“Раскрыццё” з двух бакоў

№ 25 (1360) 24.06.2018 - 30.06.2018 г

Спектакль з такой назвай на эксперыментальнай сцэне Оk16 стаўся трэцяй творчай працай тэатральнага праекта HomoCosmos, скіраванага на закрытыя, а то і ўвогуле забароненыя раней тэмы, звязаныя з таямніцамі чалавечага цела і душэўнымі ваганнямі-хістаннямі герояў, выкліканымі тымі ці іншымі фізіялагічнымі працэсамі. “К” прапануе азнаёміцца з двума рознымі поглядамі на спектакль.

/i/content/pi/cult/697/15303/20.JPGПланета паразумення ці прымусу?

Нагадаем, спачатку была “Камера, якую дала мне маці”, прысвечаная жаночым сексуальным адчуванням. Потым — “Бог козыту” з цэнтральным героем нетрадыцыйнай арыентацыі, дзе шматслойная філасофская п’еса Мікалая Рудкоўскага аказалася больш мнагамернай за яе сцэнічнае вырашэнне з арыгінальна абыгранай непрыстасаванай прасторай былой сталоўкі. І, нарэшце, “Раскрыццё”, вырашанае ў форме гульні пра роды.

Слова “гульня” набывае тут разнастайнасць сэнсаў, закранаючы не адно забаўкі (настольную гульню з кубікамі ды фішкамі, камп’ютарную і ролевую адначасова), але і азначаны пастаноўшчыкамі жанр — тэатральная гульня. Праўда, чым далей развіваецца дзеянне, тым меней застаецца ў спектаклі пачатковага гульнёвага настрою. Абраўшы сабе розныя тыпажы і рухаючыся да нараджэння дзіця пад прыглядам інструктара — сапраўднай цяжарнай, якая перажывае гэты стан не ўпершыню, героі спачатку спрачаюцца, потым сварацца і, нарэшце, разбягаюцца, не дайшоўшы да фіналу.

Сярод стваральнікаў і ўдзельнікаў спектакля — пераважна маладыя маці, для якіх азначаная тэма яшчэ не паспела пакрыцца флёрам шчаслівай настальгіі ці, наадварот, сцішана-суцішанага болю. На сцэну вынесена непрыхаваная праўда жыцця, якой перапоўнены сацыяльныя сеткі. Але ў тэатры хочацца забыцца на знакамітае някрасаўскае выслоўе: “Паэтам можаш ты не быць”. Бо душа прагне яшчэ і мастацтва, а не адно ўзнятай тэмы.

Рэжысёр Наталля Ляванава, мастак Ірына Камісарава робяць для гэтага ўсё магчымае: добра абжываюць нязвыклую прастору, дадаюць цікавыя відэапраекцыі (маляваныя “мульцікі” заўжды ўносяць у відовішча разыначку). Фінальная выява, калі жаночы жывоцік на экране становіцца падобны да планеты, увогуле ўзрастае да моцнага мастацка-філасофскага абагульнення. Артысты выкладаюцца на ўсе сто — кожны ў меру сваіх магчымасцяў. А вось драматургія — відавочна правісае. Гульня, якая ў самой сваёй сутнасці ўтрымлівае элемент непрадказальнасці, гэткага дэтэктыву, рызыкі, азарту, пачынае буксаваць, зніжае і без таго запаволены тэмпарытм, нягледзячы на ўсе сцэнічныя жарсці.

Ды ўсё ж галоўным “але” асабіста для мяне стала іншае — само прызначэнне спектакля. Зразумела, ён быў задуманы з мэтай прыцягнення грамадскай увагі да балючых тэм медыцыны і радзільных дамоў, перажыванняў жанчыны, адпаведнага выхавання мужчыны, які павінен больш клапатліва ставіцца да “прыхамацяў” і асабліва страхаў-жахаў жонкі. Але ўсё гэта — толькі маленькая частка куды больш глабальных праблем чалавечых узаемаадносін: стаўлення да чалавека як да асобы, павагі да ўнутранай прасторы кожнага, умення прыйсці на дапамогу менавіта тады, калі гэта патрабуецца. Менавіта з гэтым “агульначалавечым” складнікам у спектаклі — штосьці не так.

Кожнага ўдзельніка сцэнічнай гульні з дапамогай спецыяльнага прыстасавання вымушаюць адчуць родавыя патугі — фізічна. Па законе подласці (і адначасова паводле законаў драматургіі) кубік з максімальнай лічбай выпадае мужчыне. Да садызму — адзін крок? Маўляў, хай на сваёй скуры адчуе ўсе пакуты? Але думкі пра тое, каб і астатніх спасцігла ўсё тое, што давялося перажыць мне, вядуць да заганнага кола. Менавіта ў іх прычыны таго, чаму прыгнечаныя нявесткі спрадвек станавіліся лютымі свякрухамі, а ў войску ніяк не зруйнуюць дзедаўшчыну. На жаль,
абарона правоў жанчын у грамадстве апошнім часам усё больш ператвараецца ў нейкую дыскрымінацыю ў адносінах да мужчын. На тэлеэкранах пануюць серыялы, дзе чым больш гераіня абражае першага стрэчнага, тым больш той клянецца ёй у каханні. Інтэрнет пярэсціць рэзананснымі абвінавачваннямі ў сексуальных дамаганнях — зноў-такі, выключна ў адзін бок.
Наўрад ці гэта можа спрыяць узрошчванню сапраўднай жаночай годнасці і павагі адно да аднаго, незалежна ад пола, сексуальнай арыентацыі, нацыянальных, расавых і ўсялякіх іншых адрозненняў.

