А чаму б вам не сыграць з Камерным?

№ 26 (844) 28.06.2008 - 04.07.2008 г

27 чэрвеня ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі адбыўся вялікі святочны канцэрт, а па сутнасці — справаздача Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі, якому спаўняецца сорак гадоў. Не ў маёй кампетэнцыі разглядаць музычныя якасці выканання, проста дадам да летапісу славутага аркестра ўражанні ад сустрэч і супрацоўніцтва з трыма яго кіраўнікамі.

Другая палова 60-х — сапраўдны ўздым беларускага мастацтва. Сімфанічны аркестр, канцэрты якога прызвычаіў наведваць легендарны Віктар Дуброўскі, адкрываў слухачам невядомых Хіндэміта, Анэгера, Орфа.
Ансамбль танца, створаны Аляксандрам Апанасенкам, харавая капэла Рыгора Шырмы, народны хор пад кіраўніцтвам Генадзя Цітовіча выдатнымі праграмамі скаралі гледачоў СССР і замежжа. Віктар Вуячыч ужо зрабіў “беларускі прарыў” на ўсесаюзную эстраду. Набываў папулярнасць у мінчан Леанід Барткевіч. Па рэстаранах ігралі і спявалі будучыя “Песняры”, збіраючыся выконваць нешта “бітлоўскае”. Уладзімір Мулявін акурат тады “служыў” у Ансамблі Беларускай вайсковай акругі.
У тэатрах з вялікім поспехам ставіліся выдатныя спектаклі маладымі рэжысёрамі Валерыем Раеўскім і Барысам Луцэнкам. Ігар Лучанок ужо стварыў песню-прызнанне “Жураўлі на Палессе ляцяць”, а Яўген Глебаў — першы беларускі балет на сучасным матэрыяле — “Мара”. Эстрадна-сімфанічны аркестр радыё пад кіраўніцтвам Барыса Райскага насычаў эфір выдатнымі творамі беларускіх кампазітараў. Віктар Тураў ужо зняў свой фільм “Я родам з дзяцінства”, Уладзімір Бычкоў экранізаваў Караткевічаў раман “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, а Ігар Дабралюбаў атрымаў першыя прызы за “Івана Макаравіча”… Пералік можна доўжыць.У той час творчыя гурты, ансамблі, аркестры ўсіх жанраў у Беларусі ўжо існавалі. Не было толькі Дзяржаўнага камернага аркестра.
 /i/content/pi/cult/166/1529/Kamerny1.jpg

Алег Янчанка за арганам.

Камерны “прытулак”
па-за арганам
Без сумневу, Алег Янчанка стаўся ў Мінску прыкметнай асобай, “сталічнай штучкай” — як жа, скончыў Маскоўскую кансерваторыю адразу па трох факультэтах: па аргане ў Гёдзіке, па фартэпіяна ў Генрыха Нэйгаўза, па кампазіцыі ў Дзмітрыя Кабалеўскага!
Напачатку жыў Алег Рыгоравіч амаль тры гады… у самім аргане. А падумайце самі: калі рэпеціраваць арганісту? З раніцы на сцэне — сімфанічны аркестр, штовечар — канцэрт. Застаецца ноч. А як дабрацца ўначы да філармоніі, а пад раніцу з’ехаць? На таксі кожны дзень не наездзішся. Вось і абсталяваў малады музыкант сабе ложак у сутарэнні, ля цёплых матораў і кампрэсараў: арган быў у яго распараджэнні ўсю ноч. Нешматлікія сябрукі і сяброўкі часцяком збіраліся ў тым утульным багемным “прытулку” за келіхам… І не толькі абмяркоўвалі праблемы развіцця беларускай музыкі.
Прыкладна тады ж працаваў Алег, апрача арганных праграм,  над дзіцячай операй “Муха-цакатуха”. А ў нас, у творчым аб’яднанні “Тэлефільм”, узнікла ідэя зняць першае нацыянальнае кінарэвю. Далі яму ўмоўную назву — “Зорка Венера”. Поўнаметражны чорна-белы фільм у выніку называўся “Чаму ж нам не пець!”, цяпер ён захоўваецца ў адпаведным архіве, фрагменты час ад часу мільгаюць на тэлеэкранах.
Ідэя была такая: апрацаваць беларускія народныя мелодыі і паставіць на іх танцы, пантамімы, клаунады. Таксама меркавалі ўключыць нумар Віктара Вуячыча з песнямі Высоцкага да новага фільма “Вайна пад стрэхамі”. Забягаючы наперад, скажу, што ў некаторых кадрах бачна, як за спіной спевака стаіць з гітарай Юрый Антонаў, — гісторыя дый толькі!
Хто мог зрабіць такія апрацоўкі?Канешне, узыходзячая (на жаль, хутка згаслая, пра што пісала “К”) зорка джаза Яўген Грышман і модны кампазітар Алег Янчанка. Дзякуючы любові да эстрады, цырка і блізкім стасункам з абодвума кампазітарамі, пастаноўку даручылі мне. У павільёне “Беларусьфільма” была пабудавана “мадэрнова-фальклорная” дэкарацыя, і здымкі пачаліся. Янчанка завітваў на пляцоўку, калі гучалі яго мініяцюры. Я прапанаваў увайсці ў кадр, “засвяціцца”, але ён адмовіўся.
Але тут жа параіў зняць у асобным фільме гурт мінскіх арфістак — унікальны склад! — і ўзяўся дадаць у партытуру арган. Сказана — зроблена!
І вось ужо ўначы ідуць здымкі новага музычнага фільма “Квартэт арфаў”. Тут ужо Алег панаваў у кадры (фільм таксама захаваўся): арган, мецца-сапрана Нінэль Ткачэнка і вялікі струнны аркестр — пад сто смычкоў скрыпак, восем кантрабасаў! І вось на гэтых здымках ён і паведаміў навіну: стварыў Камерны аркестр, — і паказаў пульты, за якімі сядзелі яго музыканты Лючыя Ластаўка і Уладзімір Рылатка — абодва альтысты. Працаваў ён з аркестрам штодзённа і плённа, акрамя таго, пісаў шмат музыкі, у тым ліку да беларускіх фільмаў. Але, пэўна, адчуў неўзабаве, што ў мінскім музычным коле яму “цеснавата”, а тут яшчэ сямейныя недарэчнасці, ды й, да тагож, цягнула радзіма — Масква. І Алег з’ехаў, але часцяком, да апошняга, наязджаў і да паплечнікаў на “Беларусьфільм” як кінакампазітар, і ў філармонію — на арганныя і камерныя канцэрты.
 /i/content/pi/cult/166/1529/Kamerny2.jpg
Юрый Цырук.
14-ая фуга —
у поўнай цемры
Побач з кіраўніком аркестра Дзяржтэлерадыё Барысам Райскім заўсёды былі таленавітыя музычныя кіраўнікі-аранжыроўшчыкі: ужо згаданы Яўген Грышман, Андрэй Шпянёў, Юрый Цырук. Апошні граў у аркестры на віяланчэлі. Але менавіта яму Райскі даручыў напісаць папуры “Мелодыі беларускага кіно” — музычны нумар для майго праекта “Кінапанарама”. Ён жа аранжыраваў папеўку Райскага “Не тая песенька”, а словы да яе сталіся маім дэбютам як тэкставіка. Затым Юра з’ехаў у Ленінград, сядзеў за другім пультам віяланчэлей у аркестры самога Яўгена Мравінскага! Наязджаючы ў Мінск, Юра расказваў мне, як вялікі дырыжор імкнуўся абараніць яго ад ваенных збораў, дайшоўшы да камандуючага Ленінградскай вайсковай акругі, — безвынікова: хто для генералаў нейкі там Мравінскі?!
А вярнуўшыся ў Мінск, менавіта ён, мой таварыш Юрый Цырук, узначаліў Дзяржаўны камерны аркестр БССР. Працаваў ён з аркестрам доўга й плённа. У яго апрацоўцы і рэдакцыі выконваліся фугі Баха. І аднойчы, калі ігралі ў канцэрце 14-ю, не скончаную кампазітарам, нечакана згасла святло. Але аркестр быў настолькі падрыхтаваны, што дайграў, не бачыўшы ні нот, ні дырыжора. Гэта пад Цыруковай палачкай аркестр упершыню сыграў 8-мы квартэт Шастаковіча “Памяці ахвяр фашызму”, які па сённяшні дзень у рэпертуары калектыву. Гэта “пад яго імя” прыязджалі ў Мінск іграць з аркестрам сусветныя зоркі Наталя Гутман (віяланчэль), скрыпачы Раман Нодэль, Алег Каган, Ліяна Ісакадзэ (дарэчы, яна дала згоду ўдзельнічаць у юбілейным канцэрце), піяністы Таццяна Нікалаева, Міхаіл Плятнёў, Элісо Вірсаладзэ. Было, што з’язджаў Юрый на некаторы час у Кіеў, а то, здаралася, яго адлучалі ад калектыву... Але Камерны аркестр заставаўся яго любімым дзіцем — ён вяртаўся за дырыжорскі пульт.Калі аркестр пад кіраўніцтвам Цырука пачуў Святаслаў Рыхтэр, то выказаў ахвоту пайграць разам — і мінчане пачулі до-мажорны канцэрт Гайдна. Апошнім разам бачыў Юру побач з Уладзімірам Мулявіным на сцэне філармоніі, сярод музыкантаў і студэнтаў кансерваторыі, на дзённым канцэрце, на зэдліках і станках за раялем, на якім у свой апошні прыезд у Мінск іграў Скрабіна і Шапэна геній Святаслаў Рыхтэр.
 /i/content/pi/cult/166/1529/Kamerny3.jpg
Камерны аркестр у поўным складзе.
Скрыпкі — як трубы,
віяланчэлі — як саксафоны
Некалі ў вялікага рэжысёра Георгія Таўстаногава дырэктар “Ленфільма” запытаўся: “А чаму б вам не зняць фільм?” Маючы на ўвазе свой тэатр, рэжысёр адказаў: “Баюся вярнуцца да руін”.
Як добра, калі кіраўнік займаецца з выканаўцамі рупліва і штодзённа! Так працавалі са сваімі аркестрамі В.Дуброўскі, Б.Райскі, так сёння працуе Пётр Вандзілоўскі.
Імкнуся не прапускаць канцэртаў Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі. Выкананне новых твораў Людмілы Гарэлавай, перакладзеных на аркестр квартэтаў Д.Шастаковіча, грандыёзнай “Месіі” Гендэля з хорам, канцэрты з аркестрам братоў — скрыпача і піяніста — Ігалінскіх, піяніста Міхаіла Лідскага, італьянскай спявачкі Каці Рычарэллі, салістаў-інструменталістаў з Венесуэлы, Турцыі, Германіі, Фінляндыі…
Кожная сустрэча з выдатнымі музыкантамі, амаль кожны з якіх — саліст, — свята для ўдзячнага слухача. А напрыканцы мінулага сезона ажыццявілася ўвогуле неспадзяванае. На афішы чытаем: “Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі з рэпертуарам джаза Аляксандра Цфасмана”! Майстэрскія аранжыроўкі Уладзіміра Ткачэнкі прымусілі скрыпкі гучаць, як трубы, а віяланчэлі ўзялі партыі саксафонаў…Трэба было чуць і бачыць, што ў той летні вечар рабілася ў Вялікай зале філармоніі! Дарэчы, па шматлікіх заяўках, сёлета, 11 верасня, адбудзецца паўтор праграмы, якой і адкрыецца канцэртны сезон аркестра.
Склад аркестра стабільны, рэдка хто сыходзіць, бо тут цікава: становяцца за пульт запрошаныя дырыжоры кожны са сваімі патрабаваннямі, трактоўкамі нават вядомых твораў.
Музыканты ганарацца “вяршынямі”: вытанчанымі “Струннай серэнадай” Чайкоўскага і “Серэнадай у стылі Вівальдзі” Крэйслера (дырыжор — Яўген Бушкоў); “Сюітай сі-мінор” і “Брандэнбургскім канцэртам № 2” Баха (дырыжор — Ральф Сахачэўскі); “2-й сімфоніяй” Анэгера і “Прасветленай ноччу” Шонберга (дырыжор — Ігар Галавін); канешне ж, “Месіяй” Гендэля (дырыжор — Пётр Вандзілоўскі).
З нецярпеннем чакае аркестр сустрэчы з нямецкім дырыжорам Інга Райлем, які супрацоўнічае з аркестрам вось ужо пятнаццаць гадоў. Асабліва ўдалай працай была сімфанета Бернстайна “Чычэстэрскія псалмы”. А ў юбілейным канцэрце нямецкі музыкант, які ўжо даў згоду прыехаць, збіраецца сыграць у памяць Алега Янчанкі яго ўлюбёны твор — “Лета” Вівальдзі.
* * *
Час цячэ незаўважна, як рака.
Але так хутка… Вось ужо й сорак.
 

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр