Вышыванка даўжынёй з вуліцу

№ 26 (1361) 30.06.2018 - 07.07.2018 г

Пачнём з памылкі. У мінулым аглядзе пошты свята Баламутня прыпісана мною Іўеўскаму раёну. Насамрэч адмысловы праект прыдумалі работнікі культуры Карэліччыны. Прыкра, бо на мой капыл, інфармацыя — адна з самых арыгінальных у той падборцы лістоў. Але памылка — не мая. Аўтары ўвогуле не пазначылі ў карэспандэнцыі свой раён. Між тым, у тэксце прысутнічае сказ “Для гасцей свята выступілі артысты з Іўеўскага цэнтра культуры”. Вось я і быў упэўнены, што цэнтр, як гэта і прынята паўсюль, аказвае падтрымку перыферыі. Аднак канцэрт быў абменным.

/i/content/pi/cult/698/15321/10.jpgНедагляд, дарэчы, распаўсюджаны. Ці не праз ліст называецца вёска, дзе адбылася тая ці іншая падзея, а назва раёна недаравальна ігнаруецца. Проста эгацэнтрызм нейкі. У сувязі з гэтым, вельмі ўдзячны буду аўтарам допісаў, калі яны не будуць забывацца на тое, каб пазначыць свой поўны адрас, калі стануць расшыфроўваць ініцыялы герояў пісьма (у адваротным выпадку афіцыёзу — максімум, а пашаны — мінімум). І яшчэ адна заўвага-просьба да нашых пазаштатнікаў: пазначайце ў сваіх допісах нумары кантактных тэлефонаў. Амаль заўжды ўзнікае патрэба штосьці ўдакладніць, пашырыць, падаць больш ярка. Усё гэта — на карысць абодвум бакам.

Мы абмеркавалі дадзеную сітуацыю з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Інай Санчук і дасягнулі, як кажуць, поўнага ўзаемапаразумення. Аказваецца, акрамя свята Баламутня, на рахунку тамтэйшых работнікаў культуры яшчэ шмат творчых нечаканасцяў. Адна з іх — праект “Мір — 1812”.

Вось што распавяла загадчык аддзела метадычнай работы Карэліцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Аксана Басюк: “Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт, Карэліцкі раённы выканаўчы камітэт, грамадскія аб’яднанні “Інтэлект. Інфармацыя. Прагрэс” і “Мінскі пяхотны полк” 7 — 8 ліпеня ладзяць міжнародны вайскова-гістарычны фестываль “Мір — 1812”. Яго кульмінацыяй стане рэканструкцыя гарадскога бою і бітвы пад Мірам (першай буйной кавалерыйскай бітвы на тэрыторыі Беларусі). 300 рэканструктараў увасобяць ваяроў расійскага і напалеонаўскага войскаў”.

Гэта ўжо другі па ліку фестываль. Сёлетні ў параўнанні з леташнім больш, калі так можна сказаць, удасканалены. Іна Санчук тлумачыць, што першы фестывальны дзень будзе прысвечаны Адаму Міцкевічу, 220-годдзе з дня нараджэння якога мы сёлета святкуем. На Цэнтральнай плошчы Міра будуць дзейнічаць літаратурны салон “Адам Міцкевіч запрашае…” і “Французскі падворак”. Тут можна станцаваць катыльён, паслухаць вершы, пачаставацца смаўжом па-бургундску. Знаўцы сцвярджаюць, што закуска — вельмі прыстойная, асабліва пад белае віно. Не ведаю, не каштаваў.

Карэліцкую тэму працягвае метадыст раённай бібліятэкі Наталля Казарэз, якая робіць маленькі агляд раённых бібліятэчных спраў. Аюцавіцкая сельская бібліятэка запрасіла маленькіх чытачоў на гучныя чытанні “А пачнём мы казку так…”. Баранавіцкая СБ арганізавала вернісаж на асфальце. Жухавіцкая прапанавала літаратурную вандроўку. У Карэліцкай дзіцячай бібліятэцы дзейнічае “Чытай-дворык”.

З аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры пішуць пра Купалле. Свята прайшло ў Кальчунах. Попытам карысталіся сувеніры майстра Марыны Замбрыцкай, зёлкі траўніцы Ірыны Лісоўскай, была і тэатралізаваная дзея. Завяршылася ўсё танцавальнай праграмай для моладзі.

Загадчыца сельскага клуба-бібліятэкі вёскі Сямернікі, што на Ашмяншчынне, Вольга Сінькевіч распавядае пра сустрэчу з самай пажылой вяскоўкай Янінай Шыдлоўскай, якая нарадзілася ў 1932 годзе, працавала на знос, выхоўвала дзяцей. У лёсе гэтай жанчыны — лёс нашай краіны.

І яшчэ некалькі навін з Ашмяншчыны. 22 чэрвеня 1941 года — адна з сумных дат нашай гісторыі. З гэтай нагоды ў райцэнтры адбыўся мітынг-рэквіем, у якім прынялі ўдзел працоўныя калектывы Ашмянскіх электрычных сетак, ААТ “Рыдыётэхніка”, раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў. А ў Гальшанах адзначылі свята вуліцы Школьнай. Вуліцы, як і людзі маюць сваю біяграфію. На месцы Школьнай былі калісьці гароды, а сёння жывуць 73 сям’і. На самым вялікім двары ў атачэнні двухпавярховікаў і прайшлі ўрачыстасці. Шанаваліся юбіляры, ветэраны, шматдзетныя сем’і, асобныя жыхары, што вызначыліся важкімі працоўнымі здабыткамі. Шоу-конкурс “Міс Ашмяны — 2018” прайшоў у РЦК. Дзевяць прыгажунь раёна змагаліся за гэтае званне. Перамагла педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 2 Вікторыя Кавалёнак. Мерапрыемствы да Дня Незалежнасці пачаліся 29 чэрвеня. Асноўныя ўрачыстасці прайшлі ў абласным цэнтры. А ў Ашмянах на стадыёне па вуліцы Чкалава пачнецца спартакіяда рабочых. У парку гараджан чакаюць гульні, спектакль народнага тэатра “Серпанцін”. 1 ліпеня на базе адпачынку “Вячкойні” адбудзецца Купалле. Народны ансамбль народнай песні “Хутарок” са Смаргоні падрыхтаваў канцэртную праграму. На пляцоўцы “Вышыванка даўжынёй з вуліцу” арганізуюць выставу дзіцячых малюнкаў.

Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці на летніх вакацыях “курыруе” адпачынак дзяцей. Яны бяруць удзел у гульнявых тэатралізаваных праграмах “У госці да ката Праменьчыка!” Падчас гульняў школьнікі знаёмяцца з традыцыямі і культурай беларусаў — народнымі песнямі, танцамі. А пасля кожны атрымлівае сувенір ад майстрых Цэнтра. Пра гэта паведаміла вядучы метадыст названай установы Ала Лялькіна.

Загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч піша пра акцыю “Кніга супраць наркотыка”. Бібліятэчны тэатр “Неспакойная кніга” прэзентаваў выхаванцам раённага дзіцячага аздараўленчага летніка “Папараць-кветка” спектакль, дзе прапагандуецца здаровы лад жыцця. Наступная навіна спадарыні Круталевіч звязана з 90-годдзем аўтобусных зносін паміж Беразіно і Мінскам і з бібліятэчнай акцыяй “Кніжны вакзал” — тут “гастраляваў” тэатр аднаго акцёра, для пасажыраў быў наладжаны буккросінг.

А вось настаўнік ДШМ № 3 Барані Наталля Латышава пераконвае, што выхаванцы школы нават летам не адпачываюць. Да прыкладу, цымбалісты за апошні тыдзень паспелі паўдзельнічаць у ІІ Міжнародным конкурсе-фестывалі “Зоркі Прыдняпроўя” (Магілёў) і ў V Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе дзіцячага мастацтва (Ліда). У Магілёве Ганна Мамантава ўзнагароджана дыпломам лаўрэата ІІІ ступені, і Ганна Карповіч — дыпломам ІІІ ступені. Праз некалькі дзён Ганна Мамантава ўжо выступала на сцэне Лідскай дзіцячай школы мастацтваў. Вынік — дыплом лаўрэата ІІ ступені. Настаўнік Жанна Жыхарава атрымала дыплом “За высокае педагагічнае майстэрства і развіццё нацыянальных традыцый музычнага мастацтва Беларусі”, канцэртмайстар Наталля Латышава — дыплом “За высокае канцэртмайстарскае майстэрства і развіццё нацыянальных традыцый музычнага мастацтва Беларусі”. Наша рэдакцыя далучаецца да віншаванняў.

Загадчык аддзела бібліятэчнай рэкламы і маркетынгу Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Лізавета Мацулевіч піша пра “Флер’янаўскія чытанні”. У вёсцы Флер’янова знаходзіцца стары фальварак роду Бохвіцаў, дзе гасцямі ў свой час былі Рэйтаны, Радзівілы, Юзаф Катарбінскі, Эліза Ажэшка. Сённяшнія гаспадары сядзібы Генрых і Ларыса Траццякі таксама рады вітаць гасцей. Супрацоўнікі Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі аднавілі культурна-асветніцкую традыцыю. Першыя літаратурныя чытанні тут адбыліся ў 2016 годзе. Сёлета прайшлі ўжо другія чытанні. Была падрыхтавана канцэртная праграма. Можна было прыдбаць навінкі выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Дзейнічала бібліятэка пад адкрытым небам, праходзілі майстар-класы па вырабе сувеніраў. І, натуральна, гучалі вершы. Да “адкрытага” мікрафону мог падысці любы ахвотны.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"