Рыфмуецца з лібрэта

№ 24 (1359) 16.06.2018 - 22.06.2018 г

Калі з’яўляецца тутэйшы аналаг замежнага музычнага хіта, мала хто задумваецца, колькі высілкаў было прыкладзена на стварэнне чакаемай кампазіцыі. Бо справа не толькі ў рыфмаванні слоў паводле кантэксту, а яшчэ ў патрэбе суаднесці словы з музычнай фразай. Калі ж перакласці трэба не проста шлягер, а тэкст сучаснага мюзікла, што вылучаецца разнастайным музычным шэрагам, дасягнуць пастаўленай мэты становіцца складана ўдвая. Аглядальнік “К” даведалася ў мастацкага кіраўніка тэатра “Тэрыторыя мюзікла” Настассі ГРЫНЕНКА, якія цяжкасці ўзнікаюць на шляху пераносу сусветнага матэрыялу на беларускую глебу.

/i/content/pi/cult/696/15290/14.jpgДнямі тэатр Геннадзя Гладкова “Тэрыторыя мюзікла” адкрыў у Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры выставу “Звычайны чараўнік” у гонар свайго пяцігоддзя. Экспанаты распавядаюць пра кухню кампазітарскай працы ўласна Гладкова, а таксама пра здабыткі калектыву за гэты час.

За невялікі тэрмін афіша аўтарскага тэатра пашырылася на дзясятак спектакляў вядомага кампазітара ды шматлікія канцэртныя праграмы з хітоў сусветных мюзіклаў. Значнай вехай на першым этапе свайго існавання стала ліцэнзійная брадвейская пастаноўка “Непадалёк ад нормы”. Дзякуючы намаганням Настассі Грыненка і яе брата Аляксея, папулярны ў свеце мюзікл атрымаў першы паўнавартасны кірылічны пераклад. У кампаніі Music Theatre International, якая кіруе аўтарскімі правамі на дадзены спектакль, беларускіх аўтараў праінфармалі: у выпадку звароту зацікаўленых з постсавецкай прасторы, у першую чаргу МТІ прапануе менавіта беларускі варыянт лібрэта.

У нотным цэйтноце

— Людзі, што прыходзяць да нас у глядзельную залу, наўрад ці ўяўляюць сабе, колькі нюансаў трэба ўлічыць, каб у выніку загучаў зладжаны нумар. Зразумела, нам неабходна перадаць сэнс, закладзены замежным аўтарам у радкі. Але для музычных твораў пераклад павінен быць эквірытмічным — інакш кажучы, з захаваным вершаваным памерам.

Складанасці чакаюць на кожным кроку. Напрыклад, у англійскім маўленні вельмі шмат аднаскладовых слоў, якія збягаюцца ў простыя сказы. У рускай мове аналагі такога ж памеру знайсці складана. А калі на сцэну выходзяць героі-падлеткі, якія перакідваюцца слэнгавымі слоўцамі, то нам патрэбна не толькі патрапіць у памер, але і падабраць тое, што будзе натуральна гучаць у нашых рэаліях. Дадайце сюды неабходнасць дапасавання па склонах — адразу “ўсплываюць” дадатковыя склады, нот на якія ў першакрыніцы не разлічана. Памятаю, як ламалі галаву над размоўным амерыканскім “Hey”. Нашых аналагаў гэтаму амерыканскаму выклічніку мора — “прывітанне”, “пакуль”, “як справы?” і іншае ў залежнасці ад сітуацыі. Нам жа ў кожным выпадку нанава вышуквай слова, што адпавядала б усім жанравым патрабаванням.

Заакіянскія лібрэтысты шмат эксперыментуюць з пабудовай рыфмаў, адмыслова іх пераплятаюць, прынамсі, могуць зарыфмаваць сярэдзіну радка з канцом трэцяга куплета. Трэба ўлічваць і сістэму рытмаў, якая звязана з музычнай фразай, не забывацца на вобразнасць, якая існуе ў тэкстах першакрыніцы. Аўтары часта выкарыстоўваюць гульню гукаў, напрыклад, адмысловае спалучэнне ў пэўным моманце свісцячых ці шыпячых. У сучасных кампазітараў мелодыя залежыць ад мелодыкі маўлення.

Знаўцы музычных пастановак добра ведаюць і такую фішку, што для музычнага радка пэўныя гукі на верхніх нотах зручныя для спеваў, а іншыя — не. Дадайце неабходнасць трымаць на прыкмеце моцныя і слабыя долі музыкі, бо націск у слове павінен супадаць менавіта з моцнай доляй. Нюансаў шмат.

Каб не пуставалі словы

— Брацца за пераклад актуальнага твора лепш, калі ты дасведчаны ў паняццях, звязаных з культурай аўтара лібрэта. Ніводны слоўнік не растлумачыць найноўшага слэнгу, не дасць спасылак на сучасныя падзеі, якія знаходзяць адлюстраванне ў спектаклі. У гэтым сэнсе нам вельмі пашчасціла, што Аляксей доўгі час вучыўся, а зараз выкладае ў Нью-Ёрку (Аляксей Грыненка абараняе доктарскую дысертацыю ва Універсітэце Нью-Ёрка і выкладае тамтэйшым студэнтам дысцыпліны, звязаныя з гісторыяй амерыканскай музычнай культуры — Н.П.). Ён варыцца ў гэтай культуры, а калі сам чагосьці не ведае, то ў каго-небудзь можа запытацца. Прынамсі, калі мы рыхтавалі канцэртны нумар з іншага мюзікла, доўга не маглі адшукаць наш аналаг да арыгінальнага тэрміна. І толькі дзякуючы намаганням брата высветлілася, што гэта было прафесійнае найменне пэўнага сустава — ведаць яго не маглі і звычайныя амерыканцы.

У “Непадалёк ад нормы” мы таксама сутыкнуліся з безліччу медыцынскіх тэрмінаў, распаўсюджанымі ў Амерыцы назвамі лекаў, якія ў нашым асяроддзі нічога нам не гавораць. Нашы героі спасылаюцца ў пэўных момантах на кнігі ці фільмы, не заўсёды вядомыя нашай публіцы. Нам пашчасціла, што ў арыгінале згадваецца добра вядомая нашаму гледачу стужка “Пралятаючы над гняздом зязюлі”. А вось апавяданне Дэніела Кіза “Кветкі для Элджэрнана” вядома вузкаму колу публікі. Хацелася ж, каб назва выклікала ў беларускіх гледачоў такія ж асацыяцыі, як у наведвальнікаў Брадвея. Перабіралі сюжэты, што так ці інакш закраналі пытанні псіхічна хворага чалавека, каб пры гэтым кнігу ведалі за акіянам, бо ў цэнтры пастаноўкі сям’я амерыканская. У выніку спыніліся на “Ідыёце” Фёдара Дастаеўскага.

“Згубіць” дзеля гармоніі

— Мой брат чуў італьянскі варыянт “Непадалёк ад нормы” і прыкмеціў, што італьянцы, чые словы таксама даўжэйшыя за англійскую норму, проста дадаюць ноты, якіх ім не хапае. Мы з Аляксеем усё ж імкнёмся захаваць арыгінальны музычны малюнак. Праўда, на паперы тэкст можа выглядаць добра, а пачынаеш падключаць музыку — і разумееш, што ён не пяецца. Ці, бывае, перакладаеш фразу і разумееш, ідзе згустак узрыўных зычных, якія складана вымавіць, пры выкананні словы могуць “згубіць” канчаткі. Канешне, імкнёмся знайсці выйсце, але, калі бачна, што толькі ў гэтым выпадку захоўваецца сэнс, заплюшчваем вочы на не зусім эталоннае вымаўленне. Між іншым, гэтаксама “губляюцца” гукі і ў англійскай мове. Ды і ў любым музычным спектаклі можна недачуць тое-сёе, бо словы гучаць нараспеў, а не дакладна артыкулююцца, як у вусным маўленні.

Айчынным выканаўцам, якія маюць за плячыма класічную вакальную школу, не заўжды проста перастроіцца на нязвыклую манеру спеваў, бо ў мюзіклах пабудова гуку бліжэй да звычайнай гутаркі. Да нас на рэпетыцыі прыходзіў хлопец з выдатнай кансерваторскай падрыхтоўкай, але, як ён ні імкнуўся, так і не змог зламаць класічны вакальны стэрэатып. У гэтым сэнсе захапляюся неверагодным майстэрствам і акцёрскай гнуткасцю Святланы Мацыеўскай. Дарэчы, гэта момант, пра які амаль не гавораць у айчынных ВНУ, але які стала практыкуецца на Брадвеі: на кожную новую пастаноўку да свайго персанажа неабходна шукаць адмысловы голас.

Брадвейскі матэрыял мае нехарактэрны для нас ссунуты рытм, вельмі складаныя вакальныя партыі, якія часта ідуць уразрэз з інструментальнай партыяй, але ўсё роўна патрабуюць трапляння ў ноты. Аўтарамі прыдуманы вельмі складаныя ансамблі, у якіх важна яшчэ знайсці апору, каб дакладна пабудаваць шматгалоссе. Выканаўцам патрэбна пераадольваць некаторыя дыкцыённыя складанасці, што ўзнікаюць з-за спецыфікі кожнай з моў. Справіцца са многімі цяжкасцямі нашаму калектыву дапамог педагог па вакале Эндру Бёрн з США. Вы б бачылі, як уздыхаў амерыканец над стандартнымі для нас гукамі, накшталт “ы”, які цяжка ўбудаваць у амерыканскую традыцыю выканання.

Скаваныя адной сцэнай

— Жанрава мюзікл адрозніваецца ад оперы тым, што яго музыку асобна ад вершаў слухаць недарэчна. Таму і роля ў музыкантаў адмысловая: ім трэба не толькі знаходзіцца на сцэне, але і чуць кожнае слова. Перастроіцца неабходна і выканаўцам: працуючы з аркестрам, артысты прызвычаіліся арыентавацца на дырыжора, які ўсе звязкі браў пад сваю адказнасць. У мюзікле ўсе залежаць адзін ад аднаго. У кожным нумары неабходна вынайсці сваю зыходную кропку. А яе яшчэ паспрабуй намацай, калі, напрыклад, салісту трэба “ісці” ад барабаншчыка — музыканты ж сядзяць у яго за спінай!

На маё шчасце, усе гэтыя моманты дакладна прапісаны ў брадвейскім клавіры. Працаваць з ім я навучылася яшчэ на “Вестсайдскай гісторыі” ў Музычным тэатры: тады сваімі сакрэтамі з калектывам дзяліўся амерыканскі дырыжор. У новым праекце назапашаныя веды прыйшліся як нельга дарэчы, бо моманты, якія ў мюзікле 1950-х сустракаліся разы два за спектакль, у сучасным матэрыяле выскокваюць хіба што не ў кожнай сцэне.

У “Непадалёк ад нормы” шмат дыялогаў на музыцы, якая яшчэ так раскладзена, што недзе артысты ідуць за музыкантамі, а недзе — музыканты за артыстамі. Рок-групе не расслабіцца: то па рэпліцы артыста неабходна змяняць такт у музыцы, то на пэўны рух акцёра трэба даць збіўку, пасля якой распачнецца кульмінацыйны нумар. Спачатку рок-гурту пад кіраўніцтвам Ціхана Золатава было незвычайна, сёння ж мы сапраўды — адзіная каманда. І без гэтых людзей ужо немагчыма ўявіць сябе гэты працяглы па часе, складаны, ужо стаўшы нам родным, праект, які дапамог далучыць айчынную публіку да найноўшай плыні сусветнага музычнага мастацтва.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"