Форум без дробязяў

№ 26 (1361) 30.06.2018 - 07.07.2018 г

XXVII Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” распачнецца толькі 12 ліпеня, але сталіца форуму ўжо падрыхтавалася да гэтага мерапрыемства належным чынам. Пра тое казаў намеснік Прэм’ер-міністра краіны Васіль Жарко 27 чэрвеня на пасяджэнні арганізацыйнага камітэта аднаго з вядучых нашых фэстаў.

/i/content/pi/cult/698/15313/FXgGczMOYS0_opt-S.jpgУ той самы час, віцэ-прэм’ер заклікаў адказных асобаў звяртаць самую пільную ўвагу літаральна на кожную дробязь: нішто не павінна сапсаваць святочны настрой шматлікім гасцям і ўдзельнікам форуму. Таму прадуманы арганізацыя сустрэч дэлегацый у аэрапорце і размяшчэнне іх у віцебскіх гатэлях, харчаванне і медыцынскае абслугоўванне гасцей. Цэны на пражыванне, па словах Васіля Жарко, у фестывальны тыдзень падымацца не будуць. Нават са службамі таксі праведзена гутарка наконт таго, каб яны не ўключалі “два лічыльнікі”.

На пасяджэнні аргкамітэта заўважана таксама, што не стае яркай выразнай рэкламы: афіш і расцяжак. Ёсць пэўныя рэзервы і ў справе гарадскога азелянення. Як зазначыў намеснік Прэм’ер-міністра, гэтыя, а таксама і ўсе іншыя недахопы павінны быць выпраўлены да 10 ліпеня.

Госці пачнуць збірацца на фестываль ужо літаральна гэтымі днямі. І кожны павінен адчуць атмасферу віцебскага свята. Сёлета “Славянскі базар” чакае каля пяці тысяч удзельнікаў. 390 заявак ад 126 СМІ пададзена на асвятленне падзеі з Украіны, Ізраіля, Кітая, Расіі, Арменіі.

Канцэрт адкрыцця “Славянскага базару ў Віцебску” па сваёй тэматычнай скіраванасці будзе прысвечаны Году малой радзімы.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"