Выхаванцы Герлавана

№ 27 (1362) 07.07.2018 - 13.07.2018 г

На абароне дыпломаў мастакоў тэатра я ўпершыню пазайздросціла выпускнікам: настолькі яскрава было бачна, што шэсць гадоў навучання ў майстэрні Барыса Герлавана на кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў прайшлі надзвычай насычана і плённа для будучай прафесіі. Як вынік — уся пяцёрка дыпломнікаў да выпуску займела значны спіс працаў у прафесійных тэатрах краіны і замежжа.

/i/content/pi/cult/699/15333/7.JPGКолькі б ні імкнуліся ўніфікаваць адукацыю, час няўмольна даводзіць: сапраўдны вынік можа быць толькі там, дзе выкладаюць асобы. Народны мастак Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў, прафесар Барыс Герлаван стварыў сапраўдную школу, выпускаючы раз на шэсць гадоў прафесіяналаў, якія не толькі віртуозна валодаюць інструментарыем, але і становяцца дасведчанымі, глыбока зануранымі ў тэатральную спецыфіку людзьмі. Практык, якому нічога нікому не трэба даказваць — бо гісторыя росквіту Купалаўскага тэатра звязана ў тым ліку і з яго гаваркой сцэнаграфіяй — ва аўдыторыях дзеліцца з моладдзю самым каштоўным: асабістымі напрацоўкамі, сакрэтамі і прафесійнымі адкрыццямі.

Шыкоўным дасягненням садзейнічае і малакамплектнасць навучальных груп: на кірунак “Жывапіс (тэатральна-дэкаратыўны)” прымаюць усяго шэсць чалавек — значыць, у выкладчыкаў ёсць магчымасць кожнаму са студэнтаў надаць увагу, знайсці асабісты падыход, дапамагчы раскрыцца творчаму індывідууму.

Апошнія дзесяцігоддзі ў трэндзе айчыннай вышэйшай адукацыі бязмежныя павелічэнні лічбаў набораў. Вельмі добра, што ў гэтым рэчышчы Акадэмія мастацтваў не пайшла ўслед за моднай хваляй, а захавала прынцып персанальнасці, неабходны для падрыхтоўкі спецыялістаў творчых прафесій.

Па словах прафесара Уладзіміра Зінкевіча, калегі з замежных творчых ВНУ зазначаюць слушнасць падрыхтоўкі будучых сцэнографаў менавіта на кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Загадчык кафедры тлумачыць: мастакі тэатра працуюць са складаным пластычным вобразам, які ўплывае не толькі на сцэну, але і на фарміраванне ўсёй прасторы. Беларуская адукацыя ўнікальна яшчэ і тым, што на курсе Герлавана акрамя, уласна, сцэнаграфіі, паўнавартасна вывучаюць пластычны грым (на абароне дыпломніцу Лідзію Малашэнка нават назвалі адной з лепшых сучасных грымёраў, бо яна дасканала засвоіла гэтую запатрабаваную ў свеце, але не так шырока ўжывальную ў нас навуку), канструяванне касцюмаў, выраб бутафорыі — тое, што ў заходніх акадэміях мастацтваў звычайна прапануюць на чатырох розных спецыяльнасцях.

Дзяржаўная камісія на чале з заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь Васілём Сумаравым адзначала і высокі ўзровень жывапіснай тэхнікі кожнага з дыпломных праектаў, дакладнае каларыстычнае вырашэнне. Па словах загадчыка кафедры малюнка, народнага мастака Беларусі Уладзіміра Тоўсціка, некаторыя з эскізаў — самастойныя творы, гатовыя да экспанавання на любой еўрапейскай выставе. Дзякуючы такой выдатнай мастацкай падрыхтоўцы, выпускніца Крысціна Баранава ўжо добра вядома не толькі як моцны сцэнограф, але і ў якасці цудоўнага мастака-ілюстратара твораў айчынных пісьменнікаў, а яе аднакурснік Сяргей Ашуха — сталы ўдзельнік міжнародных мастацкіх выстаў.

/i/content/pi/cult/699/15333/8.JPGНе дзіва, што пры такой грунтоўнай акадэмічнай падрыхтоўцы, кожны з пяці дыпломнікаў яшчэ да выпуску займеў добрае партфоліа з прафесійных пастановак у тэатрах. Але ў выставачнай зале Kodex вышэйназваныя дасягненні амаль не былі прадстаўлены: кіраўнік курса наўмысна прасіў студэнтаў выбраць для дыплома нерэалізаваны яшчэ праект. Слушнасць такой прапановы стала зразумелай падчас абароны: калі яшчэ будучыя мастакі тэатра змогуць папрацаваць над сваім праектам у такіх ідэальных умовах, дзе палёт фантазіі не абмяжоўваецца тэхнічнымі магчымасцямі сцэны, фінансаваннем, наяўнасцю ці адсутнасцю высакакласных спецыялістаў у бутафорскіх і пашывачных цэхах?

Экзаменатары і госці пабачылі макеты з імітацыяй вадаспаду, маштабнымі відэапраекцыямі, эскізы, якія прадугледжваюць задзейнічанне шматлікіх пад’ёмнікаў і галаграфічныя праекцыі. Выпускнікі прапаноўвалі новы погляд на традыцыйныя формы пастаноўкі оперы (“Фаўста” Шарля Гуно разглядала Лідзія Малашэнка), мюзікла (распрацоўкай “Чыкага” Джона Кандэра займалася Аляксандра Кавальчык), спектакляў драмы (“Гамлет” Уільяма Шэкспіра зацікавіў Крысціну Баранаву) і тэатра лялек (Сяргей Ашуха і Кацярына Шымановіч прапанавалі арыгінальныя аб’екты да твора Вільгельма Гаўфа “Маленькі Мук”).

Дзякуючы намаганням Барыса Федасеевіча ў Акадэміі вырас і стаў на крыло сапраўды зорны курс. Работы ў іх хапае: спадарыня Баранава разам з рэжысёрам Віталём Краўчанкам здае ў жніўні “Каралеву прыгажосці” Марціна МакДонаха ў Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры, спадарыня Кавальчык зоймецца разавай пастаноўкай у Хабараўску, творчы тандэм Ашуха-Шымановіч рыхтуецца да прэм’еры ў Таліне. Але я не магу не задацца пытаннем: чаму гэтая творчая моладзь, якая мае безліч запрашэнняў на пастаноўкі па краіне і за яе межамі, аказалася не запатрабаваная ў дзяржаўных калектывах? З трох бюджэтнікаў у тэатр трапіла толькі адна Лідзія Малашэнка — яна размеркаваная ў Новы драматычны. Шкада, што мы так нядбала раскідваемся талентамі.

Тым часам, Барыс Герлаван рыхтуецца да новага набору. Выправіўшы дыпломнікаў у самастойнае плаванне, Акадэмія мастацтваў сёлета ладзіць экзамены на гэтую рэдкую прафесію. Увосень ва аўдыторыі прыйдуць шасцёра новых студэнтаў, якія пачнуць шукаць сябе ў прафесіі мастака тэатра.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"