Каб не развучыліся летуценіць

№ 28 (1363) 14.07.2018 - 19.07.2018 г

“З першага разу нічога не атрымаецца. Але гэта нармальна”
Ці можа стаць трансгранічны турызм панацэяй для маленькіх музеяў, размешчаных па абодва бакі беларуска-украінскай мяжы? Пра гэта вялася гутарка падчас буйнога музейнага форуму, які прайшоў у Чарнігаве ў рамках праекту “Дняпроўскі паром” (гл. “К” № 19 за 2018).

/i/content/pi/cult/700/15353/9.JPGНа мерапрыемства сабраліся вядучыя спецыялісты і даследчыкі з беларускіх і ўкраінскіх музеяў, навукова-даследчых інстытутаў і ўніверсітэтаў. На падставе аналізу сваёй дзейнасці яны спрабавалі распрацаваць шляхі далейшага развіцця музейнай галіны ў кантэксце трансгранічнага супрацоўніцтва. Асаблівая ўвага надавалася ролі і месцу невялікіх лакальных музеяў у жыцці мясцовай грамады.

Працягнуў сваю работу форум у выглядзе воркшопа, на якім маладыя музейшчыкі пад кіраўніцтвам сваіх дасведчаных калег распрацоўвалі музейныя турыстычныя маршруты, здатныя аб’яднаць культурную спадчыну двух суседніх рэгіёнаў — Гомельшчыны і Чарнігаўшчыны.

На зваротным шляху з гэтых насычаных мерапрыемстваў мне пашчасціла трапіць у адно купэ разам з іх арганізатарамі — PR-менеджаркай грамадскай арганізацыі “Зялёны крыж” Марыяй МАРКЕВІЧ (М.) і старшынёй Беларускага камітэта ICOMOS Сцяпанам СТУРЭЙКАМ (С.). З такой магчымасці нельга было не скарыстацца — за кубачкам гарбаты пад грукат колаў цягніка мы абмеркавалі надзённыя праблемы развіцця рэгіянальных музеяў ды перспектывы іх уключэння ў міжнародныя турыстычныя маршруты.

— У мяне адразу такое пытанне: чаму менавіта вы — а не, уласна, музейшчыкі, — заняліся музейнымі праектамі? “Зялёны крыж” пачынаўся як чыста экалагічная ініцыятыва, ICOMOS займаецца пытаннямі спадчыны і хаця ў сваёй дзейнасці блізкі музеям, але не з’яўляецца музейнай асацыяцыяй. У чым ваш інтарэс?

М.: Гэты праект з’яўляецца вынікам шматгадовай працы ў рэгіёне. Яна пачыналася з медычных рэабілітацыйных праграм, але ў нейкі момант стала зразумела, што адной рэабілітацыі мала — час заняцца таксама і рэабілітацыяй культурнай і сацыяльнай. Трэба вяртаць жыццё ў гэты край, адкуль па-ранейшаму ідзе адток насельніцтва. Прытым, найперш з’язджаюць тыя, хто мог бы спрыяць развіццю свайго рэгіёна, але для гэтага ў іх на сёння бракуе ўмоў. І каб трошкі прыпыніць гэтую плынь — а можа, нават, і павярнуць яе ў іншы бок — патрэбна ўкладаць нейкія рэсурсы, чаго мясцовыя самі ўжо не могуць зрабіць.

Таму вельмі важна, калі сюды прыязджаюць абазнаныя ў еўрапейскім досведзе музейныя спецыялісты з вялікіх гарадоў, і гэты свой досвед прывозяць у рэгіёны, аддаленыя ад актыўнага культурнага жыцця. Такім чынам мясцовыя музейшчыкі атрымліваюць магчымасць пабачыць нешта іншае, новае для сябе. І зразумець, што ў гэтай зямлі сапраўды ёсць патэнцыял, ёсць тая глеба, на якой можна яго развіваць, што і ў іх саміх ёсць для гэтага пэўныя рэсурсы — проста яны не заўжды тое ўсведамляюць.

С.: Па-першае, праекты, скіраваныя на развіццё турызму і на музейную працу — гэта ўсё праекты, звязаныя са спадчынай. І мая асабістая місія — змяненне самой парадыгмы мыслення пра спадчыну, пашырэнне яе разумення і асэнсавання тых працэсаў, якія з ёю адбываюцца. І менавіта гэтае разуменне павінна ўплываць на канкрэтныя праекты — тую ж пабудову музейных маршрутаў.

