Стадыён!

№ 25 (1360) 24.06.2018 - 30.06.2018 г

Шэсць гадоў доўжылася перабудова сталічнага “Дынама”. Сімвалічны ключ ад абноўленага стадыёна перадаў для атлетаў 21 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка. З гэтага моманту на галоўнай спартыўнай арэне будуць праводзіць культурна-масавыя мерапрыемствы, спартыўна-забаўляльныя акцыі, спаборніцтвы рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. “Дынама” стане цэнтрам ІІ Еўрапейскіх гульняў, што пройдуць у Мінску ў чэрвені 2019 года.

/i/content/pi/cult/697/15294/1.jpgФота БелТА і Таццяны МАТУСЕВІЧ

/i/content/pi/cult/697/15294/2.JPG— Абапіраючыся на традыцыі і вопыт, сёння мы пачынаем новы адлік жыцця вялікага культурна-спартыўнага цэнтра. Усімі рэстаўрацыйнымі работамі тут займаліся выключна беларускія спецыялісты. Выкарыстаўшы перадавыя тэхналогіі, яны беражліва захавалі гістарычную аснову, пры гэтым зрабілі яго сучасным і высокатэхналагічным, — падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы ў прывітальным слове.

Напярэдадні цырымоніі адкрыцця аглядальнік “К” распытала галоўнага архітэктара рэстаўрацыі “Дынама” Паліну КУСЯНКОВУ пра гістарычныя аб’екты комплексу, захаваныя пасля шматразовых рэканструкцый нацыянальнай алімпійскай арэны.

Два гады таму Паліна Іванаўна Кусянкова прыняла пасаду галоўнага архітэктара рэстаўрацыі ў Аляксандры Кірэевай, пад чыім кіраўніцтвам запусцілі працу па рэстаўрацыі нацыянальнага аб’екта. Брыгада спадарыні Кусянковай, у склад якой уваходзілі загадчык групы Таццяна Габец, вядучы архітэктар Юлія Кузьміна, архітэктар другой катэгорыі Кацярына Латушка даследавалі архіўныя дакументы і комплексныя навуковыя даследаванні, адсочвалі нарматыўную базу, разам са спецыялістамі “Белрэстаўрацыі” шукалі лепшыя варыянты для таго, каб гісторыка-архітэктурная спадчына спартыўнага комплексу вярнулася да першапачатковага выгляду. На гэтым шляху іх чакала немала неспадзяванак.

/i/content/pi/cult/697/15294/7.jpgАгароджа

— Аснову сённяшняга спартыўнага комплексу заклалі напрыканцы 1970-х гадоў, калі Мінск рыхтаваўся да прыняцця часткі спаборніцтваў маскоўскай Алімпіяды-1980. Тады стадыён перабудоўваўся, да 12 гектараў пашыралася прыналежная да яго тэрыторыя, а па перыметры ўзнікла вядомая многім пакаленням мінчан агароджа. Напрыклад, з боку вуліц Ульянаўскай і Фізкультурнікаў ідуць бетонныя секцыі, на якіх выкананы ляпныя архітэктурныя элементы, што нагадваюць усмешку. Першапачаткова мы разлічвалі іх расчысціць, аднак пры першым жа даследаванні высветлілася: металічныя часткі ўнутры тых “усмешак” закаразіравалі, таму разлятаюцца пры любым дакрананні. Канструктары “Мінскпраекта” распрацавалі арыгінальную апалубку, каб пазбегнуць рызыкі згубіць элементы назаўсёды. Па іх шаблонах “Мінскжалезабетон” аднаўляў выраб неабходных нам фестонаў. Мы тройчы прыязджалі на прыёмку доследнага ўзору, /i/content/pi/cult/697/15294/5.JPGкаб дабіцца максімальнай ідэнтычнасці з першакрыніцай.

Уздоўж вуліцы Кірава стаяць чыгунныя слупы, абліцаваныя гранітам. Нам хацелася захаваць існуючы матэрыял, аднак, калі пачалі чысціць яго ад наслаенняў, зразумелі: давядзецца замяніць амаль усё. Да маскоўскай Алімпіяды стадыён рэстаўравалі спешна. Мяркую, з гэтай прычыны колішнія будаўнікі, якія зманціравалі слупы, неналежна заклалі швы — туды трапіла вільгаць, пайшла цвіль, што пачала разбураць граніт. Таму строга па зададзеных параметрах і форме мы наноў выводзілі і абліцоўвалі ўсё. Арыгінальнымі захавалі толькі два слупы, што бліжэй да скрыжавання вуліц Кірава і Валадарскага. Нават не дэмантавалі, а толькі расчысцілі пескаструменнем.

Квестам стаў пошук граніту: ніводны з прапанаваных нам матэрыялаў не адпавядаў па колеры арыгіналу. Перабралі ўсе замежныя ўзоры, а знайшлі — у нас! Ідэальна супаў яшчэ і па структуры матэрыял з беларускага кар’ера “Надзея”.

Складанасці ўзніклі і з дэкаратыўнай коўкай. Сучасныя майстры практычна не працуюць з чыгунным ліццём, давялося аднавіць тэхналогію. Шмат дэкаратыўных элементаў згубілася да рэстаўрацыі. Многія з тых кветачак і пік, якія зараз упрыгожваюць агароджу, вылівалі занава па шаблоне. Спецыялісты ад “Белрэстаўрацыі” доўга ламалі галаву, як жа замацаваць на прутах упрыгожванні, зробленыя з сілуміну, бо прыварыць гэты сплаў да чыгуна практычна немагчыма. У выніку прыдумалі замацаваць элементы на заклёпках з адмысловымі шайбамі, якія пасля абціскаліся на прутах так, што ўжо ніхто іх не здыме.

Факельная чаша

— Увесь метал па аб’екце, які можна ссунуць з месца, вывозілі ў майстэрні “Белрэстаўрацыі”. Інакш якасць рэстаўрацыі з-за неналежных умоў (усё ж на будоўлі заўсёды шмат пылу і тэхнікі) магла пацярпець. Вось і факельную чашу, дзе некалі гарэў алімпійскі агонь, аднаўлялі па-за сценамі спарткомплексу. Праўда, вывесці яе атрымалася не адразу: мы не ведалі дакладную вагу чашы, здавалася, двухтоннага пад’ёмнага крана дастаткова. Аднак ён не змог зрушыць латунны факел з месца! Тады выклікалі кран-трохтоннік, але ў такой тэхнікі іншыя габарыты — давялося на пэўны тэрмін спыніць рух на Ульянаўскай і зняць высокавольтныя правады.

Рэстаўратары аднавілі латунныя лісты на аб’екце. Спецыяльная арганізацыя, якая займаецца газавым абсталяваннем, замяніла яе ўнутранае насычэнне: зараз чаша, якая не дзейнічала, мусіць, з 1980-х, зноў у працоўным стане. Тэставы запуск яна прайшла на выдатна! У параўнанні з мінулымі часамі змянілася толькі месцазнаходжанне: чашу перанеслі на іншую трыбуну з-за ўзвядзення сучаснай часткі комплексу. Аднак усталявалі на былой метцы па вышыні, паўтарылі нават форму ўмацавання.

/i/content/pi/cult/697/15294/3.JPGСкульптура “Бег”

— У найлепшым стане з ўсіх аб’ектаў па рэстаўрацыі захавалася скульптура “Бег” над Паўднёвымі варотамі. Работа Валянціна Занковіча патрабавала мінімальнай увагі: медныя лісты, якімі абліцаваны каркас, здымалі, чысцілі, занава чаканілі, выпраўлялі натуральныя дэфармацыі, і вярталі назад. Адзіная складанасць заключалася ў тым, каб распрацаваць пад зададзеныя нагрузкі апорную балку (арыгінальная проста развалілася). Нашы канструктары былі ў захапленні ад надзвычайнага прафесіяналізму аўтара: дынамічная скульптура, што важыць некалькі тон, стаіць усяго на трох апорных кропках!

Аркада

— Для многіх мінчан “Дынама” асацыюецца з аркадай, праз якую ўваходзяць на стадыён з боку вуліцы Кірава. Праўда, шукаючы яе выяву ў інтэрнэце, можна натрапіць на даўняе фота са скульптурамі наверсе, якую памылкова лічаць першасным воблікам нашага аб’екта. Насамрэч, мінская аркада — паўторнае прымяненне арыгінальнага збудавання архітэктара Міхаіла Баршча ля стадыёна ў Днепрадзяржынску (зараз украінскі горад Каменскае — Н.П.). Адрозненне паміж украінскім і беларускім праектам — у адсутнасці скульптур у нашым варыянце.

Аркада мае складаную кесонную столю з капітэлямі карынфскага ордэну. Штодня рэстаўратары па лясах уздымаліся на вышыню, каб уручную расчысціць кожны з сотняў лісткоў, дагіпсаваць страчаныя элементы. Нам сапраўды вельмі пашчасціла з цудоўнымі майстрамі з “Белрэстаўрацыі”: мы не маглі нарадавацца на якасць іх работ, як скрупулёзна і старанна яны расчышчалі кожны сантыметр.

/i/content/pi/cult/697/15294/4.JPGУявіце ж разгубленасць спецыялістаў, калі яны пабачылі на столі аркады незапланаваныя цёмныя плямы! Лясы ўжо разабраныя, таму не ўзняцца і не праверыць, што там за праблема ўзнікла. І толькі калі сфатаграфавалі праблемнае месца і на камп’ютары павялічылі выяву, высветлілася, што гіпсавую расліннасць за натуральную прыняў рой дзікіх пчол! Адразу дзве сям’і звілі там гнёзды. Давялося чакаць позняй восені, каб вярнуць “суседзяў” у натуральнае асяроддзе.

Сцены

— Першапачаткова ў заказчыка была ідэя зрабіць па аналогіі з маскоўскім стадыёнам “Лужнікі” крытую даглядальную зону. Аднак наш спарткомлекс мае ахоўныя зоны, таму мы захавалі прастору паміж агароджай і арэнай, пакінуўшы на ёй парк, што здавён тут расце. У працы над тэрыторыяй мы абапіраліся на дакументы 1980-х гадоў, а вось са сценамі вялікай цэнтральнай арэны — на дакументы 1954-га (часу іх узвядзення). Мы аднавілі ўсе картушы, медальёны, карнізы і іншую ляпніну. Многае добра захавалася, па кавалачках давялося збіраць толькі адзін медальён — з бегунамі.

Мы доўга даследавалі афарбоўку сцен, каб знайсці аўтэнтычнае каляровае вырашэнне. За гады існавання стадыён шмат разоў фарбавалі. Па завяршэнні ўсё стала на месцы: колеравая гама — гарчычны, шчыльны бардовы і светла-бэжавы.

Казырок

— Пасля рэканструкцыі “Дынама” займеў казырок, які закрывае ад сонца і дажджу 80 працэнтаў глядацкіх месцаў. Каб пазбегнуць непатрэбнай нагрузкі гістарычным сценам, паміж імі паставілі сучасныя апоры для новатвору са сваім падмуркам. Калі прайсціся па галерэі пад трыбунамі, можна пабачыць той металічны каркас, на якім трымаецца казырок. Пры будаўніцтве мы штодзённа маніторылі стан гістарычных сцен: на кожным участку віселі маякі, якія адсочвалі адхіленні ў долі міліметра. Калі б узнікла крытычная сітуацыя, то меры па ўмацаванні і зняцці нагрузкі былі б прыняты імгненна. Дзякуючы такому падыходу, архітэктарам удалося арганічна спалучыць мінулае і будучыню ў праекце галоўнай спартыўнай арэны краіны.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"