Будучыня пад знакам “Берагіні”

№ 26 (1361) 30.06.2018 - 07.07.2018 г

З 20 па 24 чэрвеня гарадскі пасёлак Акцябрскі меў гонар запрашаць аматараў аўтэнтыкі на заключныя мерапрыемствы Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Сусвет расквеціўся яскравымі зоркамі народных талентаў. Чарговая “Берагіня” — гэта чарговая з’ява ў нацыянальнай культурнай прасторы. І разглядаць яе неабходна адпаведна: як мадэль будучай Беларусі, дзе пераемнасць традыцыі — першасная аснова не толькі станаўлення чалавечых стасункаў, але і развіцця культуры, мастацтваў.

Шчыра кажучы, я не надта разумею, як тут усё дзейнічае. Не дацямліваю, якія законы лагістыкі, фестывальнага мерчандайзінгу спрацоўваюць. Проста задоўга да мерапрыемства па самых розных інстанцыях ходзіць хударлявы ўпарты чалавек з гонкай паставай прафесійнага танцора. Ходзіць, пераконвае, даводзіць, просіць і патрабуе. У выніку праз нейкі час атрымліваецца “Берагіня”. Упартага завуць Мікола Козенка. Ён прыдумаў фестываль і з’яўляецца ягоным мастацкім кіраўніком. Дваццаць гадоў запар яго партнёрам, ініцыятыўным і таленавітым, застаецца начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Акцябрскага райвыканкама Святлана Беразоўская. Раённы цэнтр за гэты час набыў славу ўзорнай фестывальнай сталіцы. Таленавітыя прыцягваюць да сябе таленавітых. Цяпер нават цяжка ўявіць сабе “Берагіню” без гасціннасці Святланы Анатольеўны (дарэчы, і падпіска на “Культуру” ў яе — адна з самых важкіх). Але ўсё роўна незразумела, як у іх гэта атрымліваецца.

Неаспрэчна толькі тое, што вакол дзвюх асоб пакрысе шчыльна згуртаваліся арганізатары, дарадцы, эксперты, кіраўнікі творчых калектываў. Сваю кніжку пра іх Мікола Козенка назваў “Рупліўцы…”

Якой будзе Беларусь?

Перакананы: пройдзе час, забудуцца многія і многае, а “Берагіня” застанецца. Вось толькі ў якім выглядзе? Як нявыкарыстаны шанец па наладжванні эстэтычнай нацыянальнай адукацыі ад дзіцячага садка да вышэйшай навучальнай установы? Ці як напамін пра тое, што духоўная спадчына продкаў — самы дзейсны абярэг на шляху станаўлення нацыі? Не ведаю. Вось толькі вельмі турбуе тое, што падчас сёлетняга фальклорнага фэсту ў Акцябрскім не былі заўважаны ні прадстаўнікі Міністэрства адукацыі краіны, ні супрацоўнікі рэспубліканскага тэлебачання. Дзіўна. Яно ж таксама нацыянальнае.

“Рупліўцы” прэзентаваліся на прэс-канферэнцыі. Старшыня Акцябрскага райвыканкама Віктар Палуянаў распавёў, што сёлета на фэст сабраліся больш за 800 удзельнікаў, а начальнік фінансавага аддзела Кацярына Сыцько абвясціла каштарыс мерапрыемства: 70 тысяч рублёў. Па 30 працэнтаў выдаткавалі менавіта райвыканкам і спонсары, па 20 — Міністэрства культуры і Беларускі фонд культуры.

У адказ на пытанне, якой бачыцца перспектыва фестывалю, Мікола Козненка заўважыў, што якой будзе Беларусь, такой будзе і “Берагіня”. Маўляў, час наспеў, каб фестывальная ініцыятыва ішла знізу. Гэтак і адбываецца, але шэраг абласцей па-ранейшаму трэба шматкроць пераконваць у карысці этнічнага выхавання дзяцей і моладзі. Уладзімір Гадоўскі — украінскі балетмайстар і харэоргаф-эксперт “Берагіні” — дадаў, што збольшага фэст трымаецца на энтузіязме. І даводзіцца цяпер казаць не пра канкрэтныя дзяржаўныя праграмы, прысвечаныя традыцыі і моладзі, а пра ролю асобаў у гісторыі развіцця беларускай культуры. Вакол такіх асобаў і культ не быў бы лішнім.

Лёсы як песні

/i/content/pi/cult/698/15323/12.JPG/i/content/pi/cult/698/15323/13.JPGНяма сэнсу распавядаць пра “Берагіню” ў рэпартажным ключы. Маўляў, вось 1/4 фіналу харэаграфічнай імправізацыі адбылася, а вось — 1/2. Асабіста мяне свята ў Акцябрскім вабіць гэткай ідэйнай страснасцю. Пра гэта і хочацца паразважаць. Тут, падаецца, і крыецца адказ на многія пытанні, звязаныя як з любоўю да фальклору, так і з поўнай, мякка кажучы, абыякавасцю да яго.

Дазволю сабе нахабства выканаць ролю фалькларыста-тэарэтыка. Беларус ніколі не любіў словаў. Ён рабіў. Для выяўлення свайго, скажам, кахання адных полек прыдумаў некалькі соцень. Тое ж і з адлюстраваннем любові, дзе без страсцяў-жарсцяў не абысціся. Чаму беларус спяваў ды танчыў? З якой-такой нагоды? Ды таму што ніва ўрадзіла, страха не працякае, ніхто не галадуе, сонейка свеціць ды птушкі весела спяваюць. Як падаецца, менавіта ў такой самаадданай шчырасці — ідэйная палкасць, дзе і варта шукаць вытокі любові да Бацькаўшчыны. Менавіта такой шчырасцю і падабаецца мне “Берагіня”. За кожным танцам, за кожнай песняй — лёс чалавека.

Фэст адкрыўся ў гарадскім парку пры ўдзеле намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы — начальніка ўпраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталлі Задзяркоўскай і распачаўся песняй. Гэта было неверагоднае выкананне. Аўтар сольнага цуду — Ганна Асаева. Безумоўна, мы пазнаёміліся. “Гэта я хварэю, — прызналася бабуля. — Магу і гучней спець”. Кабеце — 81 год. Родам з Акцябрскага, але гадоў пяць таму пабралася шлюбам з мужчынам з вёскі Забалаць, туды і перабралася. Вельмі шкадуе, што дочкі так і не навучыліся спяваць, рана паразляцеліся. Пераканана, у гэтым адна з прычын таго, што ніяк беларусы не супакояцца ў пошуках шчасця: “Перастанем спяваць, дык увогуле сканаем”. Ганна Асаева — салістка гурта “Шчадрухі”.

А вось ансамбль “Верасок” з Капаткевічаў, што на Петрыкаўшчыне. Хто ў сёмым класе вучыцца, а хто школу нядаўна скончыў. Сядзяць на лаве і кожны праход Козенкі сустракаюць радаснымі крыкамі і тлумачаць мне: “Мікола Аляксеевіч — настаўнік нашага харэографа Ядвігі Субота!” Яны не танцуюць, а плаваюць у паветры. Не дзіва, што тры хлопцы з “Вераска” сталі сёлета лаўрэатамі першай ступені ў самых розных намінацыях.

Дана Струнеўская, трэцякурсніца ўніверсітэта культуры і харэограф гурта “Рамонак” з мінскай школы № 168, доўга распавядала мне, што мова танца — выключна выразная, вытанчаная, прыгожая. Пасля гэтых узнёслых тлумачэнняў я не вельмі здзівіўся, што Дана стала двойчы лаўрэатам першай ступені.

Паміж конкурснымі выступленнямі знакаміты этнапедагог Ларыса Рыжкова з Міханавічаў выводзіла на сцэну свой гурт “Калыханка”. Я не буду пра самабытнасць гэтых спеваў. Я — пра маленькага хлопчыка (усе астатнія ў ансамблі — дзяўчаты), які ў саламяным картузіку і з адухоўленым тварам нагадваў анёльчыка і чый выгляд уразіў не менш за спевы. “Гэта — наш Лёшанька, — расказала пасля Ларыса Мікалаеўна. — А прозвішча ў яго — Канапелька. Вельмі цяжка было нашым хлопцам выжыць сярод дзяўчат, якія сёння задужа самастойныя. А вось Лёшанька выжыў і спявае як салавейка. Вельмі працавіты, ветлівы і выхаваны. Уплыў сям’і такі, што ўсе хлопчыка любяць”.

Вось такія страсці па спевах ды танцах. І ўявіце яшчэ вось што. Удзельнікі “Берагіні” знітаваны паміж сабой трывалымі сувязямі. Шмат тут бацькоў і іх дзяцей, настаўнікаў і іх вучняў, сямейных пар, сяброў, сябровак, правераных аднадумцаў і калег па працы. Інакш кажучы, маленькая мадэль ідэальнай Беларусі, дзе мова развіваецца не пад прымусам, а беларускія танцы з песнямі ўдасканальваюцца не ў адпаведнасці з інструкцыямі.

“Ідзём-пайдзём удоль вуліцы…”

Яшчэ адзін красамоўны фестывальны ракурс: гарадскі пасёлак і “Берагіня”. Раённы цэнтр да статусу гасціннага гаспадара даўно прызвычаіўся. Шматлікія кавярні і крамы радуюць ветлівасцю абслугоўвання, шапікі з квасам — спрыяльным рэжымам працы. Інакш кажучы, смагу можна наталяць да позняй ночы (квас, да слова, вышэйшай якасці).

Не магу не сказаць і пра фестывальныя кантрасты. На адным канцы галоўнай плошчы, у Цэнтры вольнага часу, ідзе фестывальная конкурсная праграма, падлога грыміць ад “Барыні” ды “Лявоніхі”. А на другім канцы прадпрымальныя бізнесоўцы надзімаюць казачны карабель для атракцыёнаў. І ўсё б нічога, калі б не магнітафоннае песеннае суправаджэнне, фармат якога настолькі папсовы, што душа не прымае. Словам, вельмі паказальная жыццёвая карцінка. Урэшце, ці ж можам мы без эклектыкі? Высокае ды нізкае чамусьці заўжды побач.

Ці вось іншая ілюстрацыя пра рознасць густаў ды захапленняў. У амфітэатрыку на чале з фалькларыстам з Любані Сяргеем Выскваркам ці не да ранішніх промняў граў гармонік і шліфавалася танцорамі падлога. А паблізу, на адкрытай пляцоўцы мясцовага рэстарана з гэткім жа імпэтам ужываліся напоі, кардынальна адрозныя ад квасу і сітро. Пасля паркавых танцаў застаўся радасны ўспамін, пасля рэстаранных баляванняў — горы смецця і пустога посуду на летніх століках і побач з імі. Так што “Берагіня” — для абраных. І нічога тут пакуль не зробіш.

Цяпер — зноў пра добрае. У Акцябрскім вельмі шмат устаноў культуры. Да памянёнага цэнтра вольнага часу трэба дадаць раённы дом рамёстваў, школу мастацтваў, цэнтр гісторыі і культуры (так назвалі музей) і яго філіял — карцінную галерэю імя
Леаніда Дробава. І паміж усімі гэтымі ўстановамі (плюс камунгасаўскі заапарк) расцякаліся ды беглі ў розныя бакі жвавыя экскурсійныя ручаінкі ўдзельнікаў “Берагіні” ў нацыянальных касцюмах.

Мяне больш за ўсё ўразіла галерэя. І не толькі бліскучымі партрэтамі, аўтарам якіх з’яўляецца Леанід Дробаў. Па-першае, тут дзейнічае выстава “Берагіневы раскрэсы” фоталетапісца фестывалю Яўгена Пясецкага. Пэўныя героі партрэтаў паспелі ператварыцца з хлапчукоў і дзяўчат ў дарослых дзядзяў і цёцяў. Па-другое, тут экспануюцца і творы гурткоўцаў сталічнага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь”. Гэта выцінанкі, на якіх адлюстраваны элементы народнага беларускага танца: “Каханачкі”, “Матлёта”, “Кракавяка”, “Лявоніхі”, “Ночкі”, “Чобатаў” і многіх-многіх іншых. На сваім вяку я шмат выцінак бачыў, а такіх — ніколі. Кажуць, ініцыятар стварэння эксклюзіўнай калекцыі — усё той жа ўсюдыісны Мікола Козенка.

Загадчыца галерэі Надзея Заброцкая паказала нам збор дзіцячага жывапісу, а таксама ўласныя крэатыўныя экзерсісы. Да прыкладу, адна з залаў пераабсталявана ў жытло Бабы Ягі — магчымасці для наладжвання самых розных квэстаў неабмежаваныя. У чарговай зале — інсталяцыя: стол і крэсла для велікана. Вельмі хочацца залезці туды і паглядзець на свет з вышыні вялікага чалавека. Дарэчы, усё зроблена ўласнымі рукамі. Як і рознакаліберныя навагоднія ёлкі, з якіх супрацоўнікі “вырасцілі” зімовы лес. Усё вельмі стыльна і фірмова. Падаецца, што галерэя размешчана не ў гарадскім пасёлку ўдалечыні ад накатаных дарог, а дзесьці паміж Венецыяй і Барселонай.

Большасць мясцовых жыхароў, якія разабраліся ў кантэксце “Берагіні”, імгненна сталі яе прыхільнікамі. Прынамсі, перапоўненыя залы цягам усіх чатырох фестывальных дзён — яскравы таму доказ. Гэтаму фэсту ды яшчэ б належную тэлерэкламу.

Але і без маштабных прамацыйных захадаў кола прыхільнікаў фэсту ў Акцябрскім расце. Муж эксперта “Берагіні” Таццяны Пладуновай, які падвозіў яе да філармонні (менавіта адсюль мы і скіраваліся ўсе разам на Акцябрскі), вельмі перажываў, што з-за працы ніяк не патрапіць на фэст, а вельмі хочацца. А вось родны брат Наталлі Задзяркоўскай сваё жаданне сёлета здзейсніў: узяў з сабой унучку Машу і завітаў на фальклорнае свята. І так сцішана ды сарамліва папрасіў сфатаграфаваць яго ў жывым антуражы беларускай аўтэнтыкі, што адмова выглядала б смяротным грахом.

Тыя, хто ведае пра “Берагіню”, яе любяць. Тыя, хто пакуль не ў курсе, чакаюць свайго часу.

Лепшыя з лепшых

А лаўрэатамі першай ступені сёлетняй “Берагіні” сталі (сярод пар-выканаўцаў народных побытавых танцаў “Лявоніха”) Лявон Фельдмант і Віялета Еўдакавец з Мазырскай ДШМ № 3, Арсеній Ляўчэня і Лінара Аюпава з ансамбля “Рамонак” Навасельскага ЦК Мінскага раёна, Мікіта Субат і Дана Струнеўская з
узорнага ансамбля “Рамонак” СШ № 168 Мінска, Сяргей Латышаў і Ганна Клімашэўская з мінскага гурта Guda, Генадзь Здор і Марына Шчарбакова з Ельскага РЦК, (у харэаграфічнай імправізацыі “Барыні”) Дана Струнеўская з “Рамонка” Мінскай СШ № 168, Руслан Герасіменка, Арцём Ткачоў, Аляксандр Говар з гурта “Верасок” Петрыкаўскага раёна, Анастасія Толсцік з мінскай школы традыцыйнага мастацтва, (сярод ансамбляў) заслужаны аматарскі калектыў “Берагіня” Мётчанскага вучэбна-педагагічнага комплексу Барысаўскага раёна, (сярод апавядальнікаў народнай прозы) Ірына Карачун з Залядынскага СДК Іванаўскага раёна, Віктар Шыпкоў з гуртка Веткаўскага музея стараабрадства і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава.

Замест заканчэння

Не сакрэт, што пэўныя нашы фэсты маральна састарэлі і ладзяцца па інерцыі. “Берагіня” — жывая, бо гэта, па сутнасці, рака часу, у якую нельга ўвайсці двойчы, бо плынь тут — несупынная, і на змену адным у Акцябрскі пастаянна едуць іншыя, маладзейшыя і яшчэ не акрыленыя фестывальнымі перамогамі. Словам, “Берагіня” аберагае сама сябе. А нам — душы загойвае.

Вытрымкі з рэзалюцыі круглага стала

Удзельнікі Х Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” лічаць неабходным:

1. Выйсці з прапановай да Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь:

— адкрыць (аднавіць) у сельскай мясцовасці і гарадах сетку школ з этнакірункам; перавесці ў іх заняткі па этнадысцыплінах з факультатыўнай у абавязковую форму;

— уключыць у Агульнадзяржаўны класіфікатар “Спецыяльнасці і спецыялізацыі” спецыяльнасць “Фальклор” для ССНУ;

— стварыць на базе Нацыянальнага інстытута адукацыі кафедру традыцыйнай беларускай культуры і этнапедагогікі;

— абазначыць у агульнадзяржаўным класіфікатары “Спецыяльнасці і спецыялізацыі” кваліфікацыю па спецыяльнасці “Фальклор” як “Фалькларыст бакалаўр” выкладчык” для ўстаноў вышэйшай адукацыі.

2. Выступіць з прапановай да Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь:

— адкрыць у дзіцячых школах мастацтваў паўсюдна ў краіне аддзяленне “Фальклорнае мастацтва” са спецыялізацыямі: “Харэаграфічнае мастацтва”, “Музычнае мастацтва”, “Тэатральнае мастацтва”, “Дэкаратыўна-ўжытковае мастацтва”, арыентаванымі на мастацтва вуснай традыцыі свайго рэгіёна;

— стварыць у Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур сектар традыцыйнай беларускай культуры і этнавыхавання;

— прапанаваць Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту культуры і мастацтваў:

а) шляхам узмацнення прафарыентацыйнай дзейнасці ў этнанапрамку стварыць умовы для павелічэння плана набору студэнтаў на спецыялізацыі “Этнафоназнаўства”, “Духавыя інструменты (народныя)”;

б) на факультэтах, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку па спецыяльнасці “Народная творчасць”, увесці выкладанне беларускага народнага побытавага танца на ўсіх кафедрах;

— рэкамендаваць Інстытуту павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў і Рэспубліканскаму цэнтру нацыянальных культур праводзіць рэспубліканскія семінары і стажыроўкі спецыялістаў па фальклорным мастацтве абласных і раённых (гарадскіх) цэнтраў народнай творчасці, кіраўнікоў фальклорных калектываў на базе рэгіёнаў, вядучых аматарскіх калектываў у галіне традыцыйнай культуры; правесці семінары па выніках Х Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”.

3. Выступіць з прапановай да Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь:

— распрацаваць нацыянальную праграму выхавання моладзі краіны сродкамі традыцыйнай народнай культуры “Традыцыйная культура і моладзь Беларусі” (2021 — 2025) і ініцыяваць яе зацвярджэнне ў адпаведных інстанцыях;

— распрацаваць для агульнаадукацыйных устаноў і ўстаноў дадатковай адукацыі сістэмы Міністэрства адукацыі краіны, устаноў сферы культуры і мастацкай адукацыі вучэбныя планы і праграмы, хрэстаматыі і дапаможнікі на рэгіянальным матэрыяле (з мультымедыйнымі дадаткамі) па народнай харэаграфіі, народным музычным мастацтве (спевы, інструментальная музыка), дэкаратыўна-ўжытковай творчасці (традыцыйныя віды мастацтва), гульнявым мастацтве;

— даручыць вышэйшым навучальным і навукова-даследчым установам гуманітарнага профілю ўключыць у план работы адпаведных устаноў вывучэнне вопыту агульнаадукацыйных школ, дзіцячых школ мастацтваў, дзіцячых і моладзевых фальклорных калектываў рэспублікі, назапашанага ў ходзе рэалізацыі сацыяльна-педагагічнага праекта “Этнашкола” і сацыяльна-культурнага праекта “Традыцыйная культура і дзеці”;

4. Прасіць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і аргкамітэт Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”:

— надаць фестывалю статус “міжнародны”;

— разгледзець пытанне аб стварэнні Нацыянальнай камісіі CIOFF і аднаўлення членства Беларусі ў гэтай міжнароднай арганізацыі;

— ініцыяваць стварэнне Беларускага саюза фалькларыстаў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"