Рэформа набліжаецца?

№ 24 (1359) 16.06.2018 - 22.06.2018 г

Што зняў і будзе здымаць “Беларусьфільм”, ці зменіцца структура Нацыянальнай кінастудыі і якіх сцэнарыстаў там шукаюць — генеральны дырэктар установы Уладзімір Карачэўскі пасля 100 дзён на новай пасадзе публічна агучыў праграмныя захады па далейшай працы прадпрыемства.

/i/content/pi/cult/696/15291/15.jpgПрадзюсіраванне і маркетынг

Вітальную прамову Уладзімір Карачэўскі пачаў з прызнання таго, што кінастудыя знаходзіцца на золку рэформаў. Кіраўнік падкрэсліў, што ранейшая мадэль вытворчасці даўно патрабуе перазапуску і карэкціроўкі. “Сёння, у першую чаргу, мы павінны шукаць партнёраў — прадзюсараў, дыстрыб’ютараў, а таксама разумець, каму і як будзем прадаваць наш прадукт”, — сфармуляваў сваю выснову пасля вывучэння працы прадпрыемства гендырэктар. Па яго словах, адвольны выпуск фільмаў у абстрактнае “куды-небудзь” спараджае падобны ж вынік. “У часы рынкавай эканомікі ў галаве мусяць быць такія паняцці як маніторынг, прадзюсіраванне і маркетынг. І мы павінны гэтаму вучыцца, вывучаць, каму наш прадукт патрэбны”, — вылучыў ён падыход, якім мусіць кіравацца студыя сёння.

Пастаўленае пытанне, якой увогуле павінна быць структура “Беларусьфільма”, пакуль адказу не мае. “Вывучаем вопыт іншых краін. Я за гэты час пабываў на “Мосфильме”, “Ленфильме”, ва Узбекістане, Таджыкістане, — паведаміў Уладзімір Карачэўскі. — Шукаем аптымальную мадэль прадпрыемства, якая падыдзе да нашай эканомікі. На маю думку, гэта пытанне трэба разглядаць комплексна, таму зараз перагледжваем усю структуру кінавытворчасці ў нашай краіне: узаемадзеянне з Міністэрствам культуры, з кінапракатнымі арганізацыямі, глядзім, якая можа быць эфектыўная нарматыўная база. Важна бачыць усё ў цэлым, а не з пункту гледжання нейкага аднаго праекта “Беларусьфільма”. Не выключаю і варыянт, калі наша студыя можа абраць такі ж шлях, як “Мосфильм” — стаць кінафабрыкай”.

Таксама ў будучыні не выключаецца і варыянт выхаду асобных структур “Беларусьфільма” з-пад яго крыла. У большай ступені на дадзеным этапе гэта датычыцца Тэатра-студыі кінаакцёра і вытворчага комплексу “Аўтабаза”, якія, па словах Уладзімра Карачэўскага, гатовыя да самастойнай дзейнасці.

Зараз студыя запрашае да супрацоўніцтва ўсіх кінавытворцаў, што працуюць у Беларусі. “Мы знізілі каэфіцыент арэнды для кінавытворчых арганізацый і зацікаўлены ў дзяржаўна-прыватным супрацоўніцтве, — паведаміў Уладзімір Карачэўскі. — Спадзяюся, што ўваходжанне прыватных прадзюсараў на студыю дасць свой плён, бо ў большасці выпадкаў кіно — гэта камерцыйная справа, якая патрабуе розных захадаў і сувязяў”.

Устаноўка на эфектыўнасць — выраз, які не аднойчы падчас сустрэчы выкарыстаў гендырэктар “Беларусьфільма”. Таму будзе перагледжвацца і штатны расклад студыі. “Я зацікаўлены ў эфектыўнай камандзе, якой можна давяраць, — сфармуляваў сваю ўстаноўку па кадравым пытанні кіраўнік. — Кінастудыя — гэта не месца для разборак, а для рэалізацыі творчых
праектаў. Я буду патрабавальны да кожнага кіраўніка падраздзялення”.

Генеральны дырэктар закрануў і такую вытворчую праблему як несвоечасовы выпуск фільмаў. “Мяркую, што на будучыню, каб пазбегнуць зрываў тэрмінаў, кожная стужка будзе мець уласны рахунак”, — агучыў ён рашэнне праблемы.

Уладзімір Карачэўскі падкрэсліў, што лічыць фарміраванне станоўчага іміджу “Беларусьфільма” адной са сваіх галоўных задач. Плануецца перазапуск сайта кінастудыі на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай, а таксама выпуск промаролікаў, якія рэкламавалі б прадукцыю “Беларусьфільма”. Моцна зацікаўлена кінапрадпрыемства і ў новых рынках збыту. Так, у якасці прыярытэтных кірункаў — рынкі Сярэдняй, Цэнтральнай, Паўднёва-Усходняй Азіі, Усходняй і Заходняй Еўропы.

“Пракатная гісторыя нашага кіно слаба прапрацавана, — канстатаваў гендырэктар. — Зараз у нас ідзе інветарызацыя каталога. Пачынаем шчыльна працаваць з тэлеканаламі. Прапрацоўваецца сістэмная работа з кінавідэапракатам”. Глава прадпрыемства распавёў пра дамоўленасць са сталічным кінатэатрам “Піянер”, дзе на рэгулярнай аснове — два разы на тыдзень — будуць ладзіцца Дні “Беларусьфільма”. “Дакументальнае, анімацыйнае беларускае кіно, рэтраспектывы, сустрэчы з акцёрамі”, — удакладніў фармат сеансаў спадар Карачэўскі.

