Новыя сілы для Новага...

№ 27 (845) 05.07.2008 - 11.07.2008 г

Для Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, як, зрэшты, і для ўсіх нашых творчых ВНУ, апошні тыдзень чэрвеня быў бадай што самай гарачай парою: у гэты час выпускнікі аддавалі на суд гледачоў і дзяржаўнай камісіі свае работы — плён чатырохгадовых штудый. Сярод іншых будучых спецыялістаў штовечар на сцэне Тэатра-студыі імя Еўсцігнея Міровіча цяпер ужо дыпламаваныя акцёры драматычнага тэатра і кіно паказвалі свае выпускныя спектаклі.

 /i/content/pi/cult/167/1531/Novy.jpg
Дыпломная афіша сёлетняга выпускнога курса надзвычай насычаная і разнастайная. Адкрыў яе спектакль, прысвечаны 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — “Пайсці і не вярнуцца” паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава. Выбар гэтага
спектакля ў якасці своеасаблівага творчага “камертона” не выпадковы: твор нашага класіка на тэму, што не адпускае і праз дзесяцігоддзі, прачытаны будучымі акцёрамі з надзвычайнай пранізлівасцю і шчымлівым адчуваннем болю не толькі сваіх герояў, але і ўсяго шматпакутнага беларускага народа, якому давялося перажыць тую страшэнную ваенную навалу. І кіраўнікі курса нават не рашыліся “выбраць” з двух саставаў галоўных герояў адзін, найбольш варты выхаду на сцэну ў дыпломным паказе: дзве пары — Алена Пабягаева з Максімам Брагінцам і Дар’я і Дзмітрый Мухіны — “падзялілі” паміж сабою права гаварыць са сцэны пра тую вайну, якую яны ўжо не засталі, але на жахі якой не “забыліся”.
У дыпломнай афішы выпускнікоў таксама “Гульцы” Мікалая Гогаля, “Каралеўскія гульні” Рыгора Горына, “Тры сястры” Антона Чэхава, “Двое на арэлях” Уільяма Гібсана і пластычны спектакль “Бясконца...” — падбор, якому мог бы пазайздросціць любы рэпертуарны тэатр. Кожны з гэтых спектакляў пасвойму цікавы і прыцягальны не толькі для гледачоў, але і для тэатральных прафесіяналаў: даўно — не толькі на сцэне БДАМ, але і ў акадэмічных тэатрах краіны — не даводзілася бачыць такога своеасаблівага акцёрскага ансамбля, дзе існаванне кожнага з персанажаў на сцэне — глыбокае, асэнсаванае і небанальнае ў сваіх выразных сродках. І, канешне ж, завяршыў дыпломны марафон любімы ўсімі без выключэння прыхільнікамі паказаў у гэтай навучальнай установе развітальны канцэрт “Усё жыццё — тэатр”, дзе будучыя акцёры традыцыйна паказалі свае найлепшыя работы і нумары, створаныя імі за ўвесь час вучобы ў Акадэміі.
Сёлетні курс будучых акцёраў — выпускнікоў БДАМ — незвычайны і не падобны на папярэднія... Гэткія словы даводзіцца чуць, бадай, штогод, і штогод іх праўдзівасць не падлягае сумненням, бо акцёрская прафесія і насамрэч — адзінкавая з’ява, і падрыхтаваць двух аднолькавых майстроў сцэны наўрад ці здольны нават самы-самы педагог. Ды і, шчыра кажучы, педагагічная вартасць выяўляецца якраз у тым, каб не “нацягваць” на будучых акцёраў тыя ці іншыя амплуа з характэрнымі для іх прыёмамі і штампамі. А — раскрываць творчую індывідуальнасць кожнага, бачыць і паказваць гледачам такія стрункі душы, якія ў будучым, у прафесійным жыцці кожнага з выпускнікоў складуцца ў гарманічную музыку велізарнага, зладжанага аркестра пад назвай “Тэатр”. І гэтую місію мастацкі кіраўнік курса — заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Мішчанчук выканаў бліскуча і шчыра: свой экзамен ён здаў на “дзесятку з плюсам”, яшчэ раз пацвердзіўшы: эксклюзіўнасць адукацыі, якую атрымліваюць выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, палягае найперш у тым, што ў аснове яе не проста развіццё творчых даных будучых акцёраў, а — авалодванне імі прафесійным майстэрствам, школай, якая і з’яўляецца тым невідочным бокам выхаваўча-педагагічнага “айсберга”, што дае магчымасць моладзі не проста ўключыцца ў бягучы тэатральны працэс, але і сказаць у ім сваё важкае слова.
І магчымасць гэтую яны атрымаюць ужо праз пару месяцаў. Па ініцыятыве рэктарата Акадэміі і кіраўніцтва курса іх не сталі “раскідваць” па ўсёй краіне: сёлетнія выпускнікі адправяцца ў трупу Новага драматычнага тэатра. Разам са спектаклямі, якія яны падрыхтавалі пад час вучобы ў Акадэміі. Мара многіх, калі не ўсіх, тэатральных педагогаў — каб курс, каманда аднадумцаў, што склалася за час вучобы ў Акадэміі, змагла перарасці ў тэатр — на гэты раз спраўдзілася. Дзякуючы паразуменню кіраўніцтва тэатра, сталічных улад і БДАМ, восенню, пасля заканчэння рэканструкцыі,Новы драматычны тэатр адкрыецца не толькі ў абноўленым выглядзе, але — і з новым “касцяком” трупы, з новым творчым патэнцыялам, моцным і бруістым. А таму ўсіх тых, хто не змог патрапіць на мінулым тыдні на дыпломныя спектаклі ў Акадэмію, запрашаем у наступным сезоне ў Новы драматычны. 

Таццяна КОМАНАВА
На здымку: акцёры — выпускнікі Беларускай
дзяржаўнай акадэміі мастацтваў са сваім
кіраўніком курса Уладзімірам Мішчанчуком.
Фота Юрыя ІВАНОВА