Усё не само сабою
— Дар’я, як ты сябе адчуваеш напярэдадні паказу? — наша тэлефонная размова адбылася, калі да прэм’еры ў Карлавых Варах засталося ўсяго нічога.
— Стан трохі шалёны, я хвалююся, што чагосьці не паспею. Але прэс-агент наняты, каманда, якая едзе са мною, сабраная. Таму, мяркую, усё будзе добра.
— Карлавы Вары, прэс-агент… Усё гучыць вельмі сур’ёзна і крута. А як так увогуле здарылася, што твой дэбют патрапіў у конкурс прэстыжнага форуму? Наступны паказ “Крышталя” адбудзецца ў ліпені на Адэскім міжнародным кінафестывалі. Гэта ўзровень, якім могуць пахваліцца нямногія.
— Мабыць, толькі цяпер я пачынаю разумець наколькі ўсё сур’ёзна. Але, па шчырасці, для мяне ўсё гэта не адбылося спакваля, раптам. Я ўжо гадоў дзесяць іду да гэтага моманту і адчуваю, што адпрацавала кожнае імгненне. Разумею рэакцыю многіх: маўляў, у беларускіх аўтараў не так многа шанцаў патрапіць на падобныя фестывалі. Але мне падаецца, што будучыня, калі стужкі нашых суайчыннікаў стануць там заўсёднікамі, ужо не за гарамі.
Кіно па драбніцах
— Распавядзі, калі ласка, пра эканамічную мадэль тваёй карціны, якая з’явілася, дзякуючы супрацоўніцтву чатырох краін: Беларусі, Германіі, ЗША і Расіі. Разумею, што такая кааперацыя — плён тытанічных высілкаў.
— Па шчырасці, кампаній і людзей, якія ўклаліся ў карціну, нашмат болей. Тут дарэчы згадаць вядомы выраз: “Каб вырасціць дзіця, патрэбна цэлая вёска”. Так і ў выпадку з маім фільмам: усё збіралася па драбніцах. Хтосьці даваў 10 працэнтаў бюджэту, хтосьці ўкладаўся сваёй працай… Але распачыналася ўсё даволі даўно — у 2011 годзе, калі была напісаная першая версія сцэнарыя.
Праз два гады ў мяне з’явіўся французскі прадзюсар — і нас чамусьці не ўзялі ні на адзін пітчынг. Сцэнарый давялося перапісаць. Толькі ў 2016-м я атрымала маленькі, але прэстыжны грант штата Нью-Йорк па падтрымцы мастацтваў, які дазволіў мне рухацца далей.
— Ведаю, што у тваім фільме задзейнічаны і беларускія інвестары.
— Так, кампанія, якой кіруе Валерый Дзмітрачэнка. Яна — адна з галоўных партнёраў стужкі. Дзякуючы працы Валерыя, нам удалося задзейнічаць пляцоўкі “Беларусьфільма”. Многія рэжысёры наракаюць на тое, што пры супрацоўніцтве з кінастудыяй немагчыма адсачыць канчатковы вынік. Але ў маім выпадку мне ўдалося ўтрымаць творчы кантроль — менавіта таму, што партнёраў было некалькі.
— Дык колькі наогул партнёраў паўдзельнічала ў стварэнні фільма?
— Шмат! Эфекты рабілі ў Расіі і Фінляндыі, гук — у Германіі, здымалі — у Мінску. На розных этапах каманда складалася з розных спецыялістаў. Прычым гаварылі яны на розных мовах і часам не разумелі адзін аднаго. Мне даводзілася знаходзіцца ўнутры працэсу, і прапускаць усю інфармацыю праз сябе. Гэта, канешне, неверагодны досвед: адначасова і рэжысёрскі, і прадзюсарскі. Мяркую, што кожнае незалежнае кіно — сапраўдны цуд, бо ў яго ўкладваюцца літаральна жыцці людзей. І вялікую падзяку я хачу выказаць у гэтым плане беларусам.
