Паштоўкі ад Коласа

№ 25 (1360) 24.06.2018 - 30.06.2018 г

“Няхай бы малявалі такое на ўсіх дамах!” — кажуць жыхары Стоўбцаў, дзе на тарцах чатырох дзевяціпавярховікаў з’явіліся мастацкія роспісы. “К” даведалася, хто і навошта мяняе такім чынам гарадскі пейзаж.

/i/content/pi/cult/697/15302/18.JPG Фота Ганны ШАРКО

Кожны, хто заязджае ў Стоўбцы ці выязджае адтуль, не можа абмінуць вуліцу Цэнтральную. Цяпер жа нават самі гараджане стараюцца лішні раз прайсці паўз яе і сфатаграфавацца на фоне новай славутасці — манументальных “паштовак” з краявідамі коласаўскіх мясцін, дзе цяпер знаходзяцца філіялы музейнага комплексу “Мікалаеўшчына”, а таксама з цытатамі з “Новай зямлі”.

На будынку на Цэнтральнай, 3 — зіма ў Акіньчыцах, дзе нарадзіўся Якуб Колас (“Я зноў хачу зірнуць назад / Пад тыя стрэхі родных хат, / Дзе зачалася пуцявіна, / Дзяцінства светлая часіна”). Цэнтральная, 7 — ужо вясна ў Ластку, дзе паэт правёў першыя гады дзяцінства (“Малюнкі родныя і з’явы! / Як вы мне любы, як цікавы! / Як часта мілай чарадою / Вы ўстаяце перада мною”). Цэнтральная, 11 — лета ў Альбуці, дзе вырас пісьменнік (“Мой родный кут, як ты мне мілы!.. / Забыць цябе не маю сілы!”). І на Цэнтральнай, 13 — восень у Смольні — былой сядзібе сям’і Міцкевічаў (“І ўстануць з’явы, як жывыя, / Малюнкі сэрцу дарагія, / І моцна душу парываюць, / “Ідзі да нас, ідзі! ” — гукаюць”).

“Трэба штосьці рабіць з гэтай шэрасцю”

— Цэнтральная — наша галоўная вуліца, праз якую праходзяць усе маршруты па горадзе, — тлумачыць начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Стаўбцоўскага райвыканкама Яўген Кандратовіч. — Тарцамі да праезнай часткі стаяць чатыры дзевяціпавярховікі. Ідэя ўпрыгожыць іх з’явілася яшчэ гады
паўтара таму, бо фарба ўжо выцвіла, і трэба было штосьці рабіць з гэтай шэрасцю. Проста пафарбаваць — банальна. Падумалі, што зрабіць на фасадзе малюнак усё ж такі лепш. Тады абмяркоўвалі і магчымасць усталяваць помнік Якубу Коласу. Распрацоўвалі гэтую тэму, і роспісы вырашылі таксама рабіць пад яе.

І калі з месцам вызначыліся адразу — фасады жылых дамоў па няцотным баку вуліцы, якія добра бачны з бульвара насупраць іх — то над мастацкім вырашэннем ідэі працавалі доўга. Спачатку мясцовыя
краязнаўцы, гісторыкі, музейшчыкі і прадстаўнікі гарвыканкама абмяркоўвалі, што на выявах мусяць быць героі твораў Якуба Коласа, але потым прыйшлі да высновы, што ўсё ж такі не кожны зразумее, хто намаляваны. Шукалі іншыя варыянты, працэс зацягнуўся, але напачатку 2018 года пры падрыхтоўцы да Дня горада (а сёння Стоўбцы адзначаюць 425-годдзе) вярнуліся да ідэі распісаць фасады.

— Графіці ў рэспубліцы не надта распаўсюджаны, — кажа Яўген Кандратовіч. — Ды колькі я бачыў іх у розных гарадах, звычайна гэта работы на асобных дамах. А вось кампазіцыя з чатырох фасадаў, аб’яднаная адной тэмай — думаю, у нашай краіне такога яшчэ не было.

“Здорава пакідаць адбіткі такога кшталту”

/i/content/pi/cult/697/15302/19.JPGАжыццявіць задуму запрасілі маладога мастака з Мінска Аляксандра Благія (на здымку) — аўтара падобных роспісаў на будынках у Баранавічах, Валожыне, Гродне, Мінску, Рагачове і Беластоку.

— Мы адштурхоўваліся ад урыўкаў з “Новай зямлі”, затым ужо прыдумалі аб’яднаць іх з канкрэтнымі месцамі, а потым я прапанаваў яшчэ і звязаць усё паміж сабой порамі года, — распавядае мастак. — З усіх маіх прапаноў выбралі ідэю зрабіць роспісы на дамах як паштоўкі. Задума насамрэч няхітрая: на кожным фасадзе выява месца, птушка, элементы, якія адпавядаюць пэўнай пары года. Восень — журавіны, зіма — рабіна і гэтак далей. Маркі і пячаткі таксама ёсць. Эра папяровых паштовак, напэўна, сыходзіць, але фатаграфавацца на іх фоне, каб даслаць камусьці — таксама нядрэнна. Атрымоўваецца асучасненая версія.

— Аляксандр прапанаваў дзясятак варыянтаў, але ў выніку спыніліся на
рэалістычных паштоўках, — кажа галоўны архітэктар Стоўбцаў. — Абстракцыі, сучасныя тэхнікі — мы палічылі, што пад нашу тэму лепш штосьці рэалістычнае і больш зразумелае розным людзям. Аляксандр як прафесіянал прымяніў дызайнерскі падыход, аб’яднаў усё порамі года. Акіньчыцы, Ласток, Альбуць, Смольня — музеі на фасадах размешчаны ў храналагічным парадку ў адпаведнасці з тым, што адбывалася з Коласам. Вершы працытаваны менавіта тыя, што былі напісаны ў выяўленых на кожнай са сцен месцах, але гэта, напэўна, змогуць ацаніць хіба настаўнікі беларускай літаратуры і даследчыкі.

Над вырашэннем прапанаванай яму задумы Аляксандр Благій пачаў працаваць у сакавіку. Контуры малюнка на зімовым фасадзе на ўездзе ў Стоўбцы былі нанесеныя з дапамогай праектара ў ноч з 11 на 12 мая. І ўжо 9 чэрвеня мастак завяршыў працу над апошняй сцяной.

— Я ўзяўся за гэты праект, бо мне цікава, адчуваю, што мне блізкая гэта тэма, — кажа ён. — Зімовы і летні фасады зрабіў самастойна, яшчэ два дапамаглі сябры — Маша Рудакоўская, Юля Лазоўская, Ігар Шаўкуненка. Па-мойму, здорава пакідаць у гарадах адбіткі такога кшталту! І чаму не пра чалавека, які падарыў столькі твораў нашаму народу?

Дрэнных водгукаў пра сваю працу аўтар роспісаў пакуль не чуў, але адзначае, што адразу стаўбчане аднесліся да яго дзейнасці насцярожана.

— Напачатку заўжды амаль усе пужаюцца, — смяецца мастак. — Некаторыя кажуць: “Прыкольная абстракцыя”. Але дзён пяць-шэсць — і становіцца зразумела, што за малюнак будзе. Пакуль рабіў першы фасад, адзін мужчына пастаянна прыходзіў і пытаўся: “Што гэта за…?” А напрыканцы сказаў мне, быццам сам ва ўсім гэтым удзельнічаў: “Малайчына, пацан. Ганаруся табой!” Ну і такога кшталту водгукаў шмат. Роспісы на фасадах у навіну для Стоўбцаў, хаця гэта не самы маленькі горад, але работы ўспрынялі пазітыўна.

“Пайшла б у той дом і засталася б жыць”

Насупраць “вясновага” будынка жанчына прадае квас. Заўважае, што фатаграфуем яго, і ўсміхаецца нам:

— Я гляджу на гэта кожны дзень — настрой паляпшае. Вы не ўяўляеце, колькі людзей фатаграфуецца тут зараз. Такая прыгажосць! Падаецца, пайшла б у той дом і засталася б у ім жыць.

— Вуліца адразу пасвяжэла! — далучаецца да размовы адзін з пакупнікоў. — Канечне, так значна лепш, чым было раней — зусім іншая справа.

— І, галоўнае, тут ёсць вершы, — дадае прадавец. — Я нарадзілася на Стаўбцоўшчыне, радкі гэтыя вучыла з пятага класа. Якуб Колас — твар беларускай культуры. Памятаю яго радкі, як табліцу множання: “Між алешын, кустоў, дзе пяе салавей…” Вы паслухайце — ты ж быццам не гаворыш, а спяваеш. Гляджу — і працаваць весялей. Гэта ж усё неяк прыдумаць трэба было і намаляваць. Ды яшчэ ў такую гарачыню і з вышкі (я назірала за працэсам). Толькі колькі яно ў нас прастаіць? Баюся, каб нічога не выгарэла.

— Каб нанесці такі малюнак, першапачаткова сцяна грунтуецца, на яе наносіцца фон — фарбамі на сіліконавай аснове, а затым ужо ўсё астатняе, — тлумачыць Яўген Кандратовіч. — Роспіс наносіўся якаснай іспанскай фарбай і ў такім выглядзе мусіць прастаяць яшчэ гадоў дзесяць. Потым, натуральна, трэба падфарбоўваць яго. Ну, а ад вандалізму ніхто не застрахаваны. Хаця зараз ужо ўсім падабаецца, а калі мы ноччу пачыналі контуры наносіць, мясцовыя жыхары ўспрымалі нашу дзейнасць не так пазітыўна. Закаталі фон і пакінулі пасярэдзіне белую пляму — што людзям думаць? Мы ж нікому не казалі, што хочам зрабіць. Спачатку ўвогуле думалі да Дня горада закрыць усе сцены тканінай, каб паказаць вынікі працы толькі на свята, але тэхнічна гэта немагчыма. Затое ўсе радуюцца, здаецца.

Каля дома з выявай Акіньчыц бабуля зачытвае ўслых працытаваны на фасадзе верш для свайго ўнука.

— Людзі павінны памятаць даўніну, — упэўнена жанчына, калі звяртаемся да яе з пытаннем, ці ўхваляе яна такія роспісы. — Мы акурат ішлі і ўзгадвалі загадкі беларускія, вершы. Мне вельмі падабаюцца гэтыя малюнкі, я б такія ў сябе дома таксама хацела!

— Гэта трэба сур’ёзна вучыцца, — кажа ёй хлопчык.

— Ну дык ты навучышся так маляваць? — пытаецца ў яго бабуля. І ўжо нам тлумачыць, што ўнук займаецца ў мастацкай школе. Той сарамліва ківае галавой.

— Гэты малюнак — як з майго дзяцінства. І верш пра гэта: “Я зноў хачу зірнуць назад пад тыя стрэхі родных хат…” — кажа жанчына. — Мы ўсё гэта ў школе праходзілі. Беларускую мову я люблю. Усіх нашых пісьменнікаў чытаю — Якуба Коласа, Янку Купалу, Івана Шамякіна, Івана Мележа. Модныя малюнкі маладзёжныя я не разумею, а вось гэта — разумею. Няхай малююць такое на ўсіх дамах і ў вёску да нас прыязджаюць, мы жывем у Залужжы.

— Такая прапанова ад гарадскіх улад невялікага горада — даволі смелая, — лічыць мастак Аляксандр Благій. — Хаця апошнім часам падобных ініцыятыў у Беларусі становіцца ўсё больш. Шмат дзе хочуць бачыць малюнкі на фасадах дамоў. “На ўра” пагаджаюцца рабіць сумесны праект з “Аховай птушак Бацькаўшчыны”. Прапаноў шмат. У Карме, магчыма, штосьці будзе, Тураве, Брэсце, Гомелі. Зараз мы ў Клічаў едзем маляваць. Гэта даволі нова для многіх гарадоў, але адны пераймаюць вопыт у іншых — і з’яўляюцца роспісы. Таму што гэта актуальна, хутка і прыгожа. З’яўляецца нейкі новы след, за кароткі прамежак часу ёсць прыметны вынік. Як упрыгожыць шэры фасад? Стрыт-арт — заўжды актуальны адказ.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"