“Звычайны цуд” — ва ўсіх сэнсах

№ 26 (1361) 30.06.2018 - 07.07.2018 г

Тэатр “Тэрыторыя мюзікла” на чале з Дзмітрыем Якубовічам і Настассяй Грыненка сустрэў сваё пяцігоддзе чарговай прэм’ерай, прычым з вельмі красамоўнай назвай. На сцэне Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў паказалі “Звычайны цуд” Генадзя Гладкова.

/i/content/pi/cult/698/15318/4.JPGЗ гэтым мюзіклам многія знаёмы не толькі па колішняй кінастужцы, але і па спектаклі ў нашым Музычным тэатры, дзе ён цяпер ужо не ідзе. Улічваючы, што там ён быў пастаўлены ўсяго пяць гадоў таму, прычым усё той жа пастаноўчай групай і з некаторымі тымі ж удзельнікамі, я рыхтавалася ўбачыць крыху адаптаваны перанос. У найлепшым выпадку, разлічвала на гульню “Знайдзі пяць адрозненняў”. Аказалася, гэта зусім новая версія, хаця асобныя найбольш удалыя мізансцэны і захаваліся. Але калі ў тым спектаклі яны былі сапраўднымі разыначкамі, дык у гэтым — быццам згубіліся. Не таму, што страцілі прывабнасць, а таму, што апынуліся сярод новых не менш яркіх “перлінак”.

Цяперашні спектакль не стаў прынцыповым паваротам у іншы бок — наадварот, закладзеныя раней ідэі былі ў ім не толькі працягнуты, але і даведзены да большай дасканаласці. А тыя фрагменты, што раней успрымаліся фонам, уступам, інтэрлюдыяй да асноўнага сюжэтнага разгорту, узбагаціліся падзеямі мастацкага кшталту.

Пашырылася візуалізацыя спеўных аповедаў. Расказваючы пра свой род, Кароль, як і раней, уціскаў твар у тантамарэскі продкаў — пераўвасабляўся, каб не пакідаць іх характарыстыкі галаслоўнымі. Раней такі зварот да візуалізацыі пры ўсёй сваёй вынаходлівасці быў у спектаклі ледзь не адзіным. Цяпер іх — мноства. Узгадвае Паляўнічы (Сяргей Жараў) свае дасягненні — і на сцэне з’яўляюцца вялізныя зайцы. Спяваюць пра тое, як Чараўнік эксперыментаваў з куранятамі, — калі ласка, нам дэманструецца вынік. З’яўленне казачных гасцей — падданых Караля — увогуле вырашана як спартыўнае мерапрыемства, забег з фінішнай стужкай. А пачынаюцца тыя цуды-ператварэнні ўжо з уверцюры, што ідзе пры адкрытай заслоне: мы бачым сам працэс чараўніцтва, адразу паглыбляючыся ў незвычайную атмасферу.

/i/content/pi/cult/698/15318/5.JPGПерад намі паўстае не столькі жытло, хай сабе і Чараўніка, колькі лабараторыя — хутчэй за ўсё, сярэднявечнага алхіміка. У шчыльнай туманнасці выплываюць і знікаюць вобразы-прывіды — фантастычныя і цалкам рэальныя. Мастак Андрэй Меранкоў, схільны ў сцэнаграфіі да металічных канструкцый, якія часам паўтараюць адна адну, прыходзіць тут ад звыклых лесвіц і спасылак на выкшталцоныя мадэрн-збудаванні да моднага сёння стымпанку. Шрубкі-колцы, металічныя механізмы, уласцівыя гэтаму стылю, як нельга лепей яднаюць героя яшчэ і з вынаходнікамі эпохі класічнай механікі і далейшага Асветніцтва (як тут не згадаць шматлікіх Кулібіных свайго і пазнейшых часоў). Разглядаць ды разгадваць элементы ўзведзенай на сцэне “башні Меранкова” — адно задавальненне. Але чаканне крыху пераўзыходзіць вынік, бо некаторыя яе каларытныя дэталі застаюцца бяздзейснымі, пакідаючы ў памяці ператварэнне жалезак хіба ў цягнік ды трыбуну. Развешаныя пад каласнікамі паветраныя шары таксама застаюцца ўсяго толькі дэкорам.

Разрэкламаваныя дроны — не больш чым прыманка для публікі. Бо сучаснасць спектакля вымяраецца не адно выкарыстаннем найноўшых цацак (ёсць яшчэ цягнічок, які тройчы ездзіць па сцэне). Звярнуўшыся да “Звычайнага цуду” ў другі раз, рэжысёр Настасся Грыненка дазволіла сабе сапраўдную рэжысёрскую гульню з матэрыялам: у новай версіі ўзніклі постмадэрнісцкія спасылкі на “Ганну Карэніну”, “Чайку”, “Навальніцу”, “Шынель” разам з “Вершнікам без галавы”, савецка-фінскія войны.

Змянілася і расстаноўка сэнсавых акцэнтаў. Галоўнай, вядома, была і засталася тэма кахання. Але яна пашырылася, узмацнела. Больш відавочным стаў закладзены ў п’есу прыём “тэатра ў тэатры” з люстэркавай паралеллю герояў рэальных і казачных. Яны наблізіліся адзін да аднаго і па ўзросце, і па жарсцям. Ва ўсіх любоўных дуэтах і арыях герояў, звернутых да сваіх каханых, значна павысіўся градус пачуццёвасці. Прычым не знешняй, праз патэтыку спеваў і рухаў, а ўнутранай, што перадаецца кранальнымі вібрата ў голасе, мяккасцю, выразнасцю фразіроўкі, уменнем спяваць не на публіку — у захапленні ад сябе самога, а для таго, у каго персанаж закаханы. Можна колькі заўгодна пакутаваць з-за адсутнасці жывога аркестравага гучання, але ў мюзікле добры, якасны запіс — заўжды лепей за ніякаваты аркестр узроўню “так сабе”. Дый фанаграма-мінусоўка, да якой артысты “Тэрыторыі мюзікла” прывучаны ў сілу абставін, адыгрывае тут, пры ўсіх сваіх мінусах, станоўчую ролю. Бо не адцягвае ўвагі артыстаў на дырыжорскую палачку, не патрабуе ад іх імгненнай рэакцыі на неспадзяванкі аркестра — усе пачуцці і адчуванні ўдзельнікаў прызначаны адно партнёрам і жывым стасункам з імі “без пасярэднікаў”, як гэта бывае ў тэатры драматычным.

/i/content/pi/cult/698/15318/6.JPGЦяперашні Мядзведзь не цыбаты падлетак, якім выглядаў Эдуард Вайніловіч пяць гадоў таму, а сапраўдны мача. І ўсе ягоныя страхі — не за сябе, а за Прынцэсу (Алена Бабук). Дый тая — ужо не капрызная дзяўчо, якая не разумее, што рабіць з эмоцыямі, выплёсквае іх куды атрымаецца, а дзяўчына, якая ўкладае ў каханне ўсю сябе — палка, палымяна, аддана, спальваючы за сабой усе масты. Сёлетняя выпускніца акадэміі музыкі, вядомая па Джэйн Эйр у аднайменным спектаклі Музычнага тэатра і па Таццяне ў студэнцкай пастаноўцы “Яўгена Анегіна”, яна скарае яркім, прыгожым сапрана і натуральнасцю сцэнічных паводзінаў.

Каханне Карчмара (Аляксей Кілеса) і Эміліі (Святлана Маціеўская) не пакрылася флёрам настальжы, закладзенай ужо ў неакласіцызме іх сумеснага нумара, а па-ранейшаму “жывое і дыхае” — не проста цеплынёй, а полымем, хай тое і палае не на адкрытым паветры, а ў каміне.

Папраўдзе жывое, назгаснае каханне ўкладае ў свайго Чараўніка харызматычны Дзмітрый Якубовіч. На жаль, Ксенія Харашкевіч у ролі Жонкі паўстае не зямной жанчынай, а крыху прыземленай. Ёй не хапае той вытанчанай іроніі ў сумесі з лёгкай рацыянальнасцю, якімі часта валодаюць гераіні Юліі Шпілеўскай. Тым больш Чараўнік у гэтым спектаклі зусім не свавольнік, што не паспеў нагуляцца ў дзяцінстве, застаючыся дарослым з унутраным станам дзіцяці (такім намаляваны Кароль Аляксандра Асіпца). Чараўнік Якубовіча — фантазёр, крэатыўшчык, эксперыментатар, здольны, падобна Франкенштэйну, стварыць свайго монстра, хай і ў выглядзе кураня ў процігазе (мастак па касцюмах — Юлія Бабаева).

Першы міністр у выкананні Дзяніса Нямцова становіцца ва ўсіх сэнсах слова першым: знаны артыст дэманструе вышэйшы акцёрскі пілатаж. Анатоль Лагуценкаў, шмат у чым арыентуючыся на колішняга тэлевізійнага Міністра-адміністратара Андрэя Міронава, усё ж знаходзіць для свайго героя некаторыя новыя рысы, якія, трэба спадзявацца, будуць у далейшым пашыраны. Невыпадкова ж менавіта ён запускае ў другой дзеі ў паветра дрон: магчыма, той з часам дазволіць акцёру зірнуць на сваю ролю “з вышыні птушынага палёту”.

Увогуле, “Тэрыторыя мюзікла” зарэкамендавала сябе не толькі як тэатр з адметным рэпертуарам і цікавай рэжысурай, але і як школа маладых артыстаў універсальнага профілю, здольных іграць-спяваць-танчыць — у тым ліку, адначасова. У трупу прыходзяць не адно пачаткоўцы, але і артысты з іншых калектываў, знаходзячы тут добрыя магчымасці творчай самарэалізацыі. Прыходзяць — і растуць літаральна на вачах. Так што азначэнне “звычайны цуд” распаўсюджваецца і на гэты складнік.

Слова “цуд” прыдатна і да прома-суправаджэння спектакля. Афіша спалучае неспалучальнае — рамантызм з канструктывізмам. Праграмка размалявана шасцярэнькамі-аблачынкамі з крылатымі выразамі, якіх у гэтым мюзікле багата. Магніты, маленечкія шакаладкі ды іншая сувенірная прадукцыя з выявамі герояў і артыстаў сталі тут завядзёнкай. Так што пяцігадовы юбілей для гэтага калектыву — прыблізна тое, што для іншых гадоў 25, калі не больш.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"