“І” беларускія калегі?

№ 27 (845) 05.07.2008 - 11.07.2008 г

Даўно наша айчынная “кінакузня” “Беларусьфільм” не радавала сваіх гледачоў камедыямі. І вось — новая стужка “На спіне ў чорнага ката” рэжысёра Івана Паўлава, прэм’ера якой адбылася ў сталічным Доме кіно.

 /i/content/pi/cult/167/1532/Kino.jpg
Натуральна, напярэдадні гэтай падзеі захацелася як мага больш даведацца пра новы фільм. Павандраваўшы па Інтэрнеце, знайшоў рэкламу, якая падсвядома рыхтуе
гледача да прагляду чарговай “савецкай” камедыі пра тое, як невыносна цяжка жыць, калі маеш шмат грошай. У іншых рэкламных пераказах знайшліся прымітыўныя штампы, кшталту “куды патраціць грошы, дзед Лёха не ведае”, “халяўныя грашышчы” і гэтак далей, а таксама цалкам беспадстаўныя, як выявілася ў час прагляду, намёкі на тое, што героі фільма на тыя самыя “халяўныя грашышчы” “пазабаўляліся з дзяўчаткамі”. А вось яшчэ фразачка з артыкула, напісанага для раскруткі фільма: “Побач з расійскімі акцёрамі на здымачнай пляцоўцы і беларускія калегі”. У беларускім фільме — “і” беларускія калегі! Думаеце, гэта артыкул з расійскай прэсы? Ды не, з нашага “Мінскага кур’ера” — такая мера павагі да роднай культуры нашага журналіста...
Іншыя СМІ стракацелі знакамітымі прозвішчамі, не забыўшыся і на “тату Каці Пушкаровай”. А на самым буйным фотаздымку быў... Філіп Кіркораў. З удакладненнем: “Іграе самога сябе. Яго роля доўжыцца меней за хвіліну”. Ах, гэтае беларускае кіно, што б яно рабіла без Кіркорава?! Няўжо толькі гэта змагла заўважыць у новым фільме прэса?!
Між тым, сама стужка атрымалася цудоўнай — пра тое, як праз шэраг “выпадковасцей” і “супадзенняў” Бог рэалізуе сваю задуму. І аўтары фільма “На спіне ў чорнага ката”, застаючыся атэістамі, відавочна гэта разумеюць, закладваючы ў сюжэт не проста неверагодныя супадзенні, але і канкрэтнае ўмяшанне анёлаў, якое ў выніку прыводзіць да выратавання хворай дзяўчынкі. Стужка паказвае свабодную волю чалавека не толькі як інструмент рэалізацыі Божых планаў, але і як непераадольную для гэтай волі перашкоду: шукаючы таксі па прыбыцці ў Мінск, дзед Лёха не заўважае маці дзяўчынкі (гэтая жанчына і прадала яму шчаслівы латарэйны білет), таму што ў гэты момант спачуванне не з’яўляецца ягонай духоўнай дамінантай. І колькі не сутыкай нос у нос персанажаў, але калі не спачуваеш, дык не ўбачыш таго, хто ў бядзе.
Гэта фільм, які не “замілоўвае”, не выціскае слязу. Ён распавядае пра дзейсную, ахвярную дабрыню, а не пра “адціснутую каціную лапку”... І яшчэ — пра моцнае, цудоўнае сяброўства. Прычым самі сюжэтныя сітуацыі, у якія трапляюць героі фільма, зроблены па-сапраўднаму смешна. Бо яны не абстрактныя, не сканструяваныя, не падгледжаныя або перанятыя з “іх нораваў”, а пазнавальныя, паколькі ўзяты з нашага жыцця — з тых яго пластоў, што вядомы кожнаму.
У фільме нямала шыкоўных акцёрскіх работ. І перш за ўсё хацелася б вылучыць ігру бліскучай актрысы Веры Кавалеравай. Яе роля — вясковай панікёркі і пляткаркі, — на першы погляд, нібыта нескладаная і дапускае магчымасць абысціся выключна знешняй характарызацыяй. Але ігра Кавалеравай напоўнена такой глыбінёй і сілай, што гледачам, як на далоні, становіцца зразумелым амаль усё жыццё гераіні. Побач з ёю — народная артыстка Вольга Клебановіч. Яе роля ў фільме больш важкая, ды і персанаж больш канкрэтны, але часам узнікае адчуванне таго, што актрыса не да канца “разгарнулася”. Сапраўды цудоўныя Міхаіл Жыгалаў (дзед Лёха) і Валерый Прохараў (дзед Саня), але ж расійскіх акцёраў знойдзецца каму пахваліць і без мяне... У маленькім эпізодзе — незабыўная Таццяна Жданава. Сапраўды: адных тэатральных акцёраў кіно “здрабняе”, іншых — “узбуйняе”, робіць больш прыкметнымі. Апошняе — якраз пра Жданаву.
А як жа наконт “лыжкі дзёгцю”? Калі пра анёлаў здымаюць фільмы людзі, якія дасканала не ведаюць Бібліі, то з фільма ў фільм анёлы губляюць пёры (гэта і ў Люка Бесона, і нават у Аляксандра Кайданоўскага, ну, і ў нашым фільме без гэтага не абышлося). Але ж анёлы, пасланыя да людзей, як вядома з Кнігі Кніг, бяскрылыя. Пра іх відавочныя полавыя прыкметы нават і згадваць не будзем, а вось какетнічаць адзін з адным, як у фільме, анёлы не могуць дакладна! І ў прыкметы яны ўсё ж, насуперак таму, што кажа з экрана анёл Іван, не вераць.Складанае ўражанне пакідае сцэна сыходу з жыцця дзеда Лёхі. Мяркуючы па рэакцыі жонкі дзеда Сані, нам сапраўды — метафарычна, павуцінна-тонка, далікатна і на высокім мастацкім узроўні— паказваюць смерць. Але сам дзед Саня не бачыць яе, ён бачыць сыход, аддаленне, але не смерць. І гэтая сцэна — не “пракол”: мы бачым тут маральную ацэнку жыцця дзеда Лёхі дзедам Санем.
Дарэчы, у фільме, падаецца, можна было абысціся без юнака і дзвюх ягоных каханак-блізнятак. Гэтая тройка па сюжэце патрэбная хіба пры самым першым сваім з’яўленні: маўляў, пакуль цалаваліся — укралі трактар. Але аўтараў “панесла”, і вось ужо не толькі яны, але і вясковыя дзеці абмяркоўваюць на экране “праблему” мнагажэнства... Урэшце, празмерна актыўна на экране “прыхоўваецца” рэклама беларускіх латарэй.Яшчэ два-тры разы разане вуха неадэкватнасць рэплік дзеда Лёхі. Насуперак агульнаму маральнаму гучанню гэтай у цэлым нешараговай стужкі, якая яшчэ і пра тое, як сапраўднае сяброўства вядзе да дзейснага, ахвярнага дабра, скіраванага ўжо не толькі на сябра, але і на любога чалавека, якога напаткала бяда... 

Уладзімір ЛАЗАРАЎ
На здымку: Таццяна Жданава
(кадр з фільма).
Фота Віктара ЗАЙКОЎСКАГА