Фігура для 18-ці: усе размеркаваны

№ 27 (845) 05.07.2008 - 11.07.2008 г

Напрыканцы чэрвеня прайшла абарона дыпломаў выпускнікамі мастацкага факультэта ды факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Сёлета да дзяржаўных экзаменаў прыйшлі 18 маладых творцаў. Іх работы ацэньвала камісія, якую ўзначаліў заслужаны дзеяч мастацтваў Украіны, прафесар Нацыянальнай акадэміі выяўленчага мастацтва і архітэктуры, наш зямляк Мікалай Цітоў.

Спачатку экзаменацыйная камісія выправілася на завод “Керамін”, дзе для прамысловых карпусоў прадпрыемства падрыхтавалі маштабныя мазаікі манументалісты. Аксана Стацкевіч “Чароўнай вадой” ажывіла несамавітую сцяну будынка, а Арцём Шалейка пасярод лета заваражыў прахалоднай святочнасцю “Каляднай ночы”.
 /i/content/pi/cult/167/1534/Mastyhin1.jpg

А.Трубіцкі. “Давід Гарадзенскі”.

На наступны дзень абарона перамясцілася ў Палац мастацтва. Тут хваляванне ўзрасло ў некалькі разоў, бо
выступленні маладых людзей ацэньвалі не толькі экзаменатары і выкладчыкі, але і звычайныя аматары мастацтва, якія зазірнулі сюды пазнаёміцца з тымі, хто заўтра будзе ствараць аблічча беларускага мастацтва. У зале экспанаваліся графічныя серыі, жывапісныя палотны, эскізы вітражоў і скульптуры.
Дыпломнікі прапанавалі свой варыянт аздаблення адноўленага ўнутранага дворыка і будынка інтэрната роднай альма-матэр. Пасля маштабнага рамонту тыя выглядаюць надзвычай спрошчана, што асабліва недаравальна творчай навучальнай установе. Адметнай рысай дворыка хутка стане дэкаратыўная скульптура “Блізняты” Ірыны Шведзь, а інтэрнат расквеціць зграфіта і вітраж Ігара Рымшы пад назвай “Шлях да святла”.
Добра валодаючы тэхнікай, пяць выпускніц у графічных серыях удала выявілі шматпланавыя тэмы.Юлія Мацура шукала вытокі “Святла двух шляхоў”, што аб’ядноўваюць супрацьлегласці — мужчыну і жанчыну — у агульнае цэлае. Настасся Лебядзінская імкнулася спазнаць “Краі, дзе вандруе душа”. На аркушах сыходзіліся сонца Захаду і месяц Усходу, ды ўзнікаў у тумане яблыневы сад далёкага маленства. Марына Мароз звярнулася да тэмы “Вечных заступнікаў” — спрадвечных вераванняў нашых прадзедаў у ахоўнікаў-дрэў, горных атлантаў і матухну-зямлю, якая покрывам сваёй любові зможа абараніць усіх сваіх дзяцей.
Асабліва адзначу выдатнага графіка Лізавету Пастушэнка. Яе работы з серыі афортаў “Партрэты сучасніц” зачароўвалі мяне яшчэ на тых выстаўках, на якіх дзяўчына з’яўлялася пад час вучобы. Вытанчаныя вобразы, выкананыя ў стылі мадэрн, надзвычай лірычныя і трапяткія. Здаецца, быццам яе гераіні на хвілінку з’явіліся перад гледачамі, каб вокамгненна знікнуць у варонцы таемныхтраў, адразу ўзляцець на эльфійскіх крылах ці ператварыцца ў кветкі, што прарастаюць па ўсім строі. Гэта вобразы тых сучасніц, што не адпавядаюць сучасным жа “канонам” жыцця: яны жаноцкія, рамантычныя, наўмысна трымаюцца крыху ў баку ад шалёнай гарадской мітусні і зусім не адчуваюць з-за гэтага няёмкасці, наадварот, — атрымліваюць асалоду ад свету, што стварылі самі для сабе.
 /i/content/pi/cult/167/1534/Mastyhin2.jpg
Н.Лебядзінская. “Яблыневы сад”
(з серыі “Краі, дзе вандруе душа”).

Жывапісцы ўзяліся за маштабныя работы як у плане памераў, так і па тэматыцы. Андрэй Карпянкоў у карціне “Святло новага дня” імкнуўся правесці тонкую сувязь паміж сучаснымі выпускнікамі, што прыйшлі аддаць даніну памяці да Вечнага агню, і той моладдзю, што ў Вялікай Айчыннай адваявала для іх свабоду. Іна Мацвяйчук звярнулася да святочнасці “Вербнай нядзелі”, Наталля Баранецкая ўзгадала гісторыю Беларусі, адлюстраваўшы “Каралеўскае паляванне”, Павел Масленікаў прадставіў серыю пейзажаў “Дзедава спадчына”.Неардынарнай выглядала карціна дыпломніка Анджэя Трубіцкага “Давід Гарадзенскі”. Выкладчыкі адзначалі, што гэта бадай першая ў беларускім жывапісе работа, прысвечаная таленавітаму палкаводцу, які больш за чвэрць стагоддзя ўзначальваў барацьбу гродзенцаў супраць крыжаносцаў. Тым больш адметна, што за распрацоўку гістарычнай тэматыкі ўзяўся выхадзец з горада над Нёманам. Анджэй удала стварыў кампазіцыю, у якой аб’яднаныя адной стылістыкай групы народу падкрэслілі велічнасць гістарычнай асобы.
— Адметнай рысай сёлетніх дыпломных работ стала вяртанне моладзі да фігуратыўнай кампазіцыі ў мастацтве, — паведаміў “К” дэкан мастацкага факультэта, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Уродніч. — Студэнты захапіліся ідэяй вярнуць у творчы працэс асобу чалавека.
 /i/content/pi/cult/167/1534/Mastyhin3.jpg
Т.Князева. Макет да дыпломнага праекта вітража ”Сімфонія нябесных струн”.
Пасля завяршэння абароны ўсе работы яшчэ на тыдзень засталіся ў Палацы мастацтва, каб іх маглі ацаніць усе
ахвотныя. А 2 ліпеня там жа адкрылася выстаўка твораў выпускнікоў мастацкага факультэта Акадэміі мастацтваў (2002 — 2007) “Новы час”. Між іншым, упершыню ўсіх без пяці хвілін маладых спецыялістаў ужо чакаюць працоўныя месцы. Сёлета на 18 выпускнікоў прыйшло 35 заявак. 13 чалавек стануць выкладчыкамі ў мастацкіх навучальныхустановах Мінскай, Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей. А для пяці выпускнікоў Беларускі саюз мастакоў пры падтрымцы Міністэрства культуры краіны выдзеліў месцы на Мінскім мастацка-вытворчым камбінаце: па рэйтынгавых вучэбных паказчыках туды накіраваны графікі Настасся Лебядзінская, Марына Мароз, Юлія Мацура, Лізавета Пастушэнка і скульптар Ганна Балуха.
 

Настасся ПАНКРАТАВА