Сезон “Пятрушкі”

№ 25 (1360) 24.06.2018 - 30.06.2018 г

Беларускі пераказ і традыцыі
Разыначкай сёлетняга “Балетнага лета” ў Вялікім тэатры Беларусі стала прэм’ера “Пятрушкі” Ігара Стравінскага. Аднаактовы балет, пастаўлены Міхаілам Фокіным у 1911-м для “Рускіх сезонаў у Парыжы”, аднавіў народны артыст Расіі Андрыс Ліепа. Дырыжор — Віктар Пласкіна. У цэнтральнай ролі паспелі выступіць Алег Яромкін і Такатошы Мачыяма.

/i/content/pi/cult/697/15304/21.JPGНавошта той балет быў парыжанам? Падзівіцца на загадкавую рускую душу, кірмашовыя традыцыі з лялечным тэатрам, параўнаць рускага Пятрушку са сваім Палішынелем. А галоўнае — атрымаць задавальненне ад рускага балетнага мастацтва.

Навошта “Пятрушка” нам? Каб адкрыць яго публіцы (на нашай сцэне сапраўды ніколі не ставіўся). Каб скіраваць артыстаў балета да іншай тэхнікі (пэўна, “Шахеразады” і “Жар-птушкі” з харэаграфіяй таго ж Фокіна, што былі пастаўлены таксама Ліепам, замала, каб цалкам засвоіць творчую манеру вялікага харэографа). Увогуле, ці можа хтосьці быць супраць новага наймення ў афішы? Яшчэ крыху і ў нас можна праводзіць суцэльны фестываль адноўленых “Рускіх сезонаў у Парыжы” — чым не падзея? Толькі не трэба гаварыць пра “балетны музей”! Ніхто ж не пярэчыць, да прыкладу, калі на філарманічнай сцэне іграюць музыку стогадовай даўніны. Наадварот, радуюцца, што хаця б крыху адышлі ад ледзь не суцэльнага
панавання ХІХ стагоддзя. Дый у тых відах мастацтва, што патрабуюць пасярэднікаў між творцам і публікай, ніякае аднаўленне не можа быць “музейным” апрыёры: кожны інтэрпрэтатар уносіць штосьці сваё. Дык у чым жа асаблівасць беларускага “Пятрушкі”?

У нашай праславутай памяркоўнасці. Праўда, менталітэт тут ні пры чым. Прычына, магчыма, у новых эстэтычных рэаліях.

“Пятрушка” Стравінскага-Фокіна пабудаваны на пастаянных кантрастах, у музыцы і харэаграфіі — колькасць усё новых падзей на адзінку часу папросту зашкальвае. У музыцы ледзь не пастаянна “выстрэльваюць” падгалоскі, сольныя тэмбры, інтанацыйныя “коды”, збіўкі рытму, змены метра. У харэаграфіі масавых сцэн — не ведаеш, на каго найперш глядзець: плошча жыве сваім насычаным жыццём, а не прыдуманай мастацкай сінхроннасцю. У сольных і ансамблевых фрагментах — не паспяваеш уцяміць, што за памкненні ў герояў. Тое ж самае — у сцэнаграфіі і касцюмах, над якімі тады працаваў Аляксандр Бенуа (цяперашнія зроблены Анатолем Нежным “па матывах”): вочы разбягаюцца ад такой разнастайнасці і з’яўлення ўсё новых фарбаў.

Наша версія пастаноўкі і выканання гэтага балета — куды больш стрыманая. Замест рэзкіх кантрастаў — простае супастаўленне. Замест аголеных нерваў “тут і зараз” — больш спакойны пераказ гістарычна аддаленых “падзей мінулых дзён”. Менш вастрыні, яркасці, смаку, адметных штрыхоў, усё куды больш “класічна-дыетычнае”. Забітага героя не шкада. Ягоныя крыўдзіцелі не выклікаюць ні смех (усё ж вобразы гратэскавыя, парадыйныя), ні абурэнне. Такі вось “згладжаны” варыянт, адпаведны сучасным музычным памкненням да спакою, медытатыўнасці, прыгожасці звыклага, традыцыйнага. Ці наборам класічных, злёгку адаптаваных па ў харэаграфіі. Так што прычыны, можна сказаць, аб’ектыўныя: які час — такія і “прачытанні” ранейшых тэкстаў.

Пасля спектакля да мяне падышла адна заўзятая меламанка, якую ледзь не штовечар можна сустрэць у філармоніі. І папрасіла патлумачыць, пра што быў балет. Спачатку я ажно разгубілася. А потым уцяміла: пры ўсёй, здавалася б, відавочнасці сцэнічнай дзеі, у цяперашнюю версію не закладзена ніводная думка. Нам пераказалі гісторыю — і што з таго?

Затое раптам узніклі некаторыя паралелі, пра якія, нават ведаючы “Пятрушку”, раней не думалася. Не трапляючы дагэтуль на нашу сцэну Балерына, Арап і Факір мелі тут сваіх паслядоўнікаў. Іх нашчадкаў можна было ўбачыць у елізар’еўскім балеце “Шчаўкунок”, які быццам бы трымаецца ў рэпертуары, але не ідзе з тае пары, як быў пастаўлены новы — з харэаграфіяй Аляксандры Ціхаміравай. Нагадаю, у пастаноўцы Валянціна Елізар’ева на першы план, акрамя Машы і Прынца, быў выведзены Драсельмеер. Ён і ягоныя лялькі мелі больш яркія, чым у цяперашняй прэм’еры, характары, перададзеныя пластыкай. Бо гэта было ўласцівае гістарычнаму працэсу развіццё мастацкіх традыцый.

Увасобілася ў творчасці Елізар’ева і закладзенае стагоддзе таму ў “Рускіх сезонах” трыадзінства раўназначных па ўздзеянні музыкі, харэаграфіі і жывапісу, асабліва ў працы з мастаком Яўгенам Лысікам. Зноў-такі, гэта быў сінтэз раўназначных кампанентаў на новым, больш высокім узроўні, дзе падключаліся яшчэ і філасофія, і гісторыя сусветнай культуры з неверагодна шырокім асацыятыўным шэрагам — тое, што завецца сёння гіпертэкстам і складае аснову найноўшых поглядаў на мастацтва.

Цікава, хто і калі будзе адраджаць “елізар’еўскія сезоны”? Пасля аднаўлення “Спартака” да юбілею майстра замігцела надзея на працяг. Няўжо павінна прайсці сто гадоў, як гэта здарылася з Фокіным?

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"