Малая радзіма “Славянскага базару ...”

№ 28 (1363) 14.07.2018 - 19.07.2018 г

На гэтым тыдні калі не ўсе, то большасць дарог нашай краіны вядуць у яе Паўночную сталіцу — 12 ліпеня ўрачыста адкрыўся 27-ы Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. “К” сочыць за яго мерапрыемствамі з першых дзён форуму.

/i/content/pi/cult/700/15346/1.jpg/i/content/pi/cult/700/15346/2.JPGПаводле традыцыі, у час цырымоніі адкрыцця фестывалю Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ўручыў прэміі Саюзнай дзяржавы. Гэтай высокай узнагародай уганараваны наш знаны балетмайстар Валянцін Елізар’еў, расійскі кампазітар Алег Іваноў, кіраўнікі Дзяржаўнай акадэмічнай сімфанічнай капэлы Расіі — галоўны дырыжор Валерый /i/content/pi/cult/700/15346/3.JPGПалянскі і яе генеральны дырэктар Аляксандр Шанін.

Спецыяльную ўзнагароду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення” атрымала народная артыстка Казахстана Роза Рымбаева. За некалькі гадзін да гэтага на Плошчы зорак Летняга амфітэатра адкрылі яе імянную пліту.

Яшчэ адной традыцыяй стала ўручэнне лідарам нашай дзяржавы Гран-пры дзіцячага конкурсу, уладальнікам якога стаў Аляксандр Балабанаў (Украіна).

Атрымаў падарунак і сам Аляксандр Лукашэнка: яму ўручылі пояс-абярэг, падкрэсліўшы тым самым яго ролю ў захаванні і падтрымцы фестывалю.

Асаблівасцю сёлетняга “Славянскага базару” можна лічыць збег юбілеяў: 30 гадоў спаўняецца віцебскаму амфітэатру, дзе традыцыйна праходзяць галоўныя фестывальныя падзеі, і 15 гадоў — Дню Саюзнай дзяржавы на гэтым буйным форуме.

Да іншых адметнасцей трэба аднесці тэму малой радзімы, што чырвонай ніткай прайшла праз гала-канцэрт адкрыцця, адчувалася і на многіх іншых фестывальных мерапрыемствах. Яшчэ адна асаблівасць — упершыню ў праграме форума аказаліся сольнікі адразу некалькіх выбітных аркестравых калектываў, сярод якіх і Маладзёжны беларуска-расійскі сімфанічны аркестр.

Сёлета Віцебск прымае артыстаў з 41 краіны. Усяго ж за гады існавання фэсту ў ім удзельнічалі амаль 100 тысяч артыстаў з 72 краін. Пашырылася ў гэтым годзе і геаграфія. Гала-канцэрт адкрыцця ўпрыгожыла кіназорка і спявачка Наталля Арэйра, якая прадстаўляла Уругвай. А ў Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні ўпершыню бяруць удзел прадстаўнікі Гвінеі і Егіпта. Фестываль працягваецца!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"