Хадзем глядзець рэтра-кіно

№ 27 (1362) 07.07.2018 - 13.07.2018 г

Ёсць у Бераставіцы возера. У цэнтры горада побач са старадаўнім касцёлам, дзе, паводле легендаў, Кастусь Каліноўскі друкаваў асобныя нумары “Мужыцкай праўды”. Дык вось, бераг таго возера выглядае цяпер утульным і добраўпарадкаваным. Справа ў тым, што намесніку старшыні Бераставіцкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Сяргею Чыкуну, чалавеку творчаму, прыйшла ідэя стварыць там кінатэатр пад адкрытым небам. Мясцовы аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі з імпэтам узяўся за рэалізацыю новага праекта. Для вырабу і ўладкавання лаў, кінапраектара ды разборнага экрана спатрэбілася мінімум фінансавых укладанняў. Вырашылі, што “сінематограф ля возера” займее вузкую спецыялізацыю і будзе дэманстраваць толькі рэтра-кінастужкі. Немалаважны нюанс: паказ фільмаў — бясплатны.

/i/content/pi/cult/699/15340/17.JPGЯк па мне, дык выбар вельмі трапны: старое добрае кіно — заўжды выйгрышны варыянт. Рабочае адкрыццё “азёрнай кіназалы” адбылося 2 ліпеня. Дэманстравалася знакамітае “Каханне і галубы”. Нягледзячы на халадэчу і дождж, на беразе сабралася з парасонамі каля двух дзясяткаў гледачоў, якім надакучыў хатні камп’ютар. Пра ўсё гэта распавяла дырэктар Бераставіцкага цэнтра культуры Алена Місюля. Яна дадала яшчэ і тое, што цяпер вывучаецца мэтавая аўдыторыя кіназалы і найбольш аптымальны час рэтра-кінапаказаў. Нешта падобнае, але ў асобным памяшканні нейкай канторы, я бачыў у свой час на вуліцы Пакроўскай у Віцебску. Рэпертуар, як падаецца, таксама варта складаць, абапіраючыся на апытанні патэнцыйных гледачоў. Вось я, напрыклад, сто гадоў не бачыў мастацкі фільм “Луна-парк” Паўла Лунгіна з бліскучым Алегам Барысавым у галоўнай ролі.

Не паспелі мы паразмаўляць з Аленай Місюля, як прыйшоў ліст ад Святланы Ганчаровай, якая піша пра “Пятроўскі фэст” у Бераставіцкім раёне. Аказваецца, ён ладзіцца ў кожным аграгарадку. Аўтар ліста паведамляе, як эстафету прынялі ў Макараўцах. Жыхары ўшанавалі святых апосталаў Пятра і Паўла. Не абышлося і без традыцыйнага пачастунка — духмянай выпечкі. Натуральна, адбыўся і канцэрт мастацкай самадзейнасці.

Са Смаргоні прыйшла нізка навін пра святкаванні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Подпіс — больш чым сціплы: “Цэнтр культуры”. Канцэртную праграму падрыхтавалі і правялі работнікі культуры і ўдзельнікі аматарскай мастацкай творчасці Лылойцінскага дома культуры. Асабліва ўдала выступілі дуэт Міхаіла Гладушкі і Наталлі Емяльян, трыо ў складзе Наталлі Тапуць, Наталлі Емяльян, Галіны Корвель. Падчас Дня вышыванкі ў гарадскім парку раённага цэнтра ўпершыню зладзілі арт-фэст “Арнаменты роднага краю”. А работнікі Вішнеўскага дома культуры прэзентавалі выставу вышытых нацыянальных арнаментаў “Вернісаж добрага настрою”. Кіраўнік гуртка вышыўкі “Натхненне” Аксана Дыро правяла для вяскоўцаў майстар-клас. У Абрамаўшчыне і Целяках прайшлі святы вёсак. Падрыхтавалі іх работнікі Лешчаняцкага сельскага клуба і Вішнеўскага ДК. Калі ж распачаўся дождж, Вераніка Жызнеўская з Абрамаўшчыны запрасіла гасцей і ўдзельнікаў у госці. Танчылі ўсе, нават 94-гадовая Вера Кажарновіч.

Загадчык аддзела культурна-дасугавай дзейнасці Уздзенскага раённага дома культуры Людміла Цвірко згадвае ў Год малой радзімы вёску Прысынак. Паўвека працаваў тут загадчыкам хаты-чытальні, а потым клуба Павел Шыдлоўскі, 110-годдзе якога было адзначана днямі. Ён кепска бачыў, але сэрцам адчуваў гукі і ноты. Пісаў вершы і песні. Ушанаваць памяць Паўла Іванавіча сабралася амаль уся вёска.

На Дзятлаўшчыне прыдумалі новы брэнд — свята танца. Настасся Голуб паведамляе, што прайшло яно ў гарадскім пасёлку Наваельня. Свята рабілі народны духавы аркестр, заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь — ансамбль танца, музыкі і песні “Белыя росы” з Гродна, Тэатр песні Ірыны Дарафеевай з Мінска, узорны тэатр моды “Спадчына” з Ваўкавыска. Яшчэ дзве навіны ад Настассі Голуб, якая піша пра свята “Дзятлава ў сэрцы маім” з нагоды 520-годдзя горада. Тэатралізацыя і канцэрт адбыліся на плошчы 17 Верасня. У аграгарадку Торкачы праведзены тэатралізаваны абрад “Зялёныя святкі”. Яго арганізатары — удзельнікі дзіцячага клуба аматараў народнай творчасці “Святліца”, які дзейнічае пры Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры.

Патэлефанаваў Аляксандр Ляйко — кіраўнік клуба “Прырода і фантазія”, які сабраў вакол сябе суполку самабытных майстроў і мастакоў з усёй краіны. Патэлефанаваў і літаральна адваяваў месца ў гэтым аглядзе для інфармацыі пра тое, што ў сталічным Цэнтры дадатковай адукацыі па Някрасава, 1 працуе выстава жывапісных работ Наталлі Ляшковай з Гродна. У экспазіцыі 45 пейзажаў розных куткоў Беларусі. Падобныя выставы, але вышыўкі, батыку, піраграфіі (выпальвання па тканіне) дзейнічаюць у Інстытуце тэалогіі, у дзіцячай бібліятэцы № 10 Мінска.

Аддзел метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры распавядае пра свята “Кветкавая феерыя”. Другі раз яно ладзілася ў аграгарадку Кракоўка. І выбар гэты — невыпадковы. Справа ў тым, што менавіта ў Кракоўцы дзейнічае першая ў раёне цяплічная гаспадарка. Канцэрт называўся “Букет талентаў”. Да самадзейных артыстаў з Кракоўкі далучыліся іх аднадумцы з аграгарадкоў Граўжышкі і Гальшаны. Як і заўжды, здзівіў выдумкай Ашмянскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, які зладзіў паказ мадэляў “Мода і кветкі”. Дзіцячая пляцоўка з атракцыёнамі называлася “У гасцях у Незабудкі”. Але наведвальнікаў чакалі не толькі гульні. Майстры аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры вёскі Паляны Валянціна Свірская і Валянціна Пакульневіч давалі ахвотным майстар-класы па пляценні кветак з пацерак. Мне асабіста спадабалася назва экспазіцыі, дзе загадчыца клуба Роза Яцуковіч прэзентавала асабістую калекцыю паштовак 1970 — 2000 гадоў. Дык вось ацаніце — “Розы ад Розы”!

Вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ала Лялькіна піша: “У нашай установе працуе абласная выстава майстроў народнай цацкі і лялькі “Забава — 2018”. Тут прэзентуюцца цацкі з керамікі, тэкстылю (мотанка, жамка, спавітая лялька, рэгіянальна-этнаграфічны вобраз, гістарычны герой, міфалагічны персанаж, брэнд месца, вытворчасці ці культуры); традыцыйныя рухомыя цацкі з дрэва (каталкі, каруселі); аўтарскія драўляныя цацкі (такарныя, разьбяныя, са шчапы); народныя цацкі з саломы, лазы, чароту, бяросты; цацкі з рэдкіх прыродных і штучных матэрыялаў (цеста, воск, шкарлупіна яйка, пяро, костка, папера, сінтэтыка); сувенірныя аўтарскія лялькі. На вернісажы выступіў узорны тэатральны калектыў “Прэм’ера” Башнеўскага сельскага клуба Шумілінскага раёна пад кіраўніцтвам Ірыны Бондаравай.

Бібліяноч прайшла ў Астравецкай дзіцячай бібліятэцы другі раз і, па словах супрацоўніка ўстановы Ганны Кераль, зноў здзівіла чытачоў. Спачатку ўсіх напалохалі кот Базіліо і ліса Аліса, якія нібыта схавалі ключ ад бібліятэкі. Так распачаўся адзін з квэстаў таго вечара. Натуральна, чытачы ключ адшукалі і займелі магчымасць выбраць сабе па густу творчую зону, модны салон ці інтэлектуальную пляцоўку. Аднак кожны стараўся пабываць паўсюль. Словам, наступным летам дзеці будуць чакаць чарговай інтрыгі аванцюрнай ночы ў бібліятэцы.

Акцыя “Чытаем па-беларуску” прайшла ў Мастоўскай раённай бібліятэцы. Пра гэта паведаміла метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Вольга Коршун. На пляцоўцы ля кінатэатра “Сучаснік” сабраліся самыя актыўныя чытачы і жыхары райцэнтра. Гучалі вершы, байкі, урыўкі з хрэстаматыйных беларускіх паэм.

Бібліятэчны бульвар для дзяцей летніка “пабудавалі” супрацоўнікі Свіслацкай і Квасоўскай сельскіх бібліятэк. Бульвар дзейнічае ў Свіслацкім СДК. Галоўны бібліятэкар па арганізацыйна-маркетынгавай дзейнасці Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Людміла Трубчык напісала, што дзеці тут вельмі арганічна сумяшчаюць чытанне з гульнёй.