“Еўра...” па славянскіх мерках

№ 27 (845) 05.07.2008 - 11.07.2008 г

Адной з традыцыйных адметнасцей “Славянскага базару ў Віцебску” становіцца прысутнасць на ім удзельнікаў “Еўрабачання”, якія ладзяць на фестывалі асобную канцэртную праграму. На тэму сяброўства нашага Міжнароднага фестывалю мастацтваў з тэлеконкурсам Еўрапейскага вяшчальнага саюза разважае народны артыст Беларусі Аляксандр ЦІХАНОВІЧ. Яму ў свой час і належала ідэя гэтага “сумеснага праекта”.

 /i/content/pi/cult/167/1533/Eura.jpg
— Праграму зорак “Еўрабачання” на “Славянскім базары ў Віцебску”, — эмацыйна, з запалам пачынае Аляксандр Рыгоравіч, — можна
лічыць падарункам фестывалю ад Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь. Бо што, як не “Еўрабачанне”, можа садзейнічаць пашырэнню межаў нашага фестывалю? Такая праграма, па-першае, дорыць гледачам знаёмства з эстрадным мастацтвам Еўропы. Па-другое, садзейнічае папулярызацыі маладых айчынных спевакоў, якія атрымліваюць магчымасць выступіць побач з еўрапейскімі знакамітасцямі.
— Чым жа вы тых славутасцей заманьваеце?— Не трэба думаць, што гэткі праект карысны выключна для нас. За гады свайго існавання “Славянскі базар у Віцебску” стаў адной з найбольш яркіх музычных падзей не толькі нашай краіны і суседніх славянскіх народаў, але і ўсяго свету. Яго канцэпцыя — своеасаблівага кірмашу мастацтваў — не мае аналагаў. Двойчы ён увогуле прызнаваўся лепшым фестывалем у свеце. А які высокі ўзровень нашага конкурсу маладых эстрадных спевакоў, што праводзіцца на фестывалі! Калі “Еўрабачанне” можна параўнаць з моднай тусоўкай, дык конкурс “Славянскага базару ў Віцебску” — гэта паказальнік, найперш, адметнага прафесіяналізму.Дзякуючы “Еўрабачанню” “Славянскі базар у Віцебску” яшчэ больш узнімае сваю папулярнасць у свеце. А для артыстаў “Еўрабачання”, лічу, выступіць на “Славянскім базары ў Віцебску” — вялікі гонар, бо гэта раўназначна прызнанню іх не толькі артыстычнага, а менавіта вакальнага майстэрства.
— Вельмі важна, што сёлета на “Славянскім базары ў Віцебску” будуць прысутнічаць не толькі артысты, якія ў розныя гады выступалі на “Еўрабачанні”, але і арганізатары, кіраўнікі гэтага тэлеконкурсу.
— Так, прыедзе адзін з дырэктараў Еўрапейскага вяшчальнага саюза — Б’ёрн Эрыксан, іншыя асобы. Хтосьці з іх ужо бываў у Беларусі, а на нашым вядучым фестывалі — пакуль не. Таму нам вельмі хацелася б паказаць ім наш конкурс, каб яны ўвачавідкі ўбачылі яго высокі ўзровень і, адпаведна, пераканаліся ў прафесіяналізме нашых салістаў. Бо чым больш мы ведаем пра “Еўрабачанне”, а Еўропа — пра нас, тым больш паспяхова мы будзем прадстаўляць сваю краіну на гэтых спеўных спаборніцтвах.
— Дарэчы, апошнім часам нярэдка ўзнікае пытанне: навошта нам увогуле ўдзельнічаць у “Еўрабачанні”?
— Нацыянальная тэлерадыёкампанія з’яўляецца адным з членаў Еўрапейскага вяшчальнага саюза, і для нас удзел у такім праекце — справа гонару. Да таго ж, гэта дае цудоўную магчымасць расказаць пра нашу краіну і папулярызаваць яе. Што ні кажыце, а “Еўрабачанне” ўнесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса як конкурс, які, у параўнанні з усімі іншымі, глядзіць самая вялікая колькасць жыхароў свету.
— Усё гэта так. Ды, на жаль, нашы ўдзельнікі займаюць не першыя прыступкі ў спаборніцтве і, здараецца, нават не праходзяць у фінал. І гэта прытым, што ў дзіцячым “Еўрабачанні” — усё наадварот.
— Гэты конкурс адметны тым, што ён — непрадказальны. Галасуюць тэлегледачы, і нейкім чынам паўплываць на іх рашэнне немагчыма. Мне не хацелася б ва ўсім бачыць палітычную афарбоўку, як гэта робяць некаторыя. Дзіцячы конкурс папраўдзе стаіць па-за палітыкай, дзеці галасуюць у залежнасці ад сваіх эмоцый, выбіраючы паміж “спадабалася” і “не спадабалася”. У дарослых жа пачынаюць спрацоўваць іншыя механізмы: маўляў, калі не абралі, значыць, штосьці не тое. Думаю, гэта не так. Хаця, не буду аспрэчваць, назіраецца некаторая рэўнасць Заходняй Еўропы да Усходняй. Бо апошнія гады краіны Усходняй Еўропы паказваюць сябе ўсё лепей, усё больш яскрава і, галоўнае, вынаходліва.
— Пагаджуся: напал конкурсных жарсцей і, што асабліва важна, сам узровень выступоўцаў у паўфіналах значна вышэйшыя, чым уласна ў фінале. Але хіба можна гэтай думкай суцешыць нашых балельшчыкаў?
