Геній месца

№ 26 (1361) 30.06.2018 - 07.07.2018 г

Навучэнцы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі гарадскога пасёлка Смілавічы імя Хаіма Суціна — удзельнікі шматлікіх выстаў і ўладальнікі незлічоных узнагарод і дыпломаў. І тым не менш, сёлетняя экспазіцыя, якую яны падрыхтавалі, абяцае стаць для іх выключнай — яе ўбачаць у трох французскіх мястэчках: Шампіньі-сюр-Вёд, Шынон і Рышэлье.

/i/content/pi/cult/698/15319/9.JPGТворы юных мастакоў ужо знаходзяцца ў Шампіньі-сюр-Вёд. Менавіта адтуль у верасні распачнецца іх шлях па мясцінах, звязаных з апошнімі гадамі жыцця Хаіма Суціна. Дырэктар культурнага фонду “Спадчына і час” Юрый Абдурахманаў некалькі гадоў выношваў ідэю паказаць творчасць дзяцей са Смілавічаў жыхарам вёсак, родныя якіх у свой час вельмі прыязна сустрэлі ў сябе мастака і сёння з гонарам шануюць яго памяць. Пасля таго, як работы прывезлі ў Францыю, ад мэра Шампіньі-сюр-Вёд прыйшоў ліст: “Мы са свяшчэнным жахам глядзелі на гэтыя творы. Не могуць быць дзеці настолькі таленавітымі”.

Змрочныя дарогі

Падчас Другой Сусветнай вайны сябры прывезлі Хаіма Суціна ў Рышэлье з Парыжа, каб схаваць ад нацыстаў. Але і там заставацца было небяспечна, таму потым каля 20 месяцаў мастак пражыў у Шампіньі-сюр-Вёд. Адтуль, ужо цяжка хворага, сяброўка перавезла яго спачатку ў шпіталь горада Шынон, дзе Суцін прабыў літаральна суткі, а потым у Парыж. Патрэбна была хуткая аперацыя з-за прабадзення язвы страўніка. Мастака прааперыравалі, але позна, ён памёр. Сёння галоўная цэнтральная плошча Шампіньі-сюр-Вёд носіць імя Хаіма Суціна, ёсць і алея ў яго гонар. У мястэчку, якое налічвае каля 600 чалавек, жыве жанчына, якая ў 12-гадовым узросце пазіравала мастаку для дзвюх яго карцін: “Дзяўчынка на агароджы” і “Двое дзяцей на дарозе”. Яна ўзгадвае, што мясцовыя жыхары, як маглі, дапамагалі “рускаму мастаку”, а кюрэ, калі ездзіў у бліжэйшы горад за віном для прычасця, прывозіў яму фарбы.

Тут не вучаць малюнку

Напэўна, недарэмна ў адным мястэчку нарадзіліся два вялікія мастакі — Хаім Суцін і Шрага Царфін. Сувязь чалавека з месцам, дзе ён жыве, не вывучана, але ні ў каго не выклікае сумненняў. Наколькі геній месца ўмешваецца ў творчае жыццё сённяшніх смілавіцкіх дзяцей, невядома. Але факты ўражваюць. Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі імя Хаіма Суціна ў Смілавічах (дырэктар Ала Лаўрыновіч) аб’ядноўвае каля 500 навучэнцаў з самаго пасёлка і бліжэйшых вёсак. А гэта значыць, што прыкладна 80 працэнтаў мясцовых дзяцей займаюцца выяўленчай творчасцю, працуючы з розным матэрыялам.

Тут не вучаць ні малюнку, ні кампазіцыі, ні колеразнаўству, хіба што самым асновам, затое прапануюць добрую бібліятэку, майстар-класы, сумесныя наведванні мясцовых і рэспубліканскіх выстаў і абавязковыя абмеркаванні ўбачанага. Таксама гутаркі пра сучаснае мастацтва. Іх ладзіць Юрый Абдурахманаў. За час супрацоўніцтва з цэнтрам ён добра вывучыў густы смілавіцкіх дзяцей: “Ім падабаецца Царфін. Яны заўважаюць шмат таго, што не бачаць дарослыя. Суцін вабіць іх сваёй маляўнічасцю, але яго творчасць патрабуе вельмі моцнай псіхічнай аддачы, саўдзелу менавіта эмацыйнага. Дзеці да гэтага яшчэ не гатовы”.

“Я не адбіраў узорныя работы”

На выставу ў Францыю адправілі 28 работ, у тым ліку выкананыя гуашшу, акварэллю і батыкам. Юрый Абдурахманаў, які асабіста адбіраў іх для выставы, не ставіў за мэту паказаць самыя дасканалыя па выкананні. У дзіцячай непасрэднасці і непрадказальнасці ёсць свая магія. “Я не адбіраў узорныя работы. Аўтар адной з іх пачаў маляваць толькі чатыры месяцы таму. Ён доўга хадзіў у бібліятэку музея, разглядваў суцінскія партрэты, і ўсё не мог зразумець, як жа той маляваў рукі. І што цікава, тыя партрэты Суціна, на якіх ёсць рукі, калекцыянеры ацэньваюць у разы даражэй. У выніку хлопчык і намаляваў толькі рукі. Нязграбна, можа быць і смешна, але работа заслугоўвае таго, каб быць паказанай на выставе. Сярод адабраных работ палац Манюшкаў-Ваньковічаў, вежы якога ў стылі барока адразу пазнаюцца, але ён змешчаны ў правансальскі пейзаж з невысокімі гарамі, падобнымі да алівак дрэвамі і зусім немясцовымі дарожкамі. Атрымалася вельмі цікава. І не абышлося без парафразы на знакамітыя суцінскія гладыёлусы. У Смілавічах іх вельмі любяць”.

А ў Шампіньі-сюр-Вёд вельмі любяць касачы. Штогод там праходзіць знакаміты фестываль, на які збіраюцца людзі з усіх куткоў паглядзець на звыш 400 гатункаў гэтых кветак. Спачатку выставу дзяцей са Смілавічаў хацелі прымеркаваць да гэтага свята, але потым вырашылі, што яна пройдзе ў верасні, у Дні нацыянальнай спадчыны — час, калі для шырокага грамадства адкрываюцца самыя каштоўныя закрытыя калекцыі.