Рэстаўрацыя мястэчка сваімі рукамі

№ 25 (1360) 24.06.2018 - 30.06.2018 г

Можна шмат разважаць пра захаванне традыцыйнай культуры — як вясковай, так і гарадской. Напісаць безліч навуковых артыкулаў і зняць папулярныя фільмы пра “страчаную” спадчыну нашых продкаў. А можна проста і без лішніх словаў зберагаць гэтую самую спадчыну — ахоўваць, вывучаць, адаптаваць да сённяшніх умоў і перадаваць наступным генерацыям. Не забываючыся пры тым і на культуру цяперашнюю. Далібог, гэтым і займаецца каманда праекта “Культыватар” з беларускага мястэчка Лынтупы на Пастаўшчыне.

/i/content/pi/cult/697/15299/10.jpgХочаце — рабіце!

Ну, як каманда з Лынтупаў — большасць яе ўдзельнікаў “панаехалі” з Мінска. Усё пачалося яшчэ некалькі гадоў таму, калі сядзібы ў Лынтупах і вакольных вёсках сталі скупляць жыхары сталіцы — збольшага мастакі ды архітэктары. На фоне эканамічнага заняпаду рэгіёна і амаль поўнай адсутнасці камунікацыі з “вялікай зямлёй” — а сюды без сваёй машыны трапіць даволі цяжка — у экалагічна чыстым месцы з прыгожай прыродай і цікавай гісторыяй тыя хаткі каштавалі літаральна капейкі. З часам тут нават паўсталі цэлыя арт-вёскі — Вайшкуны і Каптаруны. Адным з тых, хто прыдбаў сабе “лецішча” ў Вайшкунах, быў і мінскі архітэктар Вадзім Гліннік, які прыдумаў і ачоліў культурны цэнтр у Лынтупах.

Сам жа “Культыватар” пачаўся з ідэі рэстаўрацыі адной старой камяніцы ў цэнтры мястэчка, калі тая трапілася на вочы “гарадскім” — даволі прывабная і, як высветлілася, з цікавай гісторыяй.

— Калісьці, яшчэ да Першай сусветнай вайны, гэта быў адміністрацыйны будынак, — расказвае дырэктар Лынтупскага культурнага цэнтра “Культыватар” архітэктар Вадзім Гліннік. — Падчас вайны, калі тэрыторыю акупіравалі кайзераўскія войскі, там размяшчалася афіцэрскае казіно. Пазней, у Міжваенне, калі Лынтупы ўжо належалі Польшчы, у будынку зноўку размясцілася адміністрацыя гміны. Нават у газетах пісалі пра гэтае месца — розныя дэтэктыўныя гісторыі пра памежнае жыццё з кантрабандыстамі і перастрэлкамі ў духу Сяргея Пясецкага. А пасля Другой сусветнай вайны тут з’явілася мясцовая школа.

/i/content/pi/cult/697/15299/11.jpgНатуральна, прафесійныя архітэктары не змаглі прайсці міма гэтага рарытэта, які стаяў закінутым і патроху разбураўся. Спачатку прынялі рашэнне аднавіць будынак — адрамантаваць дах, што працякаў, зрабіць рамонт:

— Мы тады звярнуліся да мясцовых уладаў і сказалі, што хацелі б штосьці зрабіць з гэтым дамком. Нам адказалі: “Хочаце — рабіце!” — узгадвае спадар Гліннік. — Далей былі шматмесячныя пошукі варыянтаў, як гэта можна было б зрабіць, і падрыхтоўка патрэбнай дакументацыі, бо будынак стаяў на балансе раённага аддзела культуры, але ніякія паперы на яго нават не былі аформленыя. Але ўлады нам вельмі спрыялі, і нарэшце ў нас атрымалася выкупіць яго на аўкцыёне для арганізацыі нашага цэнтра.

Паўстала пытанне: “Ну, вось купіў я разам са сваімі паплечнікамі-архітэктарамі, тым жа Раманам Забелам і Ядвігай Лукашык, камяніцу. А далей што? Будзем яе рэстаўраваць! Але для чаго?” — працягвае Вадзім Гліннік. — Самі жывём збольшага ў Мінску і пакуль не збіраемся перабірацца сюды назусім. Сабраліся мы камандай такіх жа энтузіястаў і вырашылі, што не ў стане, напрыклад, развіваць сацыяльнае жыццё рэгіёна, пракладваць тут дарогі, адкрываць новыя працоўныя месцы… А вось прыдумаць і зрабіць штосьці для развіцця гэтага месца, прывабнае і для тубыльцаў, і для турыстаў, можам. Так і паўстала ідэя арганізаваць культурны цэнтр, які б каардынаваў жыццё мясцовай грамады. А ў ідэале — яшчэ і турызм развіваў.

