, жывучы не ў Беларусі, камунікуючы з новымі сябрамі і знаёмымі? А потым мне захацелася абмеркаваць гэтую тэму з іншымі людзьмі, у першую чаргу, з тымі, каго я добра ведала і паважала. Так паступова назапашваліся запісы такіх размоў і пачала складацца серыя партрэтаў.

Ірына Герасімовіч, перакладчыца:

“Мая прастора — гэта сукупнасць усіх прастораў, з якімі я маю якія-небудзь эмацыйныя сувязі. І ў першую чаргу, гэта людзі, якія прысутнічаюць або адсутнічаюць у гэтай прасторы, але некалі ў ёй былі. Яны складаюць сетку, у якую мы ўплецены. Яна ніколі не замыкаецца на нейкім геаграфічным пункце і ўяўляе з сябе шмат ментальных прастораў, у якіх мы адначасна можам існаваць”.

(з інтэрв'ю М. Бацюковай)

Праект “Рызомы. Мы” не прэтэндуе на пэўнае мастацкае даследаванне з зададзенай сістэмай каардынат. Марына Бацюкова акрэсліла яго для сябе як разважанні на тэму. Таму і не ставілася задача прыйсці да нейкіх агульных высноў. Іх можа зрабіць кожны для сябе асабіста. Кожны партрэт апавядае пэўную гісторыю, кропкай пачатку якой для гледача стане слова, напісанае на ручной паперы.

Дыяна Даражок, філолаг:

“Мне хочацца, каб кожны з нас успрымаў мову як частку сябе і як магчымую частку жыцця нашай краіны. Калі мне кажуць — “ты разговариваешь на мове” — мне ўяўляецца, што я раблю нейкі грамадскі подзвіг. Але гэта не маніфест. Гэта такі ціхі штыль, акіян, самаадчуванне. Мне страшна казаць пра самаідэнтычнасць, бо няма намеру нешта заяўляць. Маё жыццё такое простае, зусім не ў жанры маніфесту”.

(з інтэрв'ю М. Бацюковай)

У якасці слоў-рызомаў: “верабейка”, “валошка”, “зямелька”, “каласы”, “мроя”, “любоўна”, “любіць”, “радзіны”, “спевы”, “цуд”. Сваё слова Марына напісала таксама: “лёс”.

Пытанне самаідэнтычнасці ў праекце не мае яскравай нацыянальнай прывязкі. Да адказу на яго можна ісці праз вызначэнне кола сяброў, прыналежнасць да пэўнай супольнасці, усведамленне свайго жыццёвага шляху, прызвання ці спосаб самапрэзентацыі.

Аляксей Братачкін, гісторык:

“Ці можна мець права вынаходзіць свае ўласныя ідэнтычнасці і не знаходзіцца толькі ў межах навязаных катэгорый? Асабіста для мяне самаідэнтычнасць заўсёды была праблемай, таму што ў мяне беларуска-яўрэйскія карані. Канешне, гэта заўсёды пытанне пра ўласную маскуліннасць ці яе адсутнасць. Гэта пытанне пра ўласную прафесійную ідэнтычнасць і пра тое, як я яе ўспрымаю, і як яе ўспрымаюць іншыя. Гэта шэраг такіх рэчаў, пра якія можна і зусім не думаць”.

(з інтэрв'ю М. Бацюковай)

Выставу чорна-белых партрэтаў дапаўняюць серыі фотаздымкаў “Рызомы. Горад”, “7Я” і “Пятрыкор”, якія сведчаць пра тое, што праект з часам набываў і паралельнае жыццё. Пятрыкор — гэта пах зямлі пасля дажджу. Серыя, на якой адлюстраваны лес, не прызначаная для прыгожай прэзентацыі ці паштоўкі. Яна аб’ядноўвае 15 чорна-белых фотаздымкаў і адзін каляровы — з чырвонай плямай. Гэтае фота — бы крык.

— Я раблю тое, што мяне шчыра і моцна хвалюе, — тлумачыць аўтарка. — За горадам, дзе я жыву, збіраюцца вырубіць вельмі прыгожы і стары лес. І мне, канешне, хацелася б, каб гэтага не здарылася. Сёлета мы жывём пад знакам Года малой радзімы. Для мяне гэта — горад Мінск, а ў ім — раён Асмалоўка, дзе прайшло маё дзяцінства і юнацтва. І калі яго знясуць, калі лес высякуць — што ў мяне тады застанецца?

Усе фотаздымкі зняты на стужку, ёсць сярэдні і вузкі фармат. Для стварэння серыі “Рызомы. Горад” быў выкарыстаны фотаапарат “Гарызонт”. Мінск у праекце — дэталёва блізкі і панарамна далёкі. Як дзіцячыя ўспаміны, сканцэнтраваныя ў пырсках фантанаў, шуме тралейбусаў, доўгіх ценях і летніх асфальтавых шчылінах пад палючым сталічным сонцам.

Залітыя смалой, яны непрадказальна расцягваюцца, прымаючы мудрагелістыя формы рызомаў. Як і праект, што змяняе сваё жыццё са з’яўленнем кожнага новага слова.