На пошукі зніклага тэатра

№ 24 (1359) 16.06.2018 - 22.06.2018 г


/i/content/pi/cult/696/15293/17.JPGАле тэлефонныя роспыты выклікалі сум: нехта з’ехаў з Мінска назаўсёды, нехта ўжо колькі гадоў не ўзнімаецца з ложка, а большасць увогуле пакінулі гэты свет.

— Малады чалавек, — уздыхнуў у слухаўку нехта са старых, — здымаць нас вы спазніліся гадоў на пяць.

Адно здолеў знайсці і запрасіць для выканання малюткага эпізода асвятляльніка Габрэйскага тэатра Шарфера — і на тым дзякуй.

Але ўсялякае імкненне павінна ўрэшце ўзнагароджвацца. Я ў гэта веру. “А иначе зачем на земле этой...”

Выканаўца галоўнай ролі ў фільме “Запіскі Самсона Самасуя” Валодзя Варанкоў, тады яшчэ артыст Тэатра лялек, дачуўшыся пра мае імкненні, раптам паведаміў:

— А бабуля маёй жонкі Юдзіф Арончык — актрыса Габрэйскага тэатра!

“Кто ищет, тот всегда найдёт!” — аптымістычна завярала песня.

Ад Лаўрэнсіі да Хайкі

Актрыса тая была нешараговай. Не, яна — прыма трупы! Яскравая гераіня ў галоўных рамантычных ролях: тое бачна нават на паблеклых фотаздымках у старым альбоме жанчыны, якую з павагай інакш як Піфія не назавеш.

Пра Лаўрэнсію ў выкананні Юдзіфі Арончык у спектаклі “Фуэнтэ Авэхуна” пісаў партнёр актрысы Кузьма Клакоў-Рутштэйн: “Калі яна заклікала народных мсціўцаў да паўстання, яе грудны голас то ўздымаўся, то
падаў, сціхаў. Слёзы каціліся па шчаках”.

Але ў Дзяржаўным кінафотаархіве (у Дзяржынску) няма аніводнага метра стужкі, якая хаця б неяк захавала нешта са спектакляў тэатра!

Дзякуй Купалаўскаму: адтуль напрыканцы 1960-х перадалі ў архіў каля чатырохсот фотаздымкаў, што невядома як туды трапілі: партрэты артыстаў Белдзяржгабта, сцэны са спектакляў. У тлумачальных подпісах сустракаюцца недакладнасці, паблытаныя ініцыялы. Кніжка Ганны Герштэйн “История одного театра” (сталічнага выдавецтва “Чатыры чвэрці”, 2000 год) і гэтая мая публікацыя дапамогуць архівістам з Дзяржынска дакладна атрыбуціраваць тых, хто на фотках.

Шмат здымкаў Юдзіф Арончык: яе партрэты, яна ў ролях, гуртавыя. Асабліва зацікавіў адзін: усесаюзны стараста Калінін уручае Юдзіфі нейкую ўзнагароду ў чэрвені 1940 года. Але ж гэтая дата — час правядзення дэкады мастацтва БССР у Маскве…

Стварыўшы пра яе фільм-дылогію “10 дзён, што ўстрэслі Маскву” і напісаўшы пра тыя падзеі кнігу “Ён смяяўся апошнім”, я дакладна, па дакументах, ведаю: спектаклі на ідыш Белдзяржгабта афіцыйна ў праграме дэкады не значыліся. Значыцца, існаваў яшчэ нейкі спіс — не толькі прадстаўленых да ўзнагарод удзельнікаў, але і больш поўны, які ўвогуле ўключаў працаўнікоў мастацтва рэспублікі. Так “пад дэкаду” і сталі заслужанымі артыстамі БССР Марк Моін, Абрам Трэпель і Юдзіф Арончык, а яна яшчэ, мо, ордэнаносцам.

На першай жа рэпетыцыі да пачатку здымак 80-гадовая Юдзіф Самойлаўна адразу ж пацікавілася:

— Вы павінны былі ведаць майго мужа.

— А хто ён?

— Рэжысёр музычных передач Марк Моін.

Вось як! Яго ў час нашай сустрэчы з актрысай ужо не было ў жывых.

У сцэнарыі, у 2-й серыі, мелася роля, нібы выпісаная Андрэем Мрыем для Арончык: гаспадыня кватэры, дзе атабарыўся Самасуй, — старая яўрэйка Хайка, якая быццам бы атруціла кватаранта тухлай рыбінай.

Ніколі да таго і, вядома ж, ніколі потым Юдзіф Самойлаўна ў кіно не іграла: з мастацтвам экрана яны разышліся ў часе і… скажам мягчэй, “па кліматычных” абставінах.

А ў працэсе здымак высветлілася яшчэ вось што: праз выпадковы збег абставін яна стала — можна рашуча сцвярджаць! — апошнім чалавекам, які бачыў Міхоэлса жывым. Не лічачы яго забойцаў.

У грымёрку Габрэйскага тэатра, дзе яна ў той вечар грала Лаўрэнсію, зайшоў з ухвальнымі словамі Міхоэлс. Ён прыбыў у Мінск для прагляду спектакля “купалаўцаў”, але не мог не зазірнуць да “аднаверцаў”.

“Фуэнтэ Авэхуна” — знакавы для Белдзяржгабта спектакль — яшчэ да вайны стварыў Леў Літвінаў, які затым перайшоў у Купалаўскі і ў 1944-м паставіў неўміручую “Паўлінку”.

Дарэчы, такі ж спектакль-доўгажыхар “Несцерка” па п’есе Віталя Вольскага паставіў у 1941-м у Віцебску былы рэжысёр Белдзяржгабта Н. Лойтэр, які з 1940-га ажно 17 гадоў узначальваў Беларускі Дзяржаўны тэатр імя Якуба Коласа.

І вось, праз чатыры дзесяцігоддзі пасля забойства Міхоэлса, у 1989-м, мы з Арончык пад’ехалі на машыне да дома на ўзвышшы, побач з перасячэннем Першамайскай з Чырвонаармейскай, дзе ў 1948-м познім зімовым вечарам пасля спектакля вячэрала яўрэйская багема і адкуль Міхоэлса са спадарожнікам-“апекуном” па тэлефоне тэрмінова некуды выклікалі.

Затым пад’ехалі з ёю да глухога Беларускага завулка — гэта за стадыёнам “Дынама”. Тут раніцай, пасля той вячэры, знайшлі знявечаныя грузавіком рэшткі вялікага артыста і сусветнавядомага грамадскага дзеяча.

Пасля яго скону адразу ж усе яўрэйскія тэатры ў СССР загадалі зачыніць. Цяпер іх ужо не было каму абараняць.

Нават з перадфінальнай сцэны фільма “Цырк”, дзе людзі розных нацыянальнасцяў СССР з куплетам калыханкі, кожны на сваёй мове, перадаюць з рук на рукі чорнаскурае дзіця, спрабавалі выразаць пяшчотны напеў Міхоэлса на ідыш, але занадта ўжо грубым здаўся “скачок” па гуку.

Беларускі габрэйскі тэатр, як і астатнія чатыры ў СССР, закончылі сваё існаванне — назаўсёды. Акцёры рассоўваліся па новых месцах працы, па прафесіях, па краінах, а затым і… па светах.

Юдзіф Самойлаўна, паглядзеўшы наш тэлефільм у эфіры, кранальна дзякавала за магчымасць нешта сыграць, а тым больш — з’явіцца на экране.

Час ад часу двухсерыйныя “Запіскі Самсона Самасуя” паўтараюць па тэлеканале “Беларусь-3”, і я шторазу захапляюся яскравымі акцёрскімі ўвасабленнямі.

А тая роля, якую сыграла там Юдзіф Арончык, пераконвае, што выканаць запавет сацыялізму — працаваць па здольнасцях — ёй не далі.

Піфія — багіня памяці

А як яшчэ яе, 95-гадовую, — прабачце, што выкрываю галоўную таямніцу жанчыны, — якая валодае такой светлай памяццю, называць?

З 1948 да 1980-га — 32 гады! — аддзел тэатраў у Міністэрстве культуры БССР вяла найразумейшы і паважаны крытык і тэатразнаўца Ганна Рыгораўна Герштэйн.

Разам з ёю — стол да стала — у вялікім пакоі Міністэрства культуры БССР, што месцілася на трэцім паверсе правага крыла Дома Ураду, працавалі: Леаніда Вітальеўна Доўнар-Запольская, якая курыравала музыку; Пётр Андрэевіч Харкоў, які правяраў і візіраваў усялякія публічныя тэксты, у тым ліку і песенныя; Ефрасіння Леанідаўна Бондарава — рэдактар кінавытворчасці. Гэтыя чатыры чалавекі неслі адказнасць за развіццё, па сутнасці, усяго беларускага мастацтва. І, ведаеце, пісалася і выконвалася добрая музыка, ставіліся выдатныя спектаклі, здымаліся запамінальныя фільмы, нараджаліся песні, якія станавіліся народнымі. Як і чаму гэта так атрымлівалася? Якімі здольнасцямі валодала гэтая “дзіўная чацвёрка”?

В 2014-м я здымаў фільм “Класік з Віцебска. Жыццё і смерць Юдэля Пэна”. 83-гадовага мастака забілі ў 1937-м, пры тым нічога з ягонай кватэры-майстэрні не знікла: аніводнай карціны, аніводнага рубля, аніводнай рэчы.

Я нават і не спрабаваў шукаць людзей, якія б ведалі Пэна: нават ягоны скон — падзея 80-гадовай даўніны!

І вось тут і ўзнікла яна, Піфія, — Ганна Рыгораўна Герштэйн. Аказваецца, унучатая пляменніца Пэна. Яе бацька — крэўны пляменнік мастака. Рыгор Герштэйн — сын сястры Пэна. Бацька Ганны Рыгор Майсеевіч і маці Капчэўская Эмма Фадзееўна — артысты Белдзяржгабта! У часы досыць частых і працяглых гастроляў тэатра ў Віцебску Герштэйны з дачкой Ганнай спыняліся і месяцамі жылі ў трохпакаёвай кватэры Пэна.

Памяць дзяўчынкі-падлетка… не, не памяць, а нейкая неверагодная фатаграфічная здольнасць Ганны зафіксавала ў трох пакоях-майстэрнях размяшчэнне і змест сотні карцін Пэна: яна дасканала апісвала, дзе якая вісела.

Яна — какетка ва ўзросце за 90! — доўга адмаўлялася ад з’яўлення ў кадры — маўляў, “Дрэнна выглядаю!” — пакуль я не напусціў на Ганну Рыгораўну сваю жонку: жанчына неяк угаварыла жанчыну. Унікальна-ўражлівыя ўспаміны Герштэйн з’явіліся на экране.

Падчас здымак яна звярталася да мяне: “Уладзімір Аляксандравіч”.

— Ганна Рыгораўна, — пярэчыў ёй, — вы ж ведалі мяне яшчэ студэнтам і заўсёды клікалі Валодзем.

— Так. Але вы цяпер — рэжысёр.

Натуральна ж, што праз гады, корпаючыся ў гісторыі Габрэйскага тэатра, я звярнуўся да яе — адзінай сведкі, да таго ж зацікаўленай і
разумнай. Яна напісала пра Белдзяржгабт, дзе гралі яе бацькі, кнігу “Лёс аднаго тэатра”. Зразумела ж, дала яе пачытаць.

Напісана хаця і сведкам, але сухавата — яна тэатразнаўца, як жа інакш! А вось яе каментарый, які тлумачыў гісторыю жыва і вобразна, зрабіў нас з жонкай бы гледачамі таго, ужо віртуальнага тэатра.

Аказваецца, паралельна з вольналюбівай і непакорлівай Лаўрэнсіяй у “Фуэнтэ Авэхуна”, Юдзіф Арончык іграла ў іншых спектаклях і хлопчыка-гарбуна, і старую-падкулачніцу.

Аказваецца, Франдосу — каханка Лаўрэнсіі — іграў Марк Моін. Рамантычныя зносіны сцэнічных герояў перапляліся з асабістымі: маладыя акцёры пабраліся шлюбам.

Аказваецца, і Моін таксама быў акцёрам шырокага дыяпазону. Ганна Рыгораўна ўзгадвае моінскага немца-чалядніка ў спектаклі “Глухі”: тупы, жорсткі, ліслівы — і пры тым грае на гармоніку.

Аказваецца, незаменны ў трупе каскадны комік Абрам Трэпель іграў і юнака Жэньку Ксідзіяса ў “Інтэрвенцыі” Льва Славіна, і адлучанага ад свету дзівака ў “Рэкруце”, і спарахнелага мянялу-адсотніка ў “Вальпанэ”.

Аказваецца, Кулакоў, якога я сустрэў ужо нетаропкім старым, быў трыццаць год таму тым яшчэ весялуном, іграў Беню Крыка ў “Захадзе” паводле Бабеля. Ён заклікаў калег-артыстаў не горбіцца і бачыць не толькі жыццёвыя лужыны, а ўзнімаць позірк да зорак!

Запомніліся Ганне Рыгораўне і ролі яе бацькоў, але пра гэта можна дазнацца з яе кнігі “Лёс аднаго тэатра” ці непасрэдна ад яе самой… калі не спазніцца.

Deminuendo

Гэта музычнае азначэнне, якое заклікае выканаўцаў паступова прыглушваць гучанне. Так пасля забойства Міхоэлса па камандзе ўсемагутных маскоўскіх “дырыжораў” з восені таго ж 1948 года пачалося ў СССР удушэнне габрэйскіх тэатраў.

У Белдзяржгабта паступова — dеminuendo! — скарачалі трупу, затым — фінансаванне, пакуль не спынілі ўвогуле, хаця назва была — Дзяржаўны.

Урэшце, 30 сакавіка 1949 года тэатр, які паспяхова працаваў 23 гады, актыўна дзейнічаў нават падчас вайны, у эвакуацыі, закрылі.

Аб ім ва ўсе наступныя гады амаль не ўзгадвалі і не пісалі. Нават, наколькі мне вядома, няма грунтоўных тэатразнаўчых навуковых прац. Быццам і не існаваў такі тэатр. Хаця гэта — частка культурнай спадчыны шматнацыянальнай Беларусі. Багаты досвед стварэння яскравых, спецыфічна-нацыянальных відовішчаў Белдзяржгабт не перадаў анікому. Перарвалася сувязь часоў. Назаўсёды. Беззваротна. Ды ці толькі ў гэтым выпадку…

Уладзімір АРЛОЎ,
кінарэжысёр