Па-другое, гэтым праектам мы заняліся, бо мы летуценнікі! Справа ў тым, што пры рэалізацыі любой ініцыятывы ўтвараецца звязка паміж жорсткімі практыкамі і тымі, хто малюе ідэальныя схемы. А як адзначыла на воркшопе дырэктарка мінскага Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура Аксана Багданава, праўда недзе пасярэдзіне. І без аднаго з гэтых палюсоў, без такіх летуценнікаў немагчыма стварыць удалага плана развіцця. Адчуваючы гэта і нават рызыкуючы быць абвінавачаным у непрафесіяналізме (усё ж, я і сапраўды не музейшчык), тым не меней, пагаджаюся на ўдзел у такіх праектах.

— Атрымліваецца, што вы запрашаеце культурных “хэдлайнераў” з вялікіх сталічных музеяў для таго, каб яны дзяліліся досведам і навучалі “бедныя няшчасныя” маленькія рэгіянальныя. Насамрэч, жыццё музеяў у Мінску дый у любым абласным цэнтры абсалютна непадобнае да будняў музеяў раённых. Прычым не толькі з эканамічнага пункту гледжання. Сама мадэль арганізацыі дзейнасці музея прынцыпова іншая. Таму лагічна паўстае пытанне: наколькі можа быць карысным досвед той жа Аксаны Багданавай для, напрыклад, Музея бітвы за Днепр з малюткага Лоева?

М.: Мяркую, можа. Для мяне перадусім важна тое, што форум сабраў людзей, якія ўключаны ў актыўнае культурнае жыццё тых мясцінаў, дзе яны жывуць. Зразумела, у вялікіх гарадах культурны асяродак больш насычаны, там шмат чаго адбываецца, і досвед абнаўляецца пастаянна. Таму і музейшчыкі там больш дынамічныя. І, прыязджаючы ў маленькія гарады і мястэчкі, дзе жыццё больш спакойнае і кансерватыўнае, яны здатныя заразіць сваёй энергіяй, разварушыць і размагніціць сваіх калегаў адтуль.

С.: Вельмі важна разумець, што запрошаныя намі эксперты з Мінска — гэта “людзі ў тэме”. Яны арыентуюцца ў тым, як музейная справа развіваецца ва ўсім свеце. Яны аперуюць тымі тэрмінамі і канцэпцыямі, якія сёння знаходзяцца на вастрыні, ставяць самыя актуальныя на сёння праблемы. Яны, безумоўна, летуценнікі, але пры гэтым летуценнікі абазнаныя, бо разумеюць, куды рухаецца сусветны культурны працэс.

М.: Для мяне галоўнае — гэта нават не супастаўленне сталічнага і рэгіянальнага досведаў, а тое, што ў гэтых досведах можа быць карысна. Лічу, вельмі важна стварыць пэўны асяродак, у якім музейшчыкі сталічныя маглі б пазнаёміцца з музейшчыкамі з рэгіёнаў. На сёння сталіца не ведае, што адбываецца на перыферыі, а перыферыя, у сваю чаргу, што робіцца ў Мінску. Канечне, працэс стварэння такога аб’яднаўчага асяродку не можа быць хуткім. Таму вельмі істотным з’яўляецца паслядоўная праца на гэтай ніве. Бо асяродак важны для кожнай справы, гэта карысны рэсурс і пастаянны стымул абнаўляцца і нешта мяняць.

— Ці ж не атрымаецца ў выніку такая сітуацыя: людзі прыехалі на гэты форум, загарэліся нейкімі новымі ідэямі, але вярнуўшыся дадому, у свой культурны асяродак, які жыве ў сваім рытме, пабачылі, што гэта ўсё не мае ніякай перспектывы?

М.: Ну так, з першага разу, хутчэй за ўсё, нічога не атрымаецца — і гэта нармальна! Каб быў нейкі вынік, працаваць неабходна метадычна. Трэба, каб прайшоў нейкі час. Як мне падаецца, сустрэча з дырэктарам сталічнага музея, які адкрыты да кантакту, для музейшчыка з рэгіёну ўжо ў нейкім сэнсе падзея, якая так ці іначай пакіне нейкі след, стане новым досведам. Гэта можа быць новая мадэль, якая пашырыць бачанне, альбо незнаёмы раней інструментарый, здатны дапамагчы ўбачыць нешта, чаго ты раней не бачыў ці на што проста не звяртаў увагу.

— Форум і воркшоп былі прысвечаныя тэме развіцця турыстычнага патэнцыялу рэгіёнаў. Але ўдзельнічалі фактычна толькі музейшчыкі. Наколькі, на вашу думку, такі падыход можа даць плён?

М.: Справа ў тым, што праект ад пачатку задумваўся як культурны ў шырокім разуменні. І яго мэта, як я мяркую, не ставіць перад сабой выключна турыстычных задач. Перадусім гэта — актуалізацыя статусу музеяў як культурных цэнтраў рэгіёнаў. А развіццё іх турыстычнага патэнцыялу — толькі сродак дасягнення мэты.

С.: Мэта — актуалізаваць сам культурны рэгіён. Запаліць імпэт яго жыхароў — захавальнікаў “самасці” тых ці іншых мясцін. А ўстановы, якія канцэнтруюць культурны змест рэгіёнаў — гэта і ёсць музеі. Зразумела, усе працэсы, звязаныя са спадчынай, прадугледжваюць узаемадзеянне самых розных суб’ектаў. Але я лічу, што перш-наперш музейшчыкі павінны дамовіцца адзін з адным. Потым, ужо на новых стадыях, да гэтага руху падключацца іншыя “гульцы” — тыя ж прадстаўнікі турбізнесу.

М.: Насамрэч, праект яшчэ толькі на пачатку свайго развіцця. У рамках “Дняпроўскага парома” запланаваны і іншыя мерапрыемствы. Гэта і міжнародны мастацкі пленэр, на які прыедуць мастакі з Беларусі, Украіны і, магчыма, іншых краін. Яны ўбачаць рэгіён ужо сваімі вачыма і ўласнымі творамі паспрабуюць выявіць адметнасць і хараство краю. Таксама пройдуць сустрэчы з памежнікамі і мытнікамі, з прадстаўнікамі мясцовых уладаў — у форме круглых сталоў, прысвечаных пытанням, актуальных і для музейшчыкаў. Гэта, напрыклад, праблемы перамяшчэння музейных прадметаў праз мяжу для арганізацыі выстаў.

С.: Дзякуючы воркшопу і форуму, музейшчыкі змогуць на круглым стале выказаць кансалідаваную пазіцыю.

М.: На жаль, праект даволі кароткатэрміновы, і, каб умацаваць яго эфект, было б добра зладзіць яшчэ шэраг мерапрыемстваў — скажам, павазіць беларускіх музейшчыкаў па музеях Украіны, а ўкраінскіх — па Беларусі. На жаль, мы не маем такіх магчымасцяў. Але спадзяванні на далейшае развіццё праекта ёсць. Тыя мерапрыемствы, якія ўжо адбыліся, стануць моцным штуршком для саміх музейшчыкаў. Усе адзначаюць, што яны паспрыялі наладжванню прафесійных сувязяў і абмену досведам, чаго вельмі не хапае. Без сумневу, музейшчыкам з розных гарадоў час ад часу трэба сустракацца — каб пазнаёміцца, абмеркаваць актуальныя пытанні і тэмы, падзяліцца “ноу-хау”, як хто спраўляецца з аднолькавымі праблемамі. Такія сустрэчы нават самі па сабе могуць спарадзіць у далейшым новыя сумесныя праекты — ужо па-за межамі нашай ініцыятывы. Прынамсі, мы на гэта спадзяемся.

С.: Заўжды ёсць планы ідэальныя, а ёсць рэальны аб’ём работы на будучыню — гэта тыя рэчы, без якіх развіццё немагчымае. Такія мерапрыемствы, як форум, і фарміруюць тое мэтапакладанне.

М.: Сцяпан слушна заўважыў, што музейшчыкі — гэта практыкі. І за надзённай працай для летуценняў у іх часта не застаецца ні сіл, ні часу. Таму можна лёгка адвыкнуць і развучыцца летуценіць. А калі разам збіраецца шмат людзей, якія нешта выдумляюць, сыходзячы не з рэчаіснасці, а з мроі, то, мне здаецца, гэта адкрывае ўсім нам новыя прасторы для руху.