“Жыліцкі Версаль” у валізцы

№ 27 (1362) 07.07.2018 - 13.07.2018 г

“К” ужо пісала пра тое, што вызначаны пераможцы XXVI рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. Сёння гаворка пра канкрэтнага ўладальніка прэміі — Жыліцкую сельскую бібліятэку-філіял сеткі бібліятэк Кіраўскага раёна. Гэтага поспеху ўстанова дамаглася ў намінацыі “За пошукавую і даследчую працу” сярод бібліятэк, размешчаных у сельскай мясцовасці. Супрацоўнікі склалі летапіс роднай вёскі, уплыў на якую аказаў палац роду Булгакаў, і назвалі ладную па памерах і вазе кнігу “Жыліцкі Версаль”. Я, напрыклад, яшчэ не бачыў падобных самаробных выданняў, падрыхтаваных на такім высокім узроўні. Для альбома нават валізка адмысловая зроблена.

/i/content/pi/cult/699/15342/19.JPGЯк сцвярджаюць бібліятэкары з Жылічаў (а таксама іх калегі з Кіраўска і Магілёва), дадзены фаліянт — пілотны і павінен стаць асновай для друкаванага краязнаўчага альбома хоць з нейкім накладам. Тады, спадзяюся, будзе выпраўлены і галоўны, на мой погляд, недахоп “…Версаля”, тэкст якога займее не толькі руска-, але і беларускамоўны варыянт.

Паколькі падрыхтоўку альбома курыравалі не толькі ў Жылічах, а падтрымлівалі творчы працэс і ў раённым ды абласным цэнтрах, гэтае інтэрв’ю мае трох герояў, галоўным жа застаецца сама кніга.

“Прывід пакуль маўчыць”

Таццяна ВАСІЛЬКОВА, загадчык Жыліцкай сельскай бібліятэкі:

— Таццяна Мікалаеўна, палацава-паркаваму комплексу Булгакаў — амаль 200 гадоў, а вашай бібліятэцы колькі?

— Яна дзейнічае з 1948 года. Спачатку належала сельгасарцелі імя Іосіфа Сталіна і размяшчалася ў адным з памяшканняў крухмальнага завода, з 1953 года рэарганізавана ў прафсаюзную бібліятэку мясцовага саўгаса-тэхнікума, потым перайшла на баланс аддзела культуры і працавала ў будынку дома культуры. А ў 2004-м, калі клуб састарэў, перабралася ў палац.

— Ігнат Булгак, землеўладальнік, бабруйскі павятовы маршалак і першы гаспадар палаца не мог не мець тут бібліятэкі. Ці быў магнат асветнікам, ці рабіў спробы ператварыць сваю бібліятэку ў публічную?

— Шкада, але мы такіх звестак не знайшлі. Я ў бібліятэцы працую вось ужо трыццаць гадоў (маладым спецыялістам прыйшла пасля ўніверсітэта культуры), увесь гэты час краязнаўствам займаюся. Калі б існавалі такія факты, мы пра іх ведалі б. Што знайшлі, тым скарысталіся. Наш альбом — шматжанравы. Тут не толькі архіўныя дакументы, фотаздымкі (у тым ліку і Яна Булгака — сусветнавядомага фотамайстра), але і ўспаміны сведкаў. Асобныя матэрыялы не ўвайшлі ў асноўны тэкст. Да прыкладу, успаміны і вытрымкі з дзённікаў нібыта пазашлюбных дзяцей Булгакаў. Хачу дадаць, што мы пастаянна і шчыльна супрацоўнічаем з гістарычным комплексам-музеем, мастацкай школай (дзве гэтыя ўстановы таксама працуюць у памяшканнях палаца), сельскагаспадарчым каледжам і сярэдняй школай. Таму і кніга такой адмысловай атрымалася. Гісторыя, легенды, асобы, дзень сённяшні.

— Шмат адкрыццяў зрабілі падчас збору матэрыялаў?

— Яшчэ летась пераклалі артыкул польскага гісторыка Рамана Афтаназыя “Добасна”. Так па імені бліжэйшай вёсачкі называлася калісьці рэзідэнцыя Булгака. Пераклад зрабіла намеснік дырэктара сеткі бібліятэк раёна Марына Мікешына. Мала хто, напэўна, ведае, што ў 1860 годзе сядзібай кіраваў Іван Лявіцкі, у якога на жыліцкай зямлі нарадзіўся сын — Антон, які потым стане знакамітым беларускім празаікам Ядвігіным Ш.

— Я ўпершыню быў у Жылічах, калі там толькі пачынаўся рамонт, дык вось мясцовая дзятва распавяла мне пра палацавых прывідаў. Гэта праўда, што прыстойны палац без гэтых прывідаў і не прыстойны ўвогуле?

