Браты не на словах

№ 27 (1362) 07.07.2018 - 13.07.2018 г

З 5 па 10 ліпеня ў Беларусі праходзяць Дні культуры Украіны.

/i/content/pi/cult/699/15328/2.JPGУ нашу краіну прыехала дэлегацыя складам больш за 350 чалавек — пераважна артысты, якія падрыхтавалі асаблівую праграму для беларускіх гледачоў. Так, 5 ліпеня Дні культуры распачаліся з урачыстага канцэрта ў Палацы Рэспублікі. У Беларусь завіталі Нацыянальны заслужаны акадэмічны ансамбль танца Украіны імя Паўла Вірскага, Іва Бобул, Ленара Асманава, Злата Агневіч, групы LUIKU і “Гетман”, а таксама Алег Віннік і Ціна Караль.

— Планка сёлетняга свята заяўлена вельмі высокая і ўсе астатнія мерапрыемствы будуць ёй адпавядаць, — адзначыў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар. — Я вельмі рады, што ў гэтым годзе мы зможам маштабна правесці Дні культуры Украіны не толькі ў Мінску, але і ў Гомелі. Налета запланаваны наш адказны візіт у Кіеў.

 — Мне здаецца, што вы ўжо засумавалі па ўкраінскай культуры — сапраўднай, акадэмічнай, сучаснай — таму мы маем магчымасць падарыць беларусам добры настрой, радасць, нават лёгкую настальгію па тым часе, калі мы адчувалі сябе сябрамі, братамі не на словах, а на самой справе, — дадае дзяржаўны сакратар Міністэрства культуры Украіны Расціслаў Карандзееў. — Наша галоўная мэта — метадамі культурнай дыпламатыі зрабіць усё магчымае для таго, каб беларускі глядач адкрыў сваё сэрца для Украіны, можа быць, палюбіў яе яшчэ больш.

/i/content/pi/cult/699/15328/3.JPGДні культуры Украіны ў Беларусі працягнуцца ў аграгарадку Александрыя 7 — 8 ліпеня, дзе арганізавана спецыяльная пляцоўка для ўкраінскіх майстроў народнай творчасці (будуць прадстаўлены кавальская і ганчарная справы, кабзары, керамісты, бандурысты, мастакі па дрэве і іншыя). 8 ліпеня можна яшчэ і далучыцца да паказу коннага тэатралізаванага шоу “Кіеўская Русь” і наведаць вялікі канцэрт з удзелам вышэй згаданых артыстаў (сцэну для выступоўцаў — 44 метры шырынёй — спецыяльна везлі з Украіны). Завершыцца міжнародная культурная акцыя яшчэ адным канцэртам у Гомельскім абласным грамадска-культурным цэнтры 10 ліпеня.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"