Словы пра мастака Рамана Заслонава

№ 27 (1362) 07.07.2018 - 13.07.2018 г

Чарговы герой цыкла сяброўскіх нарысаў Адама Глобуса — яго даўні калега, які даўно жыве ў Парыжы, але і пра родны Мінск не забывае.

/i/content/pi/cult/699/15345/25.JPGПрозвішча

Ніхто не стане спрачацца з тым, што цяжка насіць прозвішча вядомага героя сусветнай вайны. Пагатоў, калі гэта не проста супадзенне. Ты робішся часткай кінафільмаў пра дзеда-партызана. Часткай музея дзеда-падрыўніка. Часткай кніжак пра Вялікую Айчынную вайну і яе героя Канстанціна Заслонава, якому на чыгуначнай станцыі ў Воршы стаіць велічны помнік.

Ад залішняй пафаснасці Рамана Заслонава выратавалі самаіронія і аптымізм. Калі можна ад нечага аджартавацца, Раман абавязкова аджартуецца, а калі трэба стаць сур’ёзным і адказным, ён спакойна вернецца ў разважлівы і сур’ёзны стан. Думаю, што герою вайны спадабаўся б ягоны ўнук-мастак, чые карціны вісяць у самых розных месцах на свеце, а яшчэ і ў мінскім рэстаране з назвай “Заслонаў”.

Паўза

У жывапісца Заслонава вельмі тэатральнае прозвішча. З такім прозвішчам ты проста абавязаны любіць тэатральнае мастацтва, тэатральныя касцюмы, тэатральную сцэну. Раман усё гэта любіць. Ён малюе вытанчаных жанчын у шырачэзных спадніцах, гарады падобныя да тэатральных дэкарацый, урачыстае казачнае опернае сярэднявечча…

Але тут я вырашыў расказаць пра ягоны вопыт артыста. У Рамана выдатныя артыстычныя здольнасці. Калі ён выходзіў на сцэну нашага тэатральна-мастацкага інстытута, усе ведалі — будзе весела, будзе смешна і будзе лепей за выступы студэнтаў з тэатральнага факультэта. Чаму лепей? Таму што Раман Заслонаў не будзе рабіць знарочыстых паўз. Студэнт-артыст выходзіў на сцэну і завісаў — трымаў паўзу. Раман выбягаў і скакаў, і спяваў, і танцаваў. Паўз у выступах Заслонава не было, і за гэта мы ўзнагароджвалі яго воплескамі. Раман рабіў нізкі паклон, заслона апускалася, а ўдзячныя гледачы ўсё яшчэ працягвалі напаўняць залу апладысментамі. Пра такое нават згадаць прыемна.

Тэатр

Ёсць мастакі, для якіх самае важнае з усіх мастацтваў — тэатр. Калі яны малююць партрэт, у іх заўсёды атрымліваецца тэатральны партрэт. Калі яны пішуць краявід, атрымліваецца заднік дэкарацыі з краявідам. Нават батальныя сцэны выглядаюць у іх так, нібыта ў бітве ўдзельнічаюць не вайскоўцы, а пераапранутыя ў форму студэнты і аматары ролевых гульняў. Такая тэатральнасць з’явілася ў палотнах Вато. Пазней яна цудоўна прамалявалася ў гуашах Бенуа, Сомава і Бакста. Найбольш натуральна тэатральная жывапіснасць і лялечнасць паўстала ў палотнах Тышлера.

Цяпер падобная стракатая тэатральнасць пануе ў творчасці Рамана Заслонава. Ён наскрозь тэатральны. Ён любіць сцэну. Любіць тэатральныя сукенкі, строі і капялюшыкі. На тэатральнай казачнасці Раман выбудаваў свой новы перыяд у жывапісе, завёз яго ў самы казачны горад — Парыж і там дадаў сапраўднасці і пераканаўчасці, пазычанай у паветры Шарля Перо.

/i/content/pi/cult/699/15345/24.JPGПаветра

Заслонаў тры гады правучыўся ў акадэмічных майстэрнях, якія ўзначальваў Міхаіл Савіцкі. А ён многае і пра многіх мог выказвацца вельмі рэзка ў сваім бясконцым змаганні з сусветным злом.

Савіцкі стаяў на даволі высокай прыступцы сацыяльнай лесвіцы, таму большасць тых, хто знаходзіўся ніжэй, стараліся не заўважаць ягоных тырад. У Беларусі не было іншай аспірантуры для жывапісцаў, акрамя той, якой кіраваў Міхаіл Андрэевіч, таму мастакі, якія не падзялялі ягоныя палітычныя і рэлігійныя погляды, усё адно ішлі да яго ў вучні.

Вучыўся ў Савіцкага і Раман. Яму даводзілася чуць у свой бок самыя розныя закіды. “Раман, як ты змог так доўга трымваць такое?” — спытаў я ў Заслонава. “Як толькі Савіцкі пачынаў злавацца, я рабіўся празрыстым і бязважкім. Тырады праляталі праз мяне, як страла праз паветра. Яны праляталі хутка і не пакідалі следу. Так і вытрываў, так і скончыў аспірантуру…” Адказ Рамана Заслонава мне спадабаўся, бо сам я не здатны быць празрыстым і бязважкім, як паветра.

Паласатыя тканіны

Тканіна з шырокімі кантраснымі палоскамі — сама выразнасць. З такой тканіны рэвалюцыйныя мадэрністы марылі зрабіць касцюмы для лётчыкаў, для жыхароў ідэальнага Горада Сонца. Але замест іх будаваліся канцэнтрацыйныя лагеры. З паласатай тканіны пачалі шыць не строі для новага чалавека, а робу для лагерных рабоў.

Пасля Другой сусветнай вайны мастакі намалявалі тысячы карцін з рабамі ў паласатых робах. Міхаіл Савіцкі зрабіў трагічны цыкл карцін пра жыццё і смерць вязняў. Услед за ім паласатую тканіну пачалі пісаць на сваіх палотнах і навучэнцы жывапіснай майстэрні, якой ён кіраваў. Больш за астатніх паласатую тканіну палюбіў Раман Заслонаў.

Ён і зрабіў тое, што добры вучань робіць з настаўнікам. Мінус памяняў на плюс. На карцінах Рамана з’явіліся худыя манікенніцы. Замест бела-сіняй паласатай тканіны намаляваліся чырвона-белыя, блакітна-белыя і бела-зялёныя драпіроўкі і зазіхацелі шыкоўныя сукенкі.

Пазітыў

Адной з самых заганных рысаў у чалавеку я лічу штучны пазітыў. Наогул, арганічны пазітыў я мала ў каго сустракаў. Гэта ўнікальная з’ява. Чалавек жартуе — і табе смешна, ён распавядае пра самае звычайнае і будзённае, а ўсім навокал весела. Такая здольнасць ёсць у Рамана Заслонава. Мне з ім заўжды цікава і радасна. Як на мой розум, з Рамана мог бы атрымацца выдатны рэдактар сатырычнага часопіса. Ён мог бы здымаць караткаметражныя камедыі. Мог бы ставіць у камерным тэатры аднаактовыя п’есы. Замест усяго гэтага, Раман Заслонаў піша алейнымі фарбамі карціны на палатне. Не стану казаць, што ў іх атсутнічае пазітыў і аптымізм — усё гэта ў іх ёсць. Але аптымізм у карцінах Рамана Заслонава грунтоўны і сур’ёзны.

Артыстычны арыстакратызм

Арыстакратыя даўно сышла з гістарычнай сцэны. Яна згінула ў рэвалюцыйных бітвах і пад нажом гільятыны. Але арыстакратычны дух застаўся ў творах мастацтва і працягвае культывавацца асобнымі мастакамі і літаратарамі. Тое, што было запачаткавана жывапісцамі ў часы ракако, знайшло працяг у светланосных краявідах імпрэсіяністаў. Нават звычайны стог сена на карціне Клода Манэ выглядае пастаральна і арыстакратычна.

У беларускім мастацтве да артыстычнага арыстакратызму бадай ніхто не дайшоў, але былі спробы да яго наблізіцца. Найбольш яркай можна лічыць тэатральна-казачны перыяд у творчасці Рамана Заслонава. Шкада, што мастак не дасягнуў вяршыні, але сам намер варты ўхвалення і нават захаплення. Цяжка заставацца арыстакратычным артыстам, калі тон у мастацтве задаюць гандляркі і кухары, калі танная катлета больш важная за шыкоўны букет, калі апранахі лічацца даражэйшымі за цела... Таму я выдатна разумею мастакоў, якія адмовіліся займайцца артыстычным арыстакратызмам.