— А вось пра мясцовых прывідаў у кнізе звесткі ёсць. Занадта ўжо тэма папулярная. Галоўны захавальнік музея ўсё смяялася з гэтых прымхаў, а неяк заседзелася да ночы за паперамі і пачула, як у пустым палацавым крыле і лесвіца скрыпіць, і дзверы без дай прычыны адчыняюцца ды зачыняюцца. Нават этнограф Янка Крук пахадзіў ля калон, паглядзеў скрозь сцены і вердыкт вынес: “Штосьці тут ёсць!”

“парк нагадвае слова “Булгак”

Інэса ПАДАЛЯК, дырэктар сеткі бібліятэк Кіраўскага раёна:

— Інэса Віктараўна, шлях да “Жыліцкага Версаля” быў вялікім і пачаўся ён, як я зразумеў, даўно.

— Спачатку мы збіралі легенды раёна і здзівіліся, што вельмі шмат захавалася звестак менавіта пра Жылічы. Пра палац, Чорнае возера, пра таямнічыя склепы. Пра тое, што падчас Вялікай Айчыннай вайны ў палацы дзейнічалі фашысцкі шпіталь і канцлагер для яўрэяў, а ў мірны час працаваў сельскагаспадарчы тэхнікум. Мала хто ведае і пра тое, што з вышыні птушынага палёту палацавы парк нагадвае сваімі абрысамі слова “Булгак”. Потым быў створаны бібліяграфічны ўказальнік літаратуры, дакументаў пра гэты куток нашага раёна. Заставалася ўсё абагульніць і сістэматызаваць. А цягам двух апошніх гадоў у раёне пачаў рэалізоўвацца мэтавы праект “Усёй сям’ёй — у бібліятэку”. У афармленні альбома вельмі актыўна дапамагала абласная бібліятэка.

— Карацей, атрымаўся падручнік па “маларадзімазнаўству” накладам у адзін асобнік.

— Канечне! Каб нашы спадкаемцы ведалі і пра росквіт палаца, і пра яго заняпад, і пра сённяшняе адраджэнне.

“Жылічы павінны гучаць!”

Ілона САРОКІНА, дырэктар Магілёўскай абласной бібліятэкі імя Уладзіміра Леніна:

— Я паглядзеў на афармленне выдання. Вельмі ўсё прыстойна. Гэта заслуга вашых абласных спецыялістаў?

— Тут працавалі і бібліятэкары, і адначасова — мастакі-дызайнеры, знаёмыя з кнігавыдавецкай дзейнасцю, з гісторыяй роднага краю. Інфармацыя, на мой погляд, пададзена кідка і з густам. Жылічы павінны гучаць! Маю на ўвазе і турыстычную прывабнасць палаца, і сацыяльную значнасць гэтага культурнага цэнтра, дзе сабраны і бібліятэка, і музей, і школа мастацтваў.

— Ці рэальна пераўтварыць альбом у выданне з пэўным накладам?

— Думаю, што рэальна. Толькі змяніць трэба афармленне, бо сённяшняе — вельмі дорага каштуе. Сімпатычны рэкламны альбом атрымаецца. Краіна павінна ведаць усё пра наш палац у Жылічах!

 

Калі над зямлёю — туманы

Адразу дзве выставы вядомых беларускіх фотамастакоў — Віктара Суглоба і Анатоля Дрыбаса — прысвечаныя Году малой радзімы, адкрыліся ўчора, 6 ліпеня, у Гродне.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

Як адзначыў “К” кіраўнік народнага фотаклуба “Гродна” Аляксандр Ласмінскі, выставы прадстаўлены жыхарам і гасцям абласнога цэнтра адразу на дзвюх знакавых культурных пляцоўках горада.

Так, Віктар Суглоб прэзентаваў свой праект пад назвай “Беларускія туманы” ў гарадскім выставачным зале абласнога цэнтра. Тут можна пабачыць пейзажы беларускай прыроды, якія ўдалося зняць аўтару ў розных кутках краіны. У пераважнай большасці, фота зроблены ранкам, на ўзыходзе сонца — калі над зямлёю падымаюцца туманы.

А ў культурным цэнтры “Фестывальны” дэманструюцца здымкі, зробленыя яшчэ адным членам Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў і народнага фотаклуба “Мінск”, а таксама фотакарэспандэнтам выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Анатолем Дрыбасам.

Аб’яднаная экспазіцыя назвай “Мая Беларусь” змяшчае работы, якія былі зробленыя аўтарам за апошнія два гады. Спецыфіка працы ў выдавецтве патрабуе ад яго ўмення фатаграфаваць самыя розныя аб’екты, але любімай тэмай у творчасці Анатоля Дрыбаса быў і застаецца беларускі пейзаж. Дзясяткі пазітываў краявідаў прадставіў у сваёй выставе фотамастак.

Па словах Аляксандра Ласмінскага, фотавыставы, прысвечаныя Году малой радзімы, яшчэ неаднаразова пройдуць у Гродне, у тым ліку — і з удзелам сталічных аўтараў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"