Такога не было з часоў вайны

Як толькі камяніца была выкупленая і ў траўні 2017 года зарэгістраваная ўстанова “Лынтупскі культурны цэнтр “Культыватар”, адразу ж распачалася актыўная дзейнасць. Першы праект — выстава Фрыца Краўскопфа з выявамі Лынтупаў і суседніх беларускіх мястэчак часоў І Сусветнай вайны. Самае цікавае, што ў чэрвені мінулага года яна амаль сінхронна прайшла як у самім “Культыватары”, так і ў сталічнай галерэі Леаніда Шчамялёва. Больш за тое, гэта быў не проста арт-праект, але і цэлае даследаванне па гісторыі Лынтупскага краю — дзякуючы намаганням арт-дырэктаркі “Культыватара” — мастацтвазанаўцы і культурнага менеджара Ядвігі Лукашык — былі зроблены і пэўныя адкрыцці.

Як патлумачыў сябра ўправы арганізацыі архітэктар Раман Забела, на гэтыя фатаграфіі часта глядзелі, але не бачылі ў іх галоўнага:

/i/content/pi/cult/697/15299/12.jpg— Шмат хто трымаў іх у руках, перагортваў і не звяртаў увагі на надпіс “Фрыц Краўскопф”. Думалі, што гэта — імя друкара. Але толькі Ядвіга змагла давесці, што гэта — сам фатограф, які пакінуў нам у спадчыну выявы Лынтупшчыны часоў І Сусветнай вайны. Унікальнасць гэтай калекцыі ў тым, як падрабязна і дэтальна зафіксавана будзённае жыццё краю. Пра шмат якія старонкі жыцця гэтай часткі Беларусі толькі з тых фатаграфій і можна зараз даведацца.

Яшчэ большы розгалас сярод тубыльцаў атрымаў леташні канцэрт артыстаў аркестра Вялікага тэатра оперы і балета ў рамках праекта Vivat Quartet, арганізаваны камандай культурнага цэнтра ў лынтупскім Касцёле святога апостала Андрэя.

— Тут вельмі прыязная мясцовая супольнасць, — адзначае Ядвіга Лукашык. — І мне падаецца, што як раз культура — гэта тое поле, на якім можна разам працаваць. На ўсе нашы праекты заўжды збіраюцца поўныя залы. І той канцэрт не быў выключэннем.

— Больш за тое, — падхоплівае спадар Забела, — манахіня Люцыя, якая пры касцёле апякуецца дзеткамі, калі пабачыла, колькі назбіралася народу, — а стаялі і ў праходах, і на хорах, — пабегла па фотаапарат: “Гэты касцёл з вайны не бачыў столькі людзей!”

Адукатары для дарослых

/i/content/pi/cult/697/15299/13.jpgЯк распавяла Ядвіга Лукашык, каманда “Культыватара” прыйшла ў Лынтупы не для таго, каб чамусьці навучаць, а каб навучацца самім:

— Мы ж не валодаем нейкімі сакральнымі ведамі, якімі да нас ніхто не валодаў. Хутчэй, наадварот! Праект у выніку аказаўся багатым — на людзей, прыроду, рэсурсы. Іншая справа, што гэтае багацце мясцовыя людзі не заўсёды заўважаюць, бо бачаць яго кожны дзень і вока ў іх “замыльваецца”. А мы спрабуем паказаць, як гэта самі бачым і што нас як людзей, якія
прыйшлі з боку, цікавіць.

Таму і ўзнікла ідэя аднаўлення гэтага старога дамка:

— У нас няма нейкай звышмісіі — нам тут проста падабаецца. Натуральна, хаця мы і даўно тут жывем, я разумею, што мы не зможам стаць часткай мясцовай супольнасці так, як быццам бы тут нарадзіліся. Гэта папросту немагчыма. Але мы можам плённа супрацоўнічаць, — падтрымлівае размову спадар Гліннік. — Мы проста хацелі б паказаць, што мы іншыя, але ўсе разам — яшчэ і больш моцныя. Таму не спрабуем “касіць” пад мясцовых. Наадварот, кажам, што мы — гарадскія. У нас іншая дынаміка, больш хуткі рух: “Мы можам штосьці ў вас пазычыць, але і вы ад нас можаце штосьці цікавае для Лынтупаў атрымаць!”

З такога падыходу пасля некалькіх арт-праектаў нарадзіўся і адукацыйны курс “Рамонт старога дома сваімі рукамі” ў рамках праекта “Навучацца, каб дзейнічаць”, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і сафінансуецца DVV International —Інстытутам міжнароднага супрацоўніцтва Нямецкай Асацыяцыі народных універсітэтаў (Федэратыўная Рэспубліка Германія). Самі заняткі праходзяць на базе “Культыватара” і складаюцца з трох сесій — па два дні кожная: дзень тэарэтычных заняткаў і дзень практычных. Лекцыі чытаюць абазнаныя ў сваёй справе прафесіяналы — пакуль чальцы праўлення культурнага цэнтра Вадзім Гліннік, Раман Забела, Ядвіга Лукашык, але таксама плануецца запрашаць і “гасцявых” лектараў. Практыку ж вядуць спецыялісты, якія самі рэстаўруюць помнікі драўлянай архітэктуры.

/i/content/pi/cult/697/15299/14.JPGЯк патлумачыў спадар Гліннік, ідэі займацца адукацыяй напачатку не было:

— Мы нават мэты такой не ставілі. У нашай камандзе архітэктары, мастацтвазнаўцы, а не адукатары. Але неяк само сабой усё так склалася, што мы вырашылі паспрабаваць і гэта. Для нас жа было важным захаваць будынкі — проста глядзець, як знікаюць адна за адной мясцовыя хаткі, не маглі, бо сюды пераехалі, таму што тут даволі архаічны асяродак, але фантастычныя помнікі народнай архітэктуры проста на вачах руйнаваліся.

Культуртрэгерам прыйшлося і самім павучыцца. Ядвіга Лукашык пайшла на семінары па прадпрымальніцкай дзейнасці і краўндфандынгу для сацыяльных стартапаў. У выніку высветлілася, што зараз існуе шэраг новых запатрабаваных формаў навучання і сумеснай працы з супольнасцю. Адным з найбольш цікавых падаліся праекты па арганізацыі навучання дарослых. На хвалі гэтага інтарэсу каманда “Культыватара” і прыйшла да праекта “Рамонт старога дома сваімі рукамі”.

— Мэта нашага семінара не ў тым, каб навучыцца рэстаўрацыі — а каб у выніку людзі пачалі дзейнічаць салідарна дзеля захавання таго, што ім дорага! — тлумачыць Вадзім Гліннік.

у тым ліку — жаночая справа

Паступова, бліжэй да пачатку пар, пачынаюць падцягвацца людзі. Як ні дзіва, збольшага гэта — жанчыны. Але нічога ненатуральнага ў гэтым няма, тлумачаць яны. У раёне працы няма зусім. Некалькі гадоў таму пасля аварыі закрыўся лынтупскі спіртзавод, а іншай вытворчасці ўжо даўна бракуе. Людзі з’язджаюць адсюль цэлымі сем’ямі. Самае надзейнае месца працы для мясцовых мужчын — гэта будоўля Астравецкай АЭС. Таму натуральна, што на гаспадарцы застаюцца жанчыны — яны яе і даглядаюць, і падтрымліваюць у належным стане. У выніку і ў слухачы курсаў па рэстаўрацыі запісаліся тыя, хто і будзе гэтым займацца.

— Наогул, не існуе працы жаночай ці мужчынскай! Ёсць толькі тая, да якой ляжыць душа, — кажа дырэктарка ТАА “Дрэўтайм” Аляксандра Чыжэўская, спрытна працуючы электрафенам у адной руцэ, і шпаталем — у другой. Яна разам з бацькам Алегам праводзіць практычныя заняткі на трэнінгу “Культыватара”. — Мы працуем з дрэвам — вырабляем вокны і шмат чаго яшчэ. Не так даўно пазнаёміліся з Вадзімам, які нам прапанаваў уключыцца ў праект па рэстаўрацыі камяніцы. Цяпер яшчэ і навучальныя семінары вядзём — і самі рэстаўруем, і адначасова паказваем іншым, як гэта рабіць правільна.

Калі на занятках у “Культыватары” лынтупчане робяць больш простую рэстаўрацыю, то далей ваконныя шуфляды чакае больш сур’ёзная праца — аднаўленне арыгінальнай металічнай фурнітуры, замена страчаных фрагментаў аздобы вокнаў, іх умацаванне. Такое не заўжды магчыма зрабіць у хатніх умовах. Першая партыя цалкам адноўленых вокнаў ужо амаль гатовая — засталося бадай толькі усталяваць іх. Як адзначыў дырэктар культурнага цэнтра, яму вельмі падабаецца і працэс, і вынік:

— Мы папрасілі калег паказаць на нашым семінары для жыхароў Лынтупаў, як чысціць вокны. Бо мы ж як рэстаўратары добра ведаем тэорыю — пішам у праектах “ачысціць, пафарбаваць, замяніць”. Але як гэта робіцца рукамі ў дэталях не заўжды дакладна ўяўляем. Самі такім не займаемся, таму і папрасілі прафесіяналаў прадэманстраваць. Заадно падчас навучання самі местачкоўцы адрэстаўруюць штосьці для будучага культурнага цэнтра.

Работы па аднаўленню старых арыгінальных вокнаў — і на семінарах, і ў майстэрні Лісаў, — сапраўды былі праведзены вялікія і складаныя. Самае простае, здаецца, як распавялі рэстаўратары, было б зняць слой старой фарбы адмысловым хімічным сродкам. Але спрабавалі і расійскую хімію, і нямецкую — нічога не атрымоўвалася. Бо было столькі слаёў, што ніякая хімія яе ўжо не брала. Толькі будаўнічы фен са шпаталем і бронзавай шчоткай дапамаглі — фарба награецца да 300 — 400 градусаў і лёгка здымаецца. Галоўнае, не забыць дастаць шкло, інакш ад перагрэву яно можа лопнуць. Менавіта гэтым займаліся на практычных занятках лынтупскія жанчыны гэтым разам — рэстаўравалі ваконныя шуфляды, вяртаючы ім першапачатковы драўняны колер.

Камяніца для грамады

— Адна з асноўных задач нашага праекта — гэта паказаць людзям, што не толькі можна даволі танна зрабіць рамонт альбо нават адрэстаўраваць сваю хатку, — тлумачыць спадар Гліннік. — Мы спрабуем навучыць іх, як захаваць гэтае драўлянае багацце літаральна “за дзве капейкі” — простымі традыцыйнымі сродкамі, якія яшчэ не так даўно паўсюль практыкаваліся. Нарыхтуй у лесе бяросты — і не патрэбны табе руберойд, калі пракладваеш гідраізаляцыю на падмурку, напрыклад. І такіх тэхналогій — процьма. Не трэба ставіць ніякіх пластыкавых вокнаў, калі можна аднавіць старыя драўляныя. Тым больш, што пластык насамрэч шкодны для драўлянай архітэктуры — праз яго пагаршаецца натуральная вентыляцыя і павялічваецца вільготнасць унутры памяшкання, а ў выніку дрэва гніе і па ўсім доме буяе цвіль.

Галоўная задума праекта, на думку архітэктара — навучыць людзей не скардзіцца на цяжкае жыццё, а самім вырашаць свае пытанні. Адзін з магчымых шляхоў — гэта развіццё турыстычнага патэнцыялу рэгіёна. Але ж сёння ў Лынтупах цалкам адсутнічае інфраструктура для гэтага. Таму і патрэбна стварэнне на базе “Культыватара” ў старой камяніцы сапраўднага культурнага цэнтра, якім мае кіраваць мясцовая грамада. Па задуме праект нават не павінен прыносіць прыбытак — запланавана яго перадаць супольнасці, каб яна сама магла там арганізаваць уласнае грамадскае жыццё. У тым ліку — і развіваць паслугі: ад стварэння кавярні і залы-чытальні да месца правядзення самых розных трэнінгаў і семінараў. Наступны з іх, дарэчы, ужо запланаваны — майстар-клас па вырабе керамічных сувеніраў:

— Людзі сюды прыязджаюць, але іх тут няма чым зацікавіць. Нават тых жа банальных магніцікаў ці паштовак з выявамі лынтупскіх краявідаў няма, — кажа Ядвіга Лукашык. — Таму мы вырашылі навучыць мясцовых хаця б самым простым прыёмам работы з керамікай, вырабу сувенірнай прадукцыі і, галоўнае, навучыць яе прадаваць. Рабіць не проста штосьці прыгожае, а тое, што будуць купляць.

— Тут побач мае дом народная мастачка з Мінска Надзя Сойка, — дадае спадар Вадзім. — Мы з ёй дамовіліся, што яна будзе весці гэты семінар.

Першая частка праекта — рэстаўрацыйна-будаўнічая — праходзіць даволі паспяхова. І на лекцыях, і на практычных занятках “студэнтаў” хапае. На падыходзе — другая чарга навучальнага праекта, ужо турыстычна-сувенірная. Засталося толькі пачакаць, пэўна, з год, каб наведаць Лынтупы і паглядзець на поспехі “Культыватара” і, галоўнае — мясцовай супольнасці.