— Трэба да ўсяго ставіцца па-філасофску. Кожны вынік — станоўчы ці адмоўны — карысны тым, што дае нам нічым не заменны досвед. За гады ўдзелу ў “Еўрабачанні” мы не толькі знайшлі шматлікіх сяброў і паплечнікаў у сусветным шоу-бізнесе, але і набылі ўяўленне пра тое, як песню трэба даводзіць да ладу. За гэтыя гады ў нас склалася прафесійная каманда, што працуе са спеваком, і ўзніклі прыклады такой зладжанай працы, якой зайздросцяць іншыя краіны. Дастаткова сказаць, што ўсе ўдзельнікі з краін постсавецкай прасторы карыстаюцца на “Еўрабачанні” паслугамі нашага фаніятара, бо знайсці ўрача такога экстра-класа даволі цяжка. Беларусь пачалі адзначаць як адну з лепшых краін паводле падрыхтоўчых мерапрыемстваў. Усе звяртаюць увагу на наш мерчэндайзінг — промапакет, на тое, што мы кожны раз прыдумваем штосьці незвычайнае, папулярызуючы нашых вытворцаў і нашу краіну: зефір выраблены ў Бабруйску, цукеркі — на “Камунарцы”, ніжняя бялізна — на фірме “Serge”.Вы б паглядзелі, якія чэргі стаялі за нашым промапакетам! Ніякая іншая дэлегацыя не магла пахваліцца такой увагай — а гэта ж увага і да нашых прадпрыемстваў, да ўсёй краіны.
— Але ж хочацца ўвагі і да самога выканаўцы, да яго песні!
— Усё гэта сёлета было. Як вядома, пад час “Еўрабачання” праводзяцца шматлікія папярэднія галасаванні сярод журналістаў, прадзюсераў, якія прыязджаюць на конкурс. Па іх выніках Руслан Аляхно заўсёды прыцягваў увагу — трывала ўваходзіў у першую шасцёрку (аднойчы толькі, пасля не вельмі ўдалай рэпетыцыі, “скаціўся” да восьмага месца). Але існуюць яшчэ чалавечы фактар, эмацыйны стан. Калі з самой залы (а гэта 25 тысяч гледачоў) і ад мільёнаў тэлегледачоў літаральна “валіць” шалёная энергетыка, справіцца з ёй бывае цяжкавата: мы ж не жалезныя механізмы, а жывыя людзі. Ды яшчэ адчуванне, што за табой — уся краіна…
— У краінах-удзельніцах Еўрапейскага вяшчальнага саюза па-рознаму праходзіць сам папярэдні адбор. Дзесьці абіраюць выканаўцу, а ўжо потым ствараюць для яго песню. Дарэчы, штосьці падобнае адбылося ў нас летась, калі Дзмітрый Калдун змяняў песню для “Еўрабачання”.
— Мая прапанова — спачатку абіраць непасрэдна песню. А ўжо потым, параіўшыся з прафесіяналамі, шукаць для яе выканаўцу. Вельмі хацелася б, каб гэта быў беларускі аўтар. Але звычайна на такія конкурсы адгукаюцца непрафесіяналы, і большасць дасланых песень абсалютна не адпавядае не тое што еўрапейскім — увогуле ніякім меркам. Таму, лічу, трэба аб’явіць конкурс на лепшую песню праз Інтэрнет, каб у ім маглі ўдзельнічаць кампазітары іншых краін. Усё роўна канчатковы вынік, калі дададуцца астатнія складнікі відовішча, будзе прасякнуты беларускім нацыянальным адчуваннем.
Яшчэ вельмі хачу, каб мы не залежалі ад расійскіх тэлепраектаў.
Мяркую, у правілы нашага “Еўрафэсту” трэба ўвесці такі пункт: у ім могуць удзельнічаць грамадзяне Беларусі, уключаючы тых, хто жыве за мяжой, але вольны ад замежных кантрактаў. Тады мы будзем упэўнены, што, уклаўшы грошы ў падрыхтоўку артыста, атрымаем яго назад. І надалей ён будзе ўслаўляць Беларусь, а не замежныя тэлепраекты, з якімі звязаны па руках і нагах.
З кожным годам у нас усё болей і вопыту, і магчымасцей, каб самастойна падрыхтаваць і прапіарыць выканаўцу. Тэлерадыёкампанія пачала вяшчаць на спадарожнік, ахопліваючы палову свету. Актыўна прапагандаваць нашага кандыдата могуць АНТ, Першы музычны канал, СТБ: не проста раз-пораз пракручваць яго кліп, а завесці асобныя праграмы, тэлестаронкі, прысвечаныя “Еўрабачанню”.
Мне было прыкра, калі і Ганну Мушак, і Максіма Сапацькова я ўбачыў сярод прэтэндэнтаў на ўдзел у “Еўрабачанні” ад Расіі. Чаму ж не ад Беларусі? Нашы ўдзельнікі, між іншым, знаходзяцца ў лепшым становішчы: яны не павінны самі шукаць прадзюсера, бо падтрымку ім аказвае дзяржава. Дый кантракт з імі распаўсюджваецца толькі на час падрыхтоўкі і правядзення “Еўрабачання” і мерапрыемстваў, звязаных з музычнай дзейнасцю Белтэлерадыёкампаніі. У нас няма тых жорсткіх абмежаванняў, якія на некалькі гадоў наперад ставяць артыста ў поўную залежнасць ад прадзюсера. Таму звяртаюся да прафесіяналаў: актыўней удзельнічайце ў “Еўрафэсце”! Гэта стварае вам усе ўмовы для далейшага прафесійнага ўдасканалення. 

Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВА