Мёртвым не баліць...

№ 28 (1363) 14.07.2018 - 19.07.2018 г

Дык прыслухайцеся да жывых
Вайсковыя могілкі ў Мінску вось ужо каторы тыдзень з’яўляюцца прычынай і месцам канфлікту. Камунальныя службы працягваюць свае працы па, як яны лічаць, добраўпарадкаванні некропаля, замяняючы старыя арыгінальныя надмагіллі на стандартныя пліты. А грамадскія актывісты — і, зрэшты, многія простыя мінчукі — бяруць слова “добраўпарадкаванне” ў двукоссі і перакананыя, што яго было б дарэчы замяніць на іншае — руйнаванне. А таму спрабуюць уратаваць хаця б тое, што яшчэ магчыма. Пабываўшы на цвінтары, ты разумееш, што гэтае месца мае выключную ролю не толькі ў гісторыі Мінска. Яно вельмі шчыльна знітавана і з асабістымі гісторыямі многіх яго жыхароў. Толькі вось ці ўлічылі гэта тыя, хто вырашыў навесці тут прыгажосць?

/i/content/pi/cult/700/15352/8.JPGБелая шыльда як чорная метка

У мяне на Вайсковых могілках пахаваны сваяк. Не вельмі блізкі, таму і наведваю я яго магілу не так часта. Але — наведваю, прычым рэгулярна. Прыгожая дзвюхметровая гранітная стэла, агароджаная акуратнай кованкай. У цэнтры невялічкі кветнічак, трошкі зарослы, бо мая стрыечная цёця не надта часта туды можа прыходзіць — ёй ужо за восемдзясят. Тут пахаваны ейны дзядуля, які замяніў ёй згінулых у ГУЛАГу бацькоў. Дачка цёці з сям’ёй жыве не ў Беларусі і, зразумела, таксама не можа часта тут бываць. Але ж магілка дагледжаная, агароджа хай далёка не кожны год фарбуецца, але не іржавая, і фарба на ёй не аблупленая. Усё даволі прыстойна і акуратна.

Якое ж было маё здзіўленне, калі колькі гадоў таму я пабачыў белую шыльдачку з паведамленнем, што надмагілле можа быць дэмантавана, бо яно недагледжанае. Натуральна, шыльду я сарваў і распавёў цёці. Тая звязалася з адміністрацыяй могілак, пагутарыла і супакоілася, бо перад ёй выбачыліся за памылку і паабяцалі, што такое больш не паўторыцца. Аднак падобныя шыльдачкі з’яўляліся яшчэ мінімум двойчы.

Яміна на святым месцы

Магчыма, хтосьці абвінаваціць мяне ў занадта суб’ектыўным і перадузятым стаўленні да сітуацыі з “добраўпарадкаваннем” Вайсковых могілак у Мінску. Але я магу спаслацца на беларускае заканадаўства, якое вызначае падставы да зносу надмагілля і ўсталявання на яго месцы так званага “падгалоўніка” — “тыпавой шыльды з наяўнай інфармацыяй”. Паводле закона аб пахаваннях, гэта мусіць быць не “недагледжанасць”, аблупленая фарба ці зарослы кветнік, а немагчымасць аднаўлення арыгінальнага помніка. А ёсць жа яшчэ і заканадаўства, якое рэгулюе абыходжанне з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі — адной з якіх і з’яўляюцца Вайсковыя могілкі. Але Кодэкс аб культуры падчас работ па добраўпарадкаванні, падобна, у разлік не браўся зусім.

Варта ў любы дзень сюды завітаць, каб пабачыць нямала людзей, не менш за мяне занепакоеных лёсам цвінтара. Найперш гэта валанцёры, якія ўласнымі сіламі і сваім коштам спешна прыводзяць да ладу надмагіллі чужых ім людзей — каб не даць фармальнай падставы для абвяшчэння тых пахаванняў недагледжанымі. Многа тут простых мінчукоў, занепакоеных лёсам могілак. Асабліва вылучаюцца людзі, у якіх, як і ў мяне, тут пахаваныя сваякі — часта іх можна пазнаць нават па вачах.

Дзеля прыцягнення ўвагі да праблемнай сітуацыі з гарадскімі пахаваннямі быў арганізаваны шэраг акцый і мерапрыемстваў, сярод якіх — бясплатныя экскурсіі па цвінтары ад лепшых знаўцаў мінскай даўніны. На адной з іх я і разгаварыўся з немаладой ужо кабетай, якая прыйшла наведаць магілы сваіх родных.

У Ніны Якаўлеўны Рэміс тут пахаваная сястра. У 1947 годзе ў няпоўныя пяць гадкоў яе не стала, і з тых часоў ніколі магілка не была закінутая.

— Тата працаваў начальнікам цэха на аўтарамонтным заводзе і таму здолеў зрабіць для дачкі добрую прыгожую агароджу, — распавядае яна. — І крыж праваслаўны паставіў. Я заўжды даглядала магілу, фарбавала яе рэгулярна. Увесь час прыбірала, кветкі прыносіла, ружы… Жыву побач, пастаянна наведваю тут царкву і на магілку завітваю. І вось, прыходжу неяк… Яшчэ і тыдзень не мінуў, як пачаліся работы на Вайсковых — можа, хіба тры дні, як яны пачалі тут усё зносіць. А на месцы магілкі — яміна! Няма больш магілкі!

Што самае цікавае, ніякіх папераджальных шыльдаў пра магчымы знос, па словах Ніны Якаўлеўны, ніколі там не з’яўлялася.

— Магіла ж заўсёды была ў добрым стане, дагледжаным, — абураецца яна. — Я пасля падышла да кіраўніка работ Сяргея Уладзіміравіча. Той паглядзеў фатаграфіі і кажа: “Так, магіла сапраўды была ў добрым стане”. І стаіць маўчыць! Папрасіла аддаць хаця б крыж. “Позна, — кажа ён, — ужо на пераплаўку адправілі”. Папрасіла, каб хаця б кветнік тады зрабілі на месцы магілы — дык адказаў, што я сама мушу купіць і прывезці ўсе матэрыялы — блокі, цэмент, — а яны ўжо тады могуць дапамагчы. Вось такі сюрпрыз мяне спаткаў. Гэта ж родная мая сястрычка, гэта — для мяне самае святое месца! А на тым “падгалоўніку” нават літар не разабраць у непагадзь, калі мокра. Толькі пасля яны праясняюцца.

Простыя чалавечыя пачуцці

Пабачыўшы журналіста з дыктафонам, сталі падыходзіць і іншыя людзі. У тым ліку — Алена Ільінічна Барысава. Лёс паяднаў яе сям’ю з сям’ёй Іосіфа Апанскага, які разам з жонкай займеў месца спачыну на Вайсковых могілках Мінска. Магілу гэтай супярэчлівай, але далёка не шараговай фігуры ў гісторыі Беларусі не абышоў лёс пахаванняў простых беларусаў — руплівыя “добраўпарадкавальнікі” са Спецкамбіната спілавалі агароджу.

Слухаючы шчымлівы расповед жанчыны, разу-
мееш відавочнае. Можна доўга спрачацца пра тое, колькі гора ці дабра зрабіў адзін з кіраўнікоў АДПУ БССР, але ягоная магіла — гэта не толькі сведчанне эпохі, але таксама і месца памяці сваякоў і блізкіх. Муж Алены Ільінічны — хросны бацька ўнука Іосіфа Апанскага Артура. Той ужо больш за 15 гадоў жыве ў Аўстраліі і ўвесь клопат лёг на сям’ю спадарыні Барысавай.

