Цікавасць — узаемная

№ 28 (1363) 14.07.2018 - 19.07.2018 г

Дні культуры і турызму горада Чунцын Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь распачаліся сёння ў Мінску ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага.

У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел намеснік міністра культуры нашай краіны Аляксандр Яцко, міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Анатоль Ісачэнка і старшыня Народнага ўраду горада Чунцын КНР Тан Лянчжы.

У выставачнай зале галерэі адкрылася выстава кітайскага жывапісу, якая працягне сваю працу да 22 ліпеня. Чунцынская бібліятэка пазнаёміла гасцей мерапрыемства з кітайскімі выданнямі і тэхнікай кнігадрукавання, напісання іерогліфаў. Члены Кітайскай асацыяцыі мастакоў правялі майстар-класы для ўсіх ахвотных. Турыстычны патэнцыял Чунцына быў прадэманстраваны праз фотаздымкі краявідаў горада.

Як паведамілі ў галоўным ўпраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама, падчас Дзён культуры адбыліся перамовы ўдзельнікаў кітайскай дэлегацыі з прадстаўнікамі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Нацыянальнага мастацкага музея, Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”.

Замежныя госці наведалі індустрыяльны парк “Вялікі камень”, мемарыяльныя комплексы “Курган Славы” і “Хатынь”, Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, а таксама замкавы комплекс “Мір”. Дырэктар Чунцынскай бібліятэкі Жэнь Цзын перадаў Мінскай абласной бібліятэцы імя Аляксандра Пушкіна калекцыю кніг і дыскаў па гісторыі і культуры Чунцына.