Класіка адпачынку

№ 28 (1363) 14.07.2018 - 19.07.2018 г

Сёлета ў сталіцы ў чацвёрты раз пройдзе цыкл канцэртаў “Класіка ля Ратушы з velcom”. Цягам сямі летніх суботніх вечароў, пачынаючы з сённяшняга, можна будзе бясплатна насалоджвацца цудоўнай музыкай у выкананні лепшых калектываў Беларусі і запрошаных салістаў, у тым ліку замежных.

/i/content/pi/cult/700/15348/5.JPGДадатковай піяр-акцыяй праекта стала прысвечаная яму прэс-канферэнцыя. Яна адбылася на свежым паветры, акурат перад цэнтральным уваходам у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі. І ледзь толькі пад шум фантанаў і стракатанне квадракоптара загучалі творы Моцарта, Бакерыні, Бетховена, Эльгара, да журналістаў далучыліся звычайныя мінакі. Невыпадкова па завяршэнні сустрэчы прагучала фраза: “Аб’яўляем фестываль адкрытым!”

Сапраўды, чаму б не паслухаць добрую музыку? На гэта разлічаны і ўвесь праект: хтосьці прыйдзе на канцэрты свядома, зацікаўлены праграмай і выканаўцамі, хтосьці далучыцца выпадкова. За гады існавання “Класікі ля Ратушы з velcom” фестываль, які ўжо ўспрымаецца гараджанамі як традыцыйны варыянт суботняга адпачынку, наведала больш як 160 тысяч чалавек. Далучайцеся! Тыя ж, хто не патрапіць да Ратушы ў 20.30, змогуць назіраць за падзеямі ў сацыяльных сетках. Дый падчас выступленняў ледзь не ўсіх музыкантаў можна разгледзець на ўсталяваным побач са сцэнай вялікім экране.

Адкрые цыкл канцэртаў выступленне Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі. Завершыць — канцэрт “Класіка сустракае рок” Прэзідэнцкага аркестра нашай краіны. Шмат цікавага будзе і ў астатнія суботы. “Чароўны свет аперэты”, а разам з ёй мюзікла і кінамузыкі падорыць Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр. Сярод іншых вечароў — “Дзіцячы/недзіцячы канцэрт”, “Класіка NEXT”, праграма “Ад Барока да сучаснасці”, выступленне Minsk festival orchestra.

Кожны з калектываў-удзельнікаў падрыхтаваў сюрпрызы. Канцэртны аркестр “Няміга” на чале з Аляксандрам Сасноўскім выступіць з юнымі салістамі — выканаўцамі на духавых інструментах, што бывае значна радзей, чым выступленні юных піяністаў ці струннікаў. Побач з замежнай класікай будзе выконвацца беларуская. Творы таго ж Яўгена Глебава заяўлены ажно ў трох канцэртах. Пачуем мы і голас цымбалаў. Акрамя папулярнай музыкі, прагучаць прэм’еры. Таму фестываль, на думку арганізатараў, будзе мець ярка выяўлены асветніцкі характар, зможа прывабіць не толькі аматараў, але і спецыялістаў.

Працягнецца акцыя “Вольны раяль”, калі кожны ахвотны зможа сыграць свой любімы твор на плошчы Свабоды. Пашырыцца “Дзіцячая пляцоўка”, бо мінчукі даволі часта прыходзяць на канцэрты сем’ямі. Навінкай стане адкрытая рэпетыцыя аднаго з самых маладых (і па ўзросце ўдзельнікаў, і па часе існавання) калектываў — Маладзёжнага камернага аркестра пад кіраўніцтвам знакамітага піяніста, лаўрэата міжнародных конкурсаў Кірыла Кедука. Паводле папярэдняй дамоўленасці, рэпетыцыя-прэзентацыя аркестра адбудзецца перад канцэртам у крэатыўнай прасторы KORPUS 8.

Больш падрабязную інфармацыю пра кожны канцэрт і яго праграму абяцалі змяшчаць на сайтах Мінгарвыканкама і “Мінскканцэрта”, бо праект з’яўляецца прыкладам прыватна-дзяржаўнага партнёрства.