Опера на далоні

№ 26 (1361) 30.06.2018 - 07.07.2018 г

Днямі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі адбыўся чарговы выпуск. Сярод дыпломных прац былі прадстаўлены тры оперныя спектаклі з удзелам не толькі выпускнікоў, але і студэнтаў іншых курсаў. Пастаноўкі выклікалі рэзананс, а часам і жаданне параўнаць іх з аднайменнымі спектаклямі Вялікага тэатра Беларусі.

У кожнага свая “багемнасць”

/i/content/pi/cult/698/15320/7.JPGЦі можна сіламі студэнтаў увасобіць “Багему” так, каб яе было глядзець не менш цікава за нядаўнюю адметную пастаноўку той жа оперы Джакома Пучыні ў нашым Вялікім тэатры? Здавалася б, наўрад ці.

Надзея БУНЦЭВІЧ

Малады рэжысёр Ганна Маторная давяла: усё магчыма. Яна не кідала выклік знакамітаму ўладальніку “Залатой маскі” Аляксандру Цітэлю, не імкнулася спрачацца з ім — проста стварыла зусім іншы спектакль. Свой, але не менш таленавіты.

Улічваючы невялікія памеры сцэны акадэміі музыкі і адсутнасць сучаснага тэатральнага абсталявання, “Багему” паставілі ў традыцыях камернай оперы, дзе ўся ўвага скіравана выключна на салістаў і імгненныя змены іх эмацыйнага стану. Замест дробных купюраў, што ў операх сустракаюцца часта, была цалкам прапушчана трэцяя дзея. Ніякага асаблівага сцэнічнага антуражу — штосьці накшталт “белага кабінета” (быццам у антытэзу “чорнаму”, дзе ўсё зацягнута цёмнай тканінай). У дадзеным выпадку колер асацыяваўся і з маладосцю артыстаў, і з зімой, калі пачынае разгортвацца дзеянне, і з самім светлавым спектрам, што ўтрымлівае ў сабе ўсё багацце вясёлкі.

На такім фоне, дзе воку практычна няма за што “зачапіцца”, асабліва яркімі, пукатымі атрымаліся абліччы персанажаў. Опера набыла дадатковы крэн у бок псіхалагізму: кожны ўдзельнік — як на далоні. Спевы — на мове арыгіналу, як прынята ва ўсім свеце. Але без рускамоўных тытраў ці бягучага радка. Уяўляеце, наколькі пераканаўча павінны былі іграць спевакі, каб усе зразумелі іх без перакладу?

Салісты цудоўна справіліся з гэтай задачай. Аркестр на чале з Вячаславам Чарнухай-Волічам тактоўна падтрымліваў усе іх захады, расквечваючы бель каларытнымі фарбамі, ствараючы зменлівую карціну душэўных памкненняў.

У другой дзеі вельмі ўдала абыграны ўдзел у спектаклі шматлікіх кітайскіх студэнтаў-вакалістаў. Менавіта яны стваралі святочную атмасферу парыжскай зімы: гандлявалі кветкамі, сувенірамі, насілі вялізнага паветранага дракона, спявалі вясёлую мелодыю дзіцячага хору.

Дарэчы, пасля антракту некаторыя салісты змяніліся. Не затым, каб выйсці замест “стомленых”, як гэта бывае ў спорце, а каб даць магчымасць выступіць розным складам. На жаль, кожная студэнцкая пастаноўка, у якую ўкладаецца амаль год працы, паказваецца не больш за два разы. І не таму, што гледачоў сабраць немагчыма — наадварот, аншлагі неверагодныя, патрапіць могуць нават не ўсе педагогі акадэміі музыкі, не гаворачы пра студэнтаў і шматлікіх аматараў класікі, якія літаральна штурмуюць уваход. Але зала патрэбна і для ледзь не штодзённых канцэртаў, якія ладзяць студэнты і выкладчыкі.

На жаль, адсутнасць паўнавартаснай камернай сцэны, прыдатнай менавіта для оперных пастановак, застаецца пакуль праблемай і Вялікага тэатра. А вось яшчэ больш шчыльнае, зацікаўленае супрацоўніцтва тэатра, яго стажорскай групы і опернай студыі, прычым без перацягвання коўдры і прыпісвання сабе чужых заслуг — як уяўляецца, цалкам магчыма.

Анегін як цень свайго часу

/i/content/pi/cult/698/15320/8.JPGПастаноўка “Яўгена Анегіна” Пятра Чайкоўскага аказалася знешне традыцыйнай, без пераносу дзеяння ў цяперашні час, але быццам з “напыленнем” сучаснага светаўспрымання. Рэжысёрам выступіла Ірына Гаранец — загадчыца кафедры опернай падрыхтоўкі і харэаграфіі. Дырыжорам — Пётр Вандзілоўскі, які ўзначальвае кафедру аркестравага дырыжыравання і інструментоўкі.

Сцэнічныя строі, манеры, паводзіны герояў адпавядалі стылю залатога века рускай культуры. Сцэнаграфія ж, тэмпарытм і сама форма паднясення спектакля былі вырашаны больш мадэрнісцкі. У гэтым сінтэзе я вылучыла б рысы мінімалізму, сімвалізму і запаволенай кіназдымкі.

Галоўнай дзеючай асобай у пачатку спектакля стала пустэча, у якой хаваліся адзінота і наканаванасць. Белая сцэна, лесціва, лава. На сцяну праецыруецца выява сада — як выразна акрэслены здымак, што імітуе акно, падобны да своеасаблівай налепкі-шаблона-ярлыка звыклага побыту, руху паводле інерцыі, традыцыйнай жыццёвай устаноўкі — мець добры дом, прыгожы сад. Бель сцэны, узмоцненая такім жа асвятленнем, асацыявалася са спыненым часам, усё той жа наканаванасцю адзіноты. Найгранасць, завучанасць дзеянняў няні Піліпаўны (Вольга Сташэўская) і памешчыцы Ларынай (Дар’я Кулінковіч) ператварала гераінь у лялек. Спяваючы пра звычку — замену шчасця, яны з нейкім педантызмам перабіралі каганец з клубнямі. Гераіні захраснулі ў сваіх побытавых клопатах і поркаюцца ў гэтай місе, як у сваім мінулым, у пыле ўспамінаў пра яго. Усё іх жыццё — такое ж непарыўнае корпанне. Яны і Вольгу (Кацярына Міхнавец, салістка Вялікага тэатра Беларусі) уцягваюць у тое кола — яна таксама бярэ клубень, становячыся закансерваванай у часе, няздольнай да росту.

А вось Таццяна (Яўгенія Крохіна, якой добра ўдаваліся станы дзіцячай нервовасці, спалоху, мілага хвалявання) — адмаўляецца. У яе руках — кніга. На тым жа полюсе жыццёвых пошукаў — Ленскі (Андрэй Мацюшонак). Анегін (Уладзіслаў Вітушка з яго глыбокім прыгожым тэмбрам) — дзесьці пасярэдзіне: ён і не марыянетка, але і не чалавек, які самастойна стварае сваё жыццё. Ён усяго толькі цень свайго часу.

Сімвалам духоўнага росту ўспрымаецца лесвіца, з якой больш за іншых кантактуе Таццяна. Адна з ключавых сцэн — баль у Ларыных — вырашана як трохкутнік. На вяршыні — Таццяна. Ёй спяваюць віншаванні — і яна замірае, слухаючы, як ухаластую рухаецца механізм свецкага жыцця, пазбаўленага сапраўдных пачуццяў. Анегін застывае справа — з Вольгай, што шапоча-ўсміхаецца. Злева ў грымасе болю замірае Ленскі — атрымліваецца гэткі трохкутнік смерці, дзе кожны — на вастрыі сітуацыі. Дзень нараджэння Таццяны становіцца адначасова днём смерці. Бо Ленскі, на маю думку, духоўна памірае ўжо тут, дуэль — толькі фізічнае завяршэнне гэтага працэсу.

Арыю “Куда, куда, куда вы удалились” Андрэй Мацюшонак не сыграў, а пражыў — так шчыра і глыбока яна прагучала, настолькі жывымі, агучанымі, эмацыйна напоўненымі аказаліся паўзы. Гэта была споведзь маральна разбуранага, рэзка пастарэлага чалавека. Цішыня, якая павісла ў зале за некалькі секунд да апладысментаў, стала найлепшым сведчаннем музычнага цуду.

Паліна БЕЛКІНА, студэнтка-піяністка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі