Без мармуровага глянцу

№ 26 (1361) 30.06.2018 - 07.07.2018 г

У гэтую пятніцу тапонім “Трасцянец” патрапіў у навіны многіх сусветных СМІ. Прэзідэнты трох краін — Беларусі, Аўстрыі і Германіі, — а таксама афіцыйныя асобы з большасці еўрапейскіх дзяржаў прынялі ўдзел у адкрыцці новай чаргі мемарыяльнага комплексу на месцы аднаго з самых жахлівых канцэнтрацыйных лагераў часоў Другой сусветнай вайны.

/i/content/pi/cult/698/15310/222958-01-S.jpg

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Прэзідэнты Аўстрыі, Беларусі і Германіі падчас наведвання "Трасцянца". 

Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА


Мітынг-рэквіем, які адбыўся ў ці не самым змрочным месцы беларускай сталіцы, засведчыў, што памяць пра злачынства нацызму сёння аб’ядноўвае розныя народы, не зважаючы на іх ролю ў мінулай вайне. Адпаведна, урокі мінуўшчыны усё ж засвойваюцца.

Гэтую тэму развіў у сваёй прамове і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Па словах беларускага лідара, гісторыя самым жорсткім чынам паказала, што нельга ігнараваць зло, нават калі яно існуе на ўзроўні ідэі, бо яго трансфармацыя ў рэальную пагрозу застаецца адно пытаннем часу.

/i/content/pi/cult/698/15310/IMG_0113+S.jpgПрамова прэзідэнта Федэратыўнай Рэспублікі Германія Франка-
Вальтэра Штайнмаера была прасякнута пакаяннем за дзеянні прадстаўнікоў свайго народа на беларускіх землях. Ён асабліва падкрэсліў, што гэтыя падзеі не былі “справай рук чалавечых” — злачынствы мелі канкрэтныя нямецкія імёны. А таксама засведчыў ролю мастацтва ў захаванні памяці, прыгадаўшы знакаміты фільм “Ідзі і глядзі”, які адкрыў яму праўду пра трагедыю беларускага народа.

Менавіта гэтай універсальнай філасофскай праблематыкай прасякнуты і мемарыяльны комплекс на месцы масавага забойства мірных грамадзян ва ўрочышчы Благоўшчына. Лаканічны, прачулы, без мармуровага глянцу. Адлюстроўваючы памяць пра падзеі мінулага, ён у той самы час скіроўвае свой пасыл менавіта да жыхароў нашага ХХІ стагоддзя.

 

 


Кожны чалавек фарміруецца пад уздзеяннем падзей свайго часу. Для Беларусі сімваламі эпохі, якія не могуць не паўплываць на станаўленне кожнага жыхара, з’яўляюцца мемарыяльныя комплексы на месцы колішняга лагера смерці Трасцянец, які складаўся з уласна лагера каля вёскі Малы Трасцянец, месца масавых расстрэлаў і спалення людзей ва ўрочышчах Благоўшчына і Шашкова. І калі на тэрыторыі лагера ў 2015 годзе быў адкрыты мемарыял “Брама смерці”, то на месцы забойства людзей мемарыяльны комплекс пабудаваны цяпер.

Генадзь ВОХІН / Фота Ганны ШАРКО і Сяргея ЖДАНОВІЧА

Тое, што нас яднае /i/content/pi/cult/698/15310/pages-6-S.jpg

Чалавечыя ўспаміны не існуюць ізалявана — яны ўзаемазвязаны. Такім чынам утвараецца сетка памяці — структура, у якой успаміны ўзмацняюць і дапаўняюць адзін аднаго. Найбольш ярка яны праяўляюцца ў прысвечаных тэме агульнай памяці мемарыялах, якія маюць аб’яднальную сілу і здатнасць фарміраваць грамадства. Помнікі, манументы і мемарыялы захоўваюць гэтую індывідуальную памяць на калектыўным узроўні.

“Сховішчы памяці” ўвасабляюцца ў музеях, архівах, манументах з мемарыяламі і нават у рытуалах. Менавіта праз іх інфармацыя максімальна захоўваецца і перадаецца наступнікам. У Беларусі гістарычна склалася, што адным з найбольш распаўсюджаных “сховішчаў” такога кшталту сталі музеі і мемарыялы, прысвечаныя падзеям Другой сусветнай вайны. І гэта зразумела, бо памяць пра яе дагэтуль яднае бадай кожную сям’ю.

Дайшла чарга і да ўвекавечвання памяці падзей ва ўрочышчы Благоўшчына, дзе забілі каля 150 тысяч чалавек. Як распавяла галоўны архітэктар праекта Галіна Левіна, мемарыялізацыя гэтай часткі лагера смерці была задумана яшчэ ў 2013 годзе яе бацькам, архітэктарам Леанідам Левіным. Менавіта тады ён сабраў творчы калектыў, у які ўваходзілі, апрача Леаніда і Галіны Левіных, архітэктар Аляксандр Капылоў і скульптары Максім Пятруль, Канстанцін Селіханаў, Аляксандр Шапо.

— Стварэнне мемарыяла ў Благоўшчыне для Леаніда Мендзелевіча было асаблівай тэмай, — распавядае Галіна Левіна. — З перамогай Канстанціна Касцючэнкі на конкурсе праектаў па ўвекавечванні памяці пра трагедыю лагера смерці ў Малым Трасцянцы не вырашалася пытанне цалкам — там не было Благоўшчыны.

Народны мемарыял

Нягледзячы на сыход у лепшы свет кіраўніка групы Леаніда Левіна ў 2014 годзе, сабраная легендарным архітэктарам каманда не кінула сваю задуму і ў поўным аб’ёме рэалізавала першапачатковыя планы.

— Трэба было надаваць рэальнае архітэктурнае і мастацкае гучанне ідэям, — тлумачыць Галіна Левіна. Галоўнае, як яна адзначае, захаваўся “народны” мемарыял, які калісьці стыхійна ўзнік ва ўрочышчы па ініцыятыве аўстрыйскіх грамадскіх аб’яднанняў — сваякі загінулых у Благоўшчыне аўстрыйскіх яўрэяў прыязджалі сюды і на дрэвах усталёўвалі жоўтыя шыльдачкі з імёнамі сваіх родных. У далейшым і яўрэі з іншых краін, і беларусы далучыліся да гэтай акцыі.

/i/content/pi/cult/698/15310/DSC_0163-S.jpg— Мемарыял у Благоўшчыне — цэльны, хаця і складаецца з дзвюх частак. Адна — астатні шлях, па якім вялі людзей на смерць. Гэтая частка задумана творчай групай пад кіраўніцтвам Леаніда Левіна. Зараз я з’яўляюся галоўным архітэктарам праекта. І мы цалкам захавалі той шлях ад шашы да месца знішчэння. Ні ў права, ні ў лева! Другая частка — само месца масавых знішчэнняў. Гэта 34 рвы, якія былі выяўлены падчас работы надзвычайнай камісіі яшчэ ў 1944 годзе. Над яго мемарыялізацыяй працаваў “Мінскпраект” пад кіраўніцтвам архітэктара Ганны Аксёнавай.

Жоўтыя шыльды на дрэвах таксама вырашана пакінуць.

— Насамрэч, гэта быў першы крок па стварэнні мемарыяла — людзі гадамі прыязджалі і ўсталёўвалі шыльдачкі, абнаўлялі іх, даглядалі. Напачатку была нават ідэя перадаць іх у музей, але вырашылі пакінуць, бо гэта — жывая прырода памяці, якая тут абсалютна да месца. І гэта, напэўна, адно з самых моцных выказванняў, якое магчыма зрабіць на дазеную тэму, — тлумачыць адзін з аўтараў праекта скульптар Канстанцін Селіханаў.

— На мой погляд, выкарыстанне гэтых шыльдачак вельмі важна для сучаснай культуры памяці, — падтрымлівае яго спадарыня Левіна. — Атрымалася спалучэнне прафесійнага архітэктурна-планіровачнага рашэння з чалавечымі пачуццямі.

Другая чарга памяці

Мемарыяльны комплекс задумваўся як адно разгорнутае выказванне, дзе і архітэктурная, і скульптурная часткі ўзаемадапаўняюць адна адну, і нават сама прастора з’яўляецца часткай задумы. Хаця, як патлумачыў Канстанцін Селіханаў, у дадзеным выпадку не існуе кардынальнага падзелу на скульптуру і архітэктуру:

— Калі пяць гадоў таму архітэктар Леанід Левін запрасіў мяне разам са скульптарамі Максімам Петрулём і Аляксандрам Шапо далучыцца да творчага калектыву, мы ўсе разам падтрымалі менавіта такі падыход. На жаль, зараз грошаў хапіла толькі на архітэктурную частку — гэта вагоны, якія там можна пабачыць, і чырвоная нітка “Апошняга шляху”.

/i/content/pi/cult/698/15310/IMG_0097-S.jpgУ генеральным плане было прапісана ўсталяванне скульптур, якіх пакуль няма. Няма пакуль і шыльдаў з назвамі беларускіх і еўрапейскіх гарадоў, з якіх у лагер прывозілі яўрэяў.

— “Апошні шлях” праходзіць цераз Плошчу парадоксаў, забрукаваную чырвоным каменем. Хацелася б з усіх гарадоў Еўропы і Беларусі, для жыхароў якіх Благоўшчына стала месцам пакутлівай смерці, прывезці каменне для брукавання, — расказвае Галіна Левіна. — Гэтае адчуванне крокаў, калі ідзеш па бруку, вельмі важнае. Не проста так у нас там няма гладкай пліткі — ёсць бетон, метал, брук, каб наведвальнік увесь час заходзіўся ў стане асэнсавання сваіх крокаў. Кожны крок — гэта той ці іншы сюжэт. Ты бачыш Плошчу парадоксаў, дзе яшчэ павінны ўсталяваць скульптуры — перагорнутыя дагары нагамі сімвалы жыцця: "Мінора", "Дом", "Дрэва", бачыш адкосы па пяць — шэсць метраў, дзе стаялі вязні — людзі! — перад тым, як быць застрэленымі і скінутымі ў ямы. Кожны элемент дае падставу задумацца.

— Існуюць законы пабудовы экспазіцыйнай прасторы, — тлумачыць Канстанцін Селіханаў. — У яе ёсць асноўны складнік — вагоны, плошчы, сам лес. І ўвесь комплекс разлічаны на тое, што знаходзіцца ўнутры
нейкага канкрэтнага кантэксту. На маю думку, без скульптуры ён, вядома ж, прайграе — знікае рукатворнасць, мастацкая ўнікальнасць. Але ўсё адно галоўнае ў гэтым аб’екце — работа з прасторай. Таму наколькі вытрываныя рытмы “Астатняга шляху”, настолькі комплекс утварае непаўторнае ўздзеянне на чалавека. Слова “скульптура”, дарэчы, тут, напэўна будзе не зусім да месца. Бо гэта не скульптура ў вузкім сэнсе. Гэта — размова пра іншы погляд на Катастрофу ХХ стагоддзя. Дый не толькі ХХ, але ў прынцыпе на тое, што адбываецца з чалавецтвам. Таму там і няма выявы чалавека як такога. Ён там толькі ўяўляецца — адсутнасць яго азначаецца праз прысутнасць гледача, які павінен адчуць пэўныя эмоцыі, перажыць катарсіс ад сустрэчы з вусцішам.

Скульптуры пакуль не ўсталяваныя, але мадэлі падрыхтаваныя і гатовыя падмуркі пад іх. Цяпер яны часова накрытыя іржавым металам.

— У некаторых людзей такое рашэнне можа выклікаць пытанне “А чаму б, напрыклад, не пафарбаваць метал?” — кажа Галіна Левіна. — Але адсутнасцю мармуровага глянцу можна перадаць брутальнасць, фактурнасць, шматадчувальнасць, шматпахавасць, шматгукавасць трагедыі…

Тут няма прыгажосці

Перадусім кідаецца ў вочы, што ў мемарыяле адсутнічае пампезнасць. У аўтараў — архітэктараў і скульптараў — атрымалася зрабіць яго ў форме выказвання, а не параднай маніфестацыі.

— У ім — няма прыгажосці!  — кажа Канстанцін Селіханаў.  — Ёсць толькі само выказванне — вельмі мінімалістычнае, і ёсць сама прастора, у якой размешчаны мемарыял. Усё было зроблена ў духу ХХІ стагоддзя — абсалютна новая сучасная эстэтыка. Той самы выпадак, калі ідэя раскрытая, але пры гэтым адсутнічае залішні пафас. У дадзеным праекце я, як і астатнія яго ўдзельнікі, апынуўся не выпадкова. Магчыма, што ў Благоўшчыне загінуў і хтосьці з маіх сваякоў. Я не выключаю гэтага, бо ўсе яны былі з Мінска, таму для мяне ўдзел у працы над мемарыялам — справа асабіста значная, гэта маё выказванне. І таму да яго я падыходжу не проста як мастак, а як чалавек, які разважае, аналізуе.

Вельмі важны аспект у рэалізацыі праекта па ўвекавечванню памяці ахвяр нацызму ва ўрочышчы Благоўшчына — гэта неабходнасць распавесці гісторыю да канца.

— У Германіі таксама прайшоў час перад тым, як змаглі прагаварыць
праўду, — працягвае скульптар. — Мемарыял ахвярам Халакосту ў Берліне збудавалі толькі ў 2005 годзе. За савецкім часам мы вельмі моцна “саромеліся” тэмы Халакосту і пісалі на помніках пра “мірных савецкіх грамадзян”. Але ж гэта няпраўда — знішчалі канкрэтна яўрэяў. І хаця менавіта тут, у Благоўшчыне, гінулі не толькі яны, але і мірныя беларусы, і ваеннапалонныя, асноўныя ахвяры — менавіта яўрэі.

/i/content/pi/cult/698/15310/DSC_0206-S.jpgПа меркаванні Канстанціна Селіханава, мемарыял абавязкова трэба было пабудаваць таму, што гэта не толькі наша трагедыя, але сусветная катастрофа. Тое, што нарэшце гэта тэма агучана ў такім маштабе, падкрэслівае станаўленне Беларусі — мы здатныя ставіць нават не заўжды зручныя пытанні і даваць на іх адказы. На думку аўтараў, мемарыяльны комплекс атрымаўся годны. Натуральна, пасля адкрыцця другой чаргі і ўсталявання скульптурных кампазіцый ён будзе выглядаць больш цэльным, але наўрад ці трэба гэтага чакаць, каб яго адведаць — варта ўжо зараз прайсці следам за нявіннымі ахвярамі астатні шлях і ўзгадаць іх.