І творца, і ўласны агент
— Часта даводзіцца чуць, што на этапе пошуку фінансавання вельмі важным з’яўляецца першапачатковая падтрымка. Таму нават некалькі працэнтаў бюджэту ад беларускага боку могуць сыграць вырашальную ролю. Асабліва для незалежных кінематаграфістаў.
— Гэта абсалютная праўда. Калі ў цябе ёсць падтрымка тваёй краіны, партнёраў знайсці значна лягчэй. Пакуль, на вялікі жаль, такая сістэма ў нас не надта працуе. Да прыкладу, я мела надзею атрымаць фінансаванне праз рэспубліканскі конкурс, але яго перанеслі. Пагадзіцеся, у падобных варунках складана нешта планаваць, асабліва калі ты робіш фільм з міжнароднымі партнёрамі. Па-другое, у нашай краіне няма адмысловага кінафонду, у які можна было б звярнуцца па грант. Усё гэта значна ўскладняе працу. Безумоўна, нам дапамаглі на кінастудыі, усё атрымалася, але тое адбылося ўжо на апошніх стадыях працы. А калі б дапамога прыйшла на пачатковым этапе — цаны б ёй не было!
— Што для цябе асабіста аказалася вырашальным крокам ва ўвасабленні праекта?
— Мне дапамаглі мае старыя знаёмыя, якія пачалі шчыльна займацца кіно толькі цяпер. Іх імёны адкрылі дзверы ў патрэбныя інстытуцыі. Дапамагла мая адукацыя за мяжой. Я скончыла Калумбійскі ўніверсітэт па спецыяльнасці “рэжысёр”, а таксама атрымала эканамічную адукацыю ў Гарвардскім універсітэце. Часам мае інвестары хацелі пачуць пра рынкавыя магчымасці продажу кіно, і мае веды ў галіне фінансаў былі вельмі дарэчы. У сучасным свеце мастакам і рэжысёрам няпроста: ад цябе чакаюць, што ты і творчы чалавек, і ўласны агент. Трэба ўмець прыпаднесці свой праект як вартую ўвагі прапанову. У цэлым, калі ў цябе ёсць сувязі, і рынак не вычэрпваецца адно парай-тройкай кампаній (як, напрыклад, у Беларусі) — магчымасцяў куды больш.
Дзе лепей марыць?
— Што, як ты лічыш, паўплывала на тваіх інвестараў: жаданне дапамагчы незалежнаму беларускаму кіно? Або іх зачапіла гісторыя?
— Вядома, хочацца верыць, што спрацаваў сцэнарый. І мне, дарэчы, часта казалі, што гісторыя “асаблівая”. Але да гэтага і сапраўды трэба далучыць і іншыя фактары — цікавасць да Беларусі і да мяне як да жанчыны-рэжысёра. Цяпер гэтая тэма ў Амерыцы, як ты ведаеш, надзвычай актуальная. Многія звярталі ўвагу на маю каманду. І дарэчы — тое, што я зрабіла стаўку на маладых акцёраў, гэтаксама спрацавала на карысць фільму. Бо няма ніякага “дыктату” зоркі і, адпаведна, хваляванняў прадзюсараў.
— Дзеянне ў тваёй стужцы адбываецца ў Мінску ў 1990-я гады. Чым сцэнарый мог зачапіць, скажам, чалавека з іншага кантынента?
— Нягледзячы на тое, што ў стужцы ёсць прывязка да канкрэтнага месца, гісторыя блізкая многім. У яе цэнтры — жаданне галоўнай гераіні Эвеліны з’ехаць са сваёй краіны ў Амерыку, на радзіму музыкі хаўс, якой захапляецца дзяўчына. Дзеля ажыццяўлення мары яна падрабляе дакументы. Такая сюжэтная завязка.
— Стужка аўтабіяграфічная?