Абяцанкі

Раман Заслонаў прыехаў з Францыі ў Беларусь, зрабіў выставу яркаколерных карцін і некалькі месяцаў купаўся ў промнях прахалоднай беларускай славы. Пра Заслонава шмат пісалі і яшчэ больш гаварылі. Некалькі разоў я сустракаў задаволенага жыццём чырвонашчокага Рамана на праспекце Незалежнасці. Там, п’ючы каву з папяровай шкляначкі, ён і расказаў мне пра Ігара Бархаткова і пятнаццаць аксамітных пінжакоў: “Калі Бархаткоў пачне табе расказваць пра мае пятнаццаць чорных аксамітных пінжакоў, не вер. Ігар любіць усё перабольшваць. У мяне быў адзін чорны аксамітны пінжак. Адзін! Гэты пінжак быў не толькі мой, ён быў яшчэ і бацькаў. У нас быў адзін пінжак на дваіх. На розныя ўрачыстасці я прыходзіў у бацькавым пінжаку. Цяпер Бархаткоў усім расказвае, што мая сям’я жыла багата, што ў мяне было пятнаццаць аксамітных пінжакоў, і ўсё дзякучы майму дзеду”.

Я паабяцаў Раману, што ўсё расказанае Бархатковым буду цяпер правяраць і пераправяраць, а толькі потым запісваць. Чарнабароды Раман заўсміхаўся, дапіў каву і зрабіў выгляд, быццам паверыў у мае абяцанкі-цацанкі.

Цыбульны суп

Да мяне ў маю часовую парыжскую студыю завітаў жывапісец Раман Заслонаў. Пасля адкрыцця сваёй выставы на Венецыянскім біенале Раман вырашыў крыху адпачыць і пагуляць па травеньскім Парыжы. Мы пахадзілі па маляўнічым яўрэйскім раёне Марэ. Пазаглядалі ў розныя дарагія і танныя крамы. Да нашай кампаніі далучыўся сын Рамана — Піліп. Мы пачалі абмяркоўваць рэстарацыі. Наш выбар спыніўся на традыцыйнай французскай “Філосафы”.

Там Раман і пачаставаў мяне цыбульным супам. Варта зазначыць, што ў Парыжы трэба абавязкова ім пачаставацца. Я не гурман, але французскі цыбульны суп, з’едзены ў рэстарацыі “Філосафы”, зрабіў на мяне моцнае ўражанне, амаль такое, як і калаж Анры Матыса “Маркота караля”.

Ты можаш абурыцца… Дзе той суп, а дзе Матыс? Такія рэчы нельга параўноваць! Не параўноўвай — нават калі ты бачыў “Маркоту караля” ў арыгінале, у чым я сумняваюся.

Карацей, суп быў выдатны. Мая жонка, якая далучылася да нас у “Філосафах”, замест супу замовіла сабе салату з буракоў. Салата была самая звычайная, не тое што цыбульны суп.

У юнацтве я чытаў, што скульптар Радэн любіў і штодня еў цыбульны суп. Цяпер я выдатна разумею Радэна.

Пасля вячэры мы схадзілі на востраў Святога Луі. Раман спытаў: “Трыццаць гадоў таму ты мог сабе ўявіць, што цябе запросяць пажыць і папрацаваць у Парыж, што ты праедзеш сюды, а тут у Францыі буду жыць і працаваць я, што мы з табой будзем гуляць каля Сены і глядзець на Нотр-Дам? Мог?”

Раману я сказаў, што не мог. У маладосці, калі мы разам з ім вучыліся ў інстытуце, я і сапраўды не мог такую карціну ўявіць, але таемна спадзяваўся і верыў, што нешта падобнае са мной здарыцца, і я пакаштую ў Парыжы цыбульны суп.

Стол

Раман Заслонаў два разы запар запрасіў мяне на свой “Стол”. Першы раз я прыйшоў і апынуўся сярод сотні такіх жа запрошаных. Я паглядзеў на гледачоў. Навітаўся і наўсміхаўся да болю ў шчоках. Уласна выставы я ў той вечар і не пабачыў.

Другі раз на выставе было светла і прасторна. Карціна з сотнямі сталоў была прыгожай, як свежыя і спрасаваныя габлюшкі. Раман завёў мяне ў кіназалу, і мы разам паглядзелі ягоны фільм “Стол”. За бясконцым сталом сядзелі розныя сучаснікі. Сядзеў сам Раман, сядзеў актор Ігар Дзянісаў і глядзеў на аголеную натуршчыцу. Жывапісец Слава Лямачка ласкава пляснуў мастакоўскай даланёю па аголеным целе. За сталом было шмат актораў і акторак. Яны елі, пілі, смяяліся, плакалі, танцавалі... Яны жылі і паміралі.

Фільм скончыўся сваім пачаткам. Фільм пайшоў на новае кола, для новых гледачоў. Гледачы віншавалі Рамана Заслонава з поспехам. Я паабяцаў, што абавязкова напішу пра два запрашэнні на выставу “Стол”. І вось — напісаў з прыемнасцю.

Адам ГЛОБУС, мастак, літаратар