Надзея БУНЦЭВІЧ

Мужчынскі сіндром ілжывай цяжарнасці

Міжнародным тэатральным праектам HomoCosmos форма сцэнічнага існавання ў пастаноўцы Наталлі Ляванавай “Раскрыццё” вызначаецца як “тэатральная гульня”. У п’есу Алены Іванюшанка ўкліньваецца жыццёвы вопыт акторак Алены Зуй-Вайцяхоўскай (Саша), Крысціны Дробыш (Вальжына) і Кацярыны Бондаравай (Рыта). Гэта дазваляе смела ігнараваць прынцыпы “арыстоцелеўскай драмы”. Але, як вынік, у спектаклі няма кульмінацыі (калі не лічыць эскіза, дзе гульня аказваецца не такой ужо пацешнай, і ў дыялогу героі пераходзяць на асобы), аўтарскай ацэнкі, фіналу, моманту глядацкага катарсісу, але ёсць, напрыклад, пакутліва доўгая экспазіцыя з вызначэннем правілаў ролевай гульні.

Героі-маскі — гэта лэдзі-бос, аматарка экалагічных родаў і цяжарная, што заўжды сумняваецца, а гісторыі ўяўляюць з сябе магчымыя сцэнарыі (у сучаснасці варыянтаў можа быць значна больш: кесарава сячэнне, штучнае апладненне, сурагатнае мацярынства, донарскае апладненне ў ЛГБТ-сям’і). Кожная гісторыя абрываецца чарговым ходам наступнага гульца, разбіваючыся на лаканічныя эпізоды, якія нагадваюць пасты ў Facebook або Жывым часопісе, што адмоўна адбіваецца на тэмпарытме сцэнічнага расповеду.

Без рэфлексіі, зваротнай сувязі з гледачом гэтая тэатральная форма непаўнавартасная. Самае галоўнае тут — асабістыя адкрыцці акцёраў і тое, наколькі яны пазнаюцца гледачом і цікавяць яго. Максім Дубоўскі, выканаўца ролі Жэні — адзіны персанаж-мужчына ў спектаклі і бацька дваіх дзетак у рэальным жыцці — заўважыў, што “Раскрыццё” дазволіла яму лепш разабрацца ў адносінах ва ўласнай сям’і. У ідэале, спектакль, ператварыўшыся ў псіхалагічную ролевую гульню, павінен выклікаць у мужчын саўдзел у імкненні зразумець каханых жанчын. Я таксама дазволю сабе выказацца асабіста: гэта праца прымусіла мяне падумаць пра маю маці, якая нараджала мяне на працягу сутак, і мы разам маглі памерці.

Саша (жонка персанажа Максіма) як Майстар гульні апранае на мужа асаблівы пояс, які перадае фізічныя адчуванні ад родавых схватак рознай інтэнсіўнасці — у залежнасці ад чысла, што выкінулі ігральныя косткі. Менавіта Жэня раней за ўсіх даходзіць да фінішу — “жалезнага трона каралевы”, то бок гінекалагічнага крэсла, якое маладым мужчынам ўспрымаецца як запалены танк. У распаленай дабяла, абвостранай сцэне сустрэчы з сярэднявечнай гарбунняй-санітаркай — і праведны дзіцячы страх перад бюджэтнай медыцынай, і рана ў сямейных адносінах Жэні і Сашы, што так і не загаілася. Неабходна адзначыць, што цяжарнасць і роды найбольш востра і псіхалагічна падрабязна іграе менавіта Максім Дубоўскі.

Анімацыя відэакантэнту нагадвае дзіцячае прыкладанне для смартфона і не стварае візуальнай выявы спектакля. Літоўскі мастак Ірына Камісарава толькі ў асобных эпізодах і дэталях па-за цэнтральным экранам акрэслівае сцэнічную вобразнасць. Удалая ў гэтым плане сцэна адкрытага фіналу: на цёмна-сінім фоне над жыватом Сашы схіляецца Жэня, а ад жывата цяжарнай жонкі зыходзіць святло любові і надзеі на паразуменне — жоўтае, як ад лямпы-маяка, нібы светлячок, які б’ецца аб сценкі шклянога слоіка.

Калі б у арт-прасторы Ok16 нечакана паўстаў рэалістычны тэатр з традыцыйнай драматургіяй і рэжысурай, магчыма, мы нават змаглі б пагаварыць аб сацыяльна-культурнай праблематыцы сям’і і мацярынства ў сучасным грамадастве. У назве заяўляецца не толькі раскрыццё маткі падчас радавых схватак, але і раскрыццё чалавечай прыроды, схаванага жыцця душы, складаных адносін паміж блізкімі людзьмі. На жаль, спектакль не падымаецца на ўзровень высокіх абстрактных паняццяў, але застаецца адкрытай дыскусіяй, якая ініцыюецца акцёрамі тут і цяпер. Разам з тым, гэта не губляе сваёй каштоўнасці і ў поўнай меры адпавядае абранай прадзюсарамі HomoCosmos Кацярынай Саладуха і Дарыюшам Язерскім місіі сацыяльнай дэтабуізацыі.

Зміцер ЕРМАЛОВІЧ-ДАШЧЫНСКІ, тэатразнаўца

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"