Атмасферна і ветрана

№ 28 (1363) 14.07.2018 - 19.07.2018 г

У Віцебску ў гэтыя дні праходзіць фестываль вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”, які распачаўся 12-га і завершыцца 16 ліпеня. Сем вятроў — сем кірункаў у праграме: тэатр, паэзія, жывапіс, перформанс, фаер-шоу, харэаграфія, музыка.

/i/content/pi/cult/700/15350/7.jpg— Атмасферу на вуліцы трэба ствараць свядома, — упэўнена заснавальнік і мастацкі кіраўнік фэста Улада Цвікі. — Наш фестываль не падобны ні на які іншы, таму што ў нас ёсць віцебскія вуліцы, дзе ўсе і ўсё лётае. Стыхія ветру сугучна духу вулічнага мастацтва, якое не абмежавана рамкамі сцэны, столі ці сцен. Кожны можа выйсці да гледачоў і адчуць, артыст ён ці не, ці застануцца людзі слухаць яго. А публіцы ўжо ёсць з чым параўноўваць — яна вучыцца разбірацца ў вулічным мастацтве, ёй гэта падабаецца і ёй гэта патрэбна.

Сёлетні фестываль у Віцебску — ужо чацвёрты. У ім бяруць удзел больш за 120 калектываў з Беларусі, Расіі, Украіны. Адначасова працуе некалькі пляцовак: у Парку Фрунзе, на вуліцы Талстога, у дворыку Цэнтра сучасных мастацтваў, на Пушкінскім мосце і на Пушкінскай плошчы, а таксама каля тэатра “Лялька”.

— У гэтым годзе мы адмовілі прыкладна адной трэці людзей, якія хацелі да нас прыехаць, бо не можам узяць усіх на гэтыя чатыры дні, — тлумачыць Улада Цвікі. — Уяўляеце — фактычна з’явіўся конкурс на месца ў праграме. Упершыню мы арганізуем свой арт-маркет каля музычнай пляцоўкі ў Парку Фрунзе. Налета будзем шукаць чалавека, які дапаможа нам арганізаваць яшчэ і пляцоўку з вулічнай ежай, што адпавядала б таму, што адбываецца тут. Разумеем, што прыйшоў час адкрываць студыю перформанса, рабіць асобную пляцоўку для дзяцей. Фестываль мяняецца разам з горадам.

Фестывальнай традыцыяй стала ўстаноўка своеасаблівых рэкордаў — на вуліцах Віцебска ўжо чыталі тысячу вершаў, прысвечаных гэтаму гораду, развешвалі тысячу фотаздымкаў з яго краявідамі. Цяпер удзельнікі і гледачы будуць лічыць крокі ў шэсці разам з карнавальнымі аркестрамі.

Усе мерапрыемствы наведвае Экспертная рада, склад якой змяняецца штогод. Зараз яе прадстаўнікі — рэжысёр, сцэнограф і дызайнер Юрый Брэус, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Алена Спірыдовіч, мастацтвазнаўца і заснавальнік Цэнтра сучаснага мастацтва ў Віцебску Валянціна Кірылава, музыкант і паэт Міхаіл Фрэйдзон, прадзюсар і выкладчык Маргарыта Корзун, дырэктар Беларускага тэатра “Лялька” Аляксандр Грыгор’еў. Заўтра ўвечары на Пушкінскай плошчы эксперты ўручаць “Вулічны-вулічны” прыз калектыву, дзейнасць якога найбольш адпавядае агульнай задуме фестывалю — ажыўляць гарадскую прастору.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"