— Калі ў 2015 годзе пабачылі гэтую шыльдачку аб зносе, спачатку паду-
малі, што тут якаясьці памылка, — дзеліцца сваёй роспаччу Алена Ільінічна. — Тут быў цэлы мемарыял! Тая ж агароджа — высокамастацкая коўка з выявамі сярпа і молата. І таму, калі мы ўбачылі, што вакол помніка няма ні яе, ні дрэваў, — гэта быў для нас проста шок! Мы ж часта прыходзілі сюды, на Вялікдзень заўсёды абавязкова прыносілі яйкі і кветкі. А цяпер на месца пахавання Апанскіх я нават баюся ісці: так яно знявечана!

Спадарыня Барысава жыве побач з цвінтаром. Цягам апошніх тыдняў яе раніца штодня пачыналася з гукаў балкаркі, якая пілавала метал ажно да вечара, і рокату матора пагрузчыка, што вазіў тыя самыя агароджы на пераплаўку.

— Агароджы для нас былі вельмі важныя, — уключаецца ў размову яшчэ адна жанчына. — Прыходзіш да родных, адмыкаеш веснічку — і як бы спаткаешся з імі, размаўляеш, згадваеш… Я тут часта бываю. Запомнілася, як стары дзядок на Радаўніцу фарбаваў надмагілле. Там было два крыжы — за адзін ён трымаўся, а другі фарбаваў. Цяжка ўжо было, але ж трэба. Тады нічога не прадказвала гэтай навалы. А цяпер знеслі і тую агароджу, і самі тыя два крыжы — няма іх больш.

Мая суразмоўца дастае мабільны тэлефон і паказвае здымкі, на якіх бачна, як выглядалі могілкі яшчэ зусім нядаўна. А затым — кадры са спілаванымі агароджамі, зваленымі ў кучу перад вывазам на пераплаўку.

— І вось, — паказвае яна рукой перад сабою, — тое, што засталося ад прыгожых гістарычных могілак у цэнтры Мінска. На гэтай частцы — нічога больш няма. Прыгожыя дрэвы — не толькі старыя і хворыя! — спілавалі. Тут стала неяк усё лыса, няўтульна. А “падгалоўнікі”… Гэта ж зусім не наша традыцыя — такія ставіць!

З гэтым пагаджаецца і культуролаг, сакратар Грамадскай назіральнай камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Павел Каралёў. Прапанаваныя для ўсталявання на магілах “падгалоўнікі” як выключэнне можна было б выкарыстаць на асобных пахаваннях — напрыклад, вайскоўцаў. Але ж навошта ставіць іх паўсюдна? Кожнае пахаванне на гэтым цвінтары варта разглядаць індывідуальна.

— Тут ёсць помнік дзецям, якія загінулі падчас пажару на першай мінскай паваеннай навагодняй ёлцы ў 1946 годзе, — далучаецца чарговы наведвальнік могілак. — Ім па 15 — 16 гадкоў усяго было. Сваіх дзетак яны не пакінулі, а бацькоў іхніх ужо і няма. Дык хто будзе іх магілы даглядаць? І што — значыць, можна тыя пахаванні цяпер так проста спляжыць? Ды гэта ж тое самае, што знесці помнік на Нямізе!

Могілкі — каштоўнасць.

А магілы?

Гутарым з адным з ініцыятараў абароны — а інакш гэта называць і не выпадае — Вайсковых могілак, Паўлам Каралёвым. Першае, пра што я спытаўся: ці можна назваць тое “добраўпарадкаванне” сапраўды незаконным? Бо, наколькі я памятаю, яшчэ пару гадоў таму, калі толькі пачыналі паціху зносіць агароджы, адна з адказных асобаў тлумачыла, што гісторыка-культурнай каштоўнасцю з’яўляюцца толькі могілкі, а ніяк не самі магілы з помнікамі.

— А могілкі — гэта тады што? — узрушыўся спадар Павел. — Тут нейкая казуістыка атрымліваецца, падмена паняццяў! Бо кожнаму ж зразумела, што могілкі з магіл і складаюцца. І працы, якія цяпер тут адбываюцца, — гэта працы на гісторыка-культурнай каштоўнасці, якія павіны адпаведным чынам узгадняцца ў Міністэрстве культуры.

Як высветлілася на пасяджэнні Грамадскай назіральнай камісіі, ніякіх дазволаў на правядзенне работ міністэрства не выдавала. Больш за тое, нават іх праекта не існуе ў прыродзе — хаця менавіта яго распрацоўка павінна папярэднічаць усяму астатняму.

— Тое, што тут адбываецца, — гэта яўнае парушэнне Кодэксу аб культуры! — перакананы спадар Павел.

Як адзначыў член Грамадскай камісіі, старшыня прэзідыума Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, у дадзеным выпадку мае месца не проста парушэнне заканадаўства аб ахове спадчыны, але грубейшае яго ігнараванне. Таму грамадскі актывіст звярнуўся ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь.

У сваю чаргу, прадстаўнікі Спецкамбіната лічаць работы на Вайсковых могілках звычайным добраўпарадкаваннем ды настойваюць на тым, што дазволу яны не патрабуюць.

— Назваць знос надмагільных помнікаў проста “добраўпарадкаванем” — гэта ход хітры, але незаконны, — каментуе спадар Каралёў. — Дый нават на добраўпарадкаванне патрэбны дазвол і ўзгадненні! На гэта прадстаўніку Спецкамбіната на пасяджэнні Камісіі ўказвалі і яе старшыня Анатоль Бутэвіч, і прадстаўніца Міністэрства культуры — кансультант аддзела навукова-праектных работ і рэстаўрацыйнай вытворчасці 
УАГКС МК РБ Святлана Краюшкіна.

Спадарыня Краюшкіна прапанавала прадстаўнікам Спецкамбіната для пачатку звярнуцца ў Міністэрства па атрыманне неабходных узгадненняў, а толькі пасля гэтага прыступаць да работ па рэканструкцыі могілак, як тое і вызначана беларускім заканадаўствам. І тут жа абмовілася, што толькі ў такім выглядзе гэтыя работы могуць быць узгодненыя. На пытанне ж, ці гатовы Спецкамбінат скарэктаваць праект свайго “добраўпарадкавання”, уцямнага адказу ад яго кіраўніцтва, на жаль, пачуць не ўдалося.

На сёння работы часова прыпыненыя. Але намеснік дырэктара Спецкамбіната КБА 
Сяргей Руды на пасяджэнні Грамадскай камісіі заявіў, што грошы выдаткаваныя, і засвойваць іх трэба далей у любым разе.  А неўзабаве сацсеткі і некаторыя вэб-рэсурсы ўскалыхнула выказванне адной з кіруючых асоб той самай установы, як быццам, прамоўленае на нейкай з нарадаў: маўляў, трэба дачакацца, пакуль сыдуць валанцёры — і працягнуць сваю справу. Я тыя словы асабіста не чуў, але… Варта нагадаць, што менавіта Спецкамбінат як юрыдычная асоба ўзяла на сябе адказнасць за захаванне і падтрыманне ў належным стане гісторыка-культурнай каштоўнасці “Вайсковыя могілкі” — яго прадстаўнік у свой час падпісаў ахоўныя абавязацельствы.

* * *

Як адзначыў Павел Каралёў, у справе захавання некропаляў заўжды існуюць дзве крайнасці — альбо пакінуць усё як ёсць, альбо “добраўпарадкаваць” могілкі, вылізваючы іх да бляскату. І тое, і другое — не вельмі пажаданае. Але калі закінутыя клады заўжды можна прывесці да ладу, то пасля “зачысткі” аднавіць іх ужо немагчыма — гэта беззваротныя страты.

— Да Вайсковых могілак нельга ставіцца як да звычайнага “аб’екту”, дзе важна хутка засвоіць грошы, — перакананы ён. — Тут трэба падыходзіць з розумам. І кожнай ініцыятыве павінна папярэднічаць грамадскае абмеркаванне!

З гэтым цяжка не пагадзіцца. Бо рэакцыя сваякоў спачылых на знішчэнне іх надмагілляў — аргумент, які не браць у разлік проста нельга.