Азораны аўрай эмоцый

№ 25 (1360) 24.06.2018 - 30.06.2018 г

Гістарычная памяць — паняцце ёмістае і папраўдзе ўсеабдымнае. І пачынаецца яно з памяці пра тых, каго ўжо з намі няма. У Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі выйшла кніга “Музыка жыцця. Артыкулы. Успаміны. Уражанні”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння прафесара Мікалая Шчарбакова. Яе прэзентацыя стала часткай двухдзённага фестывалю, які сабраў лепшыя камерныя ансамблі маладых музыкантаў.

/i/content/pi/cult/697/15305/22.JPGМікалай Шчарбакоў — асоба папраўдзе легендарная. Віяланчэліст, грамадскі дзеяч, педагог, арганізатар, нотны рэдактар, ён закрануў столькі розных адгалінаванняў музычнай прафесіі, што ў прадмове да кнігі яго параўналі з самымі выбітнымі сусветна вядомымі прадстаўнікамі эпохі Рэнесансу, назваўшы эталонам “подвижничества” і крэатыўнасці ў розных сферах.

Адна з яго заслуг у тым, што ён стварыў струнны квартэт Саюза кампазітараў Беларусі (які існаваў, між іншым, на грамадскіх пачатках) і кіраваў ім усе гады яго існавання, а гэта больш за чвэрць стагоддзя. Значнасць такога калектыву для развіцця айчыннага мастацтва пераацаніць немагчыма. Музыканты перайгралі ўсю беларускую музыку для такога складу — і тым самым папулярызавалі і нацыянальнае мастацтва, і ансамблевае выканальніцтва. Пры гэтым яны не проста гралі ўсё запар, што напісана, а часта дапрацоўвалі з аўтарамі творы: тлумачылі, што менавіта трэба было б перарабіць, падказвалі лепшыя варыянты, дапамагалі адрэдагаваць, расставіць штрыхі. А яшчэ самі замаўлялі кампазітарам творы. Дый тыя, каму раптам не замовілі, самі імкнуліся штосьці напісаць для такога выдатнага калектыву. У выніку беларуская музыка папоўнілася суцэльным пластом квартэтных твораў.

Менавіта Мікалай Шчарбакоў выступіў у свой час з ініцыятывай заснавання ў нас Міжнароднага конкурсу камерных ансамбляў, які праходзіць у Смаргоні. Удзельнічаў у яго арганізацыі, правядзенні, узначальваў журы, выдаваў да гэтых спаборніцтваў зборнікі беларускіх камерных твораў — у тым ліку для пачаткоўцаў, часта абдзеленых падобным рэпертуарам. Спрыяючы развіццю ансамблевага выканальніцтва, Мікалай Сямёнавіч лічыў яго адной з асноў не толькі музычнага, але і чалавечага выхавання, скіраванага на партнёрскае стаўленне адно да аднаго і, у канчатковым выглядзе, імкненне да талерантнасці. Бо і сам быў чалавекам не толькі апантаным, але і надзвычай добразычлівым — чалавечным ва ўсіх сэнсах гэтага слова.

/i/content/pi/cult/697/15305/23.JPG— Гэта юбілейнае выданне, — гаворыць укладальнік зборніка, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Людміла Волкава, — даніна памяці, шчырай любові і павагі да выбітнага музыканта, які прысвяціў сябе служэнню музыцы ва ўсіх яе праявах. У кнігу “Музыка жыцця” ўвайшлі разнастайныя матэрыялы: артыкулы пра беларускую камерна-інструментальную музыку і квартэтнае мастацтва, успаміны кампазітараў, калег, вучняў і сяброў, фрагменты з кніг самаго Мікалая Сямёнавіча, фатаграфіі з архіва Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Сярод аўтараў 35 артыкулаў зборніка — знаныя беларускія музыканты, сярод якіх Уладзімір Перлін, Лючыя Ластаўка, а таксама музыканты Расіі, Польшчы, Кітая. Важна і тое, што зборнік атрымаўся не “сухім”, а азораным асаблівай эмацыйнай аўрай, давяральным і разам з тым узнёслым тонам.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"