У планах налета, калі кінастудыя будзе святкаваць свае 95-годдзе, — фестываль “Беларусьфільма”. “Гэта будзе свята і ў рэгіёнах, і на самой кінастудыі. Яно будзе і для прафесіяналў, і для нашых грамадзян, што хочуць ведаць, што зараз здымаецца на “Беларусьфільме” і якое ўвогуле айчыннае кіно. Мы мусім сустрэць юбілей з іншым стаўленнем да кінастудыі”, — падкрэсліў Уладзімір Карачэўскі.

Што ў запуску

На прадпрыемстве запускаецца нацыянальны праект пра Янку Купалу — па сцэнарыі Алены Калюновай плануецца зняць паўнаметражную стужку, рэжысёрам якой выступіць Уладзімір Янкоўскі. Прадугледжваецца яе тэлевізійная версія ў чатырох серыях.

“З улікам таго, што фігура Янкі Купалы вядомая не толькі ў Беларусі, мы спадзяемся на пракатную гісторыю карціны і за яе межамі, у той жа Расіі. Тым больш што жыццё беларускага класіка
абарвалася ў Маскве, — пракаментаваў дырэктар кінастудыі. Здымкі будуць адбывацца на тэрыторыі Беларусі, Расіі і Польшчы. Як запэўніў кіраўнік установы, у стужцы прагучаць тры мовы — адпаведна той мясцовасці, дзе адбываецца дзеянне.

Другі новы праект кінастудыі — прыгодніцкая карціна на творы беларускай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега”. Адаптаваны сцэнарый зробіць Валянцін Залужны. Рэжысёр стужкі — Аляксандр Анісімаў, вядомы па працах “Сляды на вадзе”, “Неверагоднае перасоўванне”. “Спадзяемся атрымаць цікавую прыгодніцкую тэлевізійную гісторыю з магчымым працягам, бо ў Людмілы Рублеўскай напісана не адна кніга пра авантуры цікавага героя”, — зазначыў Уладзімір Карачэўскі.

Гэтаксама кінастудыя разглядае сумесны з палякамі праект — здымкі анімацыйнай паўнаметражнай карціны пра Белавежскую пушчу. “Нашы партнёры прапаноўваюць улажыцца не толькі грашыма, але і творчымі сіламі. Над стужкай будуць працаваць як беларускія, так і польскія аніматары. Мы маем сур’ёзны намер прадставіць нашу краіну на сусветным кінарынку”, — зазначыў спадар Карачэўскі.

Гэтаксама ў кааперацыі з французскімі інстытуцыямі мусіць быць створаны дакументальны фільм аўтарства Дзмітрыя Махамета — беларускага рэжысёра, які зараз працуе ў Францыі.

Што да мастацкіх стужак, якія завершаны, ці праца над якімі яшчэ вядзецца, былі ўзгаданыя: вострапалітычны баявік па творы Мікалая Чаргінца “Чорны сабака” Аляксандра Франскевіча-Лае, “Жыццё пасля жыцця” Дзмітрыя Астрахана і маладзёжны альманах “Вайна. Застацца чалавекам”. Першы праект — завершаны, другі знаходзіцца на стадыі постпрадакшану, а здымкі трэцяга адбываюцца на натурнай пляцоўцы “Беларусьфільма” акурат зараз. “Спадзяемся, што альманах выйдзе ў пракат бліжэй да Новага года”, — адзначыў дырэктар кінастудыі.

Пра сцэнарыі

“Пошук добрых сцэнарыяў і добрых сцэнарных ідэй — няпростая гісторыя, — агучыў яшчэ адну праблему кіраўнік “Беларусьфільма”. — Ёсць нядрэнныя сінопсісы, але гэтага недастаткова. Я заклікаў бы сцэнарыстаў паставіцца да працы больш сур’ёзна”.

“Мы штодзённа атрымоўваем па некалькі сцэнарыяў на разнастайную тэматыку, — распавёў начальнік сцэнарна-рэдакцыйнага аддзела “Беларусьфільма” Антон Сідарэнка. — Часам нават фізічна не паспяваем іх прачытаць. Але, на жаль, большасць аўтараў ідуць у творчасці па пракладзенай дарожцы. 99 працэнтаў сцэнарных твораў, што да нас трапляюць — гэта спроба рэалізаваць адпрацаваныя схемы. Прайшоў паспяхова фільм пра баскетбольную каманду — студыя завалена спартыўнымі ідэямі. З’явіўся серыял на тэлебачанні — і аўтары імкнуцца паўтарыць поспех сцэнарыстаў сучасных меладрам, серыялаў крымінальнага міліцэйскага характару. У той жа час, вобмаль заявак пра нацыяльную гісторыю. Востры недахоп матэрыялаў па тэме жыцця сучаснай Беларусі. Таму хачу звярнуцца да нашых патэнцыйных аўтараў — будзьце арыгінальнымі”.

Як паведаміў кіраўнік кінастудыі, каб выправіць сітуацыю, улетку абвесцяць конкурс на сцэнарый паўнаметражнага анімацыйнага фільма з грашовым прызавым фондам.