Малюнак на шчасце

№ 27 (1362) 07.07.2018 - 13.07.2018 г

Іспанскі мастак Sabek распісаў у Мінску сцяну шматпавярховіка на вуліцы Сталетава. Быццам спецыяльна да Купалля.

/i/content/pi/cult/699/15339/16.JPGГэта яшчэ адна праца, зробленая ў межах стрыт-арт праекта Urban Myths (“Гарадскія міфы”), распачатага беларускай арт-суполкай SIGNAL у сталіцы ў 2015 годзе. Яго удзельнікі — вулічныя мастакі з розных краін свету, якія прыязджаюць у Мінск на некалькі дзён і з дапамогай мясцовых краязнаўцаў і валанцёраў даследуюць горад, праз яго вывучаюць і гісторыю Беларусі. Пад уражаннем ад пачутага і ўбачанага ствараюць эскізы таго, што хацелі б выявіць на сценах дамоў, таму кожны з роспісаў — гэта не адасобленае аўтарскае выказванне на абстрактную тэму, а прысвячэнне канкрэтнаму гораду і жыццю ў ім.

Так за апошнія тры гады акрывалі для сябе нашу краіну мастакі з Аргентыны, Аўстраліі, Грэцыі, Іспаніі, Італіі, Украіны. Яны перанеслі свае ўражанні ад знаёмства з Беларуссю на сцены мінскіх будынкаў у выглядзе дзяўчыны ў вышыванцы, бога Ярылы, сэрца з арнаментам са слуцкіх паясоў і іншых роспісаў.

На гэтым тыдні выява дзяўчыны, якая трымае на руках чорнага ката, упрыгожыла фасад жылога дзевяціпавярховага дома на вуліцы Сталетава, 2. Яе аўтар — Sabek з Мадрыда. Як патлумачылі арганізатары Urban Myths, перад прыездам у Мінск іспанскі мастак папрасіў пачытаць нашы міфы і легенды, і яго зацікавіла, што ў беларусаў захаваліся архаічныя традыцыі, звязаныя з прыродай — напрыклад, Купалле, напярэдадні якога Sabek акурат і наведаў нашу краіну.

Большасць яго работ прысвечаны тэме страты сувязі чалавека з прыродай. Таму людзей ён звычайна малюе сляпымі — іх вочы ці то схаваныя за лісцем або павязкай, ці то залітыя фарбай. На беларускім мурале твар дзяўчыны прыкрыты купальскім вянком. Фірменны знак мастака на кожным малюнку — чорная фігура якой-небудзь жывёлы. Менавіта іх ён лічыць увасабленнем сілы і мудрасці, нябесных заступнікаў. Першае, што Sabek убачыў, калі прыехаў працаваць да будынка — купку мясцовых чорных катоў. Таму, распрацоўваючы сюжэт для мінскага мурала, не змог не змясціць туды гэту жывёлу, з якой так шмат звязана ў беларускай міфалогіі.

— Можа, гэты малюнак з’явіўся тут усім нам на шчасце, як папараць-кветка на Купалле? — ужо жартуюць мясцовыя жыхары. — Мы цяпер быццам адчуваем сябе дзесьці за горадам, бліжэй да прыроды.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"