— Гэты сюжэт заснаваны на досведзе адной маёй сяброўкі. Аднак калі пачала працаваць над праектам, высветлілася, што падобныя гісторыі з ліпавымі дакументамі здараліся ў многіх маіх знаёмых. Жаданне вырвацца і паглядзець свет кіравала (ды і кіруе) многімі людзьмі не толькі ў Беларусі. Можна сказаць, што я прысвячаю “Крышталь” свайму пакаленню — гэта гісторыя пра нас і для нас. Зрэшты, не толькі: яна і пра многія іншыя пакаленні людзей, якія мараць пра лепшае жыццё.
Мне падаецца, што ключавое пытанне, якое задае сабе гераіня: з’ехаць або застацца, — актуальнае як ніколі. Дзе лепш марыць: там або тут? — гэтая дылема хвалюе і мяне.
— 1990-я для цябе — гэта які час?
— Вядома, ключавы. Мне падаецца, што мы амаль не адрэфлексавалі той важны перыяд. Як беларусы, мінчане. “Крышталь” — гэта, вядома, мой уласны погляд на 1990-я, якім мне хацела б падзяліцца. З аднаго боку, эканамічны крызіс: людзі прадаюць крыштальныя жырандолі, стоячы ўздоўж шашы, паўсюль развал. З іншага боку, адчуванне, што ўсё магчыма, што свет — ля тваіх ног. Але ты не ведаеш, што з гэтым рабіць.
У фільме шмат пластоў. Можна ўспрымаць беларускія рэаліі як фон і атрымліваць асалоду ад самаго персанажа — Велі (Эвеліны), сачыць за яе прыгодамі. Але калі ведаць кантэкст — адкрываюцца новыя рэчы. Я здымала Мінск з вялікай любоўю, нават са схаваным пасланнем да тых людзей, з якімі пражыла 1990-я. Я, нібы вавёрка, “зарыла” ў кіно розныя цікавосткі-“сакрэцікі”.
— Калі гаворка ў стужцы ідзе пра амерыканскую мару адной беларускі, я хачу пераадрасаваць гэта пытанне і да цябе: твая амерыканская мара ажыццявілася? Усё ж такі, Гарвард, Калумбійскі ўніверсітэт… Зараз вось і паўнаметражны дэбют у Карлавых Варах. Гучыць нядрэнна.
— Знешне ўсё выглядае значна круцей, чым ёсць насамрэч. Ды, усё ж, мая амерыканская мара ажыццяўляецца акурат цяпер, калі я збіраюся на фестываль (смяецца). Мой муж не хоча нічога чуць пра “Крышталь”, бо на некалькі гадоў нам прыйшлося адкарэктаваць нашы планы і займацца толькі кіно. Аднак мы гэта зрабілі. Ды, мяркую, анічога не адбылося, калі б не падтрымка таго месца, дзе я нарадзілася — Мінска, маіх бацькоў. Упартасць, якая так неабходна, каб займацца кіно, і любоў — вось тое, што я ад іх атрымала, што дапамагло мне дасягнуць сваёй мэты.
Пяць фактаў пра фільм “Крышталь“
• Галоўную ролю іграе выпускніца МХАТа Аліна Насібуліна з Новасібірска. У фільме задзейнічаны і беларускія акцёры — у прыватнасці, Святлана Анікей, Ілья Капанец.
• У стужцы можна пазнаць мінскую плошчу Перамогі, інтэр’еры Музея-майстэрні Заіра Азгура, а таксама — Барысаўскага крыштальнага завода.
• На карціне працавала бразільская аператарка Караліна Коста. Фільмы з яе ўдзелам спаборнічалі за перамогу на Канскім фестывалі.
• У стужцы гучаць трэкі Дэрыка Картэра, а таксама “Песняроў”. Галоўная гераіня Эвеліна захапляецца музыкай у стылі хаўс. Адпаведна, музычнае рашэнне фільма — адно з найважнейшых.
• Аўтарам сцэнарыя ў суаўтарстве з Дар’яй Жук з’яўляецца вядомая расійская паэтка, сцэнарыстка і рэжысёрка Хельга Ландаўэр